Вы тут

Музычна-гістарычная вандроўка па Беларусі: які горад прыцягваў да сябе артыстаў?


Давайце агледзім родныя прасторы ў звязцы са згадкамі, хто з розных артыстычных велічынь гастраляваў па Беларусі напрыканцы XІX — у пачатку XX стагоддзя. Размова — пра расійскіх оперных спевакоў...


Віцебск. Гарадскі тэатр (пачатак ХХ стагоддзя)

Хіба ў любога інтэлігентнага чалавека не можа не выклікаць душэўнага хвалявання такое простае і зразумелае словазлучэнне: «Тут быў... тут выступаў...» Дык вось, давайце згадаем, хто ж і калі прыязджаў на гастролі з ліку расійскіх выканаўцаў у беларускія вялікія і малыя гарады... Не, відаць, пра малыя — гэта занадта... Але што датычыцца Мінска, Брэста, Гродна, Магілёва, Гомеля, Віцебска, то не такой ужо яны і глыбокай музычнай правінцыяй былі на фоне астатняга культурнага жыцця Расійскай імперыі. Хоць, прызнацца, «зоркі», асабліва — першай велічыні, у Варшаву і Вільню ездзілі ўсё ж такі часцей. Прычыны на тое зразумелыя... 

У Вільні, напрыклад, была студыя гуказапісу для грампласцінак — «Зонафон». У 1910 годзе ў віленскай друкарні Пірожнікава пабачыў свет «Зборнік лібрэта для пласцінак „Зонафон“: оперы, аперэткі, рамансы, песні, апавяданні і інш.». Аб’ём — 463 старонкі (!). У Варшаве, як і ў Санкт-Пецярбургу, выпускаліся пласцінкі пад фірменным знакам «Сірэна». 

Але сёння мы ў музычным падарожжы па беларускіх гарадах. Хоць, па праўдзе кажучы, былі і выключныя выпадкі... Напрыклад, артыст оперы і харавы дырыжор Аляксандр Дзмітрыевіч Гарадцоў (сцэнічны псеўданім) ездзіў і па павятовых гарадах Беларусі — Мінскай губерні ў прыватнасці. Чытаў лекцыі пра опернае мастацтва і арганізоўваў народныя пеўчыя хары. Такое падзвіжніцтва дарагога варта!..

Мінск. Гасцініца «Еўропа» (пачатак ХХ стагоддзя)

З сучасным культурным жыццём Гродна параўнальна нядаўна былі звязаны вечары — «Італьянскія сезоны». Усё, атрымліваецца, што ні кажы, у музычным жыцці пачынаецца з Італіі!.. А больш як сто гадоў таму таксама не меней усхвалявана радавала гарадзенцаў арыямі з вядомых опер спявачка Ганна Рыгораўна Жарабцова-Андрэева. Магчыма, яе гастролі ў горадзе над Нёманам былі зусім і не выпадковай сустрэчай з гледачом, бо тут яна і нарадзілася — у верасні 1883 года. Асоба ўвогуле ўнікальная. І многімі фактамі сваёй біяграфіі для Беларусі чалавек невыпадковы. Вось як адгукаўся пра нашу зямлячку вядомы музыказнавец і галоўны рэдактар папулярнага дарэвалюцыйнага часопіса «Музыкальный современник» Аляксандр Асоўскі: «Г. Р. Жарабцова з’яўляецца прафесійнай спявачкай, якая засяродзіла ўсе свае сілы на камернай вакальнай музыцы. Адзіная яна ў гэтым плане і па майстэрстве выканання. Пры галасавых магчымасцях, па прыродзе сваёй ні ў якіх адносінах не ўнікальных, яна сілаю свайго мастацтва пакідае ў музыканта пачуццё такога глыбокага эстэтычнага задавальнення, якое не дадуць яму артысты нават з першакласнымі галасамі, але ардынарныя па сваёй музыкальнасці...» Можа быць, і выступала Жарабцова якраз у тым самым лялечным тэатры, дзе радавалі меламанаў ужо ў пачатку ХХІ стагоддзя «Італьянскія вечары»: будынак жа сваю вядомасць мае з васямнаццатага стагоддзя…

