Вы тут

«Тэатр — гэта не музей». Кацярына Дулава — аб тэатры, высокім мастацтве і тых, хто гэтаму мастацтву служыць


«Вялікі тэатр» — не проста назва. Гэта брэнд краіны, сімвал галоўных дасягненняў нацыянальнай культуры. Нават проста трапіць на работу ў Вялікі — ужо прызнанне... Па азначэнні, на гэтую сцэну павінны выходзіць найлепшыя з найлепшых. Тут некалі адбыліся прэм’еры першых нацыянальных беларускіх балета і оперы. І сёння кожная прэм’ера становіцца падзеяй, па-сапраўднаму рэзананснай, ды яшчэ трэба паспець купіць білеты — аншлагі ў тэатры сталі звыклымі.


Вось ужо трэці год узначальвае Вялікі тэатр Беларусі генеральны дырэктар Кацярына Дулава, якую да гэтага ведалі як рэктара Акадэміі музыкі. Кацярына Мікалаеўна знайшла магчымасць пагаварыць для нашых чытачоў аб тэатры, новых праектах, высокім мастацтве і тых, хто гэтаму мастацтву служыць.

— Як Вялікі тэатр плануе ўдзельнічаць у рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады?

— Па сутнасці, мы ўжо ўдзельнічаем у гэтым працэсе, які шматгранны і разнастайны. У першую чаргу, мы гаворым аб пашырэнні нацыянальнага рэпертуару, аб пашырэнні відаў дзейнасці, накіраваных на патрыятычнае выхаванне нашых грамадзян. Гэта і ўзмацненне змястоўнага кантэксту экскурсій, якія расказваюць аб ролі тэатра ў гісторыі краіны і яе культуры. Гэта дзіцячыя праграмы, якія маюць яскравы нацыянальны змест. Безумоўна, гэта і тое, што мы найперш прапануем для паказу за мяжой сваё, нацыянальнае, і балет, і оперу. Прыклад таму — нядаўні паказ аднаго з найлепшых нашых спектакляў «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Вялікім тэатры Расіі. З’яўленне такіх спектакляў, дзякуючы якім можна пазнаёміцца з культурай нашай краіны, — найважнейшы напрамак. Безумоўна, нашы артысты, якія ўдзельнічаюць у пастаноўках Расійскай Федэрацыі, сёння таксама з’яўляюцца, без фальшывага пафасу, праваднікамі нацыянальнай ідэі, дэманструюць стан беларускага музычнага, тэатральнага мастацтва. Толькі што ў Самары завяршыўся ўнікальны праект — фестываль опернага мастацтва «Славянскі дом», дзе ўдзельнічалі не толькі нашы артысты ў расійскіх оперных пастаноўках, такіх як «Князь Ігар», «Пікавая дама», «Барыс Гадуноў», але і ў гала-канцэрце быў прадстаўлены цэлы шэраг беларускіх партытур з арыямі і дуэтамі — з «Дзікага палявання караля Стаха», «Сівой легенды». На маё здзіўленне, у Самарскім тэатры захаваўся і ідзе спектакль «Мядзведзь» беларускага кампазітара Сяргея Картэса. Так што на сёння Вялікі тэатр годна прэзентуе нацыянальную культуру і наша выканальніцкае майстэрства за межамі краіны.

— Вы неяк распавялі, што ў тым ліку для рэалізацыі канцэпцыі спектаклі тэатра прыстасоўваюцца пад такі фармат, каб іх можна было паказваць у рэгіёнах. Якія менавіта спектаклі абраны, дзе іх пакажаце?

— Цяпер мы сур’ёзна гэтым займаемся, і ўжо два спектаклі правезлі па нашай краіне. Гэта балет «Ілюзіі кахання», ён быў паказаны ў Гомелі, і аперэта Іагана Штрауса «Лятучая мыш» — у Віцебску. 

І заяўкі на паказ працягваюць паступаць. Фармат спектакляў мяняецца, таму што сцэны, роўнай той, што ў нас у Вялікім, у краіне няма, і мы прыстасоўваем дэкарацыі, саставы. Але вельмі важна, каб у нашай краіне пра Вялікі тэатр ведала як мага больш грамадзян, каб яны мелі магчымасць далучыцца да яго мастацтва, не прыязджаючы ў сталіцу. Гэтае пачынанне выдатнае і вітаецца выканаўцамі.

