Вы тут

Ваўкавыск у наступным годзе адсвяткуе 1020-годдзе


Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько расказаў аб паездцы ў Калінінградскую вобласць і падрыхтоўцы да юбілейнай даты горада.


Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько

— Міхаіл Міхайлавіч, нядаўна ў складзе дэлегацыі Гродзеншчыны вы пабывалі ў бурштынавым краі — Калінінградскай вобласці. Была падпісана дамова аб намерах з расійскім раёнам. Што папярэднічала гэтаму?

— Беларусь і Расія паспяхова працуюць у рамках Саюзнай дзяржавы. Летась у Гродне з удзелам калінінградцаў прайшлі мерапрыемствы ў рамках праекта «Расія — Беларусь» — моцнае партнёрства» пры грантавай падтрымцы Фонду імя Гарчакова. І вось нядаўна адбыўся працяг праекта. У Калінінградскую вобласць прыбыла дэлегацыя Гродзенскай вобласці. Падпісаны шэраг пагадненняў з муніцыпальнымі раёнамі. Ваўкавыскі раён і Палеск таксама замацавалі свае намеры аб наладжванні двухбаковых сувязяў.

Трэба сказаць, што пабрацімскія сувязі ў нас наладжаны з горадам Гусеў Калінінградскай вобласці. Дэлегацыя на чале з кіраўніком адміністрацыі неаднаразова наведвала Ваўкавыск.

Цяпер мы вырашылі пашырыць рамкі супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам. Такім чынам, зацікавіліся Палескам, выйшлі на кіраўніцтва з прапановай супрацоўніцтва, атрымалі падтрымку. Мы расказалі аб сваім раёне, знакавых мясцінах. Нашы партнёры асабліва зацікавіліся турыстычнай сферай, у прыватнасці магчымасцямі беларускай санаторна-курортнай базы. Мы заўважылі, што гэты кірунак сёння вельмі папулярны ў расіян.

Паколькі Палескі раён па большасці аграрны, расійскія партнёры праявілі цікавасць да нашых тэхналогій па сельскай гаспадарцы. Таксама азнаёміліся з нашымі малочнымі і мяснымі прадпрыемствамі. Адчуваецца, што кіраўнік раёна, які, дарэчы, заняў гэту пасаду нядаўна, скіраваны на актыўнае супрацоўніцтва.

— Якім бачыце развіццё турызму з расійскімі партнёрамі?

— У Ваўкавыскім раёне дзейнічае два ведамасныя санаторыі — «Энергетык» і «Пралеска». Іх аздараўленчая база даўно асвоена расійскімі турыстамі, Думаю, санаторыі зацікавяць і нашых калінінградскіх сяброў. Акрамя гэтага, яны змогуць пазнаёміцца з рознымі турыстычнымі маршрутамі, убачыць нашы знакамітыя Мальдзівы — былыя кар’еры цэментнага завода. З другога боку, на Балтыку, у знакаміты бурштынавы край, змогуць паехаць і нашы групы.

— Вы таксама згадалі інтарэс да беларускіх сельскагаспадарчых тэхналогій. Што тут маецца на ўвазе?

— У Палеску пачынаецца будаўніцтва вялікага жывёлагадоўчага комплексу. А для таго, каб яго асвоіць, неабходна глыбока вывучыць тэхналогію малочнай вытворчасці — усе меры па ўтрыманні, даенні, кармленні, аднаўленні статка і гэтак далей. Мы можам падзяліцца вопытам. У сваю чаргу, нас зацікавіла іх работа па аднаўленні статка, там напрацавана даволі важкая база. Мы таксама бачым для сябе перспектыву ва ўдасканальванні галштынскай пароды. Яна даволі далікатная і патрабуе вельмі дакладнага маніторынгу на стадыі аднаўлення.

— Ці вялася гаворка пра сумесныя праекты? Ведаю, што раней такія трансгранічныя праекты падтрымліваў расійскі Фонд імя Гарчакова. Ці накіравана грантавая падтрымка на беларуска-расійскі вектар?

