Вы тут

Пазнаёміліся з дэлегатамі УНС, якія прадстаўляюць мясцовыя Саветы


Роўна праз тыдзень пачне сваю работу Усебеларускі народны сход, які, паводле Канстытуцыі, цяпер набыў статус найвышэйшага органа народнай улады. Сярод 1200 яго дэлегатаў — прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, кіраўнікі вялікіх прадпрыемстваў і жыхары невялікіх вёсак. Мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з дэлегатамі УНС з розных куточкаў Беларусі. Нашы ўласныя карэспандэнты пагаварылі з тымі, хто быў выбраны на прадстаўнічы сход ад мясцовых Саветаў. Гэтых людзей аб’ядноўвае любоў да месца, дзе яны жывуць, і клопат аб тым, каб малая радзіма жыла і развівалася.


«Без сваіх аднавяскоўцаў я наогул нічога не дабілася б у жыцці»

«Людзі вельмі прасілі, я і пайшла...» Так аб пачатку сваёй дэпутацкай дзейнасці на вёсцы расказвае Наталля Пінчук. Наталля Пятроўна — дэпутат Паселіцкага сельсавета — дэлегат Усебеларускага народнага сходу, на якім будзе прадстаўляць родны Хойніцкі раён Гомельшчыны.

Фота з архіва гераіні

Жыве і працуе народная выбранніца ў вёсцы Звяняцкае Паселіцкага сельсавета. Наталля Пінчук — загадчыца філіяла «Звяняцкі сельскі клуб-бібліятэка» Хойніцкага раённага дома культуры.

«Вельмі адказная, уважлівая, спагадлівая да людзей. Усе яе так і называюць — «Наша Наташа» — і душэўна расказваюць пра свайго дэлегата ў раённым Савеце дэпутатаў.

Паселіцкі сельсавет, на тэрыторыі якога жыве і працуе Наталля Пінчук, другі па велічыні ў Хойніцкім раёне і найбольш пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС. Практычна ўсе населеныя пункты сельсавета ў свой час трапілі пад абавязковае адсяленне. Колькасць насельніцтва і ў цэлым домаўладанняў на гэтай тэрыторыі зменшылася амаль у чатыры разы.

— Сама родам з вёскі Веляцін. Выйшла замуж і пераехала ў Звяняцкае, дзе і жыву ўжо 15 гадоў. 

У вёсцы ў нас — 83 чалавекі. Дзяцей да 18 гадоў — каля трыццаці чалавек. Ёсць шматдзетныя сем’і, шмат людзей шаноўнага ўзросту, — расказвае Наталля Пятроўна.

Больш чым дзесяць гадоў яна працуе загадчыцай мясцовага клуба-бібліятэкі. Амаль увесь гэты час заставалася і ўпаўнаважаным старшыні Паселіцкага сельсавета па вёсцы Звяняцкае. Шэсць гадоў таму вяскоўцы вылучылі Наталлю Пінчук у дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў.

У іх вёсцы няма ўстановы адукацыі: дзяцей у школу і сад дастаўляюць на аўтобусе ў цэнтр сельсавета — Паселічы. Гандаль забяспечвае мабільны комплекс ад крамы буйной гандлёвай сеткі, якая працуе ў райцэнтры. У свой час як дэпутат менавіта Наталля звяртала ўвагу мясцовых улад на вырашэнне гэтага пытання. Галоўнымі сацыяльна значнымі аб’ектамі для вяскоўцаў Звяняцкага застаюцца клуб-бібліятэка і фельчарска-акушэрскі пункт.