— Як прадстаўлены ў рэпертуары тэатра беларускі матэрыял? Чым варта кіравацца, адбіраючы літаратурныя творы для ўвасаблення ў лібрэта? Якім павінен быць літаратурны твор, каб яго хацелася ўбачыць на сцэне Вялікага тэатра?

— Выдатнае пытанне... Таму што мы сутыкнуліся з гэтай тэмай і зразумелі, што яна вельмі шматгранная. Зразумела, што сюжэт для тэатра павінен быць змястоўным, абавязкова мець нейкую інтрыгу, моцныя сюжэтныя лініі. Безумоўна, і опера, і балет маюць свае жанравыя нюансы і схільнасць да адлюстравання тых ці іншых падзей. Умоўна кажучы, у балеце больш прывабны казачны сюжэт, а ў оперы — вялікая драма. Праўда, у супярэчнасць з тым, што я сказала, можна згадаць «Страсці» Андрэя Мдзівані і «Анастасію» Кузняцова — гэта якраз балетныя пастаноўкі. Сёння ёсць яшчэ вельмі важны трэці складнік, які дыктуе эпоха, тое, што хацела б бачыць сённяшняе грамадства. Руская опера стварыла і захавала цэлы шэраг герояў і падзей рускай гісторыі — «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына», «Князь Ігар», «Іван Сусанін», распавяла аб гістарычных персанажах, якія адыгралі вырашальную ролю ў гісторыі краіны. А ў нас такога не хапае. Хочацца большага паглыблення ў духоўныя пачаткі, гутаркі аб тым, што нас сёння аб’ядноўвае. Мне здаецца, ёсць асобы, з’явы і нават гарады, якія ўвасабляюць нацыянальную ідэю. Безумоўна, Полацкая зямля, Полацк могуць быць аб’ектам вялікай драматычнай размовы для опернага спектакля. Як фарміравалася дзяржаўнасць, што за асобы там былі, якія адбываліся знакавыя падзеі, якія віравалі чалавечыя страсці. Хацелася б, каб з’явіўся такі оперны сюжэт, які змяшчае ключавыя моманты, што маюць дачыненне да сучаснасці. Можа быць, падыход, як у Рымскага-Корсакава, які напісаў оперу-кантату «Паданне аб нябачным горадзе Кіцежы і дзеве Фяўроніі», дзе сюжэт з’яўляецца адначасова і легендай, і гісторыяй пра тое, як узнікала дзяржава. У нашым кантэксце гэта могуць быць якія-небудзь «Полацкія пісьмёны», падзеі летапісу Полацка. Ніхто не выключаў і нейкія яркія лірычныя сюжэты, думаю, у беларускай літаратуры можна знайсці такія, у таго ж Уладзіміра Караткевіча ці на ваенную тэматыку ў Васіля Быкава. Калі казаць пра балет, то балет сёння дапускае таксама любы фармат. Прапаноўвалі нам сюжэты пра нейкія дзіўныя чароўныя падзеі, пра Усяслава Чарадзея... Можа быць, і гэта нас калі-небудзь зацікавіць. Але не паступае прапаноў, каб адбыўся вялікі праект, значны для гісторыі тэатра. А ўспомніце, колькі такіх пастановак з’явілася ў першыя гады дзейнасці тэатра і пазней, прысвечаных менавіта Беларусі! Напрыклад, у балеце «Салавей» на музыку Крошнера паводле аповесці Змітрака Бядулі прагучала тэма яднання народа, актуальная і цяпер. Сёння чаргі з лібрэтыстаў проста няма. Не ведаю, чым гэта растлумачыць. Я прашу аўтараў пісаць пра глабальныя рэчы, а атрымліваем нейкае фэнтэзі, пацешныя і нават недарэчныя сюжэты, якія не могуць быць змястоўна моцна ўвасоблены на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

— Магчыма, дапаможа нейкі конкурс?

