Вы тут

Фільм пра падзеі, што папярэднічалі аперацыі «Баграціён», прадставілі ў Мінску


«Час вяртацца» — новы беларускі фільм, прэм’ера якога адбудзецца на пачатку мая. Якраз напярэдадні святкавання Перамогі, у год, калі адзначаецца 80-годзе вызвалення Беларусі. Зразумела, што ў стужцы, якую зняў рэжысёр Іван Паўлаў па сцэнарыі Таццяны Команавай, адлюстраваныя падзеі таго часу. 1944 год, чэрвень. На Аршаншчыне лютуюць карнікі, палююць на партызан, у якіх асаблівыя заданні ад камандавання. Гэта цяпер мы ведаем, што аперацыя «Баграціён» прывяла да разгрому нямецкай групіроўкі арміі «Цэнтр» і адкрыла шлях да вызвалення Беларусі. Але напярэдадні яе пачатку людзі, якія жылі ў акупацыі, маглі толькі спадзявацца на цуд — бо вораг умацоўваў абарону і імкнуўся зачысціць тэрыторыю ад сіл супраціву. І гэты цуд рыхтавалі ў тым ліку партызаны, забяспечваючы ўдар па праціўніку з нечаканага боку --- беларускіх балот... 


Праца над фільмам пачалася акурат у дзень пачатку аперацыі «Баграціён» — летась, 23 чэрвеня. І ў гэтым рэжысёр бачыў вялікі сімвалізм. Скончылі здымаць ужо да верасня (наступальная аперацыя савецкіх войскаў на беларускім напрамку скончылася 29 жніўня). Закладваючы такія даты, трэба было быць вельмі ўпэўненым у поспеху... Ці поспех прадугледжваўся ўжо ў залежнасці ад тэмы і звароту да аперацыі «Баграціён». Але сутнасць у тым, што нам ніяк не забыць пра падзеі вайны — і кіно ў гэтым робіць сваю справу. Рэжысёр падкрэсліў, што арыентаваўся на моладзь, каб яна паглядзела, што такое вайна, і як здабывалася перамога. 

Пра моладзь як асноўную частку глядацкай аўдыторыі фільма «Час вяртацца» і пра неабходнасць набліжэння да гістарычнай праўды ў такіх фільмах казаў Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў:

— Што тычыцца Беларусі і беларускага народа, я хачу нагадаць, што мы асэнсавана ўжываем тэрмін «беларуская партызанская вайна». Беларускі партызанскі рух у гады Другой сусветнай вайны быў масавы. У Беларусі ў актыўнай фазе партызанскай вайны бралі ўдзел 374 тысячы чалавек. І з гэтых 374 тысяч — 70 працэнтаў удзельнікаў складалі этнічныя беларусы і беларускі ( а з іх 16 працэнтаў — жанчыны, і 50 — моладзь ад 15 да 25). Меў рацыю Алесь Адамовіч, калі называў партызанскую вайну ў Беларусі «вялікім паходам дзяцей». Самая вялікая страта — дэмаграфічны патэнцыял, людскі патэнцыял. Наша найвялікшая трагедыя, якая прайшла па сем’ях.— сумны антырэкорд. Гэта рэчы, пра якія мы павінны памятаць... Многія не разумеюць, у чым геніяльнасць аперацыі «Баграціён». Самае геніяльнае — гэта дзейнасць нашай разведкі. Немцы былі ўпэўненыя, што ў 44-годзе ў Беларусі наступлення не будзе. Меркавалі, што Чырвоная армія будзе наступаць на поўдні. Многія нямецкія камандзіры летам 1944 года сышлі ў адпачынак за дзень-два да наступлення. Аперацыя рыхтавалася ў строгай сакрэтнасці. Але фільм — гэта мастацкі твор. Казаць, што у ім ёсць гіпербалізацыя паказу знішчэння мірнага насельніцтва не выпадае — гэта было насамрэч. І было яшчэ горш. Але я разумею, што ёсць абмежаванне «12+». Адлюстравана баявая садружнасць народаў Савецкага Саюза — такія прыклады можна прыводзіць бясконца. Але найбольш важна адлюстраванне таго, што нягледзячы ні на што нашы людзі заставаліся людзьмі. Яшчэ важны момант: беларускі народ ва ўмовах акупацыі. У што ён верыў, тое ён і спавядаў. Колькасць здраднікаў сярод нас была мінімальная. Колькасць людзей, якія ратавалі чужых дзяцей, у тым ліку яўрэйскіх, была каласальная. Мы засталіся людзьмі. Ніводнага факта спантаннага самасуду суседзяў суседзямі гісторыкі не ведаюць. Так, былі паліцаі, яны разам з фашыстамі выконвалі акцыі па знішчэнні, але спантанных — знізу — самасудаў не было. Таму такія фільмы, як і наша рэальная гісторыя, павінны мацаваць нацыянальную тоеснасць на любові, а не на нянавісці. На прыкладзе герояў, прапаведнікаў святла... Чаго мне сёння нестае як гледачу? Мне нестае экранізацый велічнай беларускай літаратуры і драматургіі. Даўно прыйшоў час паставіць велічную сагу па «Мінскім напрамку» Мележа. Ёсць і шмат іншых вартых увагі пісьменнікаў. Блокбастэры — гэта, канешне, добра. Але ніякі блокбастэр немагчыма параўнаць з лёсам чалавека... Кажуць, што «Беларусьфільм» называлі «Партызанфільмам». Дык ён быў класным «Партызанфільмам»! І гэтая тэматыка нікуды не падзенецца, таму што параметры калектыўнай ідэнтычнасці — як савецкай, так і беларускай — неадрыўныя ад гэтага болю. 

Пракат фільма ў кінатэатрах Беларусі пачнецца 2 мая. 

Прэв’ю: pixabay.com

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.