Вы тут

У мастацкай галерэі «VILNIUS» адкрылася выстаўка жывапісу і графікі


У мастацкай галерэі «VILNIUS» адкрылася выстаўка жывапісу і графікі пад назвай «Святло і цень». Прадстаўлены работы дзвюх мастачак — Ірыны Гаспадарскай і Ксеніі Місан-Быстровай, якія працуюць у розных тэхніках і жанрах, але іх карціны арганічна дапаўняюць адна адну. 


Ірына Гаспадарская «Блізняты Сонца і Месяц», 2024 г

Ірына Гаспадарская нарадзілася ў Кіеўскай вобласці, але ўжо доўгі час жыве ў Беларусі. Скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Мастак-тэхнолаг». У мінулым годзе стала членам творчага аб’яднання «Еўразійская мастацкая супольнасць». Персанальныя выстаўкі адбыліся ў Наваполацку, Барысаве, Мінску. Мастачка ўдзельнічала ў калектыўнай выстаўцы-конкурсе «Вясенні салон» ад Беларускага саюза жанчын, у рэспубліканскім праекце «Арт-Мінск». У 2020 годзе Ірына заняла 3-е месца ў конкурсе «Сімвалы маёй краіны», што праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Сёлета творчасць мастачкі была прадстаўлена ў розных выставачных праектах, арганізаваных Еўразійскай мастацкай супольнасцю. Аўтарскія работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях. 

Карціны, прадстаўленыя на выстаўцы «Святло і цень», вяртаюць чалавека да прыроды, да чагосьці старажытнага. Спакойныя, мяккія колеры, якія быццам пераходзяць з аднаго палатна на другое, злучаюць работы ў адзінае цэлае. Невялікая частка карцін прысвечана космасу, прыгожым світанкам і захадам сонца. Магчыма, гэта рэшткі натхнення, якія засталіся пасля выстаўкі «Касмічныя рытмы — 2023». На карціне «Блізняты Сонца і Месяц» аўтар адлюстравала сімвалы шматлікіх старажытных міфаў і легенд, прысвечаных свяцілам, якія адначасова з’яўляюцца галоўным лірычным супрацьпастаўленнем і сябрамі на таямнічым небасхіле. Мастачка выкарыстоўвае звыклыя для гэтай тэматыкі колеры — насычаны жоўты і пяшчотны белы. Нават не гледзячы на назву твора, можна здагадацца, што на ім адлюстравана, — так удала Ірына Гаспадарская перадала вобразы нябесных свяцілаў. 

Тэма Месяца працягваецца ў рабоце «Мелодыя сусвету». Велізарны светла-шэры шар з фігурнымі кратарамі на залаціста-сінім фоне адсылае нас думкамі ў касмічныя прасторы. Свяціла здаецца нерухомым, але дынаміку ствараюць гарызантальныя блакітна-жоўтыя стужкі, быццам каметы на цёмным начным небасхіле. 

«Блізняты» знайшлі адлюстраванне на дыптыху «Цішыня». Спачатку наведвальнікаў сустракае выява фіялетава-жоўтага світання. Лёгкі градыент ад светла-жоўтага да ліловага і цёмна-фіялетавага натуралістычна перадае сапраўдную прыгажосць летняй раніцы. На другой карціне адлюстравана глыбокая ноч. Святло ад танюткага Месяца кладзецца на цёмныя марскія хвалі халодным белым бляскам. 

Гэты серабрысты колер пераходзіць на іншыя работы Ірыны Гаспадарскай. Яны ўжо больш «зямныя», але таксама маюць фантастычныя і адметныя ноткі. Карціны «Тайга» і «Першыя замаразкі» выкананы ў адзіным стылі. Тонкія чорныя лініі, баланс святла і цемры, сярэбраныя ніткі звязваюць сюжэты. Такі настрой працягваюць работы «Готыка — музыка ў камені», «Падарожжа», «Зімовы раманс», «Усе людзі — акцёры на сцэне жыцця». Чорныя фігуры на белым фоне не выглядаюць змрочна і нудна, а добра прапрацаваныя дэталі змушаюць наведвальнікаў спыніцца, каб паразважаць. Дапаўняюць кампазіцыю таксама чорна-белыя творы, дзе ўжо пануе цёмны колер. Тут таксама можна знайсці традыцыйныя матывы ў сучаснай містычнай апрацоўцы. 

Павольна фантастычныя фігуры Ірыны Гаспадарскай перацякаюць у яркія сімвалічныя вобразы Ксеніі Місан-Быстровай. Мастачка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працуе ў кніжнай графіцы, стварае дэкаратыўныя пано. Персанальныя выстаўкі Ксеніі Місан-Быстровай праходзілі ў розных гарадах Беларусі. Творца актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх і рэспубліканскіх праектах. 

Ксенія Місан-Быстрова «Пустыня»

Не трэба быць спецыялістам, каб зразумець тэму, якая чырвонай ніткай праходзіць праз усе прадстаўленыя творы Ксеніі Місан-Быстровай, — шахматы. Амаль на кожнай карціне мастачкі можна знайсці пешку ці ладдзю. У адзіным стылі выкананы работы «Пустыня» і «Здабыча», дзе намаляваны ігуана на шахматнай дошцы і кот з каронай і фігуркай «каралевы». Акрамя формы іх аб’ядноўваюць пазалочаныя элементы на цёмным фоне. Такі ж прыём выкарыстаны на карціне «Каралеўскае жыццё, ці Крывавыя пешкі». З-за чорнага і крывава-чырвонага колераў работа здаецца цёмнай і змрочнай, што адлюстроўвае цяжкую барацьбу за жыццё не толькі ў шахматнай гульні, але і ў нашай рэальнасці. Заўсёды ёсць той, хто прайграе...

Тэму барацьбы працягваюць творы «Супрацьстаянне», «Гендарныя гульні» і «Гульні розуму». Атмасфера на гэтых палотнах нагадвае папулярны міні-серыял ад Netflix «Ход каралевы», прэм’ера якога адбылася ў 2020 годзе. Мастачка таксама паказала напружаную барацьбу за першынство. 

Ксенія Місан-Быстрова, у адрозненне ад Ірыны Гаспадарскай, выкарыстоўвае яркія фарбы, хаатычныя штрыхі і плямы, якія потым ствараюць непаўторны сюжэт. Карціны Ірыны Гаспадарскай спакойныя і мяккія, вяртаюць веру ў містычныя з’явы і запавольваюць бясконцы гарадскі рух. Работы Ксеніі Місан-Быстровай, наадварот, запальваюць у душы полымя жыцця, імкненне да перамогі. Святло і цень у кожнай паасобку і на сумесным творчым шляху. 

Выстаўка працуе да 26 мая. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.