Жаданым госцем на віцебскай сцэне была артыстка оперы Кацярына Георгіеўна Кавалькова (нарадзілася ў Казані ў 1876 годзе). Прыязджала ў горад на Дзвіне ў маі 1910 года. А пасля — і ўвесну 1914 года. Віцебскія аматары музычнага мастацтва слухалі ў пачатку мінулага стагоддзя і Паўла Афанасьевіча Клюшына. Магчыма, партыю Маладога цыгана з «Алека» Сяргея Рахманінава... А можа быць, Фаўста альбо Герцага з «Рыгалета»... Спявала ў Віцебску і Наталля Карафа. Біяграфія гэтай пецярбургскай артысткі не дужа багатая на падрабязнасці. Оперную кар’еру Наталля Эдуардаўна пачала ў Італіі. Некалькі гадоў спявала ў Палерма, Мілане, пасля ў гарадах Іспаніі — Барселоне, Алікантэ... Вядома, што разам з Фёдарам Шаляпіным яна арганізавала таварыства, якое давала спектаклі ў Пецярбургу ў легендарным Панаеўскім тэатры. Даследуючы беларускія радаводы, пісьменнік і доктар філалагічных навук Генадзь Кісялёў звярнуў увагу на многіх прадстаўнікоў прозвішча Карафа-Корбутаў. Наталля Эдуардаўна часта бывала ў Мінску ў сваіх родзічаў па Захар’еўскай вуліцы, дом № 109. Магчыма, Наталля — радня кампазітара і выканаўца Пятра Карафа-Корбута (валодаў выключнымі здольнасцямі іграць амаль на двух дзясятках музычных інструментаў!), які быў звязаны з Беларуссю, Мінскам самым цесным чынам?.. Ведала віцебская сцэна і Мікалая Каржэвіна. Тут ён выступаў у 1902–1903 гадах... Сярод яго любімых партый — Герман з «Пікавай дамы» і Андрэй з «Мазепы». Сваім драматычным сапрана радавала віцябчан у 1907 годзе Вольга Асланава. Адна з яе найлепшых партый — Гарыслава з оперы С. Рахманінава «Руслан і Людміла».

Магілёў выхаваў выдатнага расійскага опернага спевака Сяргея Мігая (нарадзіўся ў 1888 годзе). Мастацкім вышыням будучага народнага артыста РСФСР папярэднічалі спевы і ў царкоўным хоры, і ў хоры магілёўскай гімназіі. На сцэне наш зямляк выступаў побач з Фёдарам Шаляпіным. Хоць і розная ў спевакоў вядомасць, яны ў гісторыі рускай музычнай культуры — побач, на адных дысках: Фёдар Шаляпін з партыяй варажскага госця з «Садко», а наш Мігай — з неўміручым «Нет, никогда не забуду» на музыку Чайкоўскага.

У музычна-гістарычнай экскурсіі па Беларусі, вядома ж, галоўнае месца належыць Мінску. Губернскі горад здаўна прыцягваў артыстаў. У 1890 годзе ў сённяшняй сталіцы Беларусі пачаў дзейнічаць гарадскі тэатр. Адзін час мінскую оперную трупу ўзначальваў вядомы дырыжор Вячаслаў Сук. Сярод грамадскіх арганізацый і гурткоў прыкметна вылучаліся Мінскае таварыства сяброў музыкі, музычна-літаратурнае таварыства. На гастролі ў губернскі горад прыязджалі Фёдар Шаляпін, Леанід Собінаў, Мікалай Фігнер... Ледзьве ці не кожны дзень мінскія газеты паведамлялі нейкія музычныя навіны. Рэпарцёры і аглядальнікі расказвалі пра польскага скрыпача Ліпіньскага, італьянскага спевака Мазіні, віяланчэліста Вержбаловіча... Дарэчы, адзін час антрэпрэнёрам і ў Собінава, і ў Шаляпіна, і ў Фігнера быў наш зямляк — Уладзімір Мікалаевіч Любімаў, які нарадзіўся ў Брэсце ў 1885 годзе.

Мінск оперны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — гэта выступленні Сяргея Левіка, Рыгора Ізмайлава, Міхаіла Ільюшчанкі, Яўгена Яўгеньева-Дарскага... Апошні з іх прыязджаў у Мінск тройчы — у 1903-м, а затым у 1906 і 1907 гадах. Яшчэ ў 1899 годзе ў губернскую сталіцу наведваўся барытон Іосіф Гладкоў. Адзін час ён працаваў у трупе пад кіраўніцтвам палачаніна Аляксандра Альтшулера.

Магілёў. Тэатральная плошча (пачатак ХХ стагоддзя)

Моцна разбураны ў Вялікую Айчынную вайну Мінск усё ж захоўвае ў сабе асобныя гістарычныя і архітэктурна-ландшафтныя астраўкі, якія вядуць нас у далёкую мінуўшчыну. І даўніх, але яркіх музычных трыумфаў гэтыя старыя будынкі — першыя сведкі…

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Загаловак у газеце: «Тут быў... тут выступаў...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.