— Так, мы ўжо звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай аб’явіць конкурс на падрыхтоўку лібрэта на нацыянальна-патрыятычную тэматыку для Вялікага тэатра Беларусі. Такія конкурсы некалі практыкаваліся, можа, гэта і стымулявала тое, што сюжэты з’яўляліся. З Саюзам пісьменнікаў Беларусі мы таксама размаўлялі, чакаем сур’ёзных прапаноў. Хаця нечаканыя прапановы ёсць. Напрыклад, у наступным годзе — 85 гадоў Уладзіміру Мулявіну, разглядаем заяўку на падрыхтоўку балета аб ім. Алена Атрашкевіч гатова папрацаваць з музычным матэрыялам. Будзем думаць…

— Нядаўна ў вас у тэатры адбыліся гастролі Санкт-Пецярбургскага Дзяржаўнага Акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана. Як ацэньваеце гэтую падзею і якія яшчэ цікавыя гастролі чакаюцца?

— Тэатр Барыса Эйфмана прыязджае ў Беларусь ужо шосты раз. Для нас гэтая велізарная падзея, Барыс Якаўлевіч Эйфман — выдатная асоба, неверагодна таленавіты харэограф, мысляр, які праз танец перадае рэальныя падзеі і пачуцці. Тое, што робяць танцоўшчыкі Эйфмана, узрушае да глыбіні душы. І мы не можам не быць удзячныя за тое, што такой велічыні майстры прыязджаюць да нас. Хачу адзначыць, што ў тэатры Барыса Эйфмана працуюць і выхадцы з Беларусі. Два творы, якія паказалі госці ў сакавіку, — класічны ўзор балетаў на музыку, сабраную з выдатных твораў Чайкоўскага і Рахманінава з прыцягненнем сучаснай рок-музыкі. Гэта сцірае грані: здавалася б, недатыкальная класіка, як можна наважыцца да яе нешта далучыць... Але ж атрымалася! Сэнсы пераплятаюцца, пачуцці, эмоцыі... Глядзіцца на адным дыханні. Гэта і магутны менеджарскі ход, таму што прыцягваецца самая розная аўдыторыя. Барыс Якаўлевіч летась прапанаваў мне прыехаць і паглядзець яго Акадэмію танца. І ў наш праект «Балетнае лета ў Вялікім» сёлета Барыс Эйфман якраз дасылае вучняў сваёй акадэміі, моладзь, для якіх выступленне ў спектаклях «Мусагет» і «Мой Іерусалім», пастаўленых самім Барысам Якаўлевічам, будзе дзяржаўным іспытам. Для нас вялікая радасць, што гэтыя спектаклі адкрыюць наша «Балетнае лета ў Вялікім». Наогул, ідэя цудоўная, калі балетмайстар выбудоўвае пад сваё мастацтва адукацыйную вертыкаль, бачыць змену, перспектыву. А калі ў Барыса Эйфмана з’явіцца свой будынак тэатра, то, паводле нашай дамоўленасці, і мы выступім на яго сцэне.

У «Балетным леце» выступяць салісты некалькіх расійскіх тэатраў, Берлінскай оперы з асобнымі нумарамі. Таму трэба сачыць за нашай афішай — і на фестываль наш абавязкова прыйсці. Там з’явіцца і балетная трупа тэатра імя Леаніда Якабсона з Санкт-Пецярбурга, якая рэдка ў нас бывае.

«Гастрольнае лета» — наш ліпеньскі праект. Калі артысты сыходзяць у адпачынак, мы сваю сцэну аддаём гастралявальным тэатрам. Пакуль яшчэ ўдакладняюцца ўдзельнікі, не буду іх анансаваць.

Днямі танцоўшчык з сусветным іменем, выпускнік нашага харэаграфічнага вучылішча Іван Васільеў выступіў на нашай сцэне ў гонар свайго настаўніка Аляксандра Іванавіча Калядзенкі, які адзначыў 90-гадовы юбілей. Сярод яго вучняў і наш галоўны балетмайстар, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб. Сімвалічна, што Іван Васільеў станцуе ў балеце «Жызэль», які курыруе Ігар Колб.

— А самі плануеце куды-небудзь адправіцца на гастролі?

