Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання прыступілі да заканадаўчай дзейнасці


Шэраг законапраектаў, разгледжаных парламентарыямі, маюць міжнародны характар. У прыватнасці, прыняты праект Закона «Аб прыпыненні дзеянняў Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе» з мэтай забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Беларусі і ў якасці адказнай меры на рашэнне краін — членаў НАТА аб прыпыненні дзеянняў гэтага Дагавора.


Фота: БелТА

Ëн быў падпісаны 19 лістапада 1990 года ў Парыжы, ратыфікаваны Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1992 года і ўступіў у сілу 9 лістапада 1992 года. Дагаворам прадугледжваюцца абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і правядзенне інспекцый). Беларусь у поўным аб’ёме выконвае абавязацельствы па Дагаворы, у тым ліку няўхільна прытрымліваецца ўстаноўленых гранічных узроўняў наяўнасці ўзбраенняў, ваеннай тэхнікі і асабовага складу Узброеных Сіл, а таксама своечасова прадстаўляе дзяржавам — удзельніцам Дагавора адпаведную інфармацыю і бягучыя апавяшчэнні. Прыпыненне дзеяння Дагавора дзяржавамі — членамі НАТА і іх саюзнікамі абумоўліваюць мэтазгоднасць прыпынення Рэспублікай Беларусь дзеяння абавязацельстваў, якія падлягаюць выкананню па Дагаворы. 

Па словах намесніка міністра замежных спраў Юрыя АМБРАЗЕВІЧА, у практычным плане гэта азначае прыпыненне прадастаўлення іншым удзельнікам дагавора інфармацыі аб звычайных узбраеннях і тэхніцы, прыёму і правядзення інспекцыі ў мэтах кантролю за выкананнем колькасных абмежаванняў звычайных узбраенняў і тэхнікі, устаноўленых палажэннямі дакумента. «Мы таксама не будзем абавязаны прытрымлівацца ўказаных колькасных абмежаванняў», — удакладніў ён.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Сяргей РАЧКОЎ, законапраект з’яўляецца адэкватнай рэакцыяй на ваенна-палітычную абстаноўку па знешнім перыметры Беларусі, якая існуе. «Сёння вельмі важна ўзмацняць увагу да пытанняў забеспячэння абароны і бяспекі нашай краіны, — перакананы дэпутат. — Прыняцце гэтага законапраекта знаходзіцца ў гэтым рэчышчы. Мы павінны больш уважліва рэагаваць на становішча, якое складваецца, на дзеянні перш за ўсё заходніх краін на граніцах нашай краіны. Прыняцце гэтага закона не абазначае, што Беларусь выходзіць з гэтага пагаднення. Мы прыпыняем свой удзел і гатовы яго аднавіць, калі краіны НАТА вернуцца ў Дагавор і будуць выконваць свае абавязальніцтвы».

Новыя магчымасці на знешнім контуры 

Дэпутаты ратыфікавалі Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года. Падпісанне Пратакола выклікана неабходнасцю рэгулявання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне эксплуатацыі Беларускай АЭС. Напрыклад, прадугледжана, што ў перыяд эксплуатацыі Беларускай АЭС бакі забяспечваюць фарміраванне і сумеснае выкарыстанне абсталявання, вузлоў і запасных частак з вытворчых запасаў, якія выкарыстоўваюцца на АЭС у Беларусі і аналагічных АЭС у Расіі. Ратыфікацыя дазволіць забяспечыць сумесна з Дзяржаўнай карпарацыяй па атамнай энергіі «Расатам» эксплуатацыю БелАЭС пасля ўводу яе ў працу на ўмовах узаемавыгаднага супрацоўніцтва бакоў, у тым ліку пры неабходнасці прымаць аператыўныя меры па аднаўленні працаздольнасці абсталявання Беларускай АЭС з вытворчых запасаў АТ «Канцэрн Расэнергаатам», забяспечыць фарміраванне цаны на ядзернае паліва як для расійскіх АЭС. 

Таксама ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў ад 3 сакавіка 2015 года. Змяненні, прадугледжаныя Пратаколам, накіраваны на забеспячэнне прадастаўлення грамадзянам аднаго боку Пагаднення дадатковых гарантый па бесперашкоднаму спагнанню аліментаў з даўжнікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны іншага боку Пагаднення. 

З мэтай умацавання супрацоўніцтва з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі прыняты адразу два законапраекты, якія датычацца ўзаемадзеяння ў галіне бяспекі і супрацьдзеяння тэрарызму, а таксама узаемапаразумення па пытаннях узаемнага прызнання і абмену вадзіцельскіх пасведчанняў. 

