Вы тут

90-гадовы юбілей Аляксандра Калядэнкі адзначылі ў Вялікім тэатры Беларусі


У выкладчыкаў у галіне культуры так бывае: напрацаваўшы досвед у нейкай сферы і нібыта адышоўшы ад уласнай кар’еры, яны ўмудраюцца яе працягнуць — толькі ўжо праз сваіх выхаванцаў. І так здараецца, што настаўнік быццам бы працягвае адначасова некалькі паспяховых кар’ер: калі яго вучні становяцца зоркамі. Часам гэтая справа робіцца настолькі паспяховай, што можна казаць пра школу канкрэтнага выкладчыка альбо майстра. Так у нас кажуць пра «школу Аляксандра Калядэнкі», настаўніка многіх вядомых артыстаў балета, якія належаць да розных пакаленняў, але на іх у розныя гады (нават эпохі) трымаўся ўзровень трупы, — прынамсі, мужчынскай часткі нашага тэатра. Той выпадак, калі поспех аднаго настаўніка бывае памножаны шматкроць у залежнасці ад колькасці яго паспяховых вучняў. 


Аляксандр Калядэнка падчас урачыстасцей у тэатры

Аляксандр Калядэнка калісьці сам быў салістам балета Вялікага тэатра Беларусі, на сцэне якога выступаў сем сезонаў, вярнуўшыся ў родны горад пасля заканчэння Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Напэўна, яшчэ падчас вучобы ён адчуў, як асоба настаўніка можа ўплываць на маладога артыста: сваё майстэрства набываў у Аляксандра Пушкіна — яго выхаванцамі пазней былі Рудольф Нурэеў і Міхаіл Барышнікаў, якія здолелі стаць сусветнымі зоркамі балета. Але Аляксандр Калядэнка зрабіў па-свойму бліскучую кар’еру: стаў зоркай педагагічнага майстэрства міжнароднага класа ў балеце.

Адвучыўся ў Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве і працаваў у тэатры педагогам-рэпетытарам, выкладаў у мінскім харэаграфічным вучылішчы, пэўны час нават быў яго мастацкім кіраўніком. Ён і цяпер працуе ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы — выкладае класічны танец. Аляксандр Іванавіч прыклаў руку і талент да выхавання шмат каго з зорак беларускай, расійскай і сусветнай балетнай сцэны. Нездарма пажадаў, каб віншавалі яго балетам кампазітара Альфрэда Адана «Жызэль», пастаноўку якога ажыццявіў галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі заслужаны артыст Расіі Ігар Колб. А выканаць галоўную партыю па просьбе юбіляра запрасілі заслужанага артыста Расіі Івана Васільева. Абодва прайшлі школу Калядэнкі…

Падзея, што адбылася 12 красавіка, была вартая ўвагі не толькі таму, што настаўніка віншавалі вучні — знакавыя асобы. Увагі і павагі вартая дата: 90 гадоў — важкі юбілей! Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Калядэнка прыйшоў у тэатр і атрымаў асалоду не толькі ад «Жызэлі», майстар прымаў віншаванні і пажаданні ды ў фінале падняўся на сцэну, бо ён адзін з тых, хто дапамагае ствараць тэатр, нават па-за яго сценамі. 

Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава пажадала Аляксандру Іванавічу здароўя і доўгіх гадоў і падзякавала за выдатную педагагічную працу, звярнуўшы ўвагу на тое, што ў нашай краіне ёсць ўнікальныя педагогі, якія забяспечваюць пераемнасць пакаленняў артыстаў. А гэты юбілейны вечар — сведчанне вучнёўскай падзякі высокаму настаўніцтву, таму што сярод выхаванцаў Аляксандра Калядэнкі тыя, хто з’яўляецца гонарам нашай краіны 
ў мастацтве. 

