Вы тут

Чым знакаміты заходнебеларускі паэт Петрусь Граніт?


Сусветны дзень паэзіі ўрачыста прайшоў і ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Супрацоўнікі адзначылі свята выстаўкай «Брукаванае слова», прысвечанай заходнебеларускаму паэту Петрусю Граніту, які нарадзіўся 24 студзеня 1909 года. 


Гэта псеўданім Івана Івашэвіча з вёскі Зачэпічы. Некалькі гадоў таму куратару выстаўкі і аўтару гэтых радкоў пашанцавала пабыць на свяце паэзіі, арганізаваным гродзенскімі пісьменнікамі. Пазнаёміўся з яго ўнучкай Людмілай Яновіч, у якой, як высветлілася, захоўваецца яго архіў. Пазней яна прынесла ў Дом Валянціна Таўлая папку з рукапісамі і машынапіснымі вершаванымі творамі, фотаздымкамі, дакументамі. Гэта ліст Уладзіміра Калесніка паэту з паведамленнем, што напісаў артыкул «Зачэпічы —
гняздо паэтаў» у часопіс «Помнікі архітэктуры і гісторыі Беларусі», пісьмо ад рэдактара абласнога радыё Аляксея Дземідовіча, граматы, выпіска з акта аб шлюбе з аднавяскоўкай Ганнай Тананушка, датаваная 16 ліпеня 1933 года, ваенны білет, каля дваццаці фотаздымкаў. 

У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея таксама захоўваюцца матэрыялы, перададзеныя пры жыцці самім Гранітам: фотаздымкі, рукапісы аўтабіяграфіі і ўспаміны пра Валянціна Таўлая «Першае маё знаёмства» за 1964 год. 

Падчас адкрыцця выстаўкі наведвальнікі даведаліся пра жыццё і творчасць паэта. Увага была скіравана на яго працоўную дзейнасць, а менавіта на нялёгкую працу — брукаванне дарог. У беларускай літаратуры іншага такога працавітага паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ пісаў добрыя вершы, не было. 

Фрагмент экспазіцыі

У 1934 годзе ён напісаў свой верш «Брукар»: 

Брукар молатам сталёвым 

Звоніць, б’е па камянёх:

Хоча шлях пракласці новы,

Каб не раніць людзям ног.

Утрымае цяжкі молат

Мазалістая далонь.

Размахніся — як той волат,

Высякаючы агонь!

Толькі рэха раздаецца,

Іскры свецяцца у вачах.

Камень сцелецца-кладзецца — 

Пракладае новы шлях.

Новы шлях прамы і роўны,

Каб не раніць болей ног.

Па ім пойдзе люд працоўны

Да святла і перамог.

Працуючы брукаром, уступіў у рады КПЗБ. Першы верш пад назвай «Лета» апублікаваў у 1933 годзе ў віленскай «Беларускай газеце». (Арыгінал яго таксама знаходзіцца ў экспазіцыі Дома Валянціна Таўлая.) Друкаваўся ў газетах «Наша воля», «Беларускі летапіс», «Летапіс ТБШ», «Шлях моладзі», штотыднёвіку «Poprostu» і інш. Максім Танк асабіста ведаў многіх паэтаў-пачаткоўцаў, у тым ліку і песняроў з зачэпіцкага паэтычнага гнязда. Дарэчы, гэты тэрмін увёў Уладзімір Калеснік. З вёскі Зачэпічы пахо-
дзяць Васіль Струмень, Герасім Прамень, Пятрусь Граніт. Хоць і не спадзеючыся на маштабы талентаў гэтых самадзейных паэтаў, Яўген Іванавіч трымаў з імі сувязь. 

У снежні 1933 года Пятрусь Граніт быў запрошаны ў Вільню на з’езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў, якім кіраваў Валянцін Таўлай. У той дзень яны пазнаёміліся. Як вядома, польская паліцыя знішчыла тыраж «Літаратурнай старонкі». Але ж руплівыя друкары некалькі экзэмпляраў паспелі прыхаваць. У тым нумары быў змешчаны верш Петруся Граніта «Каваль». 

У свой час пры размове з Уладзімірам Калеснікам Пятрусь Граніт прыгадваў той з’езд: «Прывялі мяне з рэдакцыі “Беларускай газеты” ў нейкую хату, драўляная хата, але на два канцы і на падмурку высока паднятая. Там ужо сядзелі людзі, чакалі, разглядвалі фатаграфіі на сценах. Глянуў і я. Бачу — вельмі прыгожая паненка, я і ўставіў сваё слоўца па-вясковаму: “О, брат, глядзі ты, як гэтая во вырыхтавалася!” Усе — у рогат. Як аказалася, я тут — неўпапад, не разгледзеў, што вісела ікона нейкай святой.