— Толькі што вярнуліся з Самары, з фестывалю «Славянскі дом», і запрошаны туды ж на фестываль, прысвечаны Шастаковічу. Таму з 7 да 12 верасня трупа балета вязе туды спектакль «Ілюзіі кахання» на музыку Шастаковіча і балет «Спартак» Арама Хачатурана, аднадумца Шастаковіча. А далей трупа балета зробіць вялікі тур па гарадах Расіі, гэта ўжо ў кастрычніку. Павінна сказаць, што беларускіх артыстаў у Расіі прымаюць самым добрым, самым захопленым чынам, шануюць нашу школу. У снежні разлічваем на кітайскія гастролі, паедзе і аркестр, і салісты оперы. Так што шмат планаў.

— На сцэне сучаснага тэатра абавязкова спалучаюцца эксперымент і традыцыя. Ці на любы эксперымент пагадзіліся б, ці любая традыцыя заслугоўвае непарушнага аўтэнтычнага захавання? У свеце ж вядомая тэндэнцыя, калі класічны твор змяняецца да непазнавальнасці — не толькі форма, але і сам меседж твора, яго пасыл гледачу…

Тэатр — гэта не музей. І ён не можа існаваць за шклом і пакрывацца пылам. Вядома, у рэпертуары ўсіх тэатраў свету ёсць пастаноўкі, якія ведаюць усе танцоўшчыкі, — як «Лебядзінага возера» ці «Жызэлі». Прыязджаючы ў іншы тэатр, танцоўшчык досыць лёгка ўпісваецца ў гэты спектакль, таму што ён яго ведае па пастаноўцы альбо Петыпа, альбо Горскага, альбо Льва Іванава... Але кожны балетмайстар, які працуе з такімі класічнымі творамі, укладвае нешта сваё. Абсалютна закансерваваць пастаноўку немагчыма. Нават спектаклі, пастаўленыя дваццаць-трыццаць гадоў таму, патрабуюць абнаўлення. Змяняецца майстэрства артыстаў, мастакоў і дэкаратараў... Шлях абнаўлення нічому не супярэчыць. Але я супраць такіх эксперыментаў, як, дапусцім, «мужчынскае» «Лебядзінае возера»... Павінна быць павага да партытуры, да таго, што стваралі вялікія майстры. Так, тэатр — жывая з’ява, у яго трэба ўносіць нешта новае, практыкаваць пераасэнсаванне традыцыйных падыходаў. Але галоўнае, што не павінна сыходзіць — разуменне паўнавартаснага твора мастацтва.

— Адзін са спектакляў тэатра Барыса Эйфмана, паказаны падчас гастроляў, паводле чэхаўскай «Чайкі», пераносіць у атмасферу закулісся, што дадало цікавасці. Наколькі моцна адрозніваецца «фасад» тэатральнага жыцця, які бачаць гледачы, і тое, што адбываецца за кулісамі?

— Калі маецца на ўвазе рэальнае закуліссе — у спектаклі шмат праўдзівага. Тэатр па-свойму жорсткі. Прыходзячы туды ў юным узросце, танцоўшчыкі, спевакі паступова сталеюць і з цяжкасцю ўспрымаюць сталенне. Гэта вельмі цяжкі працэс. Усё, што адлюстравана ў балеце Эйфмана «Чайка», усе гэтыя страсці вакол прымадонны і зусім юнага стварэння, вакол тых, хто кахае, хто ненавідзіць, хто незадаволены — гэта ўсё ёсць у тэатры, як, уласна, і ў самім жыцці.

— Калі я працавала ў фондзе Ларысы Александроўскай, былога галоўнага рэжысёра Опернага тэатра, бачыла шмат папер, звязаных з тым, як яна ўладкоўвала жыццё сваіх артыстаў, разбіралася ў іх сварках, скаргах... Колькі сіл гэта адбірае ў вас, наколькі гэта лёгка?

— Так, ходзяць размовы пра тое, што такое тэатр... Маўляў, там абавязкова будуць інтрыгі, шкло ў пуантах, ледзяная вада ў шклянцы для вакаліста... Я глыбока пераканана: усё залежыць ад людзей. Важная атмасфера, у якую яны трапляюць, і які іх кіраўнік. Калі ён не ўдзельнічае ў сварках, не дапускае інтрыг, усяляк дае зразумець, што трэба займацца сваёй справай, расці прафесійна і не локцямі прабіваць сабе дарогу, а творчасцю, — сітуацыя будзе іншай. Не магу сказаць, што мяне закідваюць кляўзамі артысты, скардзячыся адно на аднаго. Але ёсць нешта непазбежнае — тэма ўзросту. Сыходу з прафесіі. Яна складаная для тэатра.

