Вы тут

Што рабіць з мікрапластыкам?


Пластык — глабальная праблема. У свеце назапашана больш за 8,3 мільярда тон пластыкавых адходаў, з якіх выкарыстоўваецца не больш за 21%. У Беларусі штогод іх утвараецца больш за 300 тысяч тон, і на кожнага жыхара прыпадае больш за 33 кг — мы нават перавышаем сярэднееўрапейскі паказчык і набліжаемся да Германіі, дзе ўтвараецца 37,4 кг пластыку. Сярод яго небяспек — складанасці ў перапрацоўцы і назапашванне ў глебе і вадзе, адкуль праз прадукты харчавання мікрапластык трапляе ў наш арганізм. Што робіцца на дзяржаўным узроўні і што ў сілах здзейсніць кожны з нас, каб зменшыць яго вытворчасць і распаўсюджанне?


Фота з адкрытых крыніц

Збіраем у 4 разы больш, чым 10 гадоў таму

З 2020 года ў Беларусі рэалізоўваецца план мерапрыемстваў, накіраваны на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі і яе замяшчэнні на экалагічна бяспечную. Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці — начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў, план прадугледжвае 19 мерапрыемстваў у пяці кірунках: удасканаленне абыходжання з адходамі, правядзенне навуковых даследаванняў, вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, тэхнічнае рэгуляванне і скарачэнне імпарту палімернай упакоўкі, інфармацыйна-асветніцкую работу з насельніцтвам. Па выніках 2023 года з іх дзевяць выкананы, тры выконваюцца, шэсць запланаваны на 2024–2025 гады.

Напрыклад, у галіне выкарыстання экалагічна бяспечнай упакоўкі вядуцца работы па мадэрнізацыі вытворчасцяў, якія маюцца, і стварэнні новых. Ключавымі вытворцамі ў краіне з’яўляюцца цэлюлозна-папяровыя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Так, з 2020 года ў выніку мадэрнізацыі магутнасцяў УП «Папяровая фабрыка дзяржзнака» гадавая вытворчасць упаковачнай паперы з бар’ернымі ўласцівасцямі павялічылася на 300 тон у параўнанні з 2019 годам. Летась тэмп росту экалагічна бяспечнай упакоўкі склаў 108% да ўзроўню 2022 года. ААТ «Віцебскі карданажна-паліграфічны камбінат Пакроўскі» ў 2022 годзе ўвёў у эксплуатацыю лінію вытворчасці гофракарабоў, у выніку тэмпы росту прадукцыі з гофракардону ў 2023-м у параўнанні з 2022-м склалі амаль 119%.

Шэраг прадпрыемстваў працягвае нарошчваць аб’ёмы вытворчасці экалагічна бяспечнай упакоўкі. Напрыклад, ТАА «Суперпак компані» летась павялічыла аб’ёмы вытворчасці папяровых мяшкоў больш чым на 10%. ТАА «Барынпак» вырабілі больш за 251 тысячу адзінак самазборнай упакоўкі для гародніны, фруктаў і ягад з драўняна-валакністых пліт, што ў 4,5 раза больш, чым у 2022 годзе. ААТ «Логапалімер» наладзіла вытворчасць біяраскладальных пакетаў з кукурузнай сыравіны.

Сёння ў рэестры прадпрыемстваў па перапрацоўцы адходаў зарэгістравана 162 аб’екты па выкарыстанні розных відаў пластыку, у тым ліку палімернай упакоўкі. Па выніках 2022 года ўзровень выкарыстання палімерных адходаў вытворчасці складае 92%. Паступова растуць і аб’ёмы сабраных ад насельніцтва адходаў пластмас. За апошнія 10 гадоў гэты паказчык павялічыўся ў чатыры разы — з 27,3 тысячы тон у 2012-м да 106,8 тысячы тон у 2022-м і да 113,5 тысячы тон летась.

Да паловы смецця — палімерная ўпакоўка

На кожнага з нас прыходзіцца ў сярэднім 433 кг камунальных адходаў у год. У 1997 годзе гэты паказчык складаў 177 кг. Такім чынам, за чвэрць стагоддзя ва ўтварэнні камунальных адходаў мы прыраслі ў 2,5 раза. Па ацэнках экспертаў, ад 30 да 50% нашага смеццевага кошыка займае ўпакоўка, у асноўным палімерная.

— Праблема ў тым, што яна вельмі разнастайная. Палімераў сёння шмат, яны пазначаюцца лічбамі ў трохкутніку. І нават у адным прадукце часам накрыўка з аднаго пластыка, кантэйнер — з іншага. Гэта разнастайнасць, асабліва камбінаванай ўпакоўкі складае асноўную праблему, — звярнула ўвагу галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Святлана Мацкевіч.

