Вы тут

Як не дапусціць пажару і што важна прадугледзець дарослым?


Жудасная трагедыя мінулымі выхаднымі адбылася на Брэстчыне. У нядзелю сярод дня ў вёсцы Ястрабель Бярозаўскага раёна загарэўся жылы дом. У агні загінулі чацвёра дзяцей. Самаму старэйшаму было шэсць гадоў, малодшаму — усяго два месяцы...


Наступствы пажару ў Бярозаўскім раёне, на якім загінулі чацвёра дзяцей

Першым аб пажары супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміў відавочца здарэння. Затым на лінію «101» патэлефанавала жанчына, як высветлілася — гаспадыня хаты. Яна пацвердзіла страшнае: у доме, ахопленым полымем, знаходзяцца яе чацвёра малых дзяцей. Ратавальнікі аператыўна прыбылі да месца выкліку. Хата гарэла адкрытым агнём. Дзеці, якіх вынеслі на свежае паветра, былі без прыкмет жыцця. Выратавацца ўдалося толькі іх маці і яе чатырохгадовай дачцэ. Яны шпіталізаваны.

Агонь знішчыў дах, перакрыцці, маёмасць у доме, пашкодзіў сцены. Следчыя абласнога апарату ўпраўлення з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці і супрацоўнікаў МНС праводзяць агляд месца здарэння. Ратавальнікі аказваюць псіхалагічную дапамогу сваякам загінулых дзяцей. Папярэдне ўстаноўлена, што шматдзетная сям’я па месцы жыхарства характарызуецца станоўча. Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 304 (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Усе абставіны, а таксама прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі трагедыі, будуць устаноўлены падчас следства.

Ад п’янства да гібелі — адзін крок

Як адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, з пачатку года ідзе павелічэнне колькасці пажараў у параўнанні з папярэднімі перыядамі, гэта датычыцца і гібелі людзей ад іх. «Па стане на 14 красавіка ў краіне адбылося 1670 пажараў (павелічэнне на 8,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), колькасць загінулых складае 198 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей (павелічэнне на 16,5%), — канкрэтызуе ён. — Асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў застаюцца нязменнымі. З-за парушэння правіл устанаўлення і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання адбылося 32,5% ад усіх пажараў. Па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём — 29,9%. Па прычыне парушэння правілаў уладкавання і эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад зарэгістравана 25,6% пажараў».

Найбольшая колькасць людзей загінула на пажарах, якія адбыліся з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, — 139 чалавек (або 70,2% ад агульнай колькасці загінулых). З іх 128 чалавек заўчасна пайшлі з жыцця ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.

Яўген Бараноўскі звяртае ўвагу на ўзаемасувязь людзей, якія кураць у стане алкагольнага ап’янення, і ахвяр пажараў. «Са 198 загінулых 124 чалавекі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, — удакладняе афіцыйны прадстаўнік ведамства. — Гэтае пытанне сёння стаіць найбольш востра. Мы рэалізуем мноства мерапрыемстваў, у прыватнасці штогадовыя акцыі, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да гэтай праблематыкі, імкнёмся дайсці да кожнага. Непасрэдна працуем з людзьмі на месцах. Дадаткова арганізоўваем шырокамаштабныя інфармацыйныя кампаніі, каб ахапіць максімальную аўдыторыю. Магчыма, людзі і не сутыкаюцца з гэтай праблемай, але яны павінны разумець, што яна існуе. Практычна кожны дзень ратавальнікі дастаюць або з задымленага памяшкання, або з будынка, які гарыць, загінулых людзей».

АПА ратуе жыцці

Нярэдка заканчваецца трагедыяй і дзіцячае свавольства з агнём.

— З самага ранняга ўзросту навучыце дзяцей бяспецы і раскажыце ім, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, — звяртае ўвагу дарослых афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Не пакідайце малых без нагляду, нават 5–10 хвілін могуць прывесці да непапраўнага. Выконвайце правілы пажарнай бяспекі самі і будзьце прыкладам малодшаму пакаленню. Не курыце ў ложку, не выкідвайце непатушаныя запалкі і цыгарэты. Сачыце за спраўнасцю электраправодкі, выконвайце правілы эксплуатацыі газавага абсталявання і пячнога ацяплення. Усталюйце дома аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, здольныя на ранняй стадыі выявіць пажар.

Пра ратавальную функцыю гэтых устройстваў сказана ўжо нямала. Практычна кожны дзень аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі дазваляюць не дапусціць трагедыі. Аб гэтым сведчаць факты. Вось толькі апошнія з іх.

