Вы тут

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?


У Мінску назвалі 26 праектаў — пераможцаў рэспубліканскага Конкурсу маладзёжных ініцыятыў. Іх аўтары атрымалі ганаровыя пасведчанні на атрыманне фінансавання. А мы вырашылі распавесці чытачам пра некаторыя ідэі, якія будуць увасоблены ў найбліжэйшай перспектыве.


Намеснік мінімстра адукацыі К. Пятруцкая

«Кірункі дзейнасці прадстаўленых праектаў вельмі разнастайныя; сумы, якія патрабуюцца на іх рэалізацыю, таксама ва ўсіх розныя: ад тэхнічнага і рэабілітацыйнага абсталявання да будаўнічых матэрыялаў і спартыўных прылад. Вельмі радасна, што фінансаванне штогод расце, бо ўсё, што датычыцца работы з моладдзю, — гэта вельмі важна. Наша падтрымка ініцыятыў маладых людзей забяспечыць іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і плённую працу заўтра», — адзначыла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты. З іх кампетэнтная камісія адабрала 26 пераможцаў. Прадстаўнікі кожнай з 26 ініцыятыў расказалі пра сваю ідэю. Многія з іх накіраваны на развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі. Так, студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова ствараюць медыйны цэнтр «Studlіfe», у якім студэнты могуць паспрабаваць сябе ў якасці карэспандэнтаў, рэдактараў, фотакарэспандэнтаў і гэтак далей. «Такі праект дапамагае прыцягнуць абітурыентаў, павысіць цытуемасць універсітэта, а таксама дазваляе студэнтам зрабіць першыя крокі ў журналісцкай дзейнасці. Наш праект ужо рэалізуецца, мы вядзём сацыяльныя сеткі і відэаканал. Напрыклад, папулярнасцю карыстаецца рубрыка "10 школьных пытанняў": у відэа, дзе дарослым задаюць пытанні са школьнай праграмы, ужо прынялі ўдзел прарэктары па выхаваўчай і вучэбнай рабоце. І мы ўвесь час удасканальваем наш кантэнт», — паведамілі студэнткі.

Юлія Зінкевіч атрымлівае пасведчанне аб гранце

Са студэнтамі звязаны і праект Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра па стварэнні мабільнага кінатэатра пад адкрытым небам у студэнцкай вёсцы ў Мінску. Кіраўнік цэнтра Юлія Зінкевіч патлумачыла: «Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр размешчаны ў студэнцкай вёсцы, дзе пражывае каля 10 тысяч чалавек. Студэнты выказалі жаданне: было б вельмі добра, калі б у нас з’явіўся кінатэатр. І мы вырашылі, што такі кінатэатр стане цудоўнай пляцоўкай для прагляду цікавых, у тым ліку гістарычных ці патрыятычных, фільмаў і іх абмеркавання». Юлія таксама адзначыла, што ўсё абсталяванне кінатэатра будзе мабільным, што дазволіць яго перавозіць і на выязныя мерапрыемствы, форумы, выставы, фестывалі. «Спадзяёмся, ужо гэтым летам зможам запрасіць студэнтаў, ды і ўсіх ахвотных на першы сеанс!» — дадала яна.

Анатоль Бурак

Заслугоўваюць увагі і праекты па інклюзіўным развіцці, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і, вядома, па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод такіх вылучыўся малады настаўнік гісторыі з вёскі Астрамечава Анатоль Бурак, які прадставіў праект мясцовага музея на базе школы. Высветлілася, што ў невялікай вёсцы знаходзілі такія значныя матэрыяльныя каштоўнасці, як язычніцкі ідал, манеты часоў Рымскай імперыі, помнік пісьменнасці XVІІ стагоддзя «Полацкі сшытак» (ён жа «Астрамечаўскі рукапіс»). «Музея пакуль яшчэ няма, але вучні ўжо прыносяць прадметы, якія ўвойдуць у экспазіцыю. У нас ужо ёсць артэфакты XVІІІ, XІX і XX стагоддзяў, у тым ліку часоў Першай і Другой сусветных войнаў... Яшчэ адна мэта праекта — развіць цікаўнасць і гістарычную свядомасць дзяцей праз практычную дзейнасць. Так, на базе музея будзе фарміравацца калектыў вучняў, будучых экскурсаводаў і лектараў. Магчыма, некаторыя з іх і надалей звяжуць жыццё з гісторыяй і музейнай справай», — падкрэсліў настаўнік. Анатоль Бурак распавёў таксама пра меркаваную планіроўку міні-музея. У ім будзе тры пакоі: першы прысвечаны гісторыі вёскі і мясцовасці да XX стагоддзя, другі — Вялікай Айчыннай вайне і выхадцам з Астрамечава, якія ў ёй удзельнічалі, а трэці — рабоце мясцовага краязнаўца Івана Панасюка і этнаграфічным асаблівасцям вёскі.

Яшчэ адзін настаўнік, на гэты раз — фізік — з Чэрвеня распавёў пра стварэнне клуба віртуальнай рэчаіснасці «VRеале». Ён падкрэсліў, што віртуальная рэчаіснасць — гэта не проста забаўка, гэта сучаснае ноу-хау, якое ўжо дапамагае ў многіх галінах, такіх як дызайн, медыцына і праектаванне. «VRеале» дапаможа нам у адукацыі пры вывучэнні некаторых прадметаў, а таксама ў прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю. Ахвотныя змогуць адчуць сябе ў ролі ўрача, выратавальніка ці нават касманаўта — мы ўжо знайшлі суадносныя сімулятары прафесій!" — заявіў настаўнік. Дарэчы, словы пра касманаўтыку і відэа з дадзеным сімулятарам зала сустрэла апладысментамі, бо ўсе ўзгадалі нядаўні касмічны палёт першай беларускай касманаўткі Марыны Васілеўскай.

Прадстаўнікі ПВА «Пульс»

Сярод праектаў, якія прыцягнулі шмат увагі, і пошукава-выратавальны атрад «Пульс», які ўжо цяпер рэгулярна выязджае на пошук заблудных і зніклых без вестак у Гомельскай вобласці. Дзмітрый Якубчык, адзін з суаўтараў праекта, распавёў, што «Пульс» займаецца ў асноўным пошукам людзей, але таксама атрад арганізуе, так бы мовіць, школы бяспекі, дзе паведамляюць пра паводзіны на прыродзе і ў горадзе, праводзяць квэсты і гульні з дзецьмі ў летніх лагерах, вучаць арыентавацца ў лесе, працаваць з компасам і гэтак далей. Прадстаўнікі атрада разгарнулі сапраўдную экспазіцыю апаратуры, якой карыстаюцца. «Тут у нас радыёстанцыі, якія патрэбныя для сувязі ў лясным асяроддзі, ліхтарыкі, а таксама святлошумавыя пускальнікі, патрэбныя для абароны нашых валанцёраў ад дзікіх жывёл ці абазначэння месцазнаходжання. Вядома, возім з сабой акумулятары і паўэр-банкі, бо для пошуку выкарыстоўваем на ноўтбуку спецыяльныя праграмы, якія малююць карту мясцовасці, наносяць на яе сетку. А гэта інвертар, з дапамогай якога можна падключыцца да электрычнасці з машыны», — распавядае Дзмітрый. Валанцёры пошукавага атрада выдзяляюцца стыльнай і практычнай уніформай з шаўронамі «Пульсу», у кожнага — асабістыя пазыўныя.

Ганна РОВІНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.