Вы тут

Сёлета «Бібліяноч» пройдзе 19 красавіка


Культурна-асветніцкая акцыя ў падтрымку чытання «Бібліяноч 2024 года» сёлета пройдзе 19 красавіка. У 16 бібліятэках нашай краіны рыхтуюцца цікавыя і насычаныя праграмы для прыхільнікаў літаратуры. 


Прычым кожная з гэтых культурных устаноў запрапануе сваім наведвальнікам і гасцям штосьці адметнае. Як адзначыла загадчык аддзела культурна-відовішчнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Башкірава, «Бібліяноч» — падзея, якая пройдзе ў гэты раз у дзесяці гарадах нашай рэспублікі: 

— Сёлета 19 красавіка бібліятэкі пашыраюць не толькі час, але і фармат сваёй работы. Сярод 16 бібліятэк краіны, якія ўдзельнічаюць у акцыі, — 6 сталічных. Сярод іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспублікаская навуковая медыцынская бібліятэка, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя якуба Коласа НАН Беларусі, Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя Лупіновіча, Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага. Таксама да нас далучаюцца рэгіёны. Удзельнічаюць бібліятэкі Брэсцкай, Гродзенская і Магілёўскай абласцей. 

Што датычыцца прапаноў для аматарў кніг, то, напрыклад, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі арганізуе навукова-папулярную пляцоўку, дзе можна ўбачыць фонды навуковых супрацоўнікаў, наведаць інтэрактыўную выстаўку «Разгорнутая навука» і шмат іншага. 

— У рамках «Бібліяночы 2024» у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба коласа НАН Беларусі будзе арганізавана навукова-папулярная пляцоўка пра навуку. З 19 да 23 гадзін ночы нашых наведвальнікаў чакае цікавая і насычаная праграма. Нашы навуковыя супрацоўнікі прадэманструюць гасцям мерапрыемства свае ўнікальныя фонды рукапісных матэрыялаў і фотадакументаў у фармаце выставак. У іх ліку інтэрактыўная выстаўка «Разгорнутая навука» — яна дазволіць удзельнікам праглядзець навукова-папулярныя выданні ХІХ-ХХ стагоддзяў. Будзе дзейнічаць выстаўка і з эстэтычным складнікам «Арнаментальныя ўпрыгожванні кірылічных кніг» і «Прыгажосць кірылічнага переплёту», дзе прадставяць кірылічныя выданні ХVI-XVIII стагоддзяў, якія адрозніваюцца багаццем і разнастайнасцю кніжнай арнаменцікі, а таксама наяўнасцю гравіраваных выяў. На прыкладзе гэтых экзэмпляраў будзе прадэманстраваны майстэрства вытворчасці старажытнага кніжнага пераплёту, — дзеліцца малодшы навуковы супрацоўнік, старшыня Савета маладых вучоных Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Дзіяна Парамонава. — Акрамя гэтага ўвазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены цікавейшыя рускамоўныя і замежныя выданні ХІХ-ХХ стагоддзя. Па тэмах паляванне, рыбалка, азартныя гульні і іншыя. Будзе таксама выстаўка, прысвечаная кнігам духоўных навучальных устаноў Расіі і Беларусі XVIII-ХХ стагоддзяў. Яшчэ там можна ўбачыць кнігі з калекцыі Радзівілаў, прыжыццёвыя выданні дзеячоў навукі і культурыНе маглі мы абмінуць увагай і прыжыццёвыя выданні дзеячоў навукі і культуры XVIII-ХХ стагоддзяў. 

Не абыдзецца і без традыцыйных лекцыйных пляцовак, дзе можна будзе даведацца, як па некалькіх костках вызначыць памер, выгляд і нават колер дыназаўраў, як вылучыць ДНК-малекулу са звыклай садавіны ў хатніх умовах. Гасцям раскажуць таксама гісторыю ўзнікнення сыру, пазнаёмяць з асноўнымі этапамі вытворчасці і дасягненні ў вытворчасці беларускіх электрамабіляў. Правядуць майстар-клас па асновах аўтамабільнага дызайну. А ў завершанне эмоцыі і добры настрой падарыць прысутным праграма «Рытмы Ірландыі». Калі цікава, то вас чакаюць па адрасе Сурганава, 15. 

