Вы тут

Як «моцнаму полу» не згубіцца, застаўшыся сам-насам са сваімі дзецьмі


Не, тут сітуацыя зусім не такая, як у адным замежным фільме, дзе амерыканскае сямейства адпраўляецца з Чыкага ў Еўропу, але ў спешцы бесталковыя бацькі забываюць дома аднаго са сваіх дзяцей. Тут жа хутчэй мама дае заданне бацьку сямейства: хоць зрэдку праявіць свае здольнасці ў выхаванні дзяцей. І, галоўнае, выканаць гэта цалкам самастойна.


Зрэшты, у аўтара гэтых радкоў быў адзін падобны выпадак. Праўда, тады дзеці былі меншыя... Неяк у суботу зайшоў да мяне ў госці стрыечны брат (бяздзетны — заўважу). Так, чаю папіць, бутэрброд з’есці, пабалбатаць пра тое, пра гэта. А ў гэты час мая жонка на праменад у крамы зазбіралася. Значыць, усіх траіх дзяцей мне ў «нагрузку» да брата пакінула. Гэта быў сапраўды вясёлы вечар.

Першыя паўгадзіны мы з братам мірна размаўлялі, а потым пачалося. Спачатку мая дапамога спатрэбілася старэйшай дачцэ (яна вучылася тады ў 10 класе). «Не зрасталася» тады ў Паліны задача па фізіцы. «Тата, ты ж тэхнічную ВНУ скончыў, яшчэ павінен сёе-тое памятаць», — слушна заяўляла дачка. Давялося мне папацець паўгадзіны над рашэннем тэрміновага задання.

Потым прыйшла чарга маёй сярэдненькай, якой у школе далі заданне — напісаць сачыненне. І зноў бацька павінен быў усё ўважліва выслухаць, даць сваё экспертнае заключэнне і выправіць магчымыя памылкі. «А як жа інакш, бо тата ў нас у гэтай справе прафесіянал — журналістам працуе». Апагеем вечара стаў малодшы сын, які захацеў на гаршчок. Але «сядзець» аднаму яму стала сумна, і, ўзяўшы гаршчок, сын прыйшоў да нас — зразумела, рабіць такія сур’ёзныя справы весялей не аднаму, а ў кампаніі...

Я чаму запомніў той вечар? Калі праводзіў брата дадому, ён уважліва паглядзеў на мяне і спытаў: «У цябе што, кожны дзень ТАК праходзіць? Я, напэўна, не змог бы...».

Выхадныя без мамы

Усе дзеці любяць адпачываць разам з бацькамі. У будныя дні члены сям’і занятыя хатнімі справамі, працай або вучобай. Здараецца, не застаецца часу нават на размовы, усе хутка вячэраюць і кладуцца спаць. У выхадныя з’яўляецца магчымасць пабыць з блізкімі, пагутарыць, схадзіць куды-небудзь разам.

І вось вы засталіся са сваімі дзецьмі сам-насам. Дзяўчаты мае ўжо выраслі, вось і гуляем з сынам. У розных татаў, калі жонка сыходзіць па справах, цалкам магчымыя і розныя рэакцыі: ад панікі да палегчанага ўздыху. Але як бы ні адбывалася ў вашай сям’і, усё роўна спатрэбіцца план. Вы ж хочаце, каб дзіця правяло час цікава і з карысцю? Тады запісвайце нашы ідэі.

Лавіся, рыбка, вялікая і маленькая

Не сакрэт, што з кожным пакаленнем рыбалка становіцца ўсё менш папулярным хобі. Але калі вы сябруеце з вудай, паспрабуйце знайсці час, каб навучыць гэтаму сына. Захапленне ад першай злоўленай рыбкі не апісаць словамі, таму не сумнявайцеся: ён будзе ўспамінаць вашу паездку на працягу доўгіх гадоў. А ўлоў бліжэй да вечара ператворыцца ў смачную вячэру. Але самае галоўнае тут, што маленькі чалавек праз працу, пот і стомленасць прымярае на сабе паняцце здабытчыка. Ужо потым, нават купленая, рыба будзе падавацца вашаму дзіцяці значна смачнейшай.

Далей — спорт вялікага горада, і не толькі. Мабыць, гэта самая банальная ідэя, але абысці яе мы не маглі. Катацца на лыжах вашага сына могуць навучыць і ў школе (сюды ж адносіцца і валейбол), футбол ён можа асвоіць з суседскімі хлопцамі, а вось нешта больш незвычайнае патрабуе бацькоўскага кіраўніцтва.

Мы прапануем звазіць дзіця ў якое-небудзь цікавае месца: напрыклад, на скаладром або на схіл. Хай спрабуе нешта новае, няхай гэта будзе скалалажанне, сноўбордынг, вейксерфінг або кёрлінг (для апошняга спатрэбіцца сабраць каманду). Калі ваш сын не ўмее плаваць, папярэджваем: чым хутчэй вы яго пачняце вучыць, тым яму будзе прасцей. Уменне добра плаваць павышае самаацэнку маладога хлопца ў разы. Таксама вы можаце прапанаваць яму паспрабаваць палётаць на параплане або пакатацца на квадрацыкле. Калі нейкія забавы не хочуць сябраваць з вашым бюджэтам, зберажыце ідэю да дня нараджэння ці іншага свята. Такія падарункі запамінаюцца больш за ўсё.

