Вы тут

На каго працуюць польскія ўлады?


Кандыдаты партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) прайгралі выбары ў мясцовыя органы ўлады ў 100 гарадах Польшчы па выніках першага тура выбараў у органы мясцовага самакіравання, якія прайшлі ў мінулую нядзелю. Пра гэта заявіў у сацсетцы прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск, паведаміла ТАСС. «Толькі ў 16 [гарадах] яны дайшлі да другога тура», — напісаў кіраўнік польскага ўрада. Прадстаўнікі ліберальных сіл па выніках галасавання ўзялі верх у такіх гарадах, як Варшава, Гданьск і Лодзь. Між тым палітычныя падзеі, відаць, усё менш хвалююць простых палякаў. Цяперашняя кампанія ў параўнанні з мінулагоднімі парламенцкімі выбарамі адзначылася значным змяншэннем яўкі. Па ўсім відаць, што людзі проста перасталі верыць палітыкам. Дык на каго ж працуюць польскія ўлады?


Галоўная праблема

Мясцовыя выбары ў Польшчы, якія адбыліся ў прамежку паміж леташнім галасаваннем у Сейм і будучымі выбарамі ў Еўрапарламент, сталі важным замерам грамадскіх настрояў у рэспубліцы. Атрыманыя вынікі дазволілі і былым, і цяперашнім уладам краіны заявіць аб поспеху, адзначыў kommersant.ru. Фармальна «Права і справядлівасць» заняла ў цэлым па краіне першае месца, абышоўшы «Грамадзянскую кааліцыю» прэм’ера Дональда Туска. Тым не менш сумарна кіруючая кааліцыя, якая складаецца з трох палітычных сіл, набрала больш за палову галасоў. Усе асноўныя гульцы выказвалі задавальненне вынікамі выбараў, але ніхто не мог быць імі задаволены ў поўнай меры.

Выбары ў ваяводствах прадэманстравалі раскол, які захоўваецца ў польскім грамадстве. Ад былой кіруючай партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага патрабавалася паказаць, што яна захоўвае за сабой статус вядучай палітычнай сілы ў краіне, нягледзячы на паражэнне на кастрычніцкіх выбарах у Сойм. Перад «Грамадзянскай кааліцыяй» Дональда Туска стаяла задача ўмацаваць свае пазіцыі і звесці на нішто шанцы на вяртанне кансерватыўнага ўрада. Акрамя таго, напярэдадні намечаных на 6–9 чэрвеня выбараў у Еўрапарламент галасаванне ў мясцовыя органы ўлады стала своеасаблівай генеральнай рэпетыцыяй для палітычных сіл Польшчы.

У выніку ніводны з бакоў не дасягнуў пастаўленых перад сабой мэт. Так, паводле звестак Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, кандыдаты ПіС набралі ў першым туры самую вялікую колькасць галасоў — 34,2 працэнта. «Грамадзянская кааліцыя», якую ўзначальвае Туск, а таксама рух «Трэці шлях» спікера Сейма Шымона Галаўні і партыя «Левыя», што прымыкаюць да яе, атрымалі адпаведна каля 30,6, 14,2 і 6,3 працэнта. Усе яны, нагадаем, члены кіруючай кааліцыі.

Яраслаў Качыньскі не ўтойваў свайго задавальнення і цытаваў амерыканскага пісьменніка Марка Твена, які аднойчы сказаў: «Паведамленні аб маёй смерці моцна перабольшаныя». Паводле яго слоў, цяпер кансерватары павінны засяродзіцца на выбарах у Еўрапарламент, намечаных на 6–9 чэрвеня, а таксама рыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі 2025-га.

Як адзначаюць эксперты, на вынікі нядзельнага галасавання, калі палякі выбіралі членаў 16 рэгіянальных асамблей, а таксама тысячы мэраў і членаў мясцовых саветаў, вялікі ўплыў аказала яўка. Так, 7 красавіка яна склала 51,5 працэнта, пры тым што ў кастрычніку мінулага года на ўсеагульных парламенцкіх выбарах у краіне быў зафіксаваны рэкорд у 74 працэнты. Па сутнасці, кансерватарам удалося мабілізаваць свой электарат, тады як «Грамадзянская кааліцыя» Дональда Туска тым жа пахваліцца не змагла. Напрыклад, у кастрычніку на ўчасткі прыйшоў 71 працэнт выбаршчыкаў, маладзейшых за 30 гадоў, а 7 красавіка — толькі 39 працэнтаў. Акрамя таго, на захадзе Польшчы, дзе мацнейшыя пазіцыі спадара Туска, насельніцтва менш ахвотна ішло на выбары, чым на ўсходзе краіны, дзе вялікі ўплыў кансерватараў.