Як паведаміў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі і супрацьдзеяння тэрарызму паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў распрацавана з мэтай актуалізацыі прававых падстаў і далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы барацьбы са злачыннасцю. «Пагадненнем вызначаны напрамкі і формы ўзаемнага супрацоўніцтва, ключавымі з якіх з’яўляюцца: абмен інфармацыяй аб учыненых або падрыхтоўчых злачынствах, асобах, якія іх учынілі, новых спосабах учынення злачынстваў і метадах барацьбы са злачыннасцю; правядзенне сумесных мерапрыемстваў і прыняцце мер па прадухіленні злачынстваў; выкарыстанне кантралюемай пастаўкі для выяўлення незаконнага абароту наркотыкаў; каардынацыя дзейнасці ў рамках міжнародных форумаў; аказанне садзейнічання ў падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў», — канкрэтызаваў ён. 

Акрамя таго, ратыфікаваны пагадненні паміж урадамі Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеяй. Адно з іх датычыцца пазбягання двайнога падаткаабкладання і прадухілення ўхілення ад уплаты падаткаў у адносінах падаткаў на даходы і маёмасць. Другое пагадненне звязана з заахвочваннем і ўзаемнай абаронай інвестыцый. 

Ратыфікавана і Пагадненне аб правілах выпуску (выдачы), абыходжання і пагашэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза складскіх пасведчанняў на сельскагаспадарчую прадукцыю. 

Асаблівыя ўмовы для ветэранаў вайны, павышэнне статуса ветэрана працы, новыя паўнамоцтвы следчых

Адзін з чакаемых законапраектаў — «Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў» — разгледжаны ў першым чытанні. Як падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ірына КАСЦЕВІЧ, сацыяльная абарона ветэранаў з’яўляецца адным з элементаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. 

У праекце закона — два блокі ключавых змяненняў. Перш за ўсё, яны звязаны з узмацненнем сацыяльных льгот і гарантый для асобных катэгорый насельніцтва: ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашызму і воінам-інтэрнацыяналістам. Па словах Ірыны Касцевіч, павялічваецца матэрыяльная падтрымка ваеннаслужачым, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за бездакорную службу ў тыле падчас Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікам тылу, узнагароджаным за самаадданую працу, былым вязням фашызму. 

«Разумеючы іх дастаткова сур’ёзны ўзрост, сёння яны вельмі маюць патрэбу ў пашырэнні льгот з боку аховы здароўя, — канкрэтызавала дэпутат. — Разглядаюцца такія льготы, як бясплатнае прадастаўленне лекаў, тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне». 

Прадугледжаны пэўныя льготы ў сферы аховы здароўя і для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Плануецца, што яны будуць атрымліваць бясплатныя лекі, бясплатнае пратэзаванне зубоў, санаторна-курортнае лячэнне. 

Наступны блок навацый звязаны са змяненнем падыходаў да статуса ветэрана працы. Прапаноўваецца закласці норму-парог для атрымання гэтага статуса: для жанчыны працоўны стаж павінен складаць 40 гадоў, для мужчыны — 45 гадоў. 

Ірына Касцевіч звярнула ўвагу на тое, што гэта новы падыход, але за ім стаіць сучасны погляд на ганаровы статус чалавека працы, які, па яе словах, атрымаць сёння рэальна. Яна паведаміла, што ў працоўны стаж, неабходны для атрымання статуса ветэрана працы, будуць уключацца і вучоба, і служба ў арміі, і адпачынак па доглядзе за дзіцём, і адпачынак па доглядзе за састарэлымі бацькамі. «Мэта — падняць статус чалавека працы, стымуляваць на працяглую працоўную дзейнасць», — патлумачыла неабходнасць змяненняў старшыня Пастаяннай камісіі. Пры гэтым для грамадзян, якія маюць такі працяглы стаж, прадугледжана павышэнне пенсіі.

Акрамя таго, у другім чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях Следчага камітэта». У прыватнасці, Следчаму камітэту прадастаўляюцца паўнамоцтвы ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі без згоды фізічных асоб атрымліваць звесткі з інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), якія ўтрымліваюць персанальныя даныя, і мець доступ, у тым ліку, аддалены, да гэтых рэсурсаў (сістэм). Павялічваецца гранічны ўзроста для прыёму на службу ў Следчы камітэт — з 25 да 28 гадоў. Грамадзянам, прынятым (залічаным) ва ўстанову вышэйшай адукацыі МУС для атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях для Следчага камітэта, прадастаўляецца статус супрацоўніка Следчага камітэта. У асоб радавога і малодшага з кіруючага саставу Следчага камітэта выключаецца абвязак штогод прадастаўляць дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.