Вы тут

Ці адказна мы ставімся да свойскіх гадаванцаў?


У Беларусі падпісаны Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» — яго палажэнні ўступяць у сілу з 1 студзеня 2025 года. Наколькі наша грамадства можна лічыць сталым для адказнага стаўлення да «братоў меншых»? З гэтым пытаннем мы адправіліся непасрэдна да практыкаў — людзей, якія прысвяцілі жыццё сваім чацвераногім «дзецям».


— З чаго пачаўся Хаскі-парк? Я пра гэта столькі разоў ужо расказвала, што нават надакучыла, — усміхаецца Наталля, гаспадыня Хаскі-парку, мусіць, самага вядомага ў краіне гадавальніка хаскі, лаек і іншых «воўчых» парод «Снежная завея».

— Мы займаемся пародамі, звязанымі з ваўком: чэхаславацкі влчак, сібірскі хаскі, аляскінскі маламут, самаедскі сабака... — пераводзіць размову на іншую тэму Наталля.

Але мы настойваем, і яна ўсё ж распавядае, што ў нейкі момант, больш як 15 гадоў таму, ёй «стала сумна жыць у горадзе».

Гадаванец — не цацка

— Спачатку мы пераехалі ў сельскую мясцовасць, прадаўшы кватэру ў Мінску. Тады паўстала пытанне аб рамонце, і я зразумела, што мне гэта нецікава — на самай справе я хачу пабудаваць дом у вёсцы.

Па адукацыі Наталля — аператар фоталітаграфіі, а любоў да сабак у яе з дзяцінства.

— Першыя мае сабакі былі дварнякі ў бабулі ў вёсцы, — расказвае яна.

Любоў да «напалову ваўкоў» — парод, што бяруць пачатак ад гэтых драпежнікаў, — прыйшла да Наталлі не адразу.

— Першага хаскі ў наш дом прынёс муж, — кажа суразмоўніца. — Гэта адбылося ў 2008 годзе. Тады такіх сабак у Беларусі было вельмі мала, і яны здаваліся цудам: блакітнавокі воўк!

Пераехаўшы за горад, Наталля Вінтэрштэйн разам з мужам Юрыем зарэгістравалі гадавальнік. А ў Хаскі-парк ён ператварыўся, калі прыйшло ўсведамленне: сучасны чалавек часцей за ўсё зусім не разумее, якую адказнасць ускладае на сябе, калі бярэ ў свой дом шчанюка.

Ці адказна ставіцца наша грамадства да жывёл? Мне здаецца, не надта. Так, ёсць валанцёры; так, проста мінакі нярэдка імкнуцца дапамагчы свойскім гадаванцам, якія страцілі прытулак. Але ў цэлым сучасныя людзі вельмі часта проста не разумеюць запатрабаванняў жывёлы. Нашае пакаленне, напрыклад, яшчэ ведала, што такое сабака, што такое лес, прырода, якія небяспекі могуць несці дзікія або свойскія жывёлы. Бяда цяперашняга маладога пакалення нярэдка ў тым, што гадаванца яны ўспрымаюць як цацку. «Вазьму сабе ваўка, і ён прыгожа будзе сядзець на канапе». Ну не будзе ён сядзець на канапе! Таму Хаскі-парк і з’явіўся. Мы не планавалі яго адкрываць, проста сталі прапаноўваць людзям шчанюкоў. І высветлілася, што тыя не разумеюць, каго бяруць. Тады мы пачалі прымусова ганяць будучых гаспадароў нашых гадаванцаў у лес: хочаце ўзяць маленькага «хася» — пабегайце з дарослым сабакам. Гэта называецца дог-трэкінг як спартыўны кірунак, але, у прынцыпе, якой бы ні была парода, жывёле патрэбна фізічная актыўнасць для правільнага развіцця, акрамя дэкаратыўных парод, але там свая спецыфіка. І некаторыя пасля такой прабежкі казалі: «Дзякуй, мы зразумелі, гэта не наша парода». Але з’явіліся і тыя, хто пачаў прасіцца проста пагуляць з сабакамі, павандраваць з імі па лесе. І ўсё гэта паступова аформілася ў Хаскі-парк, хобі ператварылася ў работу. Цяпер гэтае кола не спыніш, нават калі б я і хацела.

