Вы тут

Народнае прадстаўніцтва


Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. У некалькі этапаў выбіраюцца дэлегаты на гэтае беларускае веча XXІ стагоддзя — найлепшыя з найлепшых. Яны будуць прадстаўляць свае тэрыторыі, буйныя арганізацыі, інтарэсы цэлых сацыяльных слаёў і ўзроставых катэгорый у канстытуцыйным органе народнай улады. Патрабаванні да дэлегатаў адпаведныя: гэта людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, адказныя, паспяховыя, маральныя, прафесіяналы і патрыёты. УНС — вышэйшы прадстаўнічы орган, на яго ўскладзена задача пры неабходнасці стабілізаваць грамадства, прымаць узважаныя і адказныя рашэнні. Таму працэдура выбрання дэлегатаў ва УНС — празрыстая і галосная, што пацвердзіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка. 16 красавіка ЦВК афіцыйна зацвердзіць вынікі выбараў дэлегатаў. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з некаторымі дэлегатамі бліжэй.


Вялікая адказнасць — быць карысным Радзіме

На сесіі Магілёўскага аблсавета дэпутатаў выбралі 41 дэлегата Усебеларускага народнага сходу.

У рабоце пазачарговай трэцяй сесіі 29 склікання ўдзел ўзялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, члены аблвыканкама і кіраўнікі яго структурных падраздзяленняў, старшыні гарадскіх, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Пуцёўку на УНС атрымалі выключна паважаныя і вядомыя сваімі добрымі справамі грамадзяне з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Іх кандыдатуры былі вылучаны прэзідыумамі гарадскіх, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Падчас абмеркавання іх на сесіі аблсавета было вырашана кожнага з кандыдатаў зацвердзіць у якасці дэлегата. Пасля таго, як падліковая камісія паведаміла аб выніках, дэлегатаў УНС павіншаваў з абраннем старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

— Гэта першы УНС, які мае канстытуцыйны статус, — падкрэсліў ён. — У адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй, яму нададзены такі статус, і ён мае права прымаць лёсавызначальнае рашэнне для нашай краіны. Гэта вельмі важная вяха ў жыцці кожнага з дэлегатаў. Кожны з вас — прафесіянал сваёй справы, годны чалавек, які карыстаецца павагай і даверам у насельніцтва. 

А паколькі вы прадстаўляеце інтарэсы жыхароў Магілёўскай вобласці, вам трэба будзе данесці да людзей тыя рашэнні, якія прымаліся на УНС, расказаць, якія пытанні закраналіся. Гэта вельмі важная інфармацыя для людзей. Плённай вам работы і разумення той місіі, якая на вас ускладзена.

Намеснік генеральнага дырэктара холдынга «Бабушкина крынка» Святлана Сташэўская высока ацэньвае статус дэлегата УНС і вельмі даражыць даверам, які атрымала:

— Місія вельмі ганаровая і адказная для мяне. Тое, што мы, дэлегаты, пачуем на УНС, дасць магчымасць атрымаць варыянты адказаў на пытанні, якія турбуюць. І калі людзі аказалі нам такі давер, будзем імкнуцца апраўдаць яго. Дзіўнае пачуццё прадбачання, якім валодае наш Прэзідэнт, дапамагае краіне трымаць правільны курс. Вельмі хочацца накіраваць на карысць радзімы увесь той патэнцыял, які я атрымала, калі вучылася ў школе, ВНУ, які мне перадалі ў спадчыну мае дзядулі — удзельнікі вайны, мая сям’я.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Голас грамадзянкі сваёй краіны

Адзіная жанчына — супрацоўнік міліцыі ад грамадзянскай супольнасці — сярод дэлегатаў УНС.

На пазачарговай канферэнцыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» былі вылучаны 80 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Адна з тых, хто ўдастоіўся такога права, — гамяльчанка Святлана Русак.

Святлана Аляксандраўна — адзіная сярод дэлегатаў УНС ад грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» — супрацоўніца міліцыі. Старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела ідэалагічнай работы УУС Гомельскага аблвыканкама Святлана Русак — старшыня першаснай арганізацыі Беларускага саюза жанчын УУС Гомельскага аблвыканкама. Іх каманда — больш як 800 жанчын, якія працуюць у структуры праваахоўных органаў рэгіёна. Абласная першасная арганізацыя была створана ў маі 2022 года. На ініцыятыву аб яе стварэнні адгукнуліся супрацоўніцы сістэмы міліцыі з самых розных куткоў Гомельшчыны. Тады ж яны і абралі сваім лідарам Святлану Аляксандраўну.

Падпалкоўнік міліцыі з Гомельшчыны — пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2022» у намінацыі «Сэрца аддаю людзям». У праваахоўных органах яна ўжо 18 гадоў. 

— Асноўны кірунак маёй службовай дзейнасці — работа з асабовым складам супрацоўнікаў, падтрымка і дапамога ў тым, каб яны развіваліся ў прафесіі, былі прафесійна адукаванымі, дысцыплінаванымі. Пераканана, што тое, наколькі супрацоўнік міліцыі прыстойны, вытрыманы, акуратны, прафесійны, паважлівы, як паводзіць сябе ў адносінах да іншых людзей, у цэлым фарміруе адносіны да сістэмы міліцыі. Гэта вельмі адказна, — падкрэслівае Святлана Русак. 

Гамяльчанка з гонарам кажа аб той каласальнай рабоце, якая ўжо на працягу 30 гадоў праводзіцца Беларускім саюзам жанчын.

— Яна дапамагае кансалідаваць грамадства. Жанчыны вельмі актыўна выступілі ў абарону незалежнасці краіны, міру, спакою, стваральнай дзейнасці ў 2020 годзе. Жанчыны — супрацоўніцы Міністэрства ўнутраных спраў паказалі, што нароўні з мужчынамі гатовы абараняць сваю краіну, дзяржаўнасць, будучыню нашых дзяцей. Гэта быў знакавы момант у развіцці Беларускага саюза жанчын. Я ганаруся тым, што ў нашай краіне праз новы, канстытуцыйна зацверджаны орган народаўладдзя — Усебеларускі народны сход — будзе заяўлены голас грамадзянскай супольнасці. І гэта голас звычайных людзей з народу. Разумею, што для кожнага дэлегата Усебеларускага народнага сходу, вылучанага ад грамадзянскай супольнасці, вельмі адказна трансліраваць гэты голас. Бо будуць прымацца сапраўды важныя рашэнні, і дэлегаты павінны будуць агучваць узважаны, адзіны голас прадстаўнікоў таго грамадска значнага блока, які прадстаўляюць, — падкрэсліла Святлана Русак.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні


Актывістка, ударніца, шматдзетная маці

Ядвіга Ляшкевіч — за стабільнае развіццё сельскіх населеных пунктаў.

На пазачарговым з’ездзе федэрацыі прафсаюзаў Беларусі дэлегатам УНС выбрана аператар машыннага даення ААТ «Палеская ніва» Столінскага раёна Ядвіга Ляшкевіч.

Ядвіга нарадзілася і вырасла ў Рамлі, адной з вялікіх вёсак Століншчыны, тут і засталася. Маці амаль 30 гадоў шчыравала ў мясцовай гаспадарцы даяркай. Бацькі ўсё жыццё шмат працавалі, дзяцей гадавалі, прыклад быў перад вачыма. Ну і Ядвіга вырашыла прадоўжыць маміну справу, якая была ёй вядомая з дзяцінства. Як толькі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, пайшла на ферму. Цяпер ёй 36, за васямнаццаць гадоў яна паспела не толькі тры разы «схадзіць у дэкрэт» з нагоды нараджэння дзяцей, але і дабіцца вытворчых поспехаў. У 2017 годзе Ядвіга Ляшкевіч стала найлепшым аператарам машыннага даення ў вобласці сярод маладых жывёлаводаў. Праз год была адзначана дзяржаўнай узнагародай — медалём «За працоўныя заслугі».

— Работа, вядома, нялёгкая. На нашай ферме 500 кароў абслугоўваюць тры аператары машыннага даення, — разважае Ядвіга. — А дзе вы бачылі лёгкую работу, асабліва калі ставішся да яе адказна? Пад’ём у мяне раніцай у чатыры гадзіны, бо ў пяць ужо пачынаецца дойка. У дзевяць звычайна прыходжу дадому. На другую дойку выбіраюся прыблізна ў 16.30 і да дзевяці вечара стараюся трапіць дамоў. А вось гэты час — з дзевяці раніцы да чатырох дня — мой час, гаспадыні і маці. 

Як і ўсе працавітыя палешукі, Ляшкевічы трымаюць сваю гаспадарку, ёсць свінні і куры, каб за мясам у краму асабліва не хадзіць. Ну і, вядома, увесну садзяць на сотках бульбу, каля хаты маецца невялікі агарод.

З малымі яшчэ дапамагае мама Ядвігі, асабліва цяпер, калі трэба шмат увагі аддаваць грамадскай рабоце. Праўда, яна і раней была актывісткай. Пра гэта расказала старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Яўгенія Акавітая. Яўгенія Рыгораўна згадала, што заўсёды, калі арганізоўваюцца спартыўныя спаборніцтвы, Ядзя бывае ў першых радах удзельнікаў. За гонар сваёй гаспадаркі не раз выступала на раённых спаборніцтвах, ну і на іншыя мерапрыемствы, якія праходзяць у вёсцы, яе двойчы запрашаць не даводзіцца. Таму і вылучылі ў свой час ад прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства кандыдатам у дэлегаты.

— Як дэлегат Усебеларускага народнага сходу я найперш хвалююся за вёску, яе жыхароў, яе працаўнікоў, — дзеліцца Ядвіга. — Па-мойму, няма найлепшай мясціны ў свеце, як наш Рамель. Аднойчы ў газеце прачытала, што наш аграгарадок — равеснік Леанарда да Вінчы. У яе гісторыі — Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Сядляр, кавалеры працоўных ордэнаў і медалёў. Хочацца, каб мая малая радзіма і іншыя сельскія населеныя пункты развіваліся, квітнелі, прырасталі дамамі, у якіх будуць жыць навасёлы. Вось за такую стратэгію развіцця краіны я маю намер галасаваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Традыцый залатая нітка

Наталля Сцержанкова — за развіццё традыцый беларускай культуры.

Фота «Витебские вести»

У ліку дзесяці дэлегатаў ад Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» — метадыст па саломапляценні дзяржаўнай установы культуры «Шумілінскі раённы дом рамёстваў».

Наталля Аляксандраўна — асоба ў коле беларускіх рамеснікаў вядомая. Летась была ўдастоена ганаровага звання «Народны майстар Беларусі». Гэта самая высокая адзнака для людзей, якія захоўваюць і памнажаюць традыцыйныя рамёствы, а наша гераіня прысвяціла саломапляценню без малога чвэрць стагоддзя.

Яшчэ падчас навучання ў Полацку ў швейным прафесійна-тэхнічным вучылішчы Наталля захапілася саломапляценнем у гуртку па інтарэсах і, атрымаўшы дыплом, зразумела, што абрала прафесію не па душы. Вярнулася ў Шуміліна і пачала займацца лозапляценнем, а пасля ў Доме рамёстваў ёй прапанавалі месца метадыста па саломапляценні. Спасцігнуць азы традыцыйнага рамяства беларусаў дапамаглі курсы ў метадычным цэнтры народнай творчасці, шмат чаго майстар вывучала з дапамогай спецыялізаванай літаратуры.

Сёння цяжка сказаць, што Наталля Аляксандраўна не можа вырабіць з саломкі: у багатым партфоліа майстрыхі — дэкаратыўны посуд, кветкі і пано, жаночыя ўпрыгожванні, галаўныя ўборы і саламяныя скульптуры, рытуальныя калядныя маскі. У ліку самых складаных і скрупулёзных работ — саламяная скрыпка. На сезон для працы гераіні патрэбна прыкладна 35 снапоў, але нарыхтоўка калосся павінна праводзіцца выключна ўручную, сярпом. Так, упэўнена жанчына, майстар з самага пачатку ўкладае ў будучы твор сваю энергію, а кожны сабраны колас — самы прыгожы з мільёнаў такіх жа на хлебнай ніве. Мясцовыя гаспадаркі ідуць насустрач, дазваляюць браць найлепшыя ўчасткі палёў.

Асаблівай таямніцай у мастацтве Сцержанковай сталі саламяныя павукі-абярэгі, тонкасці і традыцыі вырабу якіх на працягу доўгіх гадоў па крупінках збіраліся падчас экспедыцый па вёсках Шуміліншчыны. Дзяцей — юных наведвальнікаў гуртка, які вядзе майстар, — пераважна цікавіць тэхніка вырабу менавіта павукоў. Але і ў дарослай аўдыторыі сімвал аховы хаты карыстаецца папулярнасцю. У 2020 годзе восем майстроў дамоў рамёстваў паўночнага рэгіёна пад кіраўніцтвам Наталлі рэалізавалі праект «Саламяны павук». Вынік — абярэг вышынёй паўтара метра — цяпер знаходзіцца ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. А падчас «Славянскага базару» невялікіх саламяных павучкоў з ахвотай набываюць замежныя госці горада на Дзвіне. Цікавы факт: да таго, як рускі цар Пётр І зрабіў ёлку галоўным навагоднім атрыбутам, беларускія сялянскія хаты ўпрыгожвалі калядныя саламяныя павукі ў выглядзе чатырохвугольных ромбаў.

Наталля Аляксандраўна неаднойчы станавілася пераможцам рэспубліканскіх і замежных конкурсаў і фестываляў. Яна — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, носьбіт элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення». А сёлета да гэтага спіса дадасца работа на Усебеларускім народным сходзе.

«Гэта вялікая адказнасць і давер з боку абласной арганізацыі. На УНС планую прадстаўляць інтарэсы віцебскіх народных майстроў, уносіць прапановы па захаванні і папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ідэнтыфікуюць нас як народ», — заключыла дэлегат.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.