Вы тут

Надвор'е: Мокры снег — гэта ўжо занадта


На гэтым тыдні мы адзначалі сярэдзіну вясны. Пры гэтым калі першая палова месяца была па-летняму цёплай і па тэмпературным рэжыме на 6-7 градусаў вышэй за кліматычную норму, то ў найбліжэйшы час красавік зменіць уяўленне пра сябе. Далей ініцыятыва ў надвор’і будзе належаць цыклонам і іх атмасферным франтам, якія абумовяць у Беларусі няўстойлівае надвор’е.


Фота з адкрытых крыніц

Разам з тым у краіну прадоўжыць паступаць халодная паветраная маса. Таму тэмпературны фон будзе паніжацца, а дапаўненнем да яго стануць ападкі рознай інтэнсіўнасці ў выглядзе дажджу, у асобныя дні з мокрым снегам і парывістым ветрам, расказалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Ужо ў аўторак ўначы месцамі па захадзе, раніцай і днём у многіх раёнах краіны пройдуць дажджы. Удзень на захадзе месцамі ўзмацненне ветру парывамі 15–18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 1 — плюс 5 градусаў, удзень — плюс 9–14 градусаў, а на поўдні краіны — да плюс 16 градусаў.

Надвор’е пачне псавацца ўжо ў сераду. У гэты дзень месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 1 да плюс 6 градусаў, а ўдзень — ад плюс 7 градусаў на паўночным захадзе да 15 градусаў на паўднёвым усходзе краіны.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, днём у чацвер месцамі па паўднёвым усходзе, а ў ноч на пятніцу ва ўсходніх раёнах ападкі будуць дастаткова моцнымі.

У чацвер раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца ападкі (у асноўным дождж). Днём месцамі па паўднёвым усходзе пройдуць моцныя дажджы. Уначы слупкі тэрмометраў пакажуць мінус 1 — плюс 6 градусаў, а ўдзень — 6–11 цяпла.

У пятніцу зноў да нас вернуцца халодныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Яны будуць назірацца на большай частцы тэрыторыі краіны, а ўначы па ўсходзе месцамі ападкі будуць моцныя. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог — галалёдзіца. Месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы дасягне мінус 1 — плюс 6 градусаў, удзень — плюс 5–11 градусаў, а на паўночным усходзе месцамі — толькі 2–4 цяпла.

Згодна з доўгатэрміновым прагнозам айчынных спецыялістаў, у суботу месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, а ўдзень — ад 6 да 13 цяпла. Будзе холадна і ў нядзелю, калі ноччу месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабыя туман і галалёд. Ноччу сіноптыкі абяцаюць мінус 2 — плюс 5 градусаў, па паўднёвым усходзе — да плюс 7 градусаў, а днём — да 8–15 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.