Вы тут

«DK» прэзентавала персанальны праект Антона Тызенгаўза «Ва ўнутранай кішэні»


Сёння з творчасцю мастакоў-пачаткоўцаў можна пазнаёміцца на некалькіх выставачных пляцоўках сталіцы. Іх работы выстаўляюцца пераважна ў Палацы мастацтва, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і, натуральна, у залах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яшчэ адна прастора для экспанавання твораў маладых аўтараў — «DK Gallery». Іншым разам у яе сценах праходзяць выстаўкі сталых творцаў альбо тых, хто ўжо пайшоў з жыцця, аднак галерэя спецыялізуецца на папулярызацыі зробленага маладымі беларускімі жывапісцамі. Нядаўна «DK» прэзентавала персанальны праект Антона Тызенгаўза «Ва ўнутранай кішэні».


«У добрыя рукі», 2023 г.

Малады мастак ураджэнец Гомеля Антон Тызенгаўз скончыў Гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка па спецыяльнасці «Жывапіс» у 2016 годзе.

Адукацыю працягнуў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: спецыяльнасць — «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (роспіс)». Выпускнік 2022 года. Удзельнічаць у выстаўках Антон Тызенгаўз пачаў у 2017-м. Гэта былі разнастайныя маладзёжныя праекты, сярод якіх — «НПВМ 412», «Бескарысныя выкапні» (праходзілі ў БДАМ) і «Спатканне з Бразіліяй» (Палац мастацтва). Праект «Ва ўнутранай кішэні» ў галерэі «DK» — першы персанальны. 

Многае ў творчасці мастака пабудавана на эксперыментах. Так, Антон Тызенгаўз працуе ў кірунку канцэптуальнага мастацтва, аднак у работах можна знайсці элементы традыцыйнага жывапісу. Пабудаваныя на кантрасце яркага і цёмнага, творы насычаны мноствам выяў розных прадметаў, ключавых для пэўнай субкультуры, альбо звычайных бытавых. У гэтым рэчышчы любыя з іх успрымаюцца інакш, чым звычайна. 

«Трус», 2021 г.

У сваёй творчасці Антон Тызенгаўз разважае на розныя тэмы, якія цікавяць прадстаўнікоў яго пакалення, аднак работы выстаўкі «Ва ўнутранай кішэні», створаныя ў перыяд з 2021 да 2024 года, аб’яднаны тэмай дзяцінства і сталення. Нягледзячы на знешнюю адчужанасць і нават правакацыйнасць, праект шмат у чым асабісты і распавядае пра роздумы, якімі аўтар не імкнецца альбо не мае магчымасці падзяліцца іншымі спосабамі. Бадай, гэтая «ўнутраная кішэня» хавае ад чужых вачэй часам нешта нязначнае, але, бывае, вельмі каштоўнае. Гаспадар і сам не заўсёды ведае і помніць, што менавіта ў свой час у яе паклаў, і, у залежнасці ад многіх акалічнасцей, знойдзенае зможа яго як парадаваць, так і расчараваць... 

«Сляпое каханне», 2024 г.

Асноўныя вобразы карцін Антона Тызенгаўза звязаны з дзяцінствам, напрыклад, цацкі ці героі выдуманых светаў. Паўсюль — параўнанні, метафары, паралелі, якія цікава разгадваць. Дзесьці створанае лёгка паддаецца інтэрпрэтацыі, аднак часам без пэўнага вопыту да той ці іншай работы не падступіцца. 

Бо, з аднаго боку, складнікі сюжэтаў не выклікаюць пытанняў, ва ўсякім разе для равеснікаў аўтара, — свет дзяцінства, багаты на фантазіі ды ілюзіі, у любым выпадку блізкі. З іншага — першыя гады жыцця двух людзей, якія адначасова з’явіліся на свет, могуць адрознівацца настолькі, што губляецца ўпэўненасць у іх нараджэнні на адной планеце. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.