Вы тут

У імкненні ахапіць прастору


У выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея — новая выстаўка. У экспазіцыі «Браслаўскі край і Налібоцкая пушча — жамчужыны Беларусі» прадстаўлены плён творчасці некалькіх пакаленняў мастакоў. Гаворка пра мастацкую спадчыну сям’і Шыбнёвых, якую ведаюць і шануюць многія, хто цікавіцца гісторыяй і традыцыямі беларускага жывапісу. Ды не толькі беларускага: родапачынальнік мастацкай дынастыі Даміян Шыбнёў — рускі жывапісец, педагог і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Севастопальскай асацыяцыі мастакоў. 


Таццяна Разіна «Удалечыні Слабодка», 1953 г.

Браслаўскі край і Налібоцкая пушча паўстаюць перад гледачом ва ўсёй прыгажосці і велічы. Такімі, якімі іх убачылі, запомнілі і адлюстравалі на шматлікіх палотнах тры пакаленні сям’і мастакоў Шыбнёвых. У гэтых мясцінах Анатоль Шыбнёў (1907–1990), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, і яго жонка Таццяна Разіна (1908–1992), Яўген Шыбнёў (1935), іх сын, Ніна Голышава (1939), жонка Яўгена Анатольевіча, і Аляксандр Шыбнёў (1962), прадаўжальнік дынастыі, на працягу больш як 70 гадоў гасцявалі і працавалі. Як знакамітыя беларускія азёры і лясы здолелі натхніць і наталіць прагу мастакоў да адлюстравання хараства, сілы і энергіі прыроды, можна ўбачыць на выстаўцы. Кожны адбыўся ў сваім жанры, распрацоўваў уласныя падыходы да рэчаіснасці і яе адлюстравання ў мастацтве, аднак, відавочна, усе яны любаваліся краявідамі, пра што сведчаць рамантычныя нацюрморты і лірычныя пейзажы, цёплыя, напоўненыя настальгіяй, сюжэты. Пэўна, на кожнага з іх так ці інакш уплываў час, асабліва той, калі адбывалася станаўленне асобы, калі засвойваліся веды. Дарэчы, Анатоль Шыбнёў скончыў два інстытуты: Адэскі мастацкі, а яшчэ Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе. Таццяна Разіна таксама вучылася ў Адэсе. Яўген Шыбнёў атрымліваў адукацыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Ніна Голышава скончыла Кастрамское мастацкае вучылішча і БДТМІ. Аляксандр Шыбнёў навучаўся ў Глебаўцы... 

Анатоль Шыбнёў «Возера Круглае», 1984 г.

Аляксандр Шыбнёў «Рыба», 2000 г.

У экспазіцыю ўвайшло каля 90 твораў жывапісу гэтых аўтараў. Крыніцай стаў збор сям’і, некаторыя работы ўзяты з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Дарэчы, амаль 10 гадоў таму музей прадстаўляў выстаўку «100 твораў за 100 гадоў», якая таксама была прысвечана творчасці Шыбнёвых. Тады можна было пазнаёміцца з работамі Даміяна Шыбнёва. 

Гэтым разам выбраная тэматыка не дазволіла ўключыць карціны майстра ў экспазіцыю. 

Таму найперш увагу прыцягваюць работы Анатоля Даміянавіча. У асноўным гэта пейзажы, аднак прысутнічаюць і некалькі яркіх сюжэтаў. Цэнтральны твор выстаўкі «Браслаўскі край і Налібоцкая пушча — жамчужыны Беларусі» — яркае маштабнае палатно «Маладзёжная брыгада» (1961), прысвечанае Браслаўшчыне. Сацрэалізму мастак прытрымліваўся ўсё жыццё, таму іншыя работы выкананы ў пазнавальнай манеры, па ўсіх правілах гэтага кірунку. Хіба толькі нечаканымі здаюцца некаторыя лірычныя і камерныя, больш асабістыя работы. Напрыклад, пазбаўленае (ці амаль пазбаўленае) ідэйнай накіраванасці палатно «Дарога ў Слабодку» (1971) або карціна «Захад сонца» (1970) — зусім не той звыклы апафеозны і эмацыянальны жывапіс. 

Творчасць Таццяны Разінай прадстаўлена некалькамі сціплымі творамі, якія адлюстроўваюць стаўленне мастачкі да прыроды: яна імкнулася зафіксаваць асобны, хоць і нічым не прыкметны момант. Работам «Мальвы» (1960), «Поўдзень» (1957), «Макі» (1960) ды іншым уласціва фрагментарнасць, бо кампазіцыі пабудаваны так, быццам творы з’яўляліся часткай нечага большага. Яны нагадваюць эцюды, і з’яўляецца адчуванне, што часам усё самае галоўнае знаходзіцца па-за межамі палатна, а дзеянне, само жыццё працягваецца недзе далёка.