Адным са шляхоў яе вырашэння з’яўляецца такі прагрэсіўны механізм, які ўкаранёны і ў нашай краіне, як прынцып пашыранай адказнасці вытворцы. Ён працуе з 2012 года ў нашай краіне і не новы для свету — паспяхова функцыянуе ў Швецыі і іншых краінах ЕС, а таксама ў Расіі, Казахстане, Японіі, Паўднёвай Карэі. Дарэчы, апошняя — лідар у свеце з самым высокім індэксам перапрацоўкі адходаў у многім дзякуючы прынцыпу пашыранай адказнасці вытворцаў.

— Пашыраная адказнасць вытворцаў азначае, што адказнасць за ўтылізацыю ўпакоўкі, у тым ліку пластыкавай, пасля таго, як яна адслужыла сваё, ляжыць на вытворцах і пастаўшчыках — тых, хто вырабляе такія тавары і ўвозіць іх у краіну. Яны абавязаны забяспечыць збор, абясшкоджванне і перапрацоўку ўпакоўкі, — тлумачыць Святлана Мацкевіч.

У вытворцы ці пастаўшчыка ёсць два шляхі выканання гэтага абавязку: самастойна збіраць адходы такога ж віду, прычым забяспечыць пэўны працэнт ад вырабленых ці ўвезеных тавараў і ўпакоўкі (што датычыцца палімераў, то гэта 50%), або ўнесці плату за арганізацыю збору гэтых адходаў. Большасць выбірае менавіта такі варыянт.

— Гэтыя сродкі паступаюць на рахунак упаўнаважанай арганізацыі — аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў і накіроўваюцца на развіццё сістэмы абыходжання з адходамі. У 2023 годзе ў сферу збору і перапрацоўкі камунальных адходаў аператар накіраваў больш за 166 мільёнаў рублёў. У прыватнасці, больш за 60 мільёнаў рублёў — на выплату кампенсацый за збор другасных матэрыяльных рэсурсаў і больш за 106 мільёнаў рублёў — на мадэрнізацыю і будаўніцтва новых аб’ектаў інфраструктуры збору, сартавання і перапрацоўкі адходаў, закупку спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, фінансаванне навукова-даследчых работ, укараненне новых тэхналогій. Гэта той інструмент, які дазваляе развівацца сістэме абыходжання з адходамі, — адзначыла Святлана Мацкевіч.

Экасяброўскія шкло і папера

Акрамя эканамічнага стымулявання збору адходаў, ёсць такія ж механізмы для пераходу на экалагічна сяброўскую ўпакоўку. Напрыклад, устаноўлены розныя памеры аплаты, яны зменшаны для папяровых пакетаў, якія могуць выкарыстоўвацца замест палімерных, таксама зніжаны для біяраскладальнай упакоўкі. Адпаведна, за пластыкавыя тавары і ўпакоўку самая высокая плата, што стымулюе вытворцаў і імпарцёраў выбіраць больш экалагічна бяспечную ўпакоўку.

Стымулююць вытворцаў і да больш актыўнага выкарыстання шкляной упакоўкі. Напрыклад, прадугледжана кампенсацыя за разліў напояў і малака ў шкляную бутэльку. Яе прасцей перапрацаваць, і тут назіраецца добрая дынаміка: за год аб’ёмы выраслі ў 4,5 раза. Таксама прадугледжана кампенсацыя расходаў па зборы ўпакоўкі са шкла, прадугледжанай для шматразовага прымянення.

— Найважнейшы паказчык развіцця сферы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі — узровень іх выкарыстання. Па выніках мінулага года ён склаў 35,7%, а за апошнія 12 гадоў вырас больш чым у тры разы. Гэта яркі паказчык дзяржаўнай стратэгіі ў цэлым і работы механізму пашыранай адказнасці вытворцы ў прыватнасці, — падкрэсліла Святлана Мацкевіч.

Адным з ключавых напрамкаў мадэрнізацыі сістэмы абыходжання з адходамі з’яўляецца пераход ад раённай да рэгіянальнай сістэмы кіравання, калі аб’ект па зборы і сартаванні абслугоўвае не адзін, а адразу некалькі суседніх раёнаў. Рэгіянальныя комплексы стануць сучаснымі і аснашчанымі новай тэхнікай. Да канца 2024 года запланавана стварэнне 10 рэгіянальных аб’ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў — Баранавіцкага, Брэсцкага, Пінскага, Аршанскага, Наваполацкага, Гомельскага, Ваўкавыскага, Пухавіцкага і Бабруйскага рэгіянальных комплексаў і аб’екта па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі ў Мінску.

Ужо летась уведзены ў эксплуатацыю Баранавіцкі і Аршанскі комплексы, на завяршальнай стадыі будаўніцтва аб’екта па сартаванні ў Бабруйску. Вядзецца будаўніцтва Наваполацкага, Гомельскага і Ваўкавыскага рэгіянальных комплексаў. Для аб’екта па абыходжанні з камунальнымі адходамі ў Мінску распрацавана праектная дакументацыя, праектуюцца Пінскі і Пухавіцкі рэгіянальныя комплексы.

