Вы тут

У Віцебскім раёне з'явіўся новы стацыянарны сацыяльны пункт для дапамогі інвалідам і пажылым грамадзянам


Сёлета Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна адкрыў новы стацыянарны сацыяльны пункт для дапамогі інвалідам і пажылым грамадзянам, які стаў 256-м аб’ектам на карце вобласці. Увядзенне важнага аб’екта прымеркавана да Года якасці.


Новы кабінет цяпер размяшчаецца ў будынку УП «Элект» Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», памяшканне пад які прадпрыемства прадаставіла бясплатна. Значную дапамогу ў набыцці абсталявання аказалі спонсары. Раней такі кабінет, толькі меншы па памерах, знаходзіўся ў будынку адміністрацыі ТЦСАН, а зараз ён размяшчаецца на вуліцы Карла Маркса 9а, у новым пункце з’явілася больш прасторы для фізічнай актыўнасці. Набылі і новыя сэнсарныя сцежкі, падвясны кокан-гамак, абсталявалі куток для заняткаў творчасцю.

Больш, чым год назад, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна пачаў аказваць новую паслугу — аздараўленне па методыцы слыхавой трэніроўкі Тамаціс. Па-іншаму такі спосаб рэабілітацыі называюць педагогікай слухання. Тамаціс рэкамендуецца дзецям ва ўзросце ад двух гадоў, якія маюць праблемы з затрымкай моўнага і псіхамоўнага развіцця, гіперактыўнасцю і дэфіцытам увагі, аўтызмам, эмацыйным і афектыўнымі парушэннямі. Сэнс методыкі заключаецца ў наступным: у залежнасці ад дыягназу (і толькі па накіраванні ад урача) кожнаму пацыенту падбіраецца музычная кампазіцыя, якая пабудана на гуках высокіх і нізкіх частот.

Дзякуючы рэзкім пераходам стымулюецца кара галаўнога мозга, узнікаюць новыя клеткі нейроны і сувязі паміж імі. Акрамя таго, што гук перадаецца па паветры праз вуха, адначасова ад навушнікаў ідзе вібрацыя па косці, што ўзмацняе эфект успрымання. Але для Тамаціса ёсць і свае перасцярогі — пухліны і кісты мозга і эпілепсія.

Каб дасягнуць станоўчага эфекту, неабходна прайсці некалькі курсаў. Адзін курс уключае ў сябе 14 заняткаў працягласцю ад 40 да 80 хвілін. Зручна, што падчас слухання музычных кампазіцый дзеці могуць маляваць, складваць пазлы, займацца фізічнай актыўнасцю або проста ляжаць — Тамаціс працуе сам. У 80 працэнтаў маленькіх пацыентаў, якія ўжо прайшлі некалькі курсаў у ТЦСАН,
адзначаецца змена почырку, павышэнне канцэнтрацыі ўвагі, запуск моўных працэсаў. А гэта значыць, што мозг пачынае працаваць актыўна, і ўжо на гэтай падрыхтаванай глебе можна займацца з лагапедам і інш.

За мінулы год некалькі курсаў педагогікі слухання прайшлі 23 дзіця, псіхолаг аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызісных сітуацыях ТЦСАН Віцебскага раёна Таццяна Кірылава правяла летась 305 індывідуальных заняткаў і гэта — далёка не мяжа. З кожным днём папулярнасць сацыяльнай паслугі расце, цяпер на заняткі ў стацыянарны сацыяльны пункт прыязджаюць не толькі жыхары Віцебска і раёна, але і Оршы, Гарадка, Шуміліна. Па словах дырэктара Кацярыны Лазоўскай, у паўночным рэгіёне толькі адзін тэрытарыяльны цэнтр Віцебскага раёна аказвае такую паслугу, таму яна і карыстаецца высокай папулярнасцю сярод бацькоў, якія выхоўваюць дзетак з асаблівасцямі здароўя. «Яшчэ па методыцы Тамаціс аздараўляюць у рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей з ДЦП у Паставах. Паслугу яшчэ прапаноўваюць у Мінску, аднак гэта патрабуе значных фінансавых укладанняў. Наш цэнтр прапануе сацыяльна-нізкія тарыфы», —
адзначае Кацярына Сяргееўна.

І не дзіўна, што зараз чарга жадаючых поўнасцю распісана на красавік і май. Дарэчы, паслухаць карысную музыку могуць і дарослыя людзі. У першую чаргу Тамаціс рэкамендуецца людзям пасля інсульту, тым, у каго парушаны сон, прафесійнае выгаранне і дэпрэсія. У прыватным парадку накіраванне ад спецыяліста непатрэбна, важна проста не мець супрацьпаказанняў. За мяжой практыкуюць вопыт выкарыстання Тамаціса пры хваробах Паркінсана і Альцгеймера. Цяпер скарыстацца такой магчымасцю можна таксама ў новым пункце, акрамя гэтага, тут будуць займацца і пажылыя людзі. Таксама ТЦСАН плануе асвоіць новую форму абслугоўвання людзей «залатога ўзросту» ў фармаце анлайн. Як расказала Кацярына Лазоўская, наведвальнікі цэнтра ў адным чаце змогуць знаёміцца, даведваецца пра конкурсы і новаўвядзенні ў сферы заканадаўства, наведваць музеі. У будучым  кіраўніцтва плануе закупіць абсталяванне для развіцця мелкай маторыкі рук і ўсталяваць праектар. А ў пачатку лета будзе канчаткова рэалізаваны яшчэ адзін буйны праект ТЦСАН — «Даступны пляж» на возеры Доўжа для інвалідаў-калясачнікаў.

У паўночным рэгіёне працуюць 256 стацыянарных і перасоўных сацыяльных пунктаў. Такая форма абслугоўвання насельніцтва карыстаецца попытам і паказвае эфектыўнасць сярод жыхароў аддаленых населеных пунктаў. У бягучым годзе плануецца адкрыць яшчэ 18 аб’ектаў.

Аляксандра Гвоздзева.
Фота «Витьбичи».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.