— Вядзецца работа па пераразмеркаванні сродкаў фонду. Магчыма, яны будуць накіраваны на сумесныя беларуска-расійскія праекты. Наш раён у гэтым таксама зацікаўлены, будзем прапаноўваць свае ідэі. Пачнём з культурных, адукацыйных, спартыўных, экалагічных тэм. Больш падрабязна зможам гэта абмеркаваць падчас іх візіту ў Гродзенскі рэгіён, які адбудзецца ў сярэдзіне мая. За гэты месяц падрыхтуем свой пакет прапаноў. Спадзяюся, што кіраўніцтва адміністрацыі Палеска наведае наш Ваўкавыск падчас прыезду Калінінградскай дэлегацыі.

— Выходзіце на знешнія сувязі з іншымі краінамі?

— Спадзяёмся, што ў хуткім часе пачне рэалізоўвацца праект з Кітаем па выпуску піратэхнічных сродкаў, феерверкаў. Дэлегацыя з КНР павінна да нас прыехаць у красавіку і нарэшце вызначыцца з далейшай рэалізацыяй праекта. Гэта справа ў Беларусі новая, але ў нас ёсць неабходныя ўмовы. У якасці складоў плануем задзейнічаць памяшканні былога ваеннага гарадка. Там будзе арганізавана і сама вытворчасць.

Раней феерверкі завозіліся з Еўропы, пазней іх стаў пастаўляць Кітай. Магчыма, у нас будзе створана сумеснае прадпрыемства. Тэма запатрабаваная, на гэту прадукцыю ёсць попыт.

— Што сёння актуальна для саміх жыхароў Ваўкавыска?

— Вырашаем пытанні аховы здароўя. Ідзе аднаўленне медыцынскай базы, яна пастаянна ўдасканальваецца. Многае зрабілі ў гэтым кірунку летась. Адрамантавалі ФАПы, купілі перасовачны ФАП, што павышае якасць абслугоўвання. Там на месцы чалавек зможа атрымаць пры неабходнасці накіраванне на дадатковае абследаванне ў раённай клініцы. Рыхтуем устаноўку ангіёграфа, які даследуе хваробы сасудаў. Аб’яўлены тэндар на мантаж абсталявання. Плануем да 1 мая здаць апарат у эксплуатацыю.

— Ваўкавыск — горад прывабны для жыцця. Тут знаходзіцца шэраг буйных прамысловых аб’ектаў. А як ідзе будаўніцтва жылля?

— Летась здалі два шматпавярховікі, сёлета таксама будзем здаваць шматкватэрны дом. Будаўніцтва вядзе самая буйная арганізацыя рэгіёна «Гроднажылбуд». Сустракаемся з людзьмі, прапануем ім варыянты, каб яны своечасова падрыхтавалі дакументы для атрымання кватэр. Таксама выдзяляецца жыллё для ваеннаслужачых і шматдзетных сем’яў.

— Калі падвесці вынікі мінулага года, на чым бы вы акцэнтавалі ўвагу? Якія самыя значныя здабыткі?

— Лічу, што мінулы год можна назваць прарыўным для Ваўкавыскага раёна. Мы паспяхова справіліся з вызначанымі планамі. Пачалі рэалізацыю вельмі істотнага інвестпраекта па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў з вытворчасцю РДФ-паліва. Праект плануецца рэалізаваць у рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Рэалізацыя праекта дазволіць мінімізіраваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, атрымаць альтэрнатыўнае паліва і стварыць новыя працоўныя месцы. Атрыманае такім чынам паліва будзе выкарыстоўвацца для вытворчасці цэменту на прадпрыемстве «Краснасельскбудматэрыялы».

— У будучым годзе Ваўкавыск адзначыць 1020-годдзе. Пачалі падрыхтоўку да адметнай даты?

— Нядаўна ў нас адбылася сустрэча з губернатарам. Агучылі гэту тэму і выказалі прапанову правесці ў Ваўкавыску абласны фестываль «Дажынкі» ў наступным годзе. Такім чынам, мяркуем сумясціць два важныя мерапрыемствы і зладзіць глабальнае свята. Гэта было б самым маштабным падарункам як для нашых гараджан, так і для гасцей горада.

Гутарыла Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД, Віктара ІВАНЧЫКАВА і Алены ДАЎЖАНОК

Загаловак у газеце: Бурштынавы вектар і прарыўны праект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.