Кіно з папкорнам, барбершоп і змеі

Ваша жонка не дазваляе малому глядзець «Трансформераў», баючыся, што падобныя фільмы зробяць дзіця жорсткім? Калі вы не згодны з гэтай пазіцыяй, то дазвольце дзіцяці паглядзець якія-небудзь «стралялкі» ўпотай ад мамы (калі, вядома, ён умее захоўваць сакрэты): ад аднаго разу нічога не будзе.

А калі згодныя, то можна спыніцца на добрым мульціку. Весялей паглядзець фільм на вялікім экране і з папкорнам. Зусім хутка сын вырасце і будзе сам вадзіць дзяўчат на апошні сеанс, таму атрымлівайце асалоду ад моманту, пакуль ёсць час. Гэтыя выхадныя малое таксама запомніць надоўга.

Калі хочаце, каб ваш хлопчык адчуў сябе дарослым, схадзіце разам з ім... у модны барбершоп. Напэўна, мама водзіць яго стрыгчыся да знаёмага майстра ў свой любімы салон прыгажосці — а там, пагадзіцеся, зусім іншая атмасфера. Перад паходам дапамажыце дзіцяці выбраць адзенне: няхай адчуе сябе стыльным. Барберы падбяруць аптымальную прычоску з нескладанай укладкай і падымуць настрой.

А пасля таго, як справа будзе зроблена, зможаце пагуляць у прыстаўку непасрэдна ва ўстанове.

А яшчэ нават каля дома, але там, дзе няма слупоў з правадамі, можна арганізаваць запуск паветранага змея. Гэта займальны занятак патрабуе ў асноўным дзвюх рэчаў — «правільнага» змея і добрага ветру. Калі нешта адно будзе непрыдатным, давядзецца шмат пабегаць. Але хто сказаў, што гэта дрэнна?

У розных татаў, калі жонка сыходзіць па справах, цалкам магчымыя і розныя рэакцыі: ад панікі да палегчанага ўздыху.

Шкодны перакус і «мужчынскі» музей

Напэўна, вы з жонкай сочыце за харчаваннем дзіцяці і стараецеся, каб яно менш ела чыпсаў і шакаладак. Але калі ўжо засталіся сам-насам з сынам, парадуйце яго паходам у звычайную бургерную — ён гэта ацэніць. Хай ведае, што існуюць чызбургеры нашмат смачнейшыя, чым у знакамітых сеткавых установах (дарэчы, яны ж і нашмат менш шкодныя, калі не лічыць соус і хлеб).
Вядома, мы не лічым, што музеі дзеляцца на мужчынскія і жаночыя. Але ўсё ж некаторыя рэчы мужчыны ў цэлым традыцыйна любяць больш: зброя, аўтамабілі (хоць тут можна паспрачацца), робаты. Выдатна, калі захапленне дзіцяці падзяляюць дарослыя. Таму не прымушайце жонку разглядаць старадаўнія стрэльбы разам з сынам, а схадзіце з ім у такі музей самі: напэўна, вам таксама будзе цікава.
Квэст для зарадкі мозгу

Гата выдатны занятак для ўсёй сям’і. Але калі ваша дзіця яшчэ недастаткова дарослае і яму падыдуць толькі самыя нескладаныя загадкі, лепш адпраўляйцеся туды ўдваіх: большай колькасці людзей там проста няма чаго рабіць. І абавязкова набярыцеся цярпення і давайце дзіцяці магчымасць рашаць галаваломкі самастойна.

Калі вы навучыце дзіця гуляць у шахматы, покер або іншыя картачныя гульні — магчыма, што яно «падсядзе» на гэту забаўку. Паверце, дзеці схопліваюць хутчэй, чым вы думаеце: пяць хвілін таму дзіця спытала, як ходзіць ладдзя, а цяпер ужо ставіць вам шах. Калі хтосьці лічыць, што дзяўчаты не любяць шахматы, то памыляюцца. Мая старэйшая дачка так упарта жадала выйграць у мяне ў гэтую гульню, што ў выніку на мясцовым чэмпіянаце ў 9 класе заняла першае месца. (Тата дзяўчынкі гэтым вельмі моцна ганарыўся.)

Каму гэта сумна, можна выбраць віртуальныя забавы. Як наконт VR-клуба? Змагайцеся у альтэрнатыўнай рэальнасці, каб даведацца, хто лепш. Акрамя таго, выдатнай забаўкай стане паход у 5D кінатэатр, а на благі канец — гульнявыя аўтаматы.

