Вы тут

Трэба, Федзя, трэба, альбо Пра алгебру, геаметрыю і пляшку каньяку…


Ведай, каток, свой куток…

Пад канец 1970-га з галоўнага канвеера Волжскага аўтамабільнага завода сышла першая ў Савецкім Саюзе легкавушка — ВАЗ-2101. Трохі пазней гэтую мадэль «Жыгулёў» празвалі «капейкай». І ўжо на ЯЕ людзі марылі разжыцца, а для гэтага запісваліся ў чаргу, усёй сям’ёй збіралі грошы, залазілі ў даўгі і, вядома ж, святкавалі, купіўшы.

Помню, мой сябра з той радасці не ведаў, куды і паехаць! Бо можна ў госці, у ягады-грыбы, за горад на пікнік, з палаткай на адпачынак... «Спачатку, — скамандавала жонка, — з’ездзім у Маскву».

Муж ёй не пярэчыў: ну чаму б і не, калі ўсё ёсць: і час, і правы, і новая машына, і вопыт кіравання…

Да паездкі сужэнцы рыхтаваліся загадзя: маршруты прадумалі, рэчы сабралі, ежай запасліся, машыну заправілі.

У Маскву прыехалі вечарам, на ўскраіне спыніліся, каб павячэраць і трохі паспаць, бо пад раніцу ж трэба да Крамля — пашукаць там месца для паркоўкі.

Праўду кажуць: хто рана ўстае, таму хлеба стае. І не толькі яго: прыпаркаваўся Міхась! Прычым — на самой Краснай плошчы! «Як толькі развіднее, — сказаў сваёй палавіне, — зоймем чаргу ў маўзалей, агледзім усё на плошчы, а пасля ўжо розныя там «гумы» ды «цумы».

Жонка згадзілася.

Тым часам над Масквою стала святлець, ажывіўся рух аўтамабіляў: горад, здалося, вось-вось прачнецца…

Але ж што гэта? Нехта грукае па машыне, рэзка тузае, адчыняе дзверцы, грозна крычыць:

— Ты адкуль тут узяўся?!

Далей — з Мішавых слоў:

— Я спалохаўся: перада мною, бачу, нейкі раз’юшаны палкоўнік. Што яму сказаць? Вырашыў не прызнавацца, што я з Оршы, заблытаць «сляды». «З Дуброўна», — кажу (а ён хай падумае, дзе гэта?). Аж не! Той нават не збіраецца! Крычыць: «Мне не трэба ведаць, адкуль тут дурні з’явіліся. На плошчу па якой дарозе заехалі?!» Я рукамі развёў: «А халера ж яго ведае, па якой? Ліхтары свяцілі, я руліў». — «І што — ніхто не спыніў?» — «Не...» Тут палкоўнік матам... І па рацыі як гаркне: «Капітан, да мяне!»

Аднекуль — як з-пад зямлі! — вылятае чорная «Волга». З яе нават выйсці ніхто не паспеў. «Убраць гэтага прыдурка!» — загадвае палкоўнік.

На «Волзе» тут жа ўключаюцца мігалка і сірэна, машына кранаецца з месца, я кірую за ёй. Хуткасць — па горадзе — каля 100 км — я ледзь паспяваю. Але ж бачу праз нейкі час, што горад ззаду.

На самым выездзе «Волга» спыняецца, капітан паказвае, куды мне трэба ехаць, і вяртаецца назад.

Мы з жонкай нейкі час стаім, што называецца, пераводзім дух, а потым... едзем у Маскву.

На гэты раз паводдаль ад Крамля знаходзім месца для паркоўкі, пакідаем машыну, ідзём пехатой. І, як ні дзіўна, шмат паспяваем.

Па дарозе назад жонка робіць выснову: «Трэ было ехаць цягніком. У купэйным вагоне выспаліся б, і ўсе турботы!»

Што праўда, тое праўда, але ж прыгод не было б!

