Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат».
На парадку дня парламентарыя было азнаямленне з вытворчай дзейнасцю камбіната і сустрэча з працоўным калектывам, падчас якой былі ўзняты важныя і якія хвалююць беларусаў пытанні.
На пачатку размовы з работнікамі малочнакансервавага камбіната Наталля Іванаўна расказала аб сусветнай абстаноўцы і сітуацыі, якая склалася вакол Беларусі. «Мы ніколі нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. Наша задача сёння — захаваць мір і спакой, быць адзінымі, як ніколі. Вы бачыце, якія намаганні прыходзіцца прыкладаць кіраўніку дзяржавы, нашаму ўраду, усім, хто працуе ў органах улады, і ў цэлым нам усім, каб мы маглі спакойна і мірна жыць. Каб мы не былі ўцягнуты ў ваенныя канфлікты, гэта вельмі няпроста. Усё сёння залежыць ад кожнага з нас. Калі мы будзем думаць, што хтосьці там нешта вырашыць — няправільна, так ужо не будзе ніколі, таму што навакольны свет іншы».
Спікер нагадала: у сувязі з тым, што час дыктуе свае тэндэнцыі, былі прыняты змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, якія падтрымалі больш за восемдзясят працэнтаў насельніцтва. У Савеце Рэспублікі была адкрыта грамадская прыёмная, у якую паступіла больш за 500 прапаноў, члены верхняй палаты парламента ўнеслі каля 100 прапаноў у Асноўны Закон, многія з іх былі падтрыманы. Былі перапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй 86 законаў, якія дзейнічаюць, было прынята некалькі абсалютна новых, у тым ліку аб Усебеларускім народным сходзе. Таму што УНС, якіх у нашай краіне прайшло шэсць, быў нададзены статус канстытуцыйнага органа — найвышэйшага прадстаўнічага органа народнай улады.
«Чаму такую ўвагу я ўдзяляю заканадаўству? Таму што наша дзяржава — прававая, мы жывём па законах. Кожны грамадзянін павінен выконваць тыя абавязкі, якія вызначаюцца законам. Наша дзяржава — народная, улада — народная. Таму мы павінны былі ўсё адпрацаваць. База сабрана вялікая: у нас дзейнічае больш за 2300 законаў, па якіх мы жывём», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Яшчэ адзін кірунак дзейнасці парламентарыяў — работа з людзьмі. «Для нас вельмі важна ведаць тэндэнцыі, якія складваюцца, каб аператыўна ў заканадаўчым плане рэагаваць на праблемы, што хвалююць грамадства. Значную ролю ў гэтай рабоце адыгрывае экспертны савет, створаны пры Савеце Рэспублікі. Усе нарматыўныя прававыя акты, якія падпісвае Прэзідэнт, мы разглядаем на пасяджэнні экспертнага савета. У залежнасці ад дакумента, які разглядаем, на пасяджэнне запрашаюцца кіраўнікі прадпрыемстваў, спецыялісты ў той ці іншай сферы», — зазначыла Наталля Качанава.
Спікер падкрэсліла, што сёння ёсць праблема занятасці насельніцтва. «Размова не ідзе аб тым, што патрэбны рабочыя месцы. Мы гаворым аб тым, што іх дастаткова, але трэба, каб людзі працавалі. На жаль, сёння ёсць грамадзяне, якія не працуюць зусім (гаворка не аб тых катэгорыях, якія вядуць асацыяльны лад жыцця). Яны маюць даход, аднак не працуюць, не ўдзельнічаюць разам з намі ў фінансаванні тых затрат, якія датычацца сацыяльнай сферы. А вы ведаеце, што наша дзяржава сацыяльна арыентаваная, яна ўзяла на сябе пытанні аховы здароўя, адукацыі, культуры, бяспекі і інш. Усё гэта фінансуецца з бюджэту, таму мы павінны працаваць».