— Ларыса Александроўская пакінула кранальныя ўспаміны пра тое, як у толькі што вызваленым ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Мінску паказалі оперу «Алеся», прысвечаную барацьбе беларускага народа супраць захопнікаў. Сёлета мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі. Як гэта зробіць тэатр?

— Мы максімальна задзейнічаны і самі ініцыіравалі цэлы шэраг найцікавейшых праектаў. У тэатры пройдзе тэматычная выстава. Выйшла кніга, прысвечаная будынку Вялікага тэатра, вядомага аўтара — гісторыка, калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава — «Вялікі тэатр Беларусі. Падарожжа ў часе». Гэтая тэма падштурхнула нас на грандыёзнае музычнае палатно — оперу-балет, прысвечаную падзеям даваенным, ваенным, часоў акупацыі і вызвалення Беларусі і ўрачыстасці Перамогі. Спектакль будзе называцца «Патэтычны дзённік памяці». Партытура падрыхтавана, яе робіць Алег Хадоска, наш цудоўны кампазітар, загадчык кафедры кампазіцыі Акадэміі музыкі. Ствараем мы гэта на аснове выдатных твораў беларускіх кампазітараў, напісаных для Вялікага тэатра, а таксама песень і аратарыяльных твораў майстроў, такіх як Лучанок, Вагнер, Смольскі... 

У спектаклі будзе задзейнічана практычна ўся трупа тэатра — опера, хор, балет, міманс, дзіцячая студыя. Адновім карціну тых пакут, што выпалі на долю беларускага народа, і яго подзвігу. Прэм’еру гэтую выпускаем 22–23 чэрвеня, да пачатку аперацыі «Баграціён».

І, вядома, удзельнічаем у мерапрыемствах, якія рыхтуюцца Міністэрствам культуры да 80-годдзя вызвалення, — у буйных канцэртах, пастаноўках. Плануем у тэатры вялікі канцэрт да 3 ліпеня, гэта дзень, калі тэатр наведвае кіраўнік дзяржавы, уручае ўзнагароды найлепшым дзеячам культуры і мастацтва.

— Сёння паўсюль шукаюць новы фармат работы з наведвальнікамі культурных устаноў. У вас таксама ёсць незвычайныя мерапрыемствы: экскурсіі, дні адчыненых дзвярэй, магчымасць фотасесій, конкурсы для гледачоў... Што прыжылося, што будзеце яшчэ прыдумваць?

— Вось цяпер прыдумалі праект «Дзівосны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі». Гэта экскурсіі, калі гледачы могуць пабываць за кулісамі, пагутарыць з артыстамі і музыкантамі, убачыць тое, што ніколі вока гледача не бачыць. Мы ўнеслі гэтыя экскурсіі ў нашу афішу, і, не паверыце, на сёння білеты на ўвесь красавік і май прададзены. Сталі асвойваць фае партэра і бельэтаж — тут выстройваюцца найцікавейшыя тэматычныя кампазіцыі. Там паказваюцца нашы калекцыі касцюмаў, галаўных убораў, цяпер ідзе выстава ўзнагарод і разнастайных падарункаў Вялікаму тэатру з канца 1940-х. Ужо дадзены старт праекту «Іграюць дзеці» — перад ранішнімі спектаклямі ў фае тэатра выступаюць юныя таленавітыя музыканты, навучэнцы дзіцячых музычных школ. Імкнёмся падтрымліваць усё, што датычыцца традыцыйных каштоўнасцяў, замацаваных у нашай Канстытуцыі: сямейныя паходы ў тэатр, балеты і оперы для сямейнага прагляду. Паміж Днём маці і Днём бацькі, якія адзначаюцца ў нашай краіне, ладзім спецыяльныя сямейныя святы, у якіх удзельнічаюць сем’і нашых артыстаў. Дні адчыненых дзвярэй, ідэя шырокіх майстар-класаў карыстаецца вялікай папулярнасцю. Тэатр становіцца сапраўднай адкрытай нацыянальнай культурнай прасторай.

— На сцэне Вялікага тэатра павінны працаваць найлепшыя з найлепшых... Як адбываецца прыток новых кадраў? Шукаеце, запрашаеце, сочыце за выпускнікамі музычных устаноў, у тым ліку Акадэміі музыкі, якую яшчэ нядаўна ўзначальвалі?

