Вы тут

Чаму ў свеце імкліва павялічваецца колькасць бяздомных?


Ва ўсім свеце расце кошт жылля і імкліва пашыраецца бяздомнасць. Аб гэтым заявіў спецдакладчык па пытанні аб дастатковым жыллі Балакрышнан Раджагапал на сесіі Савета па правах чалавека ААН у Жэневе. Ён адзначыў, што мільёны людзей жывуць у нефармальных паселішчах і аварыйных пабудовах, паведаміў сайт навін ААН. «Вельмі шмат людзей высяляюць з-за павышэння арэнднай платы, а колькасць бяздомных працягвае імкліва расці. Я хацеў бы нагадаць, што даступнасць з’яўляецца ключавым элементам права на дастатковае жыллё, замацаванага ў міжнародным праве», — падкрэсліў эксперт ААН. Ён нагадаў дзяржавам аб неабходнасці забяспечыць насельніцтва даступным жыллём і прывітаў прыняцце ў снежні мінулага года Генасамблеяй ААН спецыяльнай рэзалюцыі. У ёй члены міжнароднай супольнасці адзначылі, што «бяздомнасць з’яўляецца глабальнай праблемай, што закранае людзей рознага ўзросту, якія належаць да розных эканамічных, сацыяльных і культурных груп і пражываюць як у развітых, так і ў краінах, якія развіваюцца». Чаму ў свеце імкліва павялічваецца колькасць бяздомных?


Глабальная праблема

Праблема мае глабальны характар і закранула ўсе населеныя кантыненты. Паводле статыстыкі, каля 150 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце з’яўляюцца бяздомнымі. Як вынікае з ацэнак міжнароднай арганізацыі Habіtat for Humanіty, якія былі складзены яшчэ ў дапандэмійны перыяд, каля 1,6 мільярда чалавек ва ўсім свеце жывуць у «нездавальняльных умовах». У залежнасці ад краіны існуюць розныя азначэнні бяздомнасці. Да такіх асоб могуць адносіцца людзі, якія жывуць у прытулках, чыё месца жыхарства часовае або прызнана не прыдатным для пражывання (старое і аварыйнае жыллё). У статыстыцы могуць улічвацца ўнутрана перамешчаныя асобы ў выніку канфлікту, гвалту або стыхійных бедстваў, могуць улічвацца або не ўлічвацца хранічныя і часовыя бяздомныя.

У Еўропе адзначаецца рэзкі рост колькасці людзей без даху над галавой, прычым ва ўмовах інфляцыі і крызісу жылля ўлады не чакаюць хуткіх пазітыўных перамен, паведаміў Еuronews. Паводле справаздачы за мінулы год, апублікаванай Feantsa, Федэрацыяй нацыянальных арганізацый, якія працуюць з бяздомнымі, у Старым Свеце жывуць на вуліцы да 900 тысяч чалавек. Пры гэтым эксперты мяркуюць, што рэальная колькасць бяздомных, хутчэй за ўсё, значна большая па некалькіх прычынах. Напрыклад, вызначэнне бяздомнасці адрозніваецца ў розных дзяржавах-членах, а колькасная ацэнка феномену застаецца складанай задачай з-за адсутнасці ў Еўропе комплексных метадаў збору даных.

Тэрмін «бяздомнасць» выкарыстоўваецца для апісання зусім розных рэалій (у шматлікіх дзяржавах — членах ЕС няма афіцыйнага вызначэння, а працоўныя тэрміны ў афіцыйных дакументах узаемазаменныя). Згодна з праведзеным еўрапейскім даследаваннем, урад Эстоніі, напрыклад, вызначае бяздомнага як чалавека, які не мае юрыдычных дакументаў, што пацвярджаюць права ўласнасці або арэнды жылога памяшкання. У Таліне ўдакладняюць, што бяздомныя не маюць даходу або навыкаў, неабходных для змены свайго становішча.

А ў Італіі бяздомнымі лічацца тыя, у каго няма жылля, прычым з вызначэння выключаюцца асобы або групы, якія жывуць у часовых прытулках або ў непрыдатных месцах. І хоць гэтыя адрозненні абцяжарваюць колькасную адзнаку бяздомнасці, Feantsa сцвярджае, што з’ява пашыраецца амаль ва ўсіх краінах кантынента.

«Колькасць людзей, якія начуюць, напрыклад, на вуліцы ў Парыжы ці Барселоне, за апошнія дзесяць гадоў узрасла на 70 працэнтаў. Гэта праблема, якая структурна расце ў Еўрасаюзе», — лічыць намеснік дырэктара Feantsa Рут Оўэн. Валанцёры і гуманітарныя арганізацыі ў стане знайсці начлег не больш чым 40 працэнтам тых, хто мае патрэбу з парыжскіх вуліц. 

Фактары рызыкі

Інфляцыя і крызіс кошту жыцця адбіліся на даступнасці такіх жыццёва важных рэчаў, як энергазабеспячэнне і прадукты харчавання. Гэта азначае, што найбольш пацярпелі найбяднейшыя сем’і. Акрамя таго, службы, якія займаюцца дапамогай бяздомным людзям, самі панеслі вялікія страты з-за інфляцыі і асабліва ад росту цэн на электраэнергію і цеплазабеспячэнне.