Іншая справа, што перамогу «ПіС» нельга назваць упэўненай. У 2018 годзе партыя Яраслава Качыньскага заняла першае месца ў дзевяці з 16 ваяводстваў, а ў 2024-м — толькі ў шасці фінішавала на першым радку. Пад кантролем жа кансерватараў і зусім апынуцца, хутчэй за ўсё, толькі пяць рэгіянальных асамблей.

«Што непакоіць? Дэмабілізацыя, асабліва сярод моладзі, паражэнне на ўсходзе і ў вёсцы», — напісаў Туск у сацсетцы Х. Многія польскія выбаршчыкі пасля рэкорднай мабілізацыі на парламенцкіх выбарах у кастрычніку мінулага года проста праігнаравалі мясцовыя выбары, адзначыла «Бі-бі-сі». Пры гэтым даследчыкі кажуць, што адмовіліся ад удзелу ў выбарах у першую чаргу жыхары заходняй Польшчы, больш схільныя галасаваць за партыю Туска, і маладыя выбаршчыкі.

Больш пытанняў

Напрыканцы сакавіка падвялі вынікі стадзённага знаходжання ва ўладзе Дональда Туска і яго ўрадавай кааліцыі. У сваёй перадвыбарнай праграме будучы прэм’ер абяцаў рэалізаваць 100 канкрэтных ініцыятыў за 100 дзён, паведаміла БелТА. Туск ва ўсю моц крытыкаваў старыя ўлады, абяцаў «прагнаць цемру» і адрадзіць Польшчу, вярнуць павагу да законаў і Канстытуцыі, а таксама прывезці мільярды еўра з Бруселя.

Праграма «Грамадзянскай кааліцыі» была арыентавана на шырокія пласты насельніцтва. Яна змяшчала канкрэтныя прапановы, якія маглі быць цікавыя моладзі, сем’ям з дзецьмі, пажылым людзям. Ініцыятывы закраналі такія сферы, як бізнес, ахова здароўя, фінансы, жыллё і энергетыка.Так, прапаноўвалася ўвесці падатковыя паслабленні, падняць заробкі настаўнікам, правесці індэксацыю пенсій, перакласці абавязак выплат па бальнічных лістах з прадпрымальнікаў на ўпраўленне сацыяльнага страхавання. Кааліцыя абяцала пакласці канец бескантрольнаму вывазу неапрацаванай драўніны з Польшчы, а таксама выключыць з высечкі найбольш каштоўныя ўчасткі лесу. Шэраг ініцыятыў «Грамадзянскай кааліцыі» закранаў сферу аховы здароўя. У прыватнасці, прапаноўвалася фінансаваць ЭКА з дзяржбюджэту і наладзіць працэдуру запісу на прыём да ўрача, каб скараціць вялізныя чэргі. У праграме «Грамадзянскай кааліцыі» быў яшчэ адзін адметны пункт. У выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах апазіцыя абяцала прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто ішоў супраць Канстытуцыі Польшчы і вяршэнства закону.

А што ў выніку? Да найбольш прыкметных недапрацовак новых улад адносяцца нявыкананыя абяцанні ў падатковай сферы і галіне жыллёвага крэдытавання. 

Не была таксама аказана абяцаная падтрымка прадпрымальнікам, не рэалізавана права жанчын на аборт да 12-га тыдня цяжарнасці. Акрамя гэтага, не была аказана фінансавая падтрымка жанчын, якія вяртаюцца на рынак працы пасля нараджэння дзіцяці. Новы ўрад не спыніў бескантрольны экспарт неапрацаванай драўніны з Польшчы, не распрацаваў праграму аднаўлення тарфянікаў і водна-балотных угоддзяў, якая ўлічвала б інтарэсы польскіх фермераў.

Не было рэалізавана ніводнае абяцанне ў галіне сельскай гаспадаркі. Так, у перадвыбарнай праграме «Грамадзянскай кааліцыі» гаварылася, што як мінімум палова прадуктаў першай неабходнасці ў крамах павінна быць польскай вытворчасці. Акрамя гэтага, партыя Туска абяцала запусціць праграму будаўніцтва сучасных гандлёвых пляцовак у кожным горадзе і прадставіць праект будаўніцтва новага тэрмінала збожжавага порта ў Гданьску. У праграме таксама значылася дапамога дзяржавы ў аднаўленні свінагадоўчай галіны, стварэнне стабілізацыйнага фонду для фермераў. Не рэалізавана таксама ніводная з прапаноў у сферы энергетыкі, што павінна было садзейнічаць зніжэнню кошту электрычнасці для насельніцтва і развіццю альтэрнатыўнай энергетыкі.

