Вы тут

Шлях з ракушак


Сябры нашай сям’і дабудавалі дом на ўскрайку раённага цэнтра і пераехалі туды жыць са здымнай кватэры. З суседзямі справа, кажуць, жывуць душа ў душу. Калі тыя з’язджаюць на адпачынак, прыглядаюць за іх коцікам, і наадварот. Сусед жа злева — мясцовы бізнесмэн — нядаўна паказаў сябе, мякка кажучы, не з самага лепшага боку.


Зусім выпадкова высветлілася, што ён, агароджваючы свой катэдж, самавольна захапіў кавалак суседскай зямлі. Пра гэта ніхто б, магчыма, і не даведаўся, калі б не геадэзічны квадракоптар, які запусцілі мясцовыя ўлады, каб праверыць адпаведнасць граніц участкаў. Зафіксаваўшы парушэнне, яны даслалі бізнесмену ліст з просьбай у вызначаныя тэрміны вырашыць праблему. Мужчына, замест таго, каб выбачыцца і паспрабаваць неяк дамовіцца, прыйшоў да новых суседзяў з наездам і паперкай. Маўляў, падпішыце: вы не супраць, што я за свае грошы ўстанавіў такую шыкоўную агароджу паміж нашымі ўчасткамі. «Мы сказалі, што пакуль не будзем нічога падпісваць. І самі патэлефанавалі ў зямельную службу. Там патлумачылі, што гаворка ідзе не пра паўметры, як сцвярджаў сусед, а пра цэлых паўтара, і што мы маем поўнае права прымусіць парушальніка перанесці тую агароджу».

Сябры, веруючыя людзі, наўрад ці будуць з-за палоскі зямлі псаваць адносіны, нажываць сабе ворага на ўсё жыццё. Як мудра сказала Алеся, усім зямлі ў канцы жыцця хопіць. Разам з тым яны проста па-чалавечы не могуць зразумець, як так можна?..

На днях па парадзе сямейнага псіхолага Яўгена Ісачанкі (дзядзі Жэні) паглядзела два кароценькія мультфільмы. У першым галоўны герой — малады мужчына, уладальнік некалькіх прыбытковых прадпрыемстваў. Ён з усмешкай на твары ператварае слана ў піяніна, дрэва — у паперу, топча багоўку, якая трапілася на яго шляху, страляе ў мядзведзіцу, а яе дзіця — маленькае медзведзяня — садзіць у клетку на пацеху іншым. На першы погляд паспяховы, знаходлівы, разумны. Але пры гэтым жорсткі і бессардэчны... Другі мульцік — пра мужчыну, які паўсюль ходзіць са сваім любімым сабачкам. Неяк раніцай прачнуўся, а на яго пачала сварыцца жонка. Мужчына моўчкі прыціснуў каханую да сябе і цярпліва чакаў, пакуль яна выпусціць сваю злосць і абдыме яго ў адказ. Потым ішоў па вуліцы, дзе ўсе сварыліся і крычалі. Ён не праходзіў міма, усім дапамагаў, абдымаў, супакойваў. І быў па-свойму шчаслівы.

Вы б хацелі, каб на каго з гэтых герояў праз дваццаць гадоў стаў падобны ваш сын? Гэта пытанне варта задаць сабе ўсім мамам і татам без выключэння, і чым раней, тым лепш, сцвярджае псіхолаг. Бо менавіта ад бацькоў у многім залежыць, якія якасці будуць закладзены ў дзецях з маленства.

Але вельмі часта мы хочам адно, а робім іншае, адзначыў дзядзя Жэня падчас свайго чарговага адкрытага ўроку і прывёў прыклад са школай. Хлопец атрымлівае добрыя адзнакі ўмоўна па дзесяці гуманітарных прадметах, астатнія дзесяць яму даюцца крыху горш — у тым ліку матэматыка, хімія, фізіка... Але бацькі лічаць, што сын павінен прыносіць выдатныя адзнакі абсалютна па ўсіх прадметах. Інакш не быць яму паспяховым у жыцці. І наймаюць рэпетытараў. Хлопец увесь вольны час карпее над падручнікамі і падцягвае тыя прадметы.

Але пры гэтым ён чамусьці стаў менш усміхацца, здароўе пагоршылася, не стала сяброў. Як можна прывіць сыну эмпатыю, навучыць яго суперажываць, калі мы самі не звяртаем увагі на яго сапраўдныя жаданні, схільнасці, памкненні душы?

Яшчэ псіхолаг параіў пераглядзець сям’ёй фільмы «У пошуках Нэма» і «У пошуках Доры». Калі рыбка Доры была маленькай, то жыла, як і ўсе, з бацькамі. Да таго часу, пакуль не здарылася няшчасце і яе не ўцягнула ў трубу... Шмат гадоў рыбка шукала сваіх бацькоў у вялізным акіяне. У нейкі момант ёй стала страшна, бо яна не ведала, што рабіць далей. А потым супакоілася, агледзелася... І што? «Тут адна вада. А вунь там водарасці. Яшчэ водарасці... і ракушкі. Яны ўказваюць туды...» Як толькі Доры ўбачыла ракушкі, адразу ж згадала, што ў дзяцінстве вельмі любіла іх збіраць. Яна паплыла ўздоўж сцяжынкі з ракушак і... ўрэшце ўбачыла сваіх бацькоў. Аказваецца, калі Доры згубілася, яны штодня выкладвалі на дне акіяна ракушку за ракушкай, шчыра верачы, што дачка іх знойдзе. Так і мы, бацькі, сваімі словамі, дзеяннямі, уласнымі ўчынкамі ствараем для дзяцей «ракушкі»-арыенціры ў жыцці, каб у самы цяжкі момант яны не збочылі з правільнага шляху, зрабілі правільны выбар. І нават калі б раптам аступіліся, то не пабаяліся прызнаць сваю памылку і захавалі людскасць у любой сітуацыі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.