А вось Цэнтральная дзіцячая бібліятэка г. Мінска сёлета святкуе свій векавы юбілей, таму мерапрыемствы «Бібліяночы» таксама будуць прымеркаваны да святочнай даты. Тут запланаваны сустрэчы з дзіцячымі аўтарамі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Ірынай Токаравай і Паўлам Гушынцом. Пройдуць разнастайныя майстар-класы, прэзентацыі, гучныя чытанні, настольныя гульні. Можна будзе нават трапіць на экскурсію ў Цэнтр японскай культуры, які дзейнічае пры бібліятэцы... 

— Для Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Мінска 2024 год знакавы, бо нам спаўняецца 100 гадоў. Таму і тэма сёлетняй Бібліяночы «Век жыві — век чытай». І ўся праграма ў нас будзе пабудавана вакол чытача і кнігі. Яе мы выбудоўваем так, каб было цікава прыйсці на мерапрыемствы ўсёй сям’ёй, каб усе ўключыліся ў знаёмства з кнігай і з бібліятэкай. І далучыліся да традыцыі сямейнага чытання, — распавядае намеснік дырэктара ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска» Алена Чарняўская. — Дзеці любяць майстраваць, таму мы робім цэлы цыкл майстар-класаў, дзе можна будзе зрабіць усёй сям’ёй дамашні тэатр-ценяў, змайстраваць сімвал мудрасці — саву, ляльку-абарэг — жаўранка, падзелкі з пластыліну... Партнёрамі нашымі ў гэтым годзе выступае музей Якуба Коласа, які таксама рыхтуе інтэрактыўную пляцоўку на нашай тэрыторыі пра класіка нашай літаратуры. Яшчэ ў нас запланавана цікавая сустрэча юнага чытача Дзіцячай бібліятэкі нумар 11 Худзякова Данііл, вучня 4 класа, які прэзентуе ў сваю даследчую работу па тэме «Гісторыя метро: паміж Пазнавальнае і цікавае мерапрыемства атрымаецца. Завітвайце па адрасе пр. Газеты Правда 20А.

Для прыхільнікаў літаратуры і беларускага кіно цікавую праграму запрапануюць у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Дзе зможаце і кінафільмы паглядзець, і на выстаўцы прысвечанай рэжысёру Міхаілу Пташуку пабываць, і нават трапіць на здымачную пляцоўку... 

— Наша бібліятэка не магла абмінуць увагай такую прыгожую дату, як 100-годдзе беларускага кіно. Таму вырашылі, што ў бібліятэцы будзем паказваць кіно, распавядаць і спяваць пра яго. Мы чакаем у госці заслужаных артыстаў Беларусі Веру Кавалераву, Леаніда Улашчанку — гэта акцёры Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, якія маюць у сваім творчым багажы нямала роляў у кіно. Таксама да нас завітае актрыса тэатра і кіно Вераніка Пляшкевіч. Чакаем яшчэ ў госці пісьменніцу, публіцыста, літаратурнага рэдактара часопіса «На экранах», кінасцэнарыста Юлію Ляшко, якая падзеліцца сваім вопытам стварэння сцэнарыяў, — адзначае намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Вікторыя Забалотец. — У нашай зале ўжо працуе выстаўка прысвечаная выбітнаму беларускаму кінарэжысёру Міхаілу Пташуку, прымеркаваная да яго 80-годдзя. Унікальная яна тым, што там прадстаўлены серыі фотаздымкаў, дзе адлюстраваны працэс кіназдымкаў, фотаматэрыялы, цытаты з яго ўспамінаў. Яшчэ запрашаем усіх на кінаквэст, які пройдзе ў 19, 20 і 21 гадзіну. Удзельнічаць у ім кампаніяй будзе яшчэ весялей. Будуць працаваць творчыя пляцоўкі з рознымі майстар-класамі. А завершыць нашу праграму паказ савецкага кінафільма, знятага на «Беларусьфільме», у 1969 годзе пад назвай «Саша, Сашанька». Зала нашай бібліятэкі нічым не саступае кіназалам кінатэатраў, таму пераканана. Што нашым гледачам будзе і камфортна і цікава. Завітвайце на вул. Веры Харужай, 16. Давайце разам адкрываць новае пра кіно. 

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Таяніцы кнігавыдання і кінаквэсты чакаюць у бібліятэках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.