Праблемы людзей, а не сабак

У нашы дні паўсюль у свеце мода на дварнякоў. І гэта вельмі добрая мода, упэўнена суразмоўніца. Хоць заводчыкі пародзістых сабак кажуць, маўляў, у дварняка невядома што намяшана, і гэта можа быць небяспечна…

— Не хачу пакрыўдзіць людзей, але ж у іх таксама незразумела што намяшана, калі ўжо так разбірацца. У чатырохногіх хоць бы ветпашпарты ёсць.

А мы — чалавекі па факце, гучым горда: прымайце нас такімі, якія мы ёсць... А ёсць сярод нас і не заўсёды вартыя такога безумоўнага прыняцця. Сабака, кот, нават чалавек будуць гінуць ад голаду і холаду, але і сёння ў нашым быццам бы гуманным і маральным грамадстве многія пройдуць міма…

— Процілеглая крайнасць — калі гаспадары ачалавечваюць гадаванца. Кінолагі гавораць, адсюль мноства праблем з выхаваннем сабакі і нават бяспекай гаспадароў і навакольных…

— А я — за такое ачалавечванне. Як мінімум, успрымаючы свайго сабаку як чалавека, асобу, вы не зможаце яго пакрыўдзіць. Мы ачалавечваем гадаванцаў, таму што мы людзі. Немагчыма, жывучы з сабакам, з ім не размаўляць. Ты ж не можаш маўчаць, бо гэтак цябе стварыла прырода. Сабака можа, а ты не. А што датычыцца кінолагаў, я ўдзячная лёсу, што ён пазбавіў мяне гэтага шанцу — атрымаць кіналагічную адукацыю. Калі ў нас з’явіўся першы сабака-хаскі, 15 гадоў таму, кінолагі адмаўляліся брацца за гэту пароду: «Дрэсуры не паддаюцца». Але аказалася, што гэта няпраўда. 

Іншая справа — мне не трэба дамагацца ўмення выконваць каманду «Апорт» ці «Дай лапу». Я разумею сваіх сабак, і яны разумеюць мяне. А кінолагі няхай разумнічаюць: калі для іх ёсць публіка — на здароўе.

Як знайсці «сваю» пароду, Наталля раіць адмаўляецца. Гэта як у каханні: усё індывідуальна.

— Праўда, ёсць частка людзей, якія выбіраюць вялікую пароду па тым жа прынцыпе, што і вялікую машыну. І гэта сур’ёзная праблема, калі сабак небяспечных парод бяруць людзі з псіхалагічнымі парушэннямі, каб рэалізаваць свае комплексы. 

І сабакі апынаюцца потым у нядобрых руках, і ўзнікае небяспека для навакольных. У апошнія гады такія праблемы часцей за ўсё з алабаямі. Вядома, такія пароды трэба адсочваць. Але гэта праблемы людзей, а не сабак, у першую чаргу — заводчыкаў. Развядзенне пародзістых сабак наогул павінна быць заняткам для забяспечаных. А ў нас, наадварот, за гэта бяруцца малазабяспечаныя людзі ў надзеі зарабіць. І прадаюць шчанюкоў усім і кожнаму, хто гатовы плаціць, не сочаць за іх далейшым лёсам. Але я ж не наглядальны орган, не магу нікога вучыць. 

Я магу толькі выказаць сваё меркаванне.

— Новы закон аб адказным абыходжанні з жывёламі — як вы яго ацэньваеце?

— Падтрымліваю. Такі закон вельмі патрэбен. Бярэш шчанюка — пачынай з нуля. Чып, потым прышчэпкі, рэгістрацыя і — пайшлі вучыцца: і сабака, і вы. Чыпаваны сабака — хоць зразумела, адкуль ён. Я яшчэ прапанавала б такую норму: калі чалавеку прадалі шчанюка, а ён яго выкінуў, заканадаўча забараніць яму ў далейшым заводзіць сабаку.

Карма і «кітайскі» маламут

Сабак у Наталлі — некалькі дзясяткаў.

— На тыдзень закупляем каля 200 кілаграмаў мяса, — расказвае яна. — А яшчэ корм, вітаміны — моркву яны любяць пагрызці, да спадобы ім і кавуны. Калі адказна займацца развядзеннем пароды, на гэтым наўрад ці атрымаецца зарабіць.