Ачомаўшыся крыху, я ўбачыў пасярод пакоя круглы стол, на стале бутэлька гарэлкі і чаркі, талеркі. Я думаю: што тут такое? А потым высветлілася, што гэта для канспірацыі. Калі б наляцела паліцыя, дык просты адказ: імяніны ў гаспадыні. З’езд быў у доме Любы Асаевіч — будучай жонкі Максіма Танка. Тут усе сабраліся, і рэдактар Аляксандр Карповіч усё растлумачыў. Потым устаў нейкі тоненькі, высмыглы, падобны на хлопчыка і пачаў гаварыць — гэта быў даклад. Але гаварыў разважна: скажа, потым спыніцца і растлумачыць, і цытат прывядзе. Даваў іх многа, асабліва з Маякоўскага. Потым ужо я даведаўся, што гэта быў Валянцін Таўлай. А тады не ведаў. Я ж быў членам КПЗБ яшчэ дагэтуль, то знаў, што работа канспірацыйная. I не дапытваўся. Па дакладзе, каб сказаць, то і не было спрэчак. Тут усе выказаліся як бы ў адзін голас: гаварылі — мы павінны браць прыклад з савецкай літаратуры, праводзіць сваю лінію, паднімаць беларускі народ і не ісці ў падхалімы да хадэкаў. Вось і ўсё».

У часовай экспазіцыі, між іншым, можна ўбачыць машынапіс гэтай «Дэклярацыі» з рукапіснымі падкрэсліваннямі, зробленымі, магчыма, Петрусём Гранітам. Захавалася ў памяці Петруся Граніта сустрэча з Янкам Купалам. У сакавіку 1940 года, калі пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета на Лідчыне. Тады, між іншым, яшчэ вучыўся і ў вячэрняй школе. Успамінаў: «Янка Купала быў у Лідзе тры дні, жыў у гасцініцы, а абедаў у сталовай, так званай “Амерыканцы”. Мы з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць яго. Купала сустрэў нас ветліва і, пагутарыўшы, запрасіў разам паабедаць. Заказаў нам абед з чатырох страў з чаркай і півам. Калі мы памкнуліся плаціць — перапыніў нас: “Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай...” А потым усім нам даў падарункі: мне дасталася кніжка “Выбраныя паэмы”, асобнае выданне “Над ракой Арэсай”. Янка Купала быў негаваркі. Прачытаеш, помню, яму свой верш, ён паслухае. Пытаеш: “Ну як?”, а ён далікатна гаворыць: “Верш як верш, трэба паправіць”. — “А як яго паправіць?” — пытаю. “Хто яго ведае. Спярша трэба некалькі разоў прачытаць, тады можна раіць. Прыязджай, — кажа, — у Мінск, там параімся і наконт зборніка”. Янка Купала стары ўжо быў у тыя гады, але паказаўся вельмі свойскім чалавекам, як родны. Так што розніца ў гадах не так і адчувалася. Гаварыў з намі сардэчна, шчыра. Падумаць толькі, гэта ж народны паэт, а гаворыць, як бы быў сам вясковым простым чалавекам».

Гэтыя рукапісы і машынапісы 30-х гадоў, якія перадала Людміла Аляксандраўна, магчыма, бачыў і трымаў у руках сам Янка Купала. Але адназначна чуў вершы з гэтых рукапісаў з вуснаў Петруся Граніта. 

Ён падрыхтаваў зборнік сваіх вершаў «Над хваляй Нёмана», але з пачаткам вайны рукапіс загінуў. Сам паэт актыўна ўдзельнічаў у антыфашысцкім руху, быў сувязным брыгады «Барацьба» і выступаў у партызанскім друку пад псеўданімам Мацей Гвозд. 

З 1946 да 1950 года вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы, працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах, будынак яе ўзводзіў за ўласныя грошы. 

Любіў дзяцей. Ім адрасаваў свае вершы. У 1978 годзе быў выдадзены яго зборнік «Сцяжынка». Мяркуецца, што першапачатковая назва была «Па дарогах жыцця». На папцы, у якой захоўваліся перададзеныя ўнучкай матэрыялы, маецца такая, але закрэсленая назва. 

Часта наведваўся ў рэдакцыю лідскай газеты «Уперад», у якой друкаваўся. Нізкі вершаў былі апублікаваны ў зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

Памёр 14 студзеня 1980 года, пахаваны на вясковых могілках у Зачэпічах. На доме, у якім жыў, у верасні 2017 года з’явілася памятная шыльда. А родная вуліца стала насіць яго імя. У 2018 годзе ў Зачэпічах быў урачыста адкрыты памятны знак — камень у гонар трох паэтаў — Герасіму Праменю (Івану Пышко), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу). 

Выстаўка «Брукаванае слова» будзе актуальнай і да 80-годдзя з дня вызвалення беларускіх зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 85-годдзя з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР.

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Фота дасланы аўтарам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».