Прэзідэнт паставіў задачу: нашы людзі не павінны адчуць на сабе санкцыі. Былі вырашаны многія складаныя задачы, як вынік — ні адна сацыяльная праграма не была спынена. Усё працуе, як і раней: у мінулым годзе пенсіі павышаліся двойчы, у пазамінулым — тройчы, цяпер сярэдняя пенсія па краіне складае 811 рублёў. «У нашай краіне сёння мноства прадпрыемстваў і арганізацый, якім патрэбны людзі. Трыадзінства „цэны — занятасць — зарплата“ непарыўна звязаны адно з адным», — сказала Наталля Іванаўна.
Старшыня верхняй палаты парламента нагадала, якія задачы былі вызначаны VІ Усебеларускім народным сходам, у іх ліку — моцныя рэгіёны: «Людзі павінны жыць і развівацца ў рэгіёнах, неабходна ствараць камфортныя ўмовы для іх рэалізацыі. Гэта вельмі правільна. Павінны быць і сацыяльныя аб’екты, і працоўныя месцы, усё астатняе. Вось у Глыбокім малочнакансервавы і мясакамбінат — выдатныя прадпрыемствы, дзе можна і трэба працаваць. Глыбокае вельмі добраўпарадкавалі да Дня беларускага пісьменства, потым да „Дажынак“. Чаму не жыць?»
Дэмаграфічная бяспека — без гэтага нікуды. Таму адзін з найважнейшых вектараў развіцця краіны — шчаслівая сям’я. «Мы бачым, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці — пытанне, актуальнае не толькі для нашай краіны. Пад эгідай Савета Рэспублікі мы праводзім мноства мерапрыемстваў, якія накіраваны на ўмацаванне статусу сямейных каштоўнасцяў, працуем разам з Беларускай праваслаўнай царквой, бо разумеем, што за гэтым — будучыня. За мяжой ідзе прапаганда аднаполых шлюбаў, але ў сям’і, дзе два таты або дзве мамы, не народзяцца дзеці — такога не прыдумалі. Мы не маем права гэта прапагандаваць, гэта не нашы традыцыйныя каштоўнасці, у Беларусі так ніколі не было і быць не павінна. Таму ў нас цяпер адзначаецца не толькі Дзень маці, але і Дзень бацькі. Першы тыдзень бацькоўскай любові летась мы правялі ў Полацку сумесна з праваслаўнай царквой у фармаце «Размовы аб важным», — расказала спікер.
Тыя падыходы, якія былі вызначаны для падтрымкі шматдзетных сем’яў (сямейны капітал і інш.), далі свае вынікі.
У 2014 годзе ў краіне налічвалася каля 77 тысяч шматдзетных сем’яў, сёння — пад 130 тысяч. І калі абмяркоўвалася ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у Асноўны Закон, то паняцце сям’і канкрэтызавалі — гэта шлюб паміж мужчынам і жанчынай. Гэты ж пасыл закладзены і ў праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якая будзе вынесена на зацвярджэнне УНС.
Нароўні з падтрымкай шматдзетных сем’яў ішла размова аб тым, што ў краіне ёсць сіроты. І гэта не біялагічнае, а сацыяльнае сіроцтва — калі дзяржава бярэ на сябе абавязкі выхавання дзяцей, якіх па пэўных прычынах не могуць выхоўваць родныя бацькі. У кожным горадзе і раёне ёсць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, у якіх выхоўваюцца дзеці, што апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. «Калі ў нас не будзе гэтых сірот, тады мы зможам гаварыць пра шчаслівае грамадства. А пакуль яны выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, людзі павінны ведаць, што дзяржава заўсёды будзе побач, але і трэба разумець сваю адказнасць», — сказала Старшыня Савета Рэспублікі.
«Дзяржава — партнёр» — гэта ўсебаковая падтрымка сваіх грамадзян. «Інтэлектуальная краіна» — усё, што датычыцца інавацыйных тэхналогій і развіцця. Нядаўна наша беларуска вярнулася з космасу, гэта цэлая навука і наш гонар.