— Прыходзяць з навінамі, ідэямі, пытаннямі, праблемамі, калі нешта трэба ці штосьці здараецца. Бывае, калі позна ўвечары хто са старых дрэнна сябе адчувае, таксама тэлефануюць адразу мне. Прыбягу і ціск артэрыяльны памераю, і «хуткую» выклікаю, калі трэба. Чацвёрты год, як села за руль, дык у нас ужо свае рытуалы: толькі ад’еду з двара, ужо мае вяскоўцы бачаць, што машыны няма, значыць, у горад паехала, тэлефануюць, просяць штосьці прывезці. Просяць і ў бальніцу адвезці ці даставіць у горад, калі штосьці трэба, — шчыра апісвае сваё вясковае жыццё-быццё Наталля Пятроўна. — Мая важная задача — перадаць у сельсавет, што неабходна маім вяскоўцам, чым трэба дапамагчы. Напрыклад, узімку дарогу пачысціць ад снегу, па вясне — прагрэйдзіраваць.

Іх вёска цягнецца ўздоўж доўгай цэнтральнай вуліцы, што таксама ўплывае на работу дэпутата.

— Прыязджае мабільная крама, ведаю, што ўсе там збіраюцца, таму абавязкова іду. Агучваюць, у каго якія навіны, у каго якія цяжкасці, якія ёсць просьбы, — тлумачыць Наталля Пінчук.

Між тым дазнаюся, што менавіта мясцовыя жыхары Звяняцкага вылучаюцца вельмі актыўнай падтрымкай мясцовых органаў кіравання і самакіравання. Шчыра «хварэюць» за свой населены пункт, дапамагаюць у добраўпарадкаванні. Так, аднымі з першых у сельсавеце цалкам сваімі сіламі добраўпарадкавалі мясцовыя могілкі. Падключыліся да гэтай справы фінансава нават ураджэнцы вёскі, якія ўжо многія гады жывуць у розных краінах свету, але ўсё роўна памятаюць родную вёску і жадаюць, каб яна жыла, квітнела і прыгажэла. 

Аб’ядноўвае, натхняе на актыўнасць жыхароў і ўраджэнцаў Звяняцкага якраз дэпутат Наталля Пінчук. Яе сям’я і аднавяскоўцы ганарацца, што іх Наталлю выбралі дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

— Без сваіх аднавяскоўцаў я наогул нічога не дабілася б у жыцці. Я і як дэпутат адбылася, дзякуючы таму, што яны са мною і за мяне. Ці то на суботнікі клічу, ці то на любое мерапрыемства, любую ідэю прапаноўваю — усе падтрымліваюць. Вельмі ўдзячная ім, — дзеліцца Наталля Пятроўна. — Калі сабраліся ў нашым сельсавеце на сход з нагоды вылучэння кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу і ўсе прапанавалі маю кандыдатуру, я была проста ў шоку. Ніколі не магла падумаць, што ў маім жыцці ўвогуле можа такое адбыцца. Была пад вялікім уражаннем, калі разам са старшынёй Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Людмілай Рудчанка прымалі ўдзел у сесіі абласнога Савета дэпутатаў, калі праходзіла галасаванне за кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Калі назвалі маё імя, вельмі хвалявалася, бо гэта такі гонар, а разам з тым такая вялікая адказнасць перад жыхарамі не толькі сваёй вёскі, а раёна, вобласці, краіны. Безумоўна, мяне хвалюе развіццё раёнаў Гомельскай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, але і ў цэлым развіццё сельскіх тэрыторый, лёс нашай беларускай вёскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


З любоўю да роднай мясціны

Таццяна Пішч дбае аб захаванні культурнай спадчыны: песень, танцаў, мовы, традыцый

Загадчыца Навасёлкаўскага сельскага дома культуры Ляхавіцкага раёна Таццяна Пішч у якасці дэлегата УНС прадстаўляе Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў, які яе ў свой час вылучыў. У сваім раёне Таццяна Аляксееўна чалавек вельмі вядомы. Без яе і калектыву «Вечарніца», якім яна кіруе, не абыходзіцца ніводнае свята. Сама яна лёгка мяняе вобразы, паспяхова выступае на сцэне ў розных амплуа, але адзін вобраз — ляхавіцкай Лявоніхі — стаў яе своеасаблівай візітоўкай. Гэты вобраз палюбіўся ўсім гледачам.