Паводле звестак Еўрастата, у 2022 годзе 22 працэнты насельніцтва ЕC знаходзіліся пад пагрозай беднасці ці сацыяльнай ізаляцыі. У Румыніі гэты паказчык складае 34,4 працэнта. За апошнія некалькі гадоў сітуацыя прынцыпова не змяняецца. Даклад Еўрапейскай сеткі па барацьбе з беднасцю таксама адзначае, што рост цэн на жыллё і высокая інфляцыя мацней за ўсё ўдарылі па ўразлівых групах насельніцтва, сярод якіх — моладзь і людзі з нізкім узроўнем адукацыі.

Даследаванне, праведзенае ў лістападзе мінулага года па замове Еўрапарламента, паказала, што больш за іншых да рызыкі бяздомнасці схільныя малазабяспечаныя групы насельніцтва. Да фактараў, якія пагаршаюць гэтую рызыку, адносяцца недаступнасць жылля, крызіс кошту жыцця, стагнацыя заработнай платы, хатні гвалт і агульны стан сістэмы сацыяльнага забеспячэння.

Да 2022 года амаль кожны дзясяты жыхар ЕС траціў на жыллё больш чым 40 працэнтаў свайго даходу. Нягледзячы на тое што права на жыллё заканадаўча замацавана ў Еўрапе як адно з асноўных сацыяльных правоў, многія па-ранейшаму змагаюцца за тое, каб мець дах над галавой.

Паводле звестак Еўрастата (статыстычнага бюро Еўрапейскай камісіі), цэны на жыллё больш чым падвоіліся ў перыяд з 2010-га па другі квартал мінулага года ў Эстоніі, Венгрыі, Літве, Латвіі, Чэхіі, Люксембургу і Аўстрыі. Калі параўноўваць 2023 год з 2010-м, то цэны на жыллё выраслі больш, чым арэндная плата, у 20 з 27 краін ЕС. Тым часам фінансавыя магчымасці еўрапейцаў згортваліся: паводле даных Еўракамісіі, сціплы сярэдні рост заработнай платы ў ЕС у мінулым годзе значна адставаў ад шалёных тэмпаў інфляцыі.

Рэкордны ўзровень

Эксперты сцвярджаюць, што рызыка бяздомнасці вышэйшая ў сем’яў з дзецьмі і адзінокіх бацькоў. Усё большую занепакоенасць выклікаюць у назіральнікаў перанаселенасць, цвіль, вільготнасць, забруджванне навакольнага асяроддзя і антысанітарыя. На сёння рэкордны ўзровень бяздомнасці адзначаны ў Ірландыі. Летась у кастрычніку міністэрства жыллёвага будаўніцтва рэспублікі выявіла, што больш чым 9 тысяч дарослых і амаль 4 тысячы дзяцей жывуць у аварыйным жыллі. У апошнія некалькі гадоў у Ірландыі назіраецца новая хваля эміграцыі. Маладыя кваліфікаваныя спецыялісты з’язджаюць з краіны з-за жыллёвага крызісу, які пагаршаецца інфляцыяй. Перспектывы на будучыню ў краіне для мілініялаў туманныя. Дзесяць гадоў таму, калі цэны былі даступныя, гэтае пакаленне было яшчэ занадта маладым. А за дзесяцігоддзе арэндная плата і цэны на нерухомасць выраслі амаль удвая.

Рэзка ўзрасла колькасць бяздомных у Германіі, заявіла нямецкае выданне Bіld. «Да статыстыкі бяздомных дабавілася шмат людзей. Так адбываецца па ўсёй краіне», — цытуюць журналісты прэс-сакратара міністэрства сацыяльных спраў краіны. Так, у студзені мінулага года ў федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг на поўдні краіны было зарэгістравана каля 77 тысяч бяздомных. Гэта, паводле інфармацыі журналістаў, практычна ў 2,5 раза больш, чым у 2022-м. Больш за тое, амаль трэць з іх — дзеці і падлеткі. 

Колькасць людзей без даху над галавой у Вялікабрытаніі ўзрасла амаль да 300 тысяч сем’яў. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю вядзення падлікаў. Пра гэта паведаміў Euronews. Паводле звестак урада Вялікабрытаніі, колькасць сем’яў, якія пражываюць у часовым жыллі, летась склала звыш 104 тысяч. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю вядзення падлікаў. Статыстыка, апублікаваная Дэпартаментам павышэння ўзроўню жыцця, жыллёвага будаўніцтва і супольнасцяў (DLUHC), сведчыць аб тым, што колькасць людзей, якія атрымалі апавяшчэнні аб высяленні, павялічылася на 27,4 працэнта. За гэты ж перыяд на 30,5 працэнта вырасла колькасць брытанцаў, якіх мясцовыя ўлады ахрысцілі «тыя, хто спіць пад адкрытым небам».