Што казаць, калі яго вучні ў розныя гады задавалі высокую планку выканальніцкага майстэрства сярод артыстаў балета. Напрыклад, народны артыст Беларусі Віктар Саркісьян прыйшоў у тэатр пасля вучыліщча ў 1967 годзе. Пра высокі ўзровень беларускай харэаграфічнай школы ён сведчыў на І Міжнародным конкурсе артыстаў балета ў Маскве, стаўшы яго лаўрэатам. Танцаваў ці не ўсе партыі класічнага рэпертуару ў тэатры на той час. А, развітаўшыся з тэатрам, сам стаў выкладчыкам. Таксама і народны артыст Беларусі Юрый Траян, яшчэ адзін зорны вучань Калядэнкі, які ў Вялікі тэатр прыйшоў у 1968 годзе і праслужыў яму больш за 50 гадоў у розных іпастасях. Таму што будучы дырэктарам Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага вучылішча ён фактычна працаваў на патрэбы тэатра, а пасля яшчэ быў мастацкім кіраўніком балета і галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра Беларусі. Напэўна, школа Калядэнкі дапамагае народнаму артысту Беларусі Канстанціну Кузняцову, які цяпер з’яўляецца балетмайстрам-рэпетытарам тэатра. Званне «народнага» атрымаў і Антон Краўчанка, шлях якога таксама перакрыжаваўся з Аляксандрам Іванавічам, і вучань змог здабыць выкладчыцкі досвед, будучы запатрабаваным салістам у тэатры. Што казаць, Калядэнка ўмее рыхтаваць зорак (шмат хто разляцеўся па свеце, але за іх поспехамі вельмі цікава сачыць). І гэта тым больш каштоўна, што сярод маладых артыстаў у складзе балетнай трупы і цяпер ёсць яго вучні — Канстанцін Белахвосцік і Уладзімір Руда, напрыклад. 

А кіруе трупай у якасці балетмайстра зорны Ігар Колб, які дзякуючы свайму настаўніку скараў журы міжнародных балетных конкурсаў. Падчас конкурсу ў Санкт-Пецярбургу зусім юны танцоўшчык здабыў не толькі трэцяе месца, але і запрашэнне ўвайсці ў трупу Марыінскага тэатра, дзе шмат гадоў з’яўляўся прэм’ерам. Той самы «хлопчык з Пінска» (як ён кажа пра сябе) вярнуўся на радзіму, каб аддаць тое, што калісьці было ў яго ўкладзена. Сам факт, што адзначалі юбілей настаўніка 12 красавіка, падаўся Ігару Колбу сімвалічным: балет — гэта своеасаблівы космас, спасціжэнне яго падуладнае не ўсім, але ёсць нехта, хто адкрывае шлях да вышынь. Яму — нізкі паклон ад удзячнага вучня, палёт якога працягваецца ў новай якасці. 

І вось балет «Жызэль», дзе Ігар Колб паказаў сябе не толькі як пастаноўшчык, але і як харэограф у адным з эпізодаў — сялянскае па-дэ-дэ ў першай дзеі, у якім гэтым разам выступіў Кірыл Залескі, з новага пакалення вучняў Калядэнкі. Цудоўны стымул для юнага танцора ўдзельнічаць у адным спектаклі з Іванам Васільевым, які выканаў галоўную партыю Альберта. Але ж першыя крокі ў балеце Іван Уладзіміравіч рабіў калісьці на сцэне Вялікага тэатра Беларусі яшчэ падчас вучобы ў Беларускім харэаграфічным каледжы, пасля працаваў у складзе трупы. На талент маладога артыста звярнулі ўвагу не толькі ў Беларусі: Васільеў атрымаў запрашэнне ў Вялікі тэатр Расіі і вельмі хутка стаў яго прэм’ерам. І панеслася: запрошаны саліст «Ла Скала», Баварскага балета, выступаў з балетнай трупай Рымскай оперы, з трупай Марыінскага тэатра, быў прэм’ерам Міхайлаўскага тэатра, стаў пастаноўшчыкам некалькіх спектакляў. Але настаўніка парадавала яго выступленне ў пары з заслужанай артысткай Беларусі Людмілай Хітровай (Жызэль): Аляксандр Іванавіч высока цэніць талент, які прымушае паверыць у самыя неверагодныя і рамантычныя гісторыі, што прапануе гледачам тэатр.

Гэта павінна быць пераканаўча, гэта павінна быць тэхнічна, кранальна і прыгожа — балет тым і прыцягальны. А талент — гэта ўсё разам і штосьці яшчэ. Гэтае «штосьці» павінен разглядзець і адшліфаваць настаўнік. У балеце талент сам па сабе не раскрыецца без тытынічнай працаздольнасці, без парад, у якім кірунку развівацца, без увагі да ўнутранага «я», калі чалавеку ёсць што сказаць іншым са сцэны, без яго жадання быць пачутым праз рухі. А пачынаецца гэтая размова ў балетным класе. Каб аднойчы космас артыста спарадзіў космас мастацтва, дзе столькі яшчэ неспазнанага… 

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота Міхаіла ГРЫДАСАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?