Фота з архіва Таццяны Пішч

На «Дажынках», іншых фестывалях, аглядах мастацкай самадзейнасці публіка заўсёды чакае Лявоніху і не шкадуе апладысментаў. А з народным ансамблем гумару і песні «Вечарніца» калектыў пабываў на гастролях не толькі ў розных рэгіёнах нашай краіны, але і за яе межамі. «Вечарніцу» чакаюць камбайнеры ў полі, жывёлаводы падчас перазменкі, жыхары вёсак, у якіх засталося да дзясятка чалавек. І ансамбль не падманвае чаканні, прыязджае, каб выступіць перад землякамі, стварыць добры настрой, акунуць працаўнікоў у атмасферу прыгажосці, музыкі. І гэта не проста работа Таццяны Пішч цягам 35 гадоў, гэта стыль яе жыцця.

Таццяна Аляксееўна расказала, што любоў да народных песень, танцаў, жартаў, прыпевак у яе ад бацькоў, жыхароў вёскі Вялікае Падлессе. Бацька шмат гадоў спяваў у хоры, створаным некалі знакамітым Генадзем Цітовічам. Маленькая Таня сядзела на рэпетыцыях ды натхнялася народнай творчасцю, народнай мудрасцю. Ну як жа Таццяне было не прадоўжыць справу землякоў, справу культурнай асветы?!

Цяпер у яе, акрамя «Вечарніцы», ёсць дзіцячы фальклорны калектыў, аматары якога некалі падхопяць пачэсную і патрэбную справу. На гэта ў Таццяны Аляксееўны вялікія спадзяванні. З юнымі артыстамі яны не толькі развучваюць песні і танцы, але і вывучаюць народныя абрады, святы, гісторыю малой радзімы, удзельнічаюць у аўтапрабегах і іншых мерапрыемствах патрыятычнага кірунку.

— Разумею, што быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — даволі адказная місія, — разважае Таццяна Пішч. — Для мяне ўсё гэта будзе ўпершыню. Ведаю, што на форуме ў першую чаргу будуць узняты пытанні палітыкі, эканомікі, бяспекі краіны, сацыяльнага развіцця. Думаю, што блок пытанняў, звязаных з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, таксама будзе на парадку дня. Апошняе вельмі важна для выхавання нашага падрастаючага пакалення. Бачу гэта ў стасунках са сваімі юнымі выхаванцамі. Калі расказваеш, паказваеш на прыкладах, тлумачыш дзецям важнасць ведання сваёй гісторыі, сваіх вытокаў, яны адклікаюцца: пачынаюць думаць, разважаць, цаніць сваё, роднае. Зразумела, што любоў да Радзімы пачынаецца з любові да роднай мясціны, матчынай мовы, бабулінай калыханкі. Перакананая, што абсалютная большасць маіх калег-дэлегатаў неабыякавыя да названых тэм.

— Яшчэ адна актуальная тэма сённяшняга дня датычыцца ўзрастання ролі мясцовага самакіравання, — працягвае Таццяна Пішч. — Дзесяць гадоў землякі аказваюць мне давер і выбіраюць старастай вёскі Навасёлкі. Цяпер наша вёска мае статус аграгарадка, яна з’яўляецца цэнтрам сельсавета, а таксама сельгаспрадпрыемства. На тэрыторыі маюцца школа, установа аховы здароўя, уся неабходная інфраструктура. Разам з сельвыканкамам, вясковым актывам мы вырашаем розныя надзённыя праблемы, праводзім суботнікі і працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні, дбаем пра тое, каб жылося больш камфортна. Мяркую, што на дзяржаўным узроўні будзе ўзяты курс на далейшую падтрымку органаў мясцовай улады, у тым ліку і матэрыяльную падтрымку, а таксама на павышэнне яе прэстыжу. Трэба рабіць усё, каб жыццё ў вёсцы станавілася больш прывабным, каб маладыя не імкнуліся абавязкова з’язджаць у гарады. Думаю, што ў дэлегатаў з розных рэгіёнаў ёсць свае меркаванні на гэты конт. Цікава будзе імі абмяняцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ


«Наперадзе шмат работы і адчуванне вялікай адказнасці»

Спыталі ў дэлегатаў УНС ад Магілёўскай вобласці, з чым яны ідуць на народнае веча

Дэпутат Мсціслаўскага райсавета і Падсолтаўскага сельсавета Алена Хліманкова:

— Я настаўніца рускай мовы і літаратуры Падсолтаўскай школы і адначасова працую педагогам-арганізатарам. Раблю ўсё для таго, каб выхаваць у школьнікаў пачуццё адданасці сваёй малой радзіме, любові да яе. З «пярвічкамі» БРСМ і піянерскай арганізацыі рэалізуем праекты экалагічнага кірунку. Ёсць у нас праект «Зялёная стужка», падчас якога мы робім 15-хвілінныя забегі па паркавай або лясістай зоне і збіраем смецце. Другасную сыравіну, напрыклад ПЭТ-бутэлькі, здаём і атрымліваем грошы на карысныя мэты. Робім невялічкія ролікі, як мы на бягу збіраем смецце, як яго сартуем і пад якім-небудзь яркім лозунгам (а прыдумаць яго — гэта яшчэ адна з умоў праекта) размяшчаем у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Шмат праводзім мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Сёлета на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, намі будзе прадстаўлена тэатралізаваная патрыятычная кампазіцыя «Вайна-3D» з элементамі рэканструкцыі трагічных падзей, якія адбыліся ў лютым 1942 года ў вёсцы Шамава Падсолтаўскага сельсавета — масавы расстрэл яўрэяў. Звяртанне да такіх падзей вучыць дзяцей берагчы свой родны край, адчуваць адказнасць за яго захаванне, любіць вёску і не здраджваць ёй.

Сама жыву ў невялічкай вёсцы Несцерава і вельмі хачу, каб яна існавала заўсёды і ніколі не знікла. Спадзяюся, падчас работы ў якасці дэлегата УНС знайсці аднадумцаў, якія таксама заклапочаны ідэяй захавання беларускай вёскі. Магчыма, хтосьці з іх ужо ведае, як гэта зрабіць і мае напрацоўкі. Буду набірацца вопыту, слухаць калег. Наогул, вельмі хвалююча і адказна быць дэлегатам такога вялікага сходу. Чула, што яно нават праходзіць будзе незвычайна. Вельмі цікава ўбачыць усё на свае вочы і прычыніцца да гэтага.

Старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана Язерская:

— Я вельмі ўдзячная за давер нашых жыхароў, якія вылучылі мяне ў якасці дэлегата на Усебеларускі народны сход. Гэта значыць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў я змагу ў гэтым ганаровым статусе ўдзельнічаць у вырашэнні стратэгічных пытанняў для нашай краіны. Наперадзе шмат работы і ёсць адчуванне вялікай адказнасці. Мы жывём у няпростым свеце, вельмі неспакойным. Усё, што адбываецца вакол Беларусі, стварае напружанасць, неспакой у жыхароў краіны — наша задача здымаць гэтыя пытанні. Рашэнні, якія мы прымаем, будуць накіраваныя на захаванне міра і развіццё эканомікі. Болей нічога і не трэба. Калі будзе спакойнае жыццё, мы зможам спакойна развівацца.