Васіль КАБАЧЭЎСКІ

г. Орша


Абутак — ён не маўчыць…

У далёкія ўжо шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя людзі ў вёсках працавалі шмат, зараблялі мала. Але ж я ў школу хадзіў не босы: не ведаю, якім чынам і дзе, бацькі мне дасталі боцікі. У іншых дзяцей такіх не было, таму я фарсіў, штодня да бляску начышчаў іх, абыходзіў кожную лужыну. Праўда, аднойчы…

У полі, на месцы баёў, мы з сябрамі знайшлі пагнутую салдацкую біклажку. Нехта першым падфутболіў яе, і пайшло-паехала: хлопцы стварылі дзве каманды, сталі гуляць у футбол.

Я спачатку стаяў паводдаль, шкадаваў свае боты.

— Ды нічога з імі не зробіцца! — сталі завяраць сябры.

І я ім паверыў.

Колькі мы ганялі тую біклажку, хто выйграў і з якім лікам, праз тыдзень забылася. А вось тое, як выглядаў абутак, бачу як сёння: насы ў маіх боцікаў пабялелі, падэшвы адсталі, у адным — аж да палавіны.

На вочы тут жа навярнуліся слёзы: «Што я скажу бацькам?!»

...Для пачатку разуўся, перавязаў свае боты тасёмкай, закінуў на плечы. Думаў, ціха зайду ў хату і недзе схаваю, але тата быў у двары і адразу ўсё зразумеў: «Што — заўтра ў школу басанож?» — усміхнуўся ён. А потым яшчэ і дадаў, што абутак трэба шанаваць, бо ён не толькі кашы можа папрасіць, але і шмат што сказаць. «Калі боты ці чаравікі ў чалавека нармальныя, акуратныя, значыць, і ён такі ж — акуратны, надзейны, а калі не, то і справы з ім мець не варта. Ты ж, сынок, не з такіх?» — папытаўся тата і абнадзеіў: сказаў, каб пад’еўшы, я занёс свае боты дзеду Апанасу — раптам удасца нешта зрабіць?

Гэтага мне хацелася куды больш, чым есці! Таму я адразу ж панёсся да майстра.

Дзед Апанас моўчкі і вельмі доўга (мне так здалося) круціў кожны бот у руках, разглядаў, а потым спытаў:

— Калі яны табе трэба?

— Заўтра... Няма ў чым ісці ў школу.

— Ну тады пагуляй на вуліцы. Я паклічу.

...Праз нейкі час ён і праўда гукнуў, ідзі, маўляў, забірай свае скараходы, гуляй у футбол. Я пачырванеў ад сораму, бо для мяне гэта быў урок — па-першае, павагі да грошай і клопату бацькоў, па-другое — да рэчаў, якія можна шанаваць і насіць гадамі, а можна ўгробіць за гадзіну гульні.

М. П. БАГДАНАЎ

Мёрскі раён


Трэба, Федзя, трэба,

альбо Пра алгебру, геаметрыю і пляшку каньяку…

Фота: pixabay.com

У дзяцінстве, у юнацтве аб чым мы толькі не марым і чаго не вытвараем! Я па сабе гэта ведаю.

Пасля сямігодкі паступіў у тэхнікум, год адвучыўся, кінуў, бо ну як жа: адкрываліся курсы шафёраў!

Скончыў іх на выдатна, атрымаў правы і ледзь не адразу — прапанову з ваенкамата паступіць у ваеннае вучылішча... Гагарын натхніў — лепш бы ў лётнае, але такіх накіраванняў чамусьці не было — толькі ў ваенныя і... марскія. Адно — у Севастопалі. Знаёмыя хлопцы, сябры па вучобе ў тэхнікуме, падбілі далучыцца да іх, махнуць: маўляў, паступім — не паступім — справа дзясятая, але ж мора ўбачым, пракацімся — задарма…

З Маладзечна мы выязджалі дажджом — у касцюмах і плашчах. У Севастопалі не ведалі, як раздзецца, шукалі хоць нейкі цянёк, латкі з марожаным і, вядома ж, патрэбны вучэбны атрад.

Нас там ужо чакалі: «праверылі» чамаданы (і з ежы нічога не пакінулі), размясцілі ў казарме, адправілі на медкамісію, прычым — з баракамерай, потым — на самі экзамены.