Туск абяцаў прыцягнуць да адказнасці польскіх чыноўнікаў, якія дзейнічалі ў парушэнне заканадаўства. Аднак, нягледзячы на тое што шэраг асоб сапраўды былі прыцягнуты да адказнасці, перад Дзяржаўным трыбуналам да гэтага часу не паўстаў ні прэзідэнт Анджэй Дуда, ні экс-прэм’ер Матэвуш Маравецкі, ні былы генпракурор Збігнеў Зебра. Затое новыя ўлады Польшчы змянілі кіраўніцтва дзяржаўных СМІ і запусцілі працэс ліквідацыі некаторых медыя, перш за ўсё падкантрольных ПіС. Мабыць, самым значным дасягненнем урада Туска стала размарозка фондаў ЕС, сродкі з якіх дазволяць залатаць некаторыя дзіры ў бюджэце. Дзеля гэтага Варшава прадставіла Бруселю план адмены судовай рэформы ў Польшчы, на чым настойвала Еўракамісія. «Сто дзён праўлення Дональда Туска прынеслі больш пытанняў, чым адказаў», адзначыла RMF FM.

Бедныя і мёртвыя

Аб памылках новага ўрада выказаўся былы міністр фінансаў Польшчы, кіраўнік міжнароднага даследчага інстытута TІGER пры Універсітэце Казьмінскага Гжэгаж Калодка. На думку прафесара, перадвыбарная праграма кааліцыі Туска была ў корані няправільнай. Яна была выкарыстана ў папулісцкіх мэтах для атрымання галасоў выбаршчыкаў і адхілення ад улады ПіС. «Логіка гэтай ідэі была такая: трэба перамагчы кіруючую партыю, любыя хітрыкі дазволеныя, давайце прыдумляць усё, што толькі можна, каб заваяваць найбольшую грамадскую падтрымку. Аб астатнім будзем хвалявацца потым», — распавёў Калодка ў эфіры RMF FM.

Па меркаванні эксперта, праграма «100 фактаў за 100 дзён» была накіравана на атрыманне псіхалагічнага эфекту. Першапачаткова было зразумела, што выканаць усе абяцанні будзе немагчыма. Адной з прычын невыканання перадвыбарнай праграмы, на думку Калодкі, з’яўляецца нізкі ўзровень зладжанасці ўнутры кіруючай кааліцыі. Аб’яднальным фактарам для палітыкаў, якія прыйшлі да ўлады, была не агульная праграма, а супрацьстаянне папярэдняму кабміну. «Многія з гэтых 100 абяцанняў не будуць рэалізаваны ні ў доўгатэрміновай перспектыве, ні наогул калі-небудзь», — лічыць эксперт. Ён звярнуў увагу, што на іх увасабленне не хапае фінансавання. Калодка лічыць, што цяпер урад Туска здаецца яшчэ больш папулісцкім, чым урад ПіС.

На думку эксперта, ураду таксама неабходна перагледзець выдаткі на абарону. У гэтым плане ён раскрытыкаваў ініцыятыву Дуды павялічыць ліміт выдаткаў на абарону ў НАТА да трох працэнтаў ВУП. Паводле яго слоў, нельга працягваць кіравацца логікай халоднай вайны. «Дзеянні выклікаюць рэакцыю. Гэта запускае спіраль халоднай вайны», — падкрэсліў прафесар.

У снежні, пасля прыходу да ўлады ўрада Туска, у Польшчы былі праведзены апытанні грамадскай думкі. Яны паказалі, што менш чым палова палякаў (47,3 працэнта) вераць, што кіруючая кааліцыя пратрымаецца да канца бягучага парламенцкага тэрміну. Пры гэтым больш за чвэрць рэспандэнтаў лічылі, што кааліцыя праіснуе не даўжэй за адзін-два гады. Яшчэ 7,2 працэнта апытаных прагназавалі, што кааліцыя праіснуе менш чым год.

У сакавіку было праведзена яшчэ адно апытанне. Рэспандэнтам прапаноўвалася ацаніць, наколькі ўлады спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Ацэньваючы змены ў сістэме правасуддзя, 39 працэнтаў рэспандэнтаў