Старшыня Магілёўскага гарсавета Максім Гурын:

— Усебеларускі народны сход атрымаў канстытуцыйны статус, і мы першыя, хто мае магчымасць працаваць у рамках яго і адстойваць інтарэсы краіны, яе стратэгію развіцця і нацыянальную бяспеку. Прэзідэнт заўсёды падкрэслівае, што мы робім усё для таго, каб забяспечваць спакой і камфорт для нашых грамадзян. І гэты сход для мяне перш за ўсё адказнасць, асабісты ўнёсак у агульную справу. Будзем разам з іншымі дэлегатамі працаваць на карысць краіны і дзеля міру ва ўсім свеце.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Весці наперад сваім прыкладам

Святлана Язерская за развіццё населеных пунктаў і сельскай гаспадаркі

У лік 44 дэлегатаў на Усебеларускі народны сход ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Віцебскай вобласці ўвайшла галоўны заатэхнік ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» Святлана Язерская.

Фота ТК «Гарадоцкі раён. Афіцыйна»

Святлана родам з вёскі Філімонава Гарадоцкага раёна. Прыказкай «Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся» ўлада тлумачыць прафесійныя поспехі жанчыны. У 2021 годзе за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё птушкагадоўлі яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.

Пасля заканчэння Даўгапольскай сярэдняй школы яна ў Віцебску атрымала спецыяльнасць «кандытар трэцяга разраду» і на працягу пяці гадоў працавала на хлебазаводзе ў паўночнай сталіцы. На змену прафесіі ў бок сельскай гаспадаркі паспрыяла сям’я — Святлана выйшла замуж і разам з мужам пераехала ў Гарадок у далёкім 1994 годзе, пачала пісаць працоўны летапіс на птушкафабрыцы.

У 2006 годзе скончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, стала заатэхнікам. На працягу амаль 20 гадоў займала пасаду галоўнага тэхнолага прадпрыемства, а цяпер шчыруе галоўным заатэхнікам. У абавязкі Святланы Аляксееўны ўваходзіць складанне тэхналагічнай праграмы па вытворчасці прадукцыі птушкагадоўлі на год, кіраўніцтва тэхналагічным працэсам утрымання і харчавання птушкі, а таксама кантроль работы заатэхнічнай службы.

Сучаснае абсталяванне дазволіла сёння павялічыць пагалоўе і павысіць вытворчасць працы. Усе асноўныя працэсы на фабрыцы аўтаматызаваныя. Асаблівым гонарам жанчына лічыць тое, што ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», павялічваючы асартымент прадукцыі за кошт сучасных тэхналогій вытворчасці, актыўна ўваходзіць у буйныя гандлёвыя сеткі нашай краіны. І, вядома, зладжаны калектыў, які стаіць за якаснай і натуральнай прадукцыяй, таксама з’яўляецца складнікам поспеху буйнога сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Калегі характарызуюць Святлану Аляксееўну як чалавека вельмі адказнага і неабыякавага да сваёй дзейнасці. Такія адносіны да прафесіі склаліся са шляху, які прайшла гераіня на прадпрыемстве ад птушніцы да галоўнага заатэхніка. Сваімі рукамі і вопытам і яна дакладна вывучыла ўсе этапы вытворчасці, таму цяпер да кіравання падыходзіць рацыянальна і ўзважана.

Сёлета Святлана Язерская будзе прадстаўляць інтарэсы жыхароў раёна на Усебеларускім народным сходзе ад Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў. «Стаць дэлегатам УНС — гэта вельмі пачэсна і адказна. Тым больш што сход пройдзе ў новым фармаце пасля мінулага рэферэндуму. Як чалавеку з вёскі, мне блізкія клопаты сельскіх жыхароў. Як сказаў наш Прэзідэнт, калі знікнуць маленькія гарады і вёскі, то можа знікнуць уся краіна, бо не будзе каму займацца сельскай гаспадаркай. Хочацца, каб ствараліся найбольш камфортныя ўмовы для іх жыцця і рэалізацыі: рабочыя месцы, якасныя дарогі, даступная ахова здароўя. Думаю, што на УНС гэтыя актуальныя пытанні будуць уздымацца», — падкрэсліла дэлегат.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.