Мы, скажу шчыра, часцей за ўсё проста «выходзім у нуль». Нейкі прыбытак бывае толькі ў сезон. А сезон у нас звычайна супадае са школьнымі канікуламі і вялікімі выхаднымі на святы.

Не ўсе «падапечныя» парку — «родныя», ёсць і «прыёмныя»: жывёлы прыходзяць сюды рознымі шляхамі, часам цяжкімі і пакручастымі. Вялізны маламут памерам з добрае цяля («Гэта яшчэ шчанятка, яму адзінаццаць месяцаў», — тлумачыць Наталля.) раней быў гадаванцам кітайскіх студэнтаў. Замежныя госці атрымалі дыпломы і з’ехалі дадому. А сабака застаўся, так і не зразумеўшы, чаму пакінулі яго тыя, хто лашчыў і песціў.

— Студэнты — яны ж з-за маладосці яшчэ як дзеці: думалі, маўляў, забярэм з сабой, калі будзем з’язджаць. А калі аказалася, што гэта неверагодна цяжка, сабаку проста пакінулі.

Амаль саракакілаграмовага «шчанятку» неабыякавыя людзі доўга спрабавалі «прыстроіць», нават прывязвалі на прыпынку з аб’явай «Шукаю гаспадара». Але ніхто не ўзяў яго, такога вялізнага, да сябе. Тады і ўспомнілі аб Хаскі-парку. Выглядае сабака вялізарным, а ў душы — яшчэ малышок. Нягледзячы на свае габарыты, спрабуе залезці на ручкі.

Яшчэ адну пастаяліцу гадавальніка, хаскі Карму, проста падкінулі пад плыт парку разам з пяццю яе шчанюкамі.

— Незразумела, як яна апынулася на вуліцы, — кажа суразмоўніца. — Хтосьці ўклаў у яе вельмі шмат сіл. Я пакідаю працэнт на тое, што гаспадар не выкінуў яе свядома, а згубіў ці, можа, памёр.

Карма ведае і ўмее вельмі многае з «сабачых навук», але ў новай «зграі» так і не прыжылася. Увесь час імкнецца бегчы шукаць некага. Можа, і яе нехта шукае, спадзяецца Наталля.

Чэхаславацкі влчак — парода маладая. І — як да любой новай пароды — да влчакоў цяпер павышаная цікавасць. У пачатку красавіка ў парку нарадзіліся «ваўчаняты».

— Але мы неспрактыкаваным «сабачнікам» «ваўчанят» нават не прапануем, яны спецыфічныя, — тлумачыць Наталля. — Самы сапраўдны воўк, проста добры. Хоць калі яны да нас з іншага гадавальніка ўпершыню прыехалі, былі не такія добрыя, бо там было менш сацыялізацыі. Ведаеце, што пра мяне пішуць у каментарыях? «Злая гаспадыня гадавальніка», — смяецца яна. — Але мы сапраўды вельмі жорстка адбіраем гаспадароў для нашых шчанюкоў. Таму што адказнае стаўленне да жывёл — гэта як калі ты дзіця нарадзіў. Аддаючы шчанюка, мы так і гаворым: яго толькі грудзьмі карміць не трэба, астатняе ўсё трэба. Лашчыць, любіць, вучыць, лячыць, развіваць і сацыялізаваць. Сабакі, якія напалову ваўкі, без належнага клопату і зносін становяцца проста ваўкамі. Дый гэта датычыцца ўсіх сабак: без сацыялізацыі яны — воўчая зграя. Таму бяздомныя сабакі і нападаюць на людзей. Яны не разумеюць, што павінны рабіць, іх не навучылі, а калі б з сабакамі гулялі, размаўлялі з імі і клапаціліся аб іх, тыя б таксама былі б добрыя і ласкавыя.

Наталля расказвае, што адсочвае лёс сваіх гадаванцаў і пасля таго, як аддае іх у новую сям’ю.