Вечарам 13 красавіка ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Аргелаўшчына Капыльскага раёна. Па прыбыцці падраздзяленні МНС устанавілі, што жылы аднапавярховы дом гарыць адкрытым полымем. Як пазней стала вядома, калі пачаўся пажар, у хаце знаходзіўся гаспадар. Пачуўшы гукавы сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, пенсіянер прачнуўся і выйшаў на вуліцу. На гук прыбора прыйшоў і відавочца: калі б гаспадар своечасова не прачнуўся, ён не застаўся б без дапамогі. Нягледзячы на тое што ў жылым пакоі адбылося загаранне пасцельных рэчаў, гаспадар хаты не пацярпеў. Пажар быў ліквідаваны. 

Па папярэдняй версіі, здарэнне адбылося з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. У выніку агнём знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць жылога дома.

Яшчэ адна гісторыя, якая магла скончыцца трагедыяй, скончылася добра — зноў жа дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку.

Ён выратаваў бабулю і яе трох унукаў пры пажары ў Лельчыцкім раёне. Днём 14 красавіка ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры па вуліцы Чырвонаармейскай. Да месца выкліку аператыўна выехалі падраздзяленні МНС. 60-гадовая жанчына пачула гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, які спрацаваў, і разам з трыма дзецьмі (сямі, пяці і двух гадоў) самастойна выйшла на вуліцу да прыбыцця ратавальнікаў. Прычына пажару высвятляецца. Папярэдне да ўзгарання прывяло дзіцячае свавольства з агнём. Аб гэтым некаторы час будуць нагадваць знішчаная маёмасць на балконе і пашкоджаная балконная рама. Хто ведае, якія наступствы магла мець дзіцячая гульня, калі б у свой час гаспадыня за ўласныя сродкі не ўстанавіла ў кватэры чатыры аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Адсутнасць гэтага недарагога ўстройства магла каштаваць жыцця не аднаму жыхару дзесяціпавярховіка ў Магілёве. Паведамленне аб пажары паступіла ратавальнікам у ноч на суботу. Калі супрацоўнікі МНС прыехалі на месца здарэння, з акна кватэры на пятым паверсе ішоў дым. Было ўстаноўлена, што кватэра належыць мужчыну 1993 года нараджэння, які пражывае ў ёй адзін, аўтаномным пажарным апавяшчальнікам яна абсталявана не была. Аб узгаранні ў МНС паведаміў сам гаспадар, ён самастойна пакінуў памяшканне. А вось яго суседзям дапамога была патрэбна. З кватэры на дзявятым паверсе ратавальнікі вывелі дваіх чалавек — жанчыну 1985 года нараджэння і яе сына 2021 года нараджэння. Пацярпелыя былі шпіталізаваны з атручэннем прадуктамі гарэння лёгкай ступені. З вышэйшых паверхаў ратавальнікі эвакуіравалі дзевяць дарослых. На шчасце, ніхто з іх не пацярпеў. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні гаспадара кватэры на пятым паверсе.

Па словах Яўгена Бараноўскага, ратавальнікі настойваюць, каб людзі ўстанаўлівалі ў сябе дома аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. «Але ў аснове ўсяго ляжыць усвядомленасць нашых людзей да ўласнай бяспекі, — падкрэслівае ён. — Сёння вельмі важна разумна адносіцца да гэтых рэчаў, вучыцца на чужых памылках, глядзець, што адбываецца вакол, і, вядома, прымаць усе неабходныя меры для таго, каб забяспечыць сваю бяспеку, бяспеку блізкіх, дзяцей. 

Трэба вучыць іх правілам бяспекі, распаўсюджваць свае веды для таго, каб у першую чаргу не шкадаваць аб тых жудасных наступствах, якія могуць адбыцца».

Дайсці да кожнага

З мэтай павышэння ўзроўню культуры бяспекі сярод насельніцтва Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях у перыяд з 15 красавіка да 1 мая арганізавана правядзенне традыцыйнай рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жылым фондзе ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд «За бяспеку разам». Да мерапрыемстваў далучыліся Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства энергетыкі, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.

Падчас акцыі акцэнт робіцца на абследаванні супрацьпажарнага стану домаўладанняў адзінокіх пажылых грамадзян і тых, хто пражывае адзінока, інвалідаў, сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З імі праводзіцца тлумачальная работа па выкананні правілаў пажарнай бяспекі, насельніцтва інфармуюць аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг па забеспячэнні іх бяспекі.

Дарэчы, у рамках акцыі звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання супрацьпажарнага стану свайго жылля можа любы ахвотны. Ратавальнікі нагадваюць: у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці, ускладзена на іх уласнікаў. Таму ратавальнікі рэкамендуюць праверыць на спраўнасць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, а ў выпадку іх адсутнасці — устанавіць іх у жылых памяшканнях домаўладання. Варта звярнуць увагу і на спраўнасць ацяпляльнага абсталявання, электрычнай праводкі. І самае галоўнае, ні пры якіх абставінах не пакідаць дзяцей без нагляду дарослых.

Калі сталі сведкам здарэння, тэлефануйце ў службу ратавання па тэлефонных нумарах «101» або «112».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.