...Плюс настольныя гульні

Наўрад ці для вас кожны паход на работу з’яўляецца доўгачаканай падзеяй, але калі аднойчы вы возьмеце з сабой дзіця, яму будзе цікава пару гадзін паназіраць за працэсам (магчыма, вам таксама будзе весялей). Таварыскія дзеці любяць знаёміцца з калегамі бацькоў, так што будзьце да гэтага гатовыя. Не палянуецеся і пакажыце малечы, што менавіта робіце. Паспрабуйце патлумачыць свае абавязкі максімальна зразумела, каб у галаве дзіцяці склалася некаторая карцінка. Практычная карысць у такім візіце таксама ёсць: каб дзеці не былі распешчаныя, ім трэба з дзяцінства тлумачыць, што грошы дастаюцца дзякуючы працы, а не падаюць з неба. А наглядныя прыклады заўсёды дзейнічаюць больш эфектыўна.

Што да настольных гульняў, то для іх трэба хоць бы 3-4 гульцы. Але не заўсёды. Калі ў вас дома настолкі не завалялся, купіце парачку новых: сёння пагуляеце самі, а іншым разам сын зможа згуляць з сябрам. Акрамя таго, рэкамендуем не ігнараваць пазлы, канструктары і наборы для эксперыментаў — такія забавы спрыяюць развіццю творчага мыслення і ўважлівасці, а таксама вучаць фізіцы, хіміі, біялогіі і шмат чаму яшчэ.

Калі нейкія забавы не хочуць сябраваць з вашым бюджэтам, зберажыце ідэю да дня нараджэння ці іншага свята.

Рукі з правільнага месца

Не па чутках ведаю, што многія сучасныя мужчыны не ўмеюць рабіць рукамі літаральна нічога. І ганарыцца тут абсалютна няма чым. Вядома, на пад’ездах вісяць аб’явы аб паслугах «майстроў на гадзіну», якімі можна скарыстацца, але хіба не прасцей паправіць хоць што-небудзь самому? Калі вы ўмееце забіваць цвікі, віншуем. Абавязкова навучыце гэтаму сына. А таксама пакажыце, як працуюць вінтавёрт, дрыль, лобзік і цыркулярка. Ды абавязкова памятайце пра тэхніку бяспекі.

Калі вы жывяце ў Мінску ці ў іншым горадзе на вялікай рацэ, то замест звычайнай прагулкі ў парку ў цёплы час года арандуйце лодку або катамаран. Час праляціць незаўважна, нават калі дзіця хутка стоміцца і вам давядзецца веславаць (круціць педалі) за дваіх. У сонечнае надвор’е выбірайце час, калі пачынае садзіцца сонца: прыгожыя віды на захадзе вам забяспечаны.

Ноч у палатцы і вогнішча па правілах

Калі вы запланавалі невялікі паход у выхадныя, чаму б не заначаваць у палатцы? Гэту ноч дзіця будзе ўспамінаць як сапраўдную прыгоду. Выбірайце маляўнічыя і бяспечныя месцы для імправізаванага кемпінга. Абавязкова вазьміце з сабой дастаткова ежы і вады, а таксама складаны ножык, рэпеленты, ліхтарык, цёплую вопратку і запасныя шкарпэткі. Інакш ёсць шанц захварэць.

У добрай кампаніі нават звычайны пікнік можа стаць запамінальным. Кампанія ў выглядзе вашага дзіцяці — бадай, найлепшы варыянт. Як зрабіць мерапрыемства яшчэ лепшым? Пасмажце шашлык. Так вы не толькі атрымаеце асалоду ад смачнай ежай, а яшчэ і навучыце дзіця разводзіць вогнішча і падтрымліваць агонь. Уважліва сачыце за малым. Запалкі, запальнічку і вадкасць для распальвання давайце яму ў рукі толькі тады, калі ён ужо вялікі.

Застацца з дзецьмі… на месяц

Як правіла, застаўшыся з дзецьмі сам-насам, бацька перажывае ціск адказнасці. Першае, што спрабуюць зрабіць нашы таты, — арганізаваць дзецям максімальна інтэнсіўны вольны час: заапарк, прагулкі ў парках, паход у дзіцячыя цэнтры. У выніку самі вельмі хутка выдыхаюцца і будуць расчараваныя не толькі дзецьмі, але і сабой. Але гэта нармальна. Яны спрабуюць дзейнічаць па стэрэатыпах традыцыйнай бацькоўскай ролі —настаўніка і настаўніка-правадыра ў сацыяльны свет. Маці ж больш арыентуюцца на тое, што яны могуць сёння, не на мэту, але на абставіны, на настрой, на надвор’е.

Мужчына за першыя тры-чатыры тыдні можа быць проста знясілены, паколькі не расставіў прыярытэты: ён не разумее, як адначасова ўсяму адпавядаць. Акрамя таго, ён пазбаўлены кола падтрымкі, якое жанчына фарміруе вакол сябе, пачынаючы з часу цяжарнасці. Трэба разумець, што партнёру мужчынскага полу патрэбны падтрымка, давер, адабрэнне, часам нават падрабязная інструкцыя.

...У канцы тыдня наш змучаны тата ўжо інакш глядзіць на сваіх дзяцей і плануе наступны тыдзень так: зрабіць шэраг званкоў, наведаць сяброў з дзецьмі, з’ездзіць да цешчы, не будаваць вялікіх планаў, быць паслядоўным. Напісаць жонцы, што дзеці шчаслівыя і ён таксама.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.