— Нават пры нашым жорсткім адборы ўсё роўна часам бывае, што сабак перадаюць з рук у рукі. Я заўсёды гавару: калі нешта ў вас не складзецца, вяртайце сабаку мне. Беларусь такая маленькая, што чуткі да мяне ўсё роўна дойдуць. Але часам людзям сорамна прызнаваць, што яны памыліліся, не справіліся. Хоць нічога «ганебнага» тут няма. Людзі могуць стаць заложнікамі абставін, свайго няправільнага выбару або рашэння. Адно ведаю дакладна: адказны чалавек знойдзе выйсце. Будзе стукацца ва ўсе дзверы, і недзе яму адкажуць. Сабаку дапушчальна вярнуць у гадавальнік, недапушчальна — выкінуць на вуліцу. Калі хаскі ўніверсальныя і не прападуць, то маламут загіне хутка — ён вялікі, але слабы. Ды і влчак таксама практычна асуджаны: не шмат людзей пагодзяцца бяздомнага «ваўка» ў сваю хату прывесці. А ён жа воўк толькі па выглядзе і гэтак жа, як іншыя хатнія гадаванцы, мае патрэбу ў любячых гаспадарах.

Пра тое, як ісці за марай

У Хаскі-парку — «сямейны падрад». Тут працуюць Наталля з мужам Юрыем, іх дзеці і ўнукі. Сабакі, нават самыя сацыялізаваныя, слухаюцца ўсё ж толькі гаспадароў і ведаюць сваю сям’ю.

Наталля кажа, што ні разу не пашкадавала аб змяненні гарадскога камфорту на сельскае жыццё, а «чыстую» працу на дзённы і начны клопат аб гадавальніку.

— Калі ў вас ёсць мара — ажыццявіце яе, няхай вас адгаворваюць або ў вас не вераць. Мяне часам пытаюцца: як вы рашыліся? І нават — калі рашыцца мне? І я адказваю: непасрэдна цяпер. Дакладней, яшчэ ўчора. Заўтра можа быць ужо позна. Я з’ехала ў вёску з горада ў 34 гады, і цяпер мне здаецца, лепей бы я зрабіла б гэта раней: яшчэ столькі хочацца паспець!

Акрамя «воўчых» парод у парку жыве яшчэ з дзясятак маленькіх сабачак — ад грыфонаў да джэк-расел-тэр’ераў.

— Гэта «выдаткі вытворчасці», — усміхаецца Наталля.

Нікога з бяздомных чатырохногіх адсюль не праганяюць. Ёсць яшчэ «ў гаспадарцы» велізарны і неверагодна добры леанбергер-паўкроўка і... сапраўдная ліса.

— Ёй было два месяцы, калі яна да нас трапіла, — распавядае Юрый Вінтэрштэйн. — У прыродзе ліса жыве ўсяго два-тры гады. У яе занадта шмат ворагаў: драпежныя птушкі, ваўкі, людзі... У нас Лісанька (так яе завуць) пражыла ўжо восем гадоў і пачуваецца выдатна. Але засталася дзікай, колькі б мы яе не прыручалі. Лісы вельмі недаверлівыя.

— Як выхаваць людзей?.. — задуменна паўтарае пытанне Наталля. — Ведаеце, да нас часта прыязджаюць бацькі з дзецьмі, і ўсе дзеці цяпер — «прынцы» і «прынцэсы». «Фу, мама, я запэцкаўся! Фу, сабачка ліжацца!» Мне здаецца, мы павінны навучыцца гадаваць не чыстаплюяў. 

Бо гэта ж «заслуга» бацькоў. Усім зручна, калі ў чыстых бетонных скрыначках рахмана сядзяць чысценькія стэрыльныя дзеткі і глядзяць у тэлефон або планшэт. Не шумяць, не бегаюць... Адвязіце сваё дзіця ў лес, навучыце распальваць вогнішча, раскажыце, якіх жывёл трэба баяцца, а якіх — не... Але ж гэта лішняя работа. Лягчэй купіць смартфон. Хоць, я перакананая, паступова сітуацыя нармалізуецца. Глядзіце, мінулыя пакаленні імкнуліся ў горад, а сёння гараджане купляюць дамы ў глыбінцы, і пару гадоў таму гэта нават было мэйнстрымам. Гуманнасць і адказнасць да жывёл — гэта ж шмат у чым і пра веды і вопыт, не толькі пра дабрыню і міласэрнасць... Ужо сёння да нас часам прыходзяць людзі не «за фотачкамі для сацсетак», а сапраўды да нашых сабак. Хоць і ў «фотачках з сабакамі» нічога дрэннага няма. Лепш, чым з букетам напракат…

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.