Вы тут

«Буйніцкае поле» — на дзве краіны


У Маскве на пляцоўцы Павільёна Рэспублікі Беларусь на ВДНГ прайшлі Дні Магілёўскай вобласці. Яны падсумавалі тую грандыёзную работу, якая праводзіцца магіляўчанамі ў сферы інтэграцыйных стасункаў літаральна з усімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. У выступленні і кіраўніка вобласці Анатоля Ісачанкі, і ганаровых гасцей урачыстага адкрыцця Дзён Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Крутога, Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрыя Мезенцава гучалі лічбы, называліся ўражлівыя прыклады літаральна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Дасягненні сталі магчымымі і дзякуючы высокім урадавым рашэнням, пазіцыі нацыянальных лідараў нашых дзяржаў — Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Прыемна было слухаць і выступленне кіраўнікоў маладзёжных арганізацый Магілёўшчыны і цэлага шэрагу рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія паяднаны з магілёўскімі сябрамі ў правядзенні мерапрыемстваў па захаванні гістарычнай памяці, у супольнай рабоце беларускай і расійскай моладзі, студэнцтва па ўмацаванні духоўнасці нашай агульнай прасторы. 


Фота: БелТА

Асобнай падзеяй, якая стала выразнай праявай еднасці беларускай і расійскай культур, літаратур, праявай агульных ініцыятыў у захаванні і развіцці традыцый агульнай літаратурнай прасторы, можна лічыць і падпісанне Палажэння аб літаратурнай Прэміі «Буйніцкае поле». Ініцыятыва не выпадковая. Яна нарадзілася летась, калі ў Магілёве праводзілася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па героіка-патрыятычным выхаванні «Гэта трэба — не мёртвым! Гэта трэба — жывым: Буйніцкае поле — поле памяці». Выступаючы на канферэнцыі, шырокі ўдзел у якой прымалі і пісьменнікі з Расіі — старшыня агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Саюз пісьменнікаў Расіі» Мікалай Іваноў, дэлегацыі пісьменнікаў з Бранска і Смаленска, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка заўважыў: «...Менавіта тут у 1941 годзе ішлі цяжкія абарончыя баі, і праціўнік атрымаў годны адпор. 23 дні ў адным акопе змагаліся нашы з вамі землякі, ураджэнцы Магілёўскай, Смаленскай, Разанскай, Тульскай, Маскоўскай абласцей. Буйніцкае поле — сімвал агульнай памяці. Наш гістарычны гонар і боль за загінулых салдат, салдат-вызваліцеляў, якія выратавалі ўвесь свет ад фашызму. Гэта месца гераічнага подзвіга савецкага народа, якое па праву стаіць у адным шэрагу з Кулікоўскай, Барадзінскай, Прохараўскай бітвамі і бітвай пад Ржэвам... І гэта святы абавязак кожнага з нас, зрабіць усё магчымае, каб увекавечыць памяць пра подзвіг нашых братэрскіх народаў».

Якраз тады, на пачатку 2023 года, на канферэнцыі ў Магілёве кіраўнік расійскай пісьменніцкай арганізацыі Мікалай Іваноў і выступіў з ініцыятывай заснаваць літаратурную прэмію «Буйніцкае поле»... «У нас, у Расіі, ёсць прэміі, прысвечаныя знакамітым адрасам гістарычнай памяці, — Кулікову полю, Барадзінскаму полю, Прохараўскаму полю, — зазначыў Мікалай Фёдаравіч. — Дарэчы, шмат хто з беларускіх літаратараў стаў лаўрэатам прэміі „Прохараўскае поле“. Сярод іх — і пісьменнік-франтавік, беларускі партызан Алесь Савіцкі... Чаму б нам не заснаваць супольную беларуска-расійскую літаратурную прэмію „Буйніцкае поле“?..» Ініцыятыву падтрымаў і Анатоль Ісачанка. На канферэнцыі, у яе кулуарах шмат гаварылася пра Канстанціна Сіманава, выключную ролю вялікага рускага і савецкага пісьменніка, чый прах развеяны над Буйніцкім полем, у стварэнні мастацкага, дакументальнага партрэта баёў на подступах да Магілёва ў 1941 годзе... Не выпадкова добрай традыцыяй на працягу многіх гадоў з’яўляецца правядзенне ў Магілёве Сіманаўскіх дзён…

Прайшоў год — і ў Маскве адбылося падпісанне Палажэння аб літаратурнай прэміі «Буйніцкае поле», заснавальнікамі якой з’яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», агульнарасійская грамадская арганізацыя «Саюз пісьменнікаў Расіі». Свае подпісы паставілі старшыня СП Беларусі Алесь Карлюкевіч і старшыня СП Расіі Мікалай Іваноў. 

