Вы тут

Надвор'е: паліто пакуль не хаваем


На тое ён і красавік, калі ад спёкі да холаду — усяго пару крокаў. Вось і цяпер на змену рэкорднаму цяплу да нас прыйдзе вясновая прахалода, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота БелТА

У эпоху глабальнага змянення клімату ў нашых шыротах працягваюцца тэмпературныя «арэлі». Надвор'е другога тыдня красавіка як быццам жартам паўтарае сцэнарый першага — і летняе цяпло, і вясновая прахалода. Пасля ўмерана цёплага пачатку ў аўторак і сераду ва ўмовах малавоблачнага і сухога надвор'я тэмпература паветра перавысіла кліматычную норму на 9—16 градусаў. Паказанні на тэрмометрах апоўдні па краіне падымаліся да плюс 23—28 градусаў, апярэджваючы каляндар прыкладна на месяц. А вось у другой палове дня серады да заходніх раёнаў наблізіўся халодны атмасферны фронт, які нетаропка пачаў выцясняць за межы краіны цёплае паветра.

У пятніцу ў сувязі з тым, што фон атмасфернага ціску па-ранейшаму будзе павышаны, істотных ападкаў па краіне не чакаецца, толькі ў начныя гадзіны па поўначы краіны, дзе адаб'ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, месцамі пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Раніцай і днём месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 4—10 цяпла, удзень — 14—20 градусаў.

А ў суботу (пацвярджаючы, што 13 — не самы ўдалы лік), надвор'е памяняе свой «імідж». У гэтыя выхадныя чакаецца непагадзь з дажджамі і парывістым ветрам, у дзённыя гадзіны месцамі прагрымяць навальніцы. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца слабы туман.

Тэмпература паветра ўначы складзе 4—11 градусаў. Удзень 11—18 цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах краіны — да плюс 20 градусаў.
І ў нядзелю яшчэ будзе адносна цёпла. У гэтыя суткі ноччу месцамі па паўночным усходзе пройдзе невялікі дождж, днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Днём у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі 15—20 м/с, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 5—11 цяпла, удзень будзе ад плюс 13 на поўначы да плюс 23 градусаў на поўдні краіны.

Згодна з папярэднім прагнозам, з пачаткам новага працоўнага тыдня ў сінаптычных працэсах па-ранейшаму будзе захоўвацца вясновая няўстойлівасць. У большасці раёнаў будуць ісці кароткачасовыя дажджы, тым самым папаўняючы скарбонку красавіцкіх ападкаў. У панядзелак дыскамфорту будзе дадаваць моцны парывісты вецер. Пры гэтым тэмпературны фон яшчэ панізіцца.

У панядзелак ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У начныя гадзіны ў многіх раёнах, удзень месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—9 цяпла, удзень — 9—16 градусаў.

У аўторак і сераду на глебе магчымыя «нулявыя» замаразкі. У гэтыя дні на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 7 градусаў. Днём будзе 7—13 цяпла, 16 красавіка па паўднёвым усходзе — да плюс 15 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.