Вы тут

Што цікавага прапануе наведвальнікам вясенні кірмаш «Адпачынак-2024»?


З 18 па 20 красавіка на канькабежным стадыёне культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-арэна» пройдзе 26-ты міжнародны вясенні кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2024». У ім возьмуць удзел больш за 300 экспанентаў, у тым ліку прадставяць свой турыстычны патэнцыял усе 118 раёнаў Беларусі, а таксама 10 найбуйнейшых беларускіх гарадоў. Сярод удзельнікаў і 27 рэгіёнаў Расіі, а таксама Турцыя, Куба і іншыя замежныя краіны. Арганізатары абяцаюць, што наведвальнікаў чакае шмат сюрпрызаў і прапаноў, у прыватнасці са зніжкамі можна набыць туры і паслугі. Таксама у рамках мерапрыемства пройдзе міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш «Паляванне і рабалоўства». 


Фота з адкрытых крыніц

Як адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык, выстаўка гэта не толькі значнае турыстычнае, але і сацыяльна-культурнае, грамадскае, эканамічнае мерапрыемства. 

— Яно ўнікальнае па некалькіх прычынах. Па-першае, выстаўка да месца перад пачаткам актыўнага турыстычнага сезону. Усе навінкі сезона абавязкова будуць прэзентаваны на форуме. Па-другое гэта міжнароднае мерапрыемства, дзе пацвердзілі ўдзел 12 краін, за апошнія тры гады гэта рэкордная лічба. Па-трэцяе, гэта значнае дзелавое мерапрыемства са сваімі падзеямі ў розных фарматах — воркшопаў, канферэнцый, перамоў, прэзентацый, — расказаў Алег Андрэйчык.

Дарэчы, падчас мерапрыемства будзе працаваць пяць дзелавых пляцовак: дзве сцэнічныя і тры канферэнц-залы. 

Але галоўнай «разынкай» мерапрыемства стане ўдзел усіх 118 раёнаў і 10 найбуйнейшых гарадоў, якія цягам трох дзён у рэжыме нон-стоп прадэманструюць свае культурныя, гістарычныя, турыстычныя і гастранамічныя адметнасці. Дарэчы, упершыню (а выстаўка, нагадаем, праводзіцца 26-ты раз) яна не змагла змясціць усіх ахвотных на ранейшай пляцоўцы і было прынята рашэнне пераехаць на «Мінск-арэну». 

Дадаткова будуць праведзены дні абласцей: 18 красавіка свой турыстычны патэнцыя прэзентуюць Брэсцкая і Віцебская вобласць, 19-га — Магілёўшчына, Гродзеншчына і Гомельшчына, а 20-га — сталіца і Мінская вобласць. Яны будуць суправаджацца культурнай праграмай, розыгрышамі прызоў, да таго ж кожны рэгіён падрыхтаваў для гасцей адмысловыя сюрпрызы.

Свая праграма і ў дзелавой частцы выстаўкі: 18-га красавіка раскажуць пра новыя праекты і лічбавыя прадукты, аб’екты і маршруты, дзень 19 красавіка будзе прысвечаны дзелавому, прамысловаму, адукацыйнаму турызму, турыстычна-інфармацыйным цэнтрам, якія пачалі адкрывацца летась. У рамках выстаўкі пройдзе і 2-га расійска-беларускі турыстычны кангрэс, дзе будуць абмеркаваны пытанні тураператарскай дзейнасці, а таксама ўдзельнікі падзеляцца вопытам супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Расіі і Беларусі. 

Сярод экспанентаў 27 рэгіёнаў Расіі, што ў тры разы больш, чым летась. Сярод іх Ніжагародская вобласць, Башкартастан, Дагестан, Карэлія, Чалябінская, Калінінградская, Смаленская, Уладзімірская вобласці, Санкт-Пецярбург. Дарэчы, Ніжагародская вобласць выступае генеральным партнёрам выстаўкі. 

На сёння расійскі турыстычны рынак для Беларусі з’яўляецца самым значным і перспектыўным, дадаў Алег Андрэйчык. Ён прывёў лічбы, што ў 2019 годзе за межы Беларусі выязджала больш за мільён арганізаваных турыстаў. У 2023 годзе іх колькасць знізілася ў 2,5 раза — да 400 тысяч. Але значна павялічыўся лік турыстаў, якія падарожнічаюць па Беларусі ( з 1 300 тысяч ў 2019-м да 1 700 тысяч у 2023-м). Другі важны трэнд пасля падарожжаў унутры краіны — паездкі ў краіны СНД і найперш Расію. 

— За апошнія два-тры гады мы бачым штогод 50-працэнтнае павелічэнне плыні арганізаваных турыстаў у Расію і з Расіі да нас. Летась каля 250 тысяч беларусаў набылі ў туркампаній туры ў Расію. Па даных Белстату нашу краіну летась наведала больш за пяць мільёнаў расійскіх турыстаў пры тым, што ўсяго было 5 мільёнаў 800 тысяч турыстаў. Таму сёння гэта асноўны напрамак і ён развіваецца. Калі раней расіяне выбіралі Мінск, Віцебск і Брэст, то сёння любыя прапановы ўспрымаюцца пазітыўна. Гэта не толькі абласныя цэнтры, але і Полацк, Пінск і іншыя гарады, Белавежская пушча, Браслаўшчына, Налібоцкая пушча, нацыянальныя паркі. Бачым тэндэнцыю, што расіяне вяртаюцца, наведваючы ўсё новыя рэгіёны, — падкрэсліў Алег Андрэйчык. 

У сваю чаргу беларусы сталі актыўна асвойваць акрамя Масквы і Санкт-Пецярбурга і такія рэгіёны, як Каўказ, Цэнтральную Расію, Смаленскую, Бранскую і Пскоўскую вобласці. Ёсць цікавасць і да такіх краін, як Узбекістан, Казахстан, Азербайджан, Кыргызстан. 

Дарэчы, сярод удзельнікаў форуму «Адпачынак-2024» Узбекістан, Туркменістан, Палесціна, Куба, Турцыя, Кыргызстан. 

— Цікавасць да выстаўкі штогод расце. Усё больш замежных калег і партнёраў наведвае мерапрыемства ў складзе дзелавых дэлегацый, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Сяргей Баран.

Цікавым, але недаацэненым беларусамі пакуль застаецца Індыя, улічваючы, што нацыянальны авіяперавозчык «Белавія» ажыццяўляе авіямаршрут з Мінска ў Нью-Дэлі. Разглядаецца адкрыццё новага авіямаршрута з Мінска на кітайскі востраў Хайнань (курортны горад Санья). Актыўна ў кірунку адкрыцця авіяпералётаў мінспорту працуе з Кубай і Венесуэлай.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.