— Ёсць важны пункт у дагаворы для маладога спецыяліста, які прыходзіць у наш тэатр, — яго ўваходжанне ў склад трупы адбываецца на конкурснай аснове. Гэта для творчых работнікаў... Але мы з вялізным задавальненнем прымаем моладзь у мастацкія майстэрні, аддзелы інфармацыйных тэхналогій, у службы арганізацыйна-кіраўнічыя. Нам усюды патрэбны людзі, якія любяць тэатр, і ўжо з цэлым шэрагам ВНУ мы заключылі дагаворы на падрыхтоўку маладых спецыялістаў. Што да творчых людзей, праводзяцца прагляды, праслухоўванні выпускнікоў харэаграфічнага каледжа, Акадэміі музыкі. У аркестр трапляюць студэнты па рэкамендацыі музыкантаў, бо за час вучобы ў іх ёсць магчымасць іграць у аркестрах. Што да оперы, атрымаць найлепшыя галасы вельмі няпроста, і гэтая праблема актуальная для ўсіх тэатраў свету. Адсюль і традыцыя запрашэння артыстаў з іншых тэатраў. Канешне, я вельмі зацікаўлена, каб у нашым тэатры вырасталі такія зоркі. За апошнія тры гады ў трупу оперы прыйшла значная колькасць моладзі, ёсць і рэдкія галасы, такія як мецца-сапрана Даша Гараджанка, выдатнае сапрана Насця Міхнавец, бас Віталь Зазулька, драматычны тэнар Дзмітрый Шабеця, які з маладога спецыяліста выйшаў на сольныя пазіцыі. Конкурс у нас адкрыты, у многія спектаклі прайшлі спецыялісты з Расіі. Так, барытон Аляксей Макшанцаў прайшоў у спектакль «Севільскі цырульнік», а ў выніку апынуўся ў трупе Вялікага тэатра.

У балеце гэтая тэндэнцыя яшчэ шырэйшая, таму што ў танцоўшчыкаў досыць кароткі век, і, вядома, яны выкарыстоўваюць усе магчымасці дзесьці папрацаваць. І наш галоўны балетмайстар прыкладае шмат намаганняў у пошуках талентаў. Тут немалаважныя і тыя кантакты, што ёсць у Ігара Колба і з Барысам Эйфманам, і з Мікалаем Цыскарыдзэ, які прадстаўляе Акадэмію рускага балета імя А. Я. Ваганавай. Я з’ездзіла туды, правяла перагаворы, і Мікалай Максімавіч запрасіў мяне, нашага мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра на выпускныя іспыты Акадэміі Ваганавай, каб мы паглядзелі на моладзь, вырашылі, хто б мог да нас прыехаць. Сёння ў нас паўтара дзясятка артыстаў — выпускнікі расійскіх навучальных устаноў. Плюс з’явілася пара танцоўшчыкаў з Бразіліі. Пакуль яны прыглядаюцца, вучацца, але, спадзяюся, будуць выходзіць у сур’ёзных ролях.

— А на сябе ў вас хапае часу?

— Пакінем гэта за кулісамі... Калі тут выявіць хоць бы секунду нейкай абыякавасці — да людзей, падзей, фукцыянаваць гэта не будзе, бо ў тэатры ўзаемадзейнічае ўсё: ад машыністаў сцэны да тых, хто выходзіць на сцэну — гэта ўсё адзінае цэлае. Так, імкнуся падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, адпачываць, бываю на спектаклях — яны мне прыносяць велізарнае задавальненне, гэта мая вялікая прывілея як генеральнага дырэктара.

— Толькі ў сваім тэатры бываеце на спектаклях?

— На прэм’еры імкнуся трапляць усюды. І на філарманічныя канцэрты, і ў Палац Рэспублікі... І на кніжкі часу хапае... Прычым ізноў вярнулася да папяровага фармату — электронны перастаў мяне задавальняць, пачала раздражняць колькасць гаджэтаў, тым больш дома ў мяне цудоўная бібліятэка. Плюс вельмі люблю аўдыякніжкі: калі хаджу пешшу, вельмі шмат слухаю літаратуры.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.