Пейзажы Яўгена Шыбнёва характарызуюцца дэталізаванасцю — гэта быццам мазаічныя кампазіцыі, складзеныя з мноства асобных элементаў, што запаўняюць прастору палатна. У сваіх работах мастак адлюстроўвае прыгажосць беларускай прыроды ў стане спакою, з яе ціхмяным подыхам. Лагодная і пяшчотная да чалавека, прырода Яўгена Шыбнёва раскрываецца рознымі фарбамі, часцей яркімі і цёплымі, ды паўстае як маці ўсяго жывога, як увасабленне моцных сіл, над якімі ніхто не ўладны. Між тым у пейзажах мастак выяўляе сябе не толькі сузіральнікам, але і барацьбітом за мір і спакой. Але ўпэўненасць,з якой мастак пераносіць адны і тыя ж матывы з твора ў твор, звяртаецца да тыповых кампазіцый, кіруецца выбранымі матывамі, сведчыць як пра нязломнасць пазіцыі, так і пра пэўную замкнёнасць, адасобленасць ад свету і яго багацця. 

Яўген Шыбнёў «Возера», 1985 г.

Найбольш прыцягальнай фігурай выстаўкі паўстае Ніна Голышава. Па-першае, уражвае яе майстэрства — яна валодае рознымі тэхнікамі, працуе з самымі рознымі фарбамі, здзіўляюць яе кампазіцыйныя рашэнні... А, па-другое, на выстаўцы, прысвечанай прыродзе Браслаўскага краю і Налібоцкай пушчы, жывапісец прадставіла творы ў розных жанрах — нацюрморты, пейзажы і партрэты, разнастайныя і выключныя — дзякуючы аўтарскаму почырку і адметнаму бачанню свету. 

Ніна Голышава «Эцюд дзяўчынкі», 1965 г.

Шкада, што зусім маленькую частку экспазіцыі занялі работы Аляксандра Шыбнёва. 

У свой час ён працаваў у мастацкіх майстэрнях Мінскага мастацка-вытворчага камбіната, выконваючы заказы па наглядна-агітацыйным афармленні інтэр’ераў розных будынкаў. Займаецца ў тым ліку роспісам па дрэве, некаторыя ўзоры якраз увайшлі ў экспазіцыю. Натхняючыся ўзорамі сусветнай мастацкай спадчыны, вечным прыродным хараством, ён стварае спакойныя і гарманічныя сюжэты, сярод якіх — «Рыба» (2000), «Мужчына і жанчына» (2014–2015), «Самоты пастух» (1993), «Сон» (1995)... 

— Выстаўка незвычайная. Яна аб’ядноўвае цэлыя пакаленні мастакоў, якія, сапраўды, зрабілі многае для нашай краіны і яе мастацтва, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця Георгій Лойка, заслужаны дзеяч мастацтваў, удзельнік секцыі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў. — Разам з Яўгенам Шыбнёвым шмат гадоў працуем у адной секцыі, ведаем, якая гэта карпатлівая праца. Тое, што сёння «Традыцыя» фактычна адзіная ў рэспубліцы прымае тое, што было зроблена яшчэ ўчора, па-свойму асэнсоўвае спадчыну, захоўвае традыцыі, — гэта, мусіць, вельмі добра. Творы Анатоля Шыбнёва, які бачыў вайну і адлюстроўваў яе ў сваіх творах, мы ведаем з дзяцінства. Цэнім яркія нацюрморты яго жонкі Таццяны Разінай. Яўген Анатольевіч годна працягвае справу бацькоў. Ніна Голышава, выдатны жывапісец і спадарожніца Яўгена Анатольевіча па жыцці, таксама не перарывае гэтую сувязь. Традыцыя працягваецца і перадаецца! Атрымалася цудоўная выстаўка, якая, відавочна, каштавала вялікіх намаганняў. Многія работы аўтараў глядзяцца свежа, неяк па-новаму. 

Экспазіцыя «Браслаўскі край і Налібоцкая пушча — жамчужыны Беларусі», якая размясцілася ў дзвюх залах выставачнага корпуса, будзе працаваць да 20 мая. Куратарам праекта выступае Валянціна Вайцэхоўская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХI стагоддзяў Нацыянальнага мастацкага музея. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.