Першым прадметам здавалі алгебру, і я атрымаў «чацвёрку»: па тым часе гэта была добрая адзнака…

Сеня ж, адзін з нашых хлопцаў (імя змяніў. — Аўт.), што называецца, пагарэў: два балы. Значыць, трэба з’язджаць, вяртацца дамоў, а дома, як аказалася, у яго і няма. Застаўшыся без бацькоў, хлопец жыў у сям’і старэйшага брата, і той, адпраўляючы «малога» паступаць, сказаў, каб назад не ехаў — не прыме.

Тупік ды і толькі!

Але нашы хітрыя маладзечанскія хлопцы прыдумалі выйсце. Сеня піша рапарт: у начальніка вучылішча слёзна просіць дазволу пераздаць экзамен, але ідзе на яго не сам, а... я (?!).

Чаму? Доўга думаць не выпадала: па-першае, я мог атрымаць як мінімум «тройку», па-другое, з твару мы з Сенем — амаль як браты — абодва бялявыя. І калі пераклеіць фотку…

Усё гэта мы зрабілі: экзамен за хлопца я здаў. Праўда, пасля алгебры ён заваліў яшчэ і геаметрыю…

«Фокус» з пераздачай прыйшлося паўтарыць. Такім чынам Сеню, мяне і яшчэ чатырох нашых хлопцаў залічылі кандыдатамі ў курсанты.

А вось імі самімі — сапраўднымі — можна было стаць пазней: пасля чатырохмесячнай страявой і баявой падрыхтоўкі і васьмімесячнай вытворчай практыкі на караблях і падлодках.

...Падчас яе мне давялося выконваць самыя брудныя работы, слухаць натацыі і загады афіцэра, які тройчы паніжаўся ў званні за так званае злоўжыванне, а галоўнае — перажыць аварыю пры пагружэнні лодкі і аўтаномны паход пад вадой. Для псіхікі юнака, які вырас на волі, у вёсцы, і якога дома чакала каханая дзяўчына, гэта стала найбольшым выпрабаваннем!

А таму не дзіва, што пасля практыкі і законнага адпачынку на радзіме, я падаў рапарт аб адлічэнні. Тое ж зрабілі яшчэ некалькі курсантаў, што для начальства стала, мусіць, сур’ёзнай неспадзяванкай, бо нас ледзь не кожны дзень выклікалі да начальніка вучылішча на «размовы».

Поспеху, праўда, яны не мелі, таму я ды іншыя ўрэшце пачулі запаветнае: «Вы свабодныя!..»

...Пасля гэтага мне давялося паслужыць на надводным караблі ў Феадосіі, вярнуцца дамоў, папрацаваць на розных прадпрыемствах, паступіць на завочнае аддзяленне ў Гомельскі ўніверсітэт, дзе вучылася мая жонка, асесці на Мядзельшчыне і кім тут толькі не быць: «фізруком», загадчыкам раённага спарткамітэта, інструктарам райкама партыі, дырэктарам, трэнерам…

Я гэта да таго, што з Сенем нашы шляхі разышліся і, здавалася, ужо навек. Аж не!

Аднойчы я паехаў у камандзіроўку ў Мінск, засяліўся ў гасцініцу, падымаюся на другі паверх у залу пасяджэнняў і на лесвіцы лоб у лоб, што называецца, сутыкаюся з марскім капітанам:

— Федзя?! Ты?! — гарлапаніць ён.

— Я, — кажу.

— Прабач, — лапоча той капітан, — у мяне самалёт. Спазняюся... У гардэробе табе ўсё аддадуць…

Што? Хто? Ад каго? Нічога не разумею. Але ж пасля нарады іду ў гардэроб, забіраю пакет з пляшкай дарагога армянскага каньяку і запіскай: «Федзя! Я ўсё помню! Дзякуй за тое, што ты для мяне зрабіў! Я цяпер служу (месца называць не буду. — Аўт.). Прыязджай! Я ўсё зраблю для цябе! Сеня».

На той час у мяне ўжо была сям’я, дзеці, любімая жонка, якая, дарэчы, чакала мяне амаль пяць гадоў, цікавая работа... Некуды ехаць ды нешта мяняць сэнсу не мела: як склалася, так склалася. Цікавая штука — жыццё.

Фёдар КАРПЕЙ

г. Мядзел

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.