«Такім чынам, былі вызначаны кірункі дзейнасці, у адпаведнасці з якімі будуецца наша дзяржаўная палітыка. Без гэтага не будзе падмурка. Прэзідэнт сказаў: нас выратуе эканоміка. Таму такая вялікая ўвага рабоце прадпрыемстваў і арганізацый, абстаноўцы, якая складваецца ў калектывах, задачам, якія стаяць перад імі. Сёння трэба жыць і думаць наперад, у тым ліку — у галіне імпартазамяшчэння», — акцэнтавала Наталля Качанава.
Старшыня верхняй палаты парламента падкрэсліла, што вялікая работа праводзіцца не толькі з насельніцтвам, але і з дэпутацкім корпусам. Але і ў гэтай сферы ёсць яшчэ над чым працаваць. «Мы імкнёмся выбудаваць такую сувязь паміж мясцовай уладай і людзьмі, каб дэпутаты хутчэй даносілі насельніцтву новаўвядзенні. Мы ўзялі ўжо за традыцыю ўсенародна абмяркоўваць законапраекты, каб ад людзей на месцах атрымліваць зваротную сувязь. Усё працуе на карысць народа, таму мы павінны ведаць, у які бок рухацца». Наталля Качанава адзначыла, што ў Савет Рэспублікі паступае шмат зваротаў ад насельніцтва. За чатыры гады сенатары разгледзелі каля 30 тысяч зваротаў. «Мы разумеем недапрацоўкі ў гэтых пытаннях. Многія з праблем могуць і павінны вырашацца на месцах. А нам трэба падказаць, што ў той ці іншы закон трэба ўнесці такую норму».
Наталля Качанава засяродзіла ўвагу на ролі сродкаў масавай інфармацыі ў камунікацыі паміж органамі ўлады і людзьмі. «Трэба заўсёды гаварыць праўду. Мы нічога не хаваем ад народа. Людзі вельмі тонка адчуваюць хлусню. Сёння СМІ знаходзяцца на гібрыднай вайне. З усіх бакоў ідуць інфармацыйныя ўкіды, якія пачынаюць бударажыць чалавечы розум. І калі чалавек да канца не разумее ўсіх працэсаў навокал, яму будзе складана разабрацца ў сутнасці».
Яшчэ адна тэма, якую закранула спікер падчас адкрытага дыялогу, — наркотыкі. «Нягледзячы на тое, што ў нашай краіны развіты моцныя міжнародныя сувязі, нам не дадуць жыць спакойна. Нас усё роўна будуць імкнуцца правяраць на трываласць, і, канешне, мяне вельмі хвалюе той факт, што ў сеткі наркагандлю ўцягваецца наша моладзь. Калі маладыя людзі трапляюць за краты за распаўсюджванне наркатычных рэчываў, гэта вельмі страшна і балюча.
У інтэрнэце на кожным кроку прапановы лёгкага заробку. Колькі сёння спыняюць каналаў збыту і пастаўкі наркотыкаў! Калі ласка, глядзіце за сваімі дзецьмі, падказвайце і накіроўвайце. Іншым часам маладыя людзі нават не разумеюць, куды трапляюць. Гэтага нельга дапусціць, грамадству трэба агулам падключыцца да гэтай праблемы», — заключыла Наталля Іванаўна.
Па выніках размовы прысутныя змаглі задаць парламентарыю пытанні. Наталля Качанава расказала аб задачах, якія стаяць перад членамі Савета Рэспублікі 8-га склікання, ці цяжка жанчыне быць палітыкам. Работнікі камбіната ўздымалі пытанні аднаўлення дзіцячага аздараўленчага лагера ў Полацкім раёне, добраўпарадкавання месцаў адпачынку ў сельскай мясцовасці, будаўніцтва жылля і іншыя.
Напрыканцы адкрытага дыялогу Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што размова аказалася цёплай і карыснай.
«Я люблю сустрэчы ў калектывах, выязджаць у рэгіёны. Гэту задачу перад намі ставіць Прэзідэнт, заўсёды гаворыць аб тым, што няма нічога лепшага за тое, калі глядзіш у вочы людзям, з якімі размаўляеш. Мы даносім праўдзівую інфармацыю аб тым, чым сёння жыве краіна».
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота БелТА
Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».
Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.