У большай ступені гэтая праблема закранула паўночны захад і паўночны ўсход Вялікабрытаніі. Так, паводле статыстыкі, у Манчэстэры ўзровень бяздомнасці адзін з найвышэйшых па краіне. Паводле даных, прадастаўленых адной з мясцовых дабрачынных арганізацый, кожны 80-ы жыхар горада не мае пастаяннага месца жыхарства. Найбольшы рост колькасці людзей, якія засталіся без прытулку, у параўнанні з мінулым годам зафіксаваны ў Ліверпулі. Там выдаткі на барацьбу з бяздомнасцю выраслі на 341 працэнт усяго за адзін год.

Замест жылля — пячора

Па той бок Атлантыкі сітуацыя не менш пагрозлівая. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа» са спасылкай на амерыканскае ўрадавае даследаванне, у мінулым годзе ў ЗША назіраўся рэкордны рост колькасці бяздомных. Аналіз сведчыць, што летась людзей, якія жывуць на вуліцы, стала на 11 працэнтаў больш у параўнанні з 2022-м. У выніку агульная колькасць людзей, якія не маюць прытулку, перавысіла 653 тысячы чалавек, сведчаць даныя Міністэрства жыллёвага будаўніцтва і гарадскога развіцця ЗША. Гэта найвышэйшы паказчык з пачатку такіх даследаванняў у 2007 годзе.

Паводле даных урадавай справаздачы, афраамерыканцы складаюць 13 працэнтаў насельніцтва ЗША, але пры гэтым 37 працэнтаў агульнай колькасці асоб без пастаяннага месца жыхарства. Прыкметны рост бяздомнасці адзначаецца сярод іспанамоўнага насельніцтва. Іх колькасць дасягнула 28 працэнтаў. Сямейная бяздомнасць павялічылася на 16 працэнтаў. Па меркаванні экспертаў, прычынамі такой сітуацыі стаў рост цэн на жыллё і адсутнасць даступнай арэнднай платы.

«Мяне турбуюць людзі, якія цяпер не маюць жылля ці ацяплення, — адзначае Джошуа Філіпс, прафесар універсітэта Мэмфіса. — І ў Тэнэсі існуе тэндэнцыя не даваць надзейныя сацыяльныя паслугі такім людзям. Яны падвяргаюцца небяспецы». Як лічыць архітэктар Біл Данстэр, рынак жылля ў ЗША разбураны: «Мае дзеці ніколі не змогуць дазволіць сабе купіць уласнае жыллё. Што мы збіраемся з гэтым рабіць?»

Больш за ўсё бяздомных у Каліфорніі — звыш 170 тысяч чалавек. Для параўнання: у штаце Нью-Ёрк, які на другім месцы па «папулярнасці» ў амерыканскіх валацуг, іх знаходзіцца больш за 74 тысячы. Улады Каліфорніі чатыры гады таму аб’явілі «вайну беднасці». За гэты час яны выдаткавалі каласальныя $17,5 млрд, але, нягледзячы на гэта, колькасць людзей без даху над галавой працягвала толькі павялічвацца. Журналісты CNN адзначаюць, што выдаткаваных уладамі штата сродкаў тэарэтычна магло хапіць на аплату арэнднай платы для кожнага бяздомнага ў Каліфорніі на чатыры гады, нават пры высокім кошце жылля ў штаце. Амаль 4 млрд долараў было накіравана на ініцыятывы па барацьбе з бяздомнасцю. Яшчэ 3,7 млрд пайшло на рэалізацыю праграмы пад назвай Project Homekey, якая разлічана на набыццё мясцовымі ўладамі матэляў або камерцыйных памяшканняў і пераабсталявання іх у жыллё для бяздомных. У многіх каліфарнійцаў проста няма грошай, каб аплачваць жыллё.

Тым часам стала вядома, што ў Каліфорніі знайшлі бяздомных, якія жывуць у падземных пячорах, заваленых смеццем. Пра гэта паведаміла Hіndustan Tіmes. Паводле інфармацыі мясцовай паліцыі, валанцёры расказалі аб выяўленні падземных пячор глыбінёй шэсць метраў уздоўж ракі Туалумн, што ў горадзе Мадэста. Сюды можна было патрапіць па імправізаваных усходах, высечаных у схіле ўзгорка. Як адзначылі ў ведамстве, гэты раён вядомы тым, што тут пражывае вялікая колькасць бяздомных, якія рэгулярна абсталёўваюць незаконныя лагеры, што выклікае занепакоенасць грамадскасці. Пры дапамозе валанцёраў з пячор было вывезена 3,5 тоны смецця, тут жа было знойдзена мноства прадметаў мэблі, прадуктаў харчавання, а таксама наркатычныя рэчывы і кантрабанда.

Нядзіўна, што жыхары штата, мякка кажучы, моцна занепакоены высокай колькасцю людзей без даху над галавой. Паводле сацыялагічнага апытання, якое правяла дырэктар Цэнтра ўразлівых груп насельніцтва Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска Марго Кушел, 84 працэнты рэспандэнтаў заявіла, што лічаць бяздомнасць вельмі сур’ёзнай праблемай. І, як відаць, пакуль не вырашальнай.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?