Ідэя заснавання новай прэміі заключаецца ў падтрымцы сучаснага літаратурнага працэсу ў Саюзнай дзяржаве і заахвочвання таленавітых аўтараў, якія развіваюць найлепшыя традыцыі паэзіі, прозы і драматургіі, ствараюць творы высокага грамадзянскага гучання. Асноўнымі патрабаваннямі да намінантаў з’яўляюцца бясспрэчныя мастацкія вартасці твораў, вастрыня і актуальнасць праблематыкі, глыбіня асэнсавання значных для сучаснага грамадства пытанняў. Прэмія будзе прысуджацца штогод у межах міжнароднай канферэнцыі «Гэта трэба — не мёртвым! Гэта трэба — жывым: Буйніцкае поле — поле памяці». 

... Магілёўшчына ва ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі падтрымлівала героіка-патрыятычную, ваенную тэму ў беларускай літаратуры. Гэта навідавоку. Яркі прыклад — творчасць паэта Аляксея Пысіна (1920 — 1981). Гэта ён, «салдат і сейбіт», пісаў пра сябе: «Удалося і мяне жалезу// Мігам надзяліць ненажавым.// З той мяжы няблізкай я належу// Ў пэўнай меры — не адным жывым...» Так у вершы «Цёзкі, сваякі...», як засведчыла беларуская крытыка, «Аляксей Пысін акрэсліў адзін з асноўных маральна-этычных крытэрыяў — памяць «пабрацімства мёртвых і жывых»... Гэтыя неўміручыя радкі таксама належаць Пысіну: «Палім мы маршанскую махорку,/ Бачым мы Дняпроўскую граду. / Будзе сёння бой. На тым узгорку/ Можа, я таксама ўпаду». І яшчэ — ад Пысіна, з яго «Балады Буйніцкага поля», як запавет нам, жывым: «За полем поле, як за словам слова/У спеве аб свяшчэнным, дарагім./ Ёсць Барадзінскае, ёсць Кулікова, / І — гэтае, вядомае не ўсім./ О, поле бою, Буйніцкае поле,/ Дарога, дрэўцы, ўскрайчык травяны,/ З трывогаю, з сваім глыбінным болем/ Ты ўсё яшчэ вяртаешся з вайны./ <...> Даўно пярэдні край жніва не дзеліць,/ Ды бой жыве, стралковы полк жыве./ Варожых танкаў колькі!../ Трыццаць дзевяць/ Старчма гараць на горасным жніве./ Знікаюць дрэвы, птушкі палявыя,/ Дняпром сплывае плач маладзіка. / „Мы будзем тут стаяць, пакуль жывыя“, — / Сказаў Куцепаў, камандзір палка. <...> О, поле бою, Буйніцкае поле,/ Вясною, летам, восенню сырой/ Выносіш ты ў разгорнутым прыполе/ Мінулае — з каменнем і жарствой./ Перад дарогаю пад гул матораў/ Скаціўся з поля камень, а на ім/ Той самы подпіс — / франтавы аўтограф/ Палку Куцепава і нам, жывым. / Спыніцеся, мой боль, мой смутак, — пастаім». 

І сёння ў пісьменніцкай кагорце Магілёўшчыны — руплівыя захавальнікі памяці пра Вялікую Айчынную: паэт Алесь Казека, публіцыст Мікалай Барысенка, публіцыст, краязнаўца Віктар Арцем’еў, паэт Уладзімір Ясеў... Дзякуючы іх літаратурнай, грамадскай руплівасці Буйніцкае поле і надалей застаецца мастацкім сімвалам вечнай гераічнай памяці... 

А заснаванне літаратурнай прэміі «Буйніцкае поле» — гэта яшчэ і напамін пра іншыя памятныя мясціны Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, падказка, што следам варта заснаваць, напрыклад, і міжнародную літаратурную прэмію «Брэсцкая крэпасць». Будзем спадзявацца, што прыклад магіляўчан падштурхне да гэтага і берасцейскіх літаратараў... Памяць пра нашых прашчураў, якія гераічна адстойвалі і нашу свабоду ад фашысцкай няволі, ад генацыду, — аснова духоўнага сталення грамадства і ў наступныя часіны. Забывацца на гэта мы не маем права!..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.