Вы тут

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»


Сёння ў культурна-спартыўным комплексе «Мінск-арэна» ўрачыста адкрылася ХХVІ Міжнародная вясенняя выстава-кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2024». Яна ўпершыню праходзіць на найбуйнейшай пляцоўцы краіны, і сёлетні яе маштаб сапраўды ўражвае: больш за 300 экспанентаў, сярод якіх усе 118 раёнаў Беларусі і 10 найбуйнейшых гарадоў, якія прэзентуюць сябе цягам трох дзён у рэжыме нон-стоп, амаль тры дзясяткі рэгіёнаў Расіі і 12 замежных краін, у тым ліку Турцыя, Куба, Шры-Ланка і Палесціна.


Удзельнікі выставы анансуюць наведвальнікам навінкі ў сферы турызму, правядуць перагаворы, падпішуць кантракты і абмяркуюць праблемы галіны. Цікавасць да яе расце, і ўсё больш замежных дзелавых партнёраў наведвае беларускі форум у складзе дзелавых дэлегацый.

Падчас урачыстага адкрыцця кірмашу «Адпачынак-2024» намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што ў краіне актыўна праводзіцца дзяржаўная палітыка, звязаная з падтрымкай і развіццём турызму, у тым ліку і нарматыўнае рэгуляванне. Па ўказе Прэзідэнта адкрылі бязвізавы ўезд для нашых суседзяў.

— Мы гасцінна іх сустракаем, і людзі бачаць, як жыве і развіваецца наша краіна, з якой шчырай сардэчнасцю беларусы сустракаюць гасцей, і гэта наша нацыянальная рыса, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Мы ўдзячны расійскім калегам, разам з якімі развіваем наш ключавы праект Саюзнай дзяржавы. Прыемна адзначыць, што Расія прадставіла на выстаўцы каля 30 рэгіёнаў. Ганарымся, што за мінулы год пяць мільёнаў расійскіх сяброў наведала нашу краіну. Думаю, сёлета будзе не менш.

Ігар Петрышэнка нагадаў, што за апошнія тры гады ў краіне ўведзена 39 аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры.

— Мы актыўна развіваем унутраны турызм, і беларусы ўсё больш пазнаюць сваю краіну. На працягу гэтага года кожны месяц мы прысвячаем пэўнаму віду: студзень — адукацыйнаму турызму, люты — аздараўленчаму і медыцынскаму, сакавік — прамысловаму, красавік — дзелавому. Усе віды турызму актыўна прапагандуем і прасоўваем, бо зацікаўлены, каб да нас прыязджалі, каб кожны, хто ў нас пабываў, сказаў, што я абавязкова сюды вярнуся з дзецьмі і ўнукамі, сябрамі ці суседзямі, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Ён дадаў, што ў год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў важны і такі кампанент, як патрыятычны турызм.

— Гэта генны код кожнага беларуса — шанаваць подзвіг нашых продкаў, якія пакінулі нам выдатную краіну. І мы яе павінны такой захаваць для будучых пакаленняў.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што эфектыўнаму развіццю турыстычнага патэнцыялу садзейнічаюць і чыгуначныя, і аўтамабільныя, і авіяцыйныя зносіны, якія з году ў год пашыраюцца. У прыватнасці, з Расіяй адкрыта шэсць дадатковых рэйсаў, акрамя Санкт-Пецярбурга і Масквы, ідзе развіццё хуткасных чыгуначных магістраляў.

Усе тры дні работы выставы (з 18 да 20 красавіка) наведвальнікаў чакаюць культурная праграма і дэгустацыі гастранамічных адметнасцяў таго ці іншага рэгіёна, розыгрышы прызоў і сюрпрызы. 18 красавіка свой турыстычны патэнцыял прадэманстравалі Брэсцкая і Віцебская вобласці, сёння чарга Магілёўскай, Гродзенскай і Гомельскай. А ў суботу з турыстычнымі адметнасцямі пазнаёмяць сталіца і Мінская вобласць.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.