Вы тут

На выхадных і на наступным тыдні для прагляду прапануюць шэраг кінастужак


На выхадных і на наступным тыдні для прагляду на сацыякультурным тэлеканале прапануюць шэраг кінастужак, якія даўно ўжо сталі класікай. Сакрэт іх поспеху абумоўлены як талентам стваральнікаў, так і матэрыялам, які лёг у аснову кінааповедаў. 


І разам з тым яны і сёння нагадваюць усім незалежна ад узросту пра вечныя каштоўнасці, паказваюць герояў, якім суперажываеш і ў якіх вучышся мудрасці. А галоўнае, праз нейкі час изноў шукаеш сустрэчы з імі.

Напрыклад, у суботу, 13 красавіка, раім паглядзець кінааповесць «Цераз могілкі», знятую на «Беларусьфільме» Віктарам Туравым у 1964 годзе. Кінастужка, створаная па аднайменнай аповесці Паўла Ніліна, была рэжысёрскім дэбютам, аднак заваявала ўвагу шматлікіх гледачоў. Варта адзначыць, што дыпломамі і ўзнагародамі адзначылі на V кінафестывалі Прыбалтыкі, Беларусі і Малдавіі ў 1965 годзе таксама акцёра Уладзіміра Мартынава і аператара Мікалая Забалоцкага за выяўленчае рашэнне фільма. А ў 1994 годзе рашэннем ЮНЕСКА кінастужка ўвайшла ў спіс ста найлепшых фільмаў пра вайну. Сюжэт, мяркую, многім кінааматарам вядомы, таму проста знайдзіце час, каб яшчэ раз згадаць гісторыю партызана Міхася Пашкевіча і ўсіх, з кім звяло яго жыццё восенню 1942 года... Дарэчы, пасля прагляду кінастужкі «Цераз могілкі» прыемным падарункам для прыхільнікаў кінамастацтва стане таксама паказ дакументальнага фільма «У кадры і за кадрам. Кінааператар Анатоль Забалоцкі» (Белтэлерадыёкампанія, 2022 г.).

А вось 14 красавіка раніцай самым маленькім гледачам (але можна і ўсёй сям’ёй паглядзець) пакажуць казку «Рыжы, сумленны, закаханы», знятую рэжысёрам Леанідам Нячаевым сорак гадоў таму на «Беларусьфільме». Цікава паназіраць за тым, як маленькім лісянятам выкладаюць у школе «Хітралогію», бо і жыць ім патрэбна будзе падманам. Аднак лісяня Людвіг, унук настаўніка, адказваецца спасцігаць навуку махлярства і афер... Гэтая казка і малым, і дарослым падорыць шмат павучальнага і, можа, усе мы зноў згадаем, як важна ў жыцці заставацца сабой і рабіць уласны выбар.

У сераду, 17 красавіка, споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння актрысы тэатра і кіно, народнай артысткі Расіі Вольгі Жызневай. У гэты дзень на тэлеканале «Беларусь 3» пакажуць мастацкі фільм «Розныя лёсы» (1956 г.), у якім акцёрка стала выканаўцай ролі маці-гераині. Кінапраца рэжысёра Леаніда Лукава знаёміць гледачоў з гісторыяй маладых ленінградцаў, якія толькі робяць свае першыя крокі ў дарослае жыццё. Але ніхто з іх не ведае, што чакае наперадзе і хто будзе побач на гэтым шляху.

У гэты ж дзень 125 гадоў таму з’явілася на свет беларуская актрыса, народная артыстка БССР Лідзія Ржэцкая (1899–1977). Прыхільнікаў артысткі парадуюць у дзённым эфіры на «Беларусь 3» паказам мастацкага фільма «Хто смяецца апошнім», знятым на «Беларусьфільме» ў 1954 годзе. У акцёрскім складзе задзейнічаны таксама Леанід Рахленка, Глеб Глебаў, Уладзімір Уладзімірскі, Зінаіда Баварская і іншыя. Сатырычная камедыя была знятая рэжысёрам Уладзімірам Корш-Сабліным па аднайменнай п’есе беларускага драматурга Кандрата Крапівы. І пасылы гэтай экранізацыі знакамітага твора заўседы будуць прыцягальнымі для гледачоў, таму што заўжды ва ўзаемаадносінах людзей ёсць месца выпадковасцям і героі патрэбны нашаму свету, каб дабро і праўда ў фінале ўсё ж такі перамагалі!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.