Вы тут

Аліна Саўчук: Навука — справа творчая


Сёлета часопіс «Алеся» адзначае юбілей. Чарговая гераіня нашай рубрыкі «Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі» — вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі стэроідаў Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Аліна Саўчук. А «прататыпам» для фотастылізацыі паслужыла гераіня вокладкі дзясятага нумара «Работніцы і сялянкі» за 1974 год лабарантка цэнтральнай лабараторыі Гомельскага хімічнага завода імя 50-годдзя СССР камсамолка Іна Пераслаўцава.


Любоў да хіміі прывіла настаўніца

Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі стэроідаў Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Аліна Саўчук займаецца гэтым накірункам навукі ўжо больш за 15 гадоў. Працу сваю любіць і лічыць яе творчай, бо кожны дзень у лабараторыі адбываецца штосьці новае.

— Я не цікавілася хіміяй з дзяцінства. Пасля восьмага класа паступіла ў ліцэй у Крычаве, маім родным горадзе. Там была мэтанакіраваная падрыхтоўка да паступлення ў ВНУ: паглыблена вывучалі профільныя прадметы. Ведала адразу, што ў мяне тэхнічны склад розуму, — расказвае Аліна Леанідаўна. 

Любоў да хіміі ў будучага вучонага з’явілася менавіта ў ліцэі — дзякуючы настаўніцы Наталлі Іванаўне Цюркінай. Урокі былі неверагодна цікавымі і карыснымі: педагог падрабязна ўсё тлумачыла, паказваліся розныя вопыты. 

— Напрыклад, «рэакцыю сярэбранага люстэрка», што было вельмі захапляльна для нас, дзяцей. Настаўніца літаральна «заразіла» нас любоўю да свайго прадмета, — з цеплынёй успамінае Аліна Саўчук. 

Вызначыўшыся з будучай прафесіяй, яна паступіла ў БДУ на хімічны факультэт. Ва ўніверсітэце далучылася да навуковай працы і зразумела, што менавіта гэты напрамак ёй падабаецца. 

— Былі нядрэнныя вынікі: падчас вучобы ў мяне нават выйшаў навуковы артыкул, заснаваны на маіх курсавых і дыпломнай працах, — расказвае Аліна Саўчук. — Вельмі любіла заняткі па арганічнай хіміі, хоць яна і самая складаная. Скончыла магістратуру, аспірантуру і прыйшла працаваць у ІБАХ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 

Раслінныя гармоны — у бурым вугалі

— Наша лабараторыя хіміі стэроідаў займаецца аналізам брасінастэроідаў, калі казаць проста — раслінных гармонаў. У раслін, як і ў людзей, ёсць гармоны, якія кантралююць іх рост, развіццё, адаптацыю да стрэсу і г. д. Зараз мы займаемся міжнародным праектам — сумесна з вучонымі Расійскай Федэрацыі. Даследуем адаптацыю раслін да засухі. Нашы калегі з Расіі вырошчваюць расліны ў засушлівых умовах, а затым адпраўляюць нам. Мы, са свайго боку, даследуем гэты матэрыял, робім высновы. Раней вывучалі ўздзеянне на расліны воднага, тэмпературнага, солевага стрэсаў, соляў цяжкіх металаў, заражэння грыбкамі і іншых неспрыяльных фактараў. 

Аліна Леанідаўна даследуе, як змяняецца гарманальны фон раслін у адказ на тыя ці іншыя ўздзеянні.

Вучоны-хімік павінен шмат чытаць спецыяльнай літаратуры, вывучаць вопыт калег. Бо кожны дзень даводзіцца сутыкацца з чымсьці новым і нават рабіць адкрыцці. Мая гераіня лічыць, што ў навуцы няма абмежаванняў. Ёсць задача, якую трэба рашыць, а падыходы, метады шукаеш самастойна. 

— У нас ёсць дні, калі мы займаемся толькі пробападрыхтоўкай: узважваем, адбіраем пробы, у спецыяльным прыборы перамолваем расліну ў аднародную масу (нібыта смузі), потым ставім у замарозку на суткі ці больш. На наступны дзень пачынаецца этап аналізу, — раскрывае дэталі працы вучонага Аліна Саўчук. 

Здараюцца, безумоўна, і правалы. Аднак мая гераіня ўпэўненая, што яны робяць навуковы пошук толькі цікавейшым. Памылкі прымушаюць паглыбляцца ў тэму — так можна высветліць шмат новага. 

— Цікавае даследаванне мы праводзілі з бурым вугалем. Ёсць тэорыя, паводле якой буры вугаль расліннага паходжання. Калісьці расліны трапілі пад грунт, спрасаваліся і праляжалі там мільёны гадоў. І мы сапраўды знайшлі раслінныя гармоны ў вугалі! Потым была наша публікацыя на гэтую тэму, — дзеліцца малады вучоны. 

«Знайсці любімую справу і быць шчаслівым» 

Аліне Леанідаўне заўсёды хацелася дапамагаць людзям, і зараз яна вельмі рада, што яе праца не толькі цікавая, але і карысная.

— На базе нашых даследаванняў вырабляюцца аграпрэпараты, якія дапамагаюць раслінам спраўляцца з рознымі цяжкімі ўмовамі (навадненне, засуха, хваробы і г. д.). Самы знакаміты з іх — «Эпін», у сельскай гаспадарцы ён дапамагае розным культурам адаптавацца да стрэсаў і павялічвае ўраджайнасць. Гэты прэпарат быў распрацаваны менавіта на аснове брасінастэроідаў. Нашы эксперыменты таксама дазваляюць вызначыць патрэбную канцэнтрацыю прэпаратаў, якая не нашкодзіць расліне, але павысіць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. 

Маладому вучонаму падабаецца, што летам часта даводзіцца працаваць у палявых умовах.

— Апрацоўваем нашымі растворамі пшаніцу, потым вывучаем вынікі. Дарэчы, у адзін з засушлівых гадоў з дапамогай нашых прэпаратаў ураджайнасць вырасла нават на 15-20%. 

Аліна Леанідаўна ўжо 15 гадоў працуе ў гэтай галіне. За гэты час у яе выйшла шэсцьдзясят тры навуковых публікацыі.

— Ганаруся артыкулам, які выйшаў у амерыканскім часопісе «Steroids» у 2015 годзе. Мы займаліся падрыхтоўкай гэтай публікацыі прыкладна два гады, — дзеліцца мая гераіня. 

Адпачываць Аліна Саўчук любіць разам са сваёй сям’ёй. 

— Заўсёды жартую, што ў мяне ёсць два несумяшчальных хобі, — гатаваць і займацца спортам. Чытачам «Алесі» жадаю знайсці сваю любімую справу і быць шчаслівымі ў сямейным жыцці.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.