Вы тут

Мастацтва з урбаністычным характарам


Стрыт-арт — кірунак у сучасным выяўленчым мастацтве, асаблівымі рысамі якога з’яўляюцца яркасць і неадназначнасць. Калі шукаць у пошукавіку значэнне дадзенага тэрміна, то мы ўбачым мноства вынікаў — ад «хуліганства» да «эвалюцыйных формаў графічнага мастацтва». Там жа можна прачытаць, што асноўнай часткай стрыт-арту з’яўляецца графіці, але нельга лічыць, што стрыт-арт — гэта і ёсць графіці. Да названага кірунку адносяцца постары, трафарэты, розныя скульптурныя інсталяцыі і г. д. Асаблівасцю таксама з’яўляецца ярка выражаны ўрбаністычны характар. Каб разабрацца ў тэме ад першай асобы, мы паразмаўлялі са стрыт-арт-мастаком Глебам Каштанавым.


— Ужо больш як дзесяць гадоў я займаюся вулічным мастацтвам. Пачынаў з графіці, як і ўсе тыя, хто ўзяў у рукі балончыкі з фарбай упершыню. Пры гэтым вучыўся ва ўніверсітэце, вывучаў малюнак, жывапіс, кампазіцыю і іншыя класічныя дысцыпліны. На парах практыкаваў акадэмічны малюнак, а пасля іх — вулічны кірунак. Было цікава гэта сумяшчаць, сінтэзаваць сваю творчасць у нешта новае — усё тое і прывяло мяне да стрыт-арту. Наогул, яшчэ ў дзяцінстве бацькі заўважылі маё імкненне да выяўленчага мастацтва і паспрыялі яго развіццю: аддалі ў школу з мастацкім ухілам, адвялі на заняткі па мастацтве, а ўжо пазней я паступіў у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава на дызайнера. Увесь мой творчы шлях яны падтрымлівалі, падтрымліваюць і цяпер мяне ва ўсіх пачынаннях і з разуменнем ставяцца да ўсіх стадый развіцця ў гэтай сферы. Быў час, калі я з маімі сябрамі ў гаражы бацькі адпрацоўваў новыя тэгі і прыёмы, перш чым пайсці на вуліцу. Гараж і сёння ўвесь у графіці як напамін пра мае пачынанні. (Смяецца.)

Дык што ж такое стрыт-арт для Глеба?

— Для мяне — свабода, поле для эксперыментаў, вялізная экспазіцыйная прастора з мноствам гледачоў. Гэта дынамічны напрамак мастацтва, што пастаянна развіваецца, у якім амаль няма правілаў.

Эскізы работ стрыт-арт-мастака практычна не могуць быць тыповымі, кожная новая карціна — гэта новае месца ў гарадскім асяроддзі і адпаведна новая канфігурацыя, новая кампаноўка. Часам сама лакацыя падказвае рашэнне для эскіза. Тэматыка можа быць абсалютна рознай: ад гумару і коміксаў да складаных канцэпт-артаў на гістарычныя ці надзённыя тэмы.

У кожнага прафесіянальнага мастака ёсць свае адметныя рысы ў рабоце. Наш суразмоўнік пазіцыянуе сябе як эксперыментатар і свой стыль у стрыт-арце называе «стылем свабоды». Заўсёды новыя падыходы, эксперыменты са змешваннем жанраў і гульня з фактурамі. Глеб любіць нестандартныя сценкі з «разыначкай», яму падабаецца абыгрываць гэта. Галоўныя крытэрыі для нашага героя ў працы — ідэя і якасць выканання, а сама работа па маштабах можа быць як невялікім трафарэтам, так і велізарным муралам на фасадзе будынка.

— Калі казаць пра самую складаную работу, то гэта мурал «Прастора натхнення», які быў зроблены напрыканцы мінулага лета ў Віцебску на фасадзе дванаццаціпавярховага дома. Апроч няпростай задачы зрабіць твор фарматам 500 квадратных метраў, я сутыкнуўся з вялікай колькасцю арганізацыйных момантаў. Падключэнне абсталявання, электрычнасці, паломкі тэхнікі, складаныя ўмовы надвор’я — дзённае пекла вышэй за трыццаць градусаў і тыдзень дажджоў. Праект, разлічаны на пятнаццаць дзён, расцягнуўся на цэлы месяц, я пратэрмінаваў два дэдлайны. Але вынікам застаўся задаволены, і горад прыняў мурал на ўра! Гэта першы праект такога маштабу ў Віцебску, але не апошні. Гарадскія ўлады пачалі прыглядацца да муралаў і гатовы працягваць.

Глеб падзяліўся з намі, што на стварэнне сваіх работ яго натхняюць само жыццё, цікавыя людзі, кнігі, фільмы, тэатр, арт-паблікі, сны, прырода, гісторыі і міфы, падарожжы... Гэты спіс можна працягваць да бясконцасці.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.