Вы тут

Надвор'е: Прычакалі мокрага снегу...


Апошняя дэкада красавіка можа быць цёплай, а можа, і не зусім. Гэтым разам нам не пашанцавала, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота з адкрытых крыніц

У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, які ссоўваецца з Чарнігаўскай вобласці Украіны на Цвярскую вобласць Расіі. Чакаецца воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны ападкі ў выглядзе дажджу, мокрага снегу і снегу. Уначы і раніцай па паўночна-ўсходняй палове ападкі моцныя. У начныя і ранішнія гадзіны на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны, паўночна-заходні парывісты, па ўсходняй палове ноччу месцамі, днём у многіх раёнах краіны моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 1–6 цяпла, месцамі па поўначы краіны замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў; максімальная днём 2 цяпла па паўночным усходзе, да 11 градусаў па паўднёвым захадзе. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба падаць, днём — расці.

У суботу ўначы адаб’ецца ўплыў халодных няўстойлівых паветраных мас, удзень надвор’е будуць фарміраваць франтальныя раздзелы, якія ідуць з тэрыторыі Польшчы. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі невялікія ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні з пераходам на паўднёвы ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу 1–3 цяпла, а па Віцебскай вобласці на большай частцы замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў. Днём тэмпература паветра — 8–15 цяпла.

А вось у начныя гадзіны ў нядзелю адаб’ецца ўплыў поля паніжанага атмасфернага ціску, днём умовы надвор’я вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, якія ссоўваюцца з Чорнага мора на Бранскую вобласць Расіі. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны дажджы. У дзённыя гадзіны ў паўднёва-ўсходніх раёнах месцамі дажджы моцныя. Вецер ноччу няўстойлівы ўмераны, днём паўночнай чвэрці парывісты, у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу 1–6 цяпла, месцамі па поўначы краіны замаразкі да 2 марозу; тэмпература паветра максімальная днём 7–14.

Тым часам

У Брэсцкай вобласці аднавілі падачу цяпла ў жылы фонд і ўстановы сацыяльнай сферы, паведаміў начальнік аддзела кацельнай гаспадаркі і энергетыкі абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Ананьеў. Гэты аблвыканкам рэкамендаваў гарадскім і раённым выканкамам разгледзець пытанне аднаўлення падачы цеплавой энергіі для патрэб ацяплення, у тым ліку ў жылым фондзе. Падачу цяпла аднаўляюць паўсюдна. «У сацыяльнай сферы практычна ўсе ўключылі. Выключэнні складалі Столін, Драгічын і Іванава. Думаю, днямі там таксама адновяць падачу цяпла. Уключаюць у рэгіёнах ацяпленне і ў жылфондзе, — адзначыў Сяргей Ананьеў. — Рэзка пахаладала, тэмпература апускаецца ніжэй за 8 градусаў. Трэба было рэагаваць. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, і наступны тыдзень будзе такі».

Як вядома, у Брэсцкай вобласці ў некаторых гарадах і раёнах з-за анамальна цёплага надвор’я ацяпленне пачалі адключаць 4 красавіка. Большасць раёнаў — пасля 8 красавіка. Камунальныя службы адзначалі, што пры пахаладанні гатовыя аператыўна аднавіць падачу цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.