Важны кірунак — энергетычнае выкарыстанне адходаў. Ён будзе развівацца за кошт выкарыстання ў цэментнай прамысловасці альтэрнатыўнага РДФ-паліва — дробных фракцый спецыяльна апрацаваных адходаў. У цяперашні час такі праект рэалізоўваецца ў Гродзенскай вобласці — тэхналагічная лінія па выкарыстанні РДФ-паліва ўведзена на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». У перспектыве такое паліва будзе выкарыстоўвацца на цэментных заводах у Крычаве і Касцюковічах.

Сартуй сёння

Работа па інфармаванні аб праблеме абыходжання з пластыкам вядзецца ў нашай краіне ў рамках адзінай рэспубліканскай кампаніі «Мэта 99». 

І мінулы год, і гэты праходзіць пад тэматычным акцэнтам «Сартуй пластык».

— На вуліцах з’явіўся новы борд вонкавай рэкламы са стэйкам з пластыкавага ласося «Сартуй пластык сёння, каб не есці яго заўтра». Ён звяртае ўвагу на ланцужок трапляння мікрапластыку ў наш арганізм. Праводзяцца розныя акцыі, у прыватнасці — «Больш раслін — менш пластыку», калі мы абменьвалі пластыкавыя бутэлькі на насенне раслін і расліны, што дазваляе больш паглыбіцца ў праблему пластыкавага забруджвання і замест пластыку выкарыстоўваць штосьці больш экасяброўскае. У якасці сувеніраў часта дорым шматразовыя шоперы. Здавалася б, нескладаная бытавая звычка — адмовіцца ад пластыкавага пакета і браць з сабой палатняную сумку, але нават гэта даводзіцца стымуляваць і прасоўваць, — адзначыла Святлана Мацкевіч.

Тым жа, хто гатовы далучыцца да карысных экалагічных звычак, сарыентавацца ва ўсіх правілах раздзельнага збору адходаў, дапаможа сайт Цель99.бел. Там працуе модуль «Гід па сартаванні», які падкажа, што рабіць з тым ці іншым відам адходаў і ці можна яго перапрацаваць. Таксама акумулюецца ўся інфармацыя па пунктах прыёму другаснай сыравіны. Дарэчы, іх у краіне каля 1700. Гэта пункты прыёму паперы, кардону, палімернай і металічнай упакоўкі, за якія можна атрымаць грашовае ўзнагароджанне. У «Тэлеграме» запушчаны чат-бот па сартаванні адходаў «Сартаванне адходаў-бот», які таксама падкажа, як паступіць з тым ці іншым відам смецця.

Не ўся біяраскладальная ўпакоўка бяспечная

Яшчэ адной праблемай пластыкавага забруджвання з’яўляецца тое, што сёння больш за палову пластыкаў, якія трапляюць у камунальныя адходы, немагчыма перапрацаваць. Пакуль адзін з нямногіх спосабаў яго выкарыстання — РДФ-паліва.

— Усе меры па забароне пластыку і пераходзе на біяраскладальную ўпакоўку павінны даваць вынік. Але ёсць адзін нюанс: не ўсе біяраскладальныя пластыкі бяспечныя. Ёсць коксараскладальныя палімеры, якія, трапляючы ў прыроднае асяроддзе, раскладаюцца на мікрапластык і забруджваюць глебу, ваду і трапляюць у арганізм чалавека, — звяртае ўвагу намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Інстытут жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі» Іван Бараноўскі. — Нядаўна прайшла навуковая канферэнцыя па водных рэсурсах. Вучоныя з Санкт-Пецярбурга, якія даследавалі ўтрыманне пластыку ў глебе і вадзе, у прыватнасці ў Ладажскім возеры і іншых вадаёмах, і ў глебе, і ў вадаёмах знайшлі сляды і наяўнасць мікрапластыку. Насамрэч для пастаўшчыкоў і вытворцаў біяраскладальнага пластыку ёсць заканадаўчыя паслабленні, адпаведна ёсць зацікаўленасць у пастаўцы такіх пластыкаў. Але далёка не ўсе яны бяспечныя.

Праблема коксараскладальных пластыкаў, якія з’яўляюцца крыніцай мікрапластыку, насамрэч актуальная не толькі для Беларусі, але і для Расіі, і іншых краін свету. На постсавецкай прасторы не існуе сістэмы сертыфікацыі біяраскладальных пластыкаў. Аднак яе стварэнне запланавана ў Нацыянальнай акадэміі навук. Спачатку будзе арганізавана лабараторыя па выпрабаванні біяраскладальных пластыкаў, а пасля — орган па сертыфікацыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.