Вы тут

Удзельнічаць у рэспубліканскім суботніку заўсёды было справай гонару


Больш за тое, гэты дзень людзі ўспрымаюць як свята. Усмешкі, прыгожыя ўборы, прычоскі, узнёслы настрой, а калісьці яшчэ і духавы аркестр! А потым — шчодры стол, на які жанчыны выстаўлялі свае традыцыйныя закаткі, бутэрброды, салаты... Усё гэта зафіксавалі фота мінулых гадоў. Калі такіх няма ў сямейным альбоме, варта схадзіць у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, дзе ў папулярным праекце «Лесвіца» (ён ладзіцца ўжо на працягу болей чым 10 гадоў) дэманструюцца жыццесцвярджальныя кадры з мінулых суботнікаў. Зроблены яны магілёўскімі і мінскімі фотамайстрамі, а сабрала іх і прапанавала азнаёміцца няўрымслівая фотамастачка, краязнаўца, захавальніца магілёўскай даўніны Ірына Савосіна.


— Ірына трапіла са сваёй ідэяй у яблычка, — усміхаецца вядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога музея імя Е. Р. Раманава Марына Тарасава. — Красавік у нас — месяц суботнікаў. Традыцыя нарадзілася ў Маскве ў 1919 годзе і дагэтуль працягваецца. А, паколькі мы шмат гадоў сябруем з нашым цудоўным народным фотаклубам «Вясёлка», у нашым фармаце «Лесвіца» фота 60–90-х гадоў мінулага стагоддзя, дзе зафіксавана гэта падзея. Тут класіка: чорна-белыя здымкі ў высакакласнай мастацкай форме, захаваныя Ірынай Савосінай. Традыцыя суботнікаў працягваецца, і мы нагадваем жыхарам, што яна з’явілася не на пустым месцы.

У музейнай калекцыі плакатаў захоўваюцца і асобныя лісты насценнага савецкага друку: сценгазеты, лісткі, маланкі на розную тэматыку. І больш чым 10 з іх прысвечана суботнікам. Гэтыя рукапісныя выданні існавалі на любым прадпрыемстве ў Савецкім Саюзе. Але не ўсе музеі сёння могуць пахваліцца гэтай прыкметай часу. Шмат хто палічыў, што ў гэтым нічога каштоўнага няма, і творы народнай творчасці адправіліся на сметнік. Магілёўскія музейшчыкі паступілі мудра, пакінуўшы найбольш тыповыя варыянты. Як кажа Марына Тарасава, некалькі гадоў таму мінчане шукалі сценгазеты па ўсёй Беларусі. А знайшлі толькі ў краязнаўчым музеі ў Магілёве.

Акварэль, гуаш, аплікацыя, рукапісныя і машынапісныя тэксты — творчасць рэдкалегій магілёўскіх прадпрыемстваў неабсяжная. Ёсць у калекцыі і сценгазета з фота. Для фатографаў, якія ў савецкі час былі ў штаце любой буйной вытворчасці, справай гонару было перадаць баявы настрой працоўнага калектыву. 

І гэта ў іх вельмі добра атрымлівалася. Ірына Савосіна ў канцы 1970-х працавала фотакарам у шматтыражцы на галоўным прадпрыемстве Магілёва «Хімвалакно». І частка здымкаў менавіта яе аўтарства. Вось кіраўніцтва прадпрыемства робіць сквер каля корпуса заводакіравання. Тон рабоце задае дырэктар, які капае, побач шчыруюць прафарг, іншыя супрацоўнікі. Брудная работа, але людзі святочна апрануты. У музейнай экспазіцыі рэдкія фота падрыхтоўкі да адкрыцця Палаца культуры «Хімвалакно». Работнікі падчас суботніка наводзяць тут марафет, каб іх палац заззяў ва ўсёй красе. Цяпер гэта галоўны палац Магілёўскай вобласці. Ён сучасны і прыгожы, але тыя памяшканні, дзе шчыруюць работнікі «Хімвалакно», вельмі пазнавальныя.

Замілаванне і лёгкі сум выклікаюць фота магілёўскай кінастудыі «Прамень». Была такая, працавала пры Доме культуры чыгуначнікаў. «Звязда» пра яе пісала. Менавіта здымкі фатографаў гэтай кінастудыі і натхнілі Ірыну Савосіну на ідэю з выставай. 

І пачалося ўсё з фатаграфіі, на якой сімпатычная дзяўчына старанна мые акно.

— Гэта работа Валерыя Каралёва, які спачатку працаваў у Магілёве, а потым яго запрасілі на «Беларусьфільм», і ён усё жыццё быў там аператарам-дакументалістам, — удакладняе Ірына. — Яго фотаздымкі захаваліся ў архіве кінастудыі «Прамень». Гэта і іншыя фота добра перадаюць подых часу. Яны каштоўныя яшчэ і тым, што адлюстроўваюць Магілёў.

Траціна работ належыць менавіта аўтарам кінастудыі. На ўнікальных фота аднаго з іх — Льва Шастакова — мыццё вагонаў падчас суботніка, добраўпарадкаванне сквера паміж Першамайскай і чыгуначнымі рэйкамі. Здымкі зроблены ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

З суботнікам савецкага перыяду асацыіруюцца не толькі мыццё вокнаў, пабелка дрэў, прыборка тэрыторый, але і пераборка бульбы ў калгасах. Раней яна захоўвалася ў буртах непасрэдна на полі, і народ ехаў з горада, каб перабіраць і падрыхтаваць на продаж. На фота, датаваных канцом 1970-х, якраз гэтыя моманты. На адным са здымкаў маладая жанчына ў стыльным паліто і на абцасах нясе вядро з бульбай. І твар у яе зусім не пахмурны: тады лічылася дрэнным тонам працаваць без настрою. Магіляўчанка Ірына Даніленка знайшла ў сямейным альбоме маці Марыі Мурашкінай два цікавыя здымкі з суботніка ў Магілёўскім тубдыспансеры. Трэба бачыць, з якой грацыяй нясе насілкі на пару з мужчынам жанчына з моднай «бабетай» на галаве.

Вельмі яркія і як заўсёды запамінальныя здымкі мінскага фотамастака, члена Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Віктара Бутры. У яго кадр трапіў гістарычны момант — увядзенне ў строй тэрапеўтычнага корпуса Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Дарэчы, шэдэўральны здымак з застоллем пасля суботніка таксама яго. Жанчыны застылі з усмешкамі на тварах, і здаецца, што фота, як на машыне часу, пераносіць у той далёкі і зусім не падобны на сённяшні час.

У музеі абяцаюць, што здзейсніць экскурс у мінулае рэспубліканскага суботніка можна да сярэдзіны мая.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Красавіцкая традыцыя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.