Вы тут

Як добраўпарадкаваць свой дачны ці прысядзібны ўчастак, не парушыўшы заканадаўства


Калі ў вас ёсць уласны зямельны ўчастак у вёсцы ці дачным таварыстве, то цалкам магчыма, што якраз цяпер вы разважаеце аб «ландшафтным дызайне сваімі рукамі». Чаму б і не? Будаўнічыя гіпермаркеты працуюць паўсюдна, даступныя сучасныя матэрыялы і тэхналогіі, было б жаданне і сродкі — увасобіць у жыццё можна любыя ідэі.


Што з'яўляецца першарадным, калі ў ролі «сам сабе дызайнер» вы спрабуеце сябе ўпершыню? Зразумела, добры густ, а таксама захаванне тэхналогій будаўнічых работ (інтэрнэт у дапамогу). Але, акрамя гэтага, яшчэ і веданне заканадаўства. І, вядома, імкненне не парушаць «асабістыя межы» суседзяў. Апошняя заўвага актуальная і ў дачных таварыствах з іх шчыльнай забудовай, і — асабліва — у вёсках, дзе раней людзі жылі «талакой» па прынцыпе «ў нас дзеці разам выраслі — як жа нам сварыцца з-за метра зямлі?», а сёння многія хаты знаходзяць новых гаспадароў, і часта ранейшыя прынцыпы добрасуседства працаваць перастаюць. Адсюль і сваркі, і звароты ў суд, а часам і зацяжныя «суседскія войны»...

З пункту гледжання эстэтыкі

Дызайн, гэта, вядома, у першую чаргу пра прыгажосць. З яе і пачнём. Дызайнеры адрозніваюць паняцці «добраўпарадкаванне» і «дызайн участка» — з прафесійнага пункту гледжання паміж імі вялікая розніца. Дызайн патрабуе праекта і агульнай канцэпцыі. Калі на бацькоўскім ці нядаўна набытым зямельным участку вы вырашылі проста разбіць кветнік побач з домам або пабудаваць новую адрыну для садовай прылады, размова ідзе аб добраўпарадкаванні. А калі жадаеце стварыць уласную «зону камфорту» — у адзіным стылі, з садам-агародам, мангалам і лазняй, гаражом і гаспадарчымі пабудовамі, то гэта ўжо дызайн. І пачынаецца ён заўсёды з плана (чарцяжа). А план пачынаецца з заніравання: тэрыторыя дзеліцца на сегменты, кожны з якіх мае сваё прызначэнне, — дом і тэрыторыя вакол дома, месца адпачынку (мангал, альтанка, магчыма, летняя кухня), сад і клумбы, агарод і гаспадарчыя пабудовы, гараж і лазня і г. д. Складаецца таксама план сцежак, якія будуць злучаць зоны і аб'екты, прадумваецца афармленне меж зямельнага ўчастка.

Асабліва неабходна дакладнае планаванне для маленькіх участкаў (напрыклад, стандартныя дачныя «шэсць сотак» паблізу вялікіх гарадоў). У гэтым выпадку кожная зона павінна быць шматфункцыянальнай. І вельмі важна не загрувашчваць плошчу: любая грувасткая пабудова візуальна паменшыць і без таго невялікую прастору. Як і непразрысты плот па межах вашых «валоданняў» — вы атрымаеце эфект «скрынкі». Дызайнеры раяць у гэтым выпадку зрабіць плот святлопранікальным (нават банальная сетка-рабіца будзе выглядаць лепш за глухі плот) і падумаць аб сучасным вертыкальным азеляненні — шмат'ярусных градках і кветніках.

Ну, а галоўнай памылкай пачаткоўцаў, якія ўладкоўваюць уласны ўчастак метадам «зрабі сам», прафесіяналы лічаць якраз адсутнасць агульнага плана, калі кожную зону гаспадар ўпарадкоўвае асобна. А як усё будзе ў выніку выглядаць разам — не задумваецца. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка, калі «дызайнер-аматар» не ўлічвае ні вонкавы выгляд дома (галоўнага кампанента любога ўчастка), ні тое, якім будзе від з вокнаў пасля таго, як ваш «дызайн-праект» увасобіцца ў жыццё. І нарэшце, захапіўшыся ідэяй «зрабіць прыгожа», не варта забываць пра практычнасць: вузкія сцежкі з высокімі бардзюрамі, складанай формы клумбы створаць непатрэбныя нязручнасці ў паўсядзённым жыцці.

З пункту гледжання закона

Нават калі з суседзямі вы жывяце душа ў душу, ёсць і яшчэ адно важнае правіла: перад пачаткам любых маштабных будаўнічых ці ландшафтных работ на сваім участку неабходна зверыцца з заканадаўствам. Пры гэтым трэба разумець, што заканадаўства перыядычна мяняецца, таму важна азнаёміцца менавіта з апошнімі рэдакцыямі дакументаў. А ў ідэале — яшчэ і пракансультавацца са спецыялістам, які валодае нормамі зямельнага заканадаўства.

— Згодна з пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 27 лістапада 2020 года, у малых гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктах у мэтах рацыянальнага выкарыстання тэрыторыі і фарміравання камфортнага асяроддзя жыццядзейнасці чалавека дазваляецца функцыянальнае заніраванне ўчастка з выдзяленнем жылой і гаспадарчай зон, — каментуе адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена Гронская. — Згодна з п. 6.3.5 гэтай пастановы, у жылую зону ўваходзяць: жылы дом, гасцявы домік, кветнік, двор перад домам і частка саду; у гаспадарчую — частка двара з гаспадарчымі пабудовамі, будынкі для захоўвання інвентару, гараж, лазня, стацыянарныя цяпліцы, агарод і сад. На прысядзібным участку дазваляецца ўстройства ландшафтна-ўладкаванай сажалкі-капані, якая не дрэнажуе ў грунт басейна, з улікам патрабаванняў заканадаўства.

Асабліва актуальна скрупулёзна вывучыць патрабаванні закона пры ўзвядзенні гаспадарчых пабудоў — менавіта яны вельмі часта становяцца каменем спатыкнення ў спрэчках паміж суседзямі.

— Пастановай ўрада вызначаны паняцці «садовы домік» і «гаспадарчая пабудова», — тлумачыць адвакат Алена Гронская. — Садовы домік — гэта капітальны будынак (збудаванне), размешчаны ў таварыстве і прызначаны для адпачынку, сезоннага або часовага пражывання ў таварыстве; гаспадарчая пабудова — будынак, які выконвае дапаможныя функцыі для вядзення калектыўнага садоўніцтва.

Адлегласць ад пабудоў і аб'ектаў на прысядзібным участку да меж суседняга (сумежнага) участка рэгулюе вышэйназваная пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, тлумачыць суразмоўніца. Яна павінна складаць:

  • ад жылога дома, што стаіць асобна, а таксама гасцявога доміка — не менш чым тры метры;
  • ад ландшафтна-ўладкаванай сажалкі-капані, якая не дрэнажуецца ў грунт басейна — таксама не менш чым тры метры;
  • ад гаспадарчых пабудоў, пергал і альтанак (вышынёй не больш за 3 м) — не менш чым два метры.

— Узвядзенне новага жылога дома і гаспадарчых пабудоў, а таксама рэканструкцыя існага жылога дома і гаспадарчых пабудоў у раёнах сядзібнай забудовы, што ўжо склалася, дапускаецца адпаведна на адлегласці менш чым тры і два метры ад мяжы зямельнага ўчастка, — дадае адвакат. — Але гэта дапушчальна пры наяўнасці натарыяльна заверанай пісьмовай згоды сумежнага землекарыстальніка (або сумежных землекарыстальнікаў).

Такім чынам, у гэтым выпадку вам неабходна дамовіцца з суседзямі і атрымаць іх пісьмовую згоду, якую заверыць натарыяльна. Акрамя таго, існуючыя жылыя дамы і (або) гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя на адлегласці менш нарматыўнай, павінны быць абсталяваны водаадводнымі прыладамі, якія прадухіляюць сцёк дажджавой вады з дахаў на тэрыторыю суседняга (сумежнага) участка, падкрэслівае Алена Гронская. Іншымі словамі, правілы простыя: калі твая пабудова ці ў цэлым твой «дызайн-праект» нікому не перашкаджае, можна дамовіцца з суседзямі, і тады «наводзь прыгажосць» на сваім участку на радасць сабе і сваім родным.

— Але пры гэтым важна ўлічваць, што ўзвядзенне жылога дома, гасцявых домікаў варта ажыццяўляць на адлегласці не менш як тры м ад чырвонай лініі, устаноўленай горадабудаўнічай дакументацыяй, — звяртае ўвагу Алена Гронская. — Пры рэканструкцыі сядзібнай забудовы, якая склалася, паказаную адлегласць прадугледжваецца памяншаць пры ўмове захавання патрабаванняў будаўнічых нормаў.

Гаспадарчы падыход

Неабходна браць у разлік таксама і наяўнасць садовых домікаў, і гаспадарчых пабудоў на суседскім участку, падкрэслівае адвакат. І ў першую чаргу гэты аспект актуальны для дачнікаў, бо дачныя ўчасткі звычайна размешчаны літаральна «ў стык» адзін да аднаго, як «квадрацікі» коўдры.

— У адпаведнасці з нормамі размяшчэння садовых домікаў, гаспадарчых пабудоў і іншых збудаванняў, аб'ектаў агульнага карыстання таварыства, пасадкі насаджэнняў і размяшчэння агароджаў дапушчальныя адлегласці паміж садовымі домікамі, размешчанымі на зямельных участках сумежных землекарыстальнікаў, а таксама рашэнні аб размяшчэнні гаспадарчых пабудоў і іншых збудаванняў ад межаў зямельных участкаў сумежных землекарыстальнікаў і іх склад павінны прымацца членамі таварыства зыходзячы з захавання патрабаванняў пажарнай бяспекі, заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка з захаваннем наступных мінімальных параметраў: адлегласць ад асобна стаячага садовага доміка да межаў сумежнага зямельнага ўчастка павінна складаць не менш чым тры метры; адлегласць ад гаспадарчых пабудоў і іншых збудаванняў да меж сумежнага зямельнага ўчастка павінна складаць не менш чым метр, — кажа Алена Гронская.

Адвакат звяртае ўвагу, што праектаванне, узвядзенне, рэканструкцыя, рэстаўрацыя, капітальны рамонт аб'екта ажыццяўляюцца на падставе дазвольнай дакументацыі, састаў, парадак падрыхтоўкі і выдачы якой устанаўліваюцца з улікам патрабаванняў заканадаўчых актаў. Калі занядбаць атрыманне дазволу, гаспадарчыя пабудовы могуць абавязаць знесці за кошт гаспадара ўчастка, а таксама накласці штраф за самавольнае будаўніцтва.

І ў цэлым варта ўсведамляць, што ваш дачны ўчастак — не «мая зямля, што хачу, тое і раблю», адзначаюць юрысты. Гэта частка зямельных угоддзяў краіны і іх выкарыстанне рэгулюецца законам.

— Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2023 г. «Аб садоўніцкіх таварыствах» змяшчае наступныя юрыдычныя нормы, — тлумачыць адвакат Алена Гронская. — Член таварыства абавязаны пачаць асваенне зямельнага ўчастка ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель, і выкарыстоўваць дадзены зямельны ўчастак у адпаведнасці з яго мэтавым прызначэннем, утрымліваць яго ў парадку, ажыццяўляць мерапрыемствы па абароне раслін, рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці відаў раслін у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні расліннага свету.

Аб дрэвах і хмызняках

Размяшчэнне садовых дрэў на ўчастку таксама патрабуе ведання заканадаўства.

Згодна з нормамі размяшчэння садовых домікаў, гаспадарчых пабудоў і іншых збудаванняў, аб'ектаў агульнага карыстання таварыства, пасадкі насаджэнняў і размяшчэння агароджаў, пасадка насаджэнняў (дрэў, кустоў) ад меж сумежных зямельных участкаў ажыццяўляецца на адлегласці:

  • высакарослых (якія дасягаюць у дарослым стане вышыні больш чым тры метры) — не менш як тры метры;
  • сярэднярослых (дасягаюць у дарослым стане вышыні да трох метраў) — не менш як два метры;
  • нізкарослых (якія дасягаюць у дарослым стане вышыні да двух метраў) — не менш за метр.

У зоне метра да мяжы зямельнага ўчастка законам дазволена размяшчэнне газона і (або) кветкавых раслін вышынёй не больш чым метр.

Закон рэгулюе нават вышыню плота па перыметры вашых «уладанняў». Так, па межах зямельных участкаў членаў таварыства з боку вуліц і праездаў дапускаецца ўстаноўка агароджаў вышынёй не больш чым два метры — як празрыстых, так і непразрыстых (святлопразрыстасцю ад 0 да 100 % па ўсёй вышыні агароджы), кажа адвакат Алена Гронская. А па межах, якія падзяляюць зямельныя ўчасткі членаў таварыства, агароджы павінны быць вышынёй не больш як 1,7 метра і святлопразрыстасцю не меней як 50 % па ўсёй вышыні агароджы з забеспячэннем доступу да труб магістральнай сістэмы водазабеспячэння ў месцах іх праходжання па межах садовых участкаў для эксплуатацыі і тэхнічнага абслугоўвання.

Зрэшты, саджаць дрэвы бліжэй да меж суседзяў і ставіць паміж участкамі платы вышэйшыя або непразрыстыя магчыма, калі землекарыстальнікі сумежных зямельных участкаў не супраць, але сваю згоду яны павінны выказаць у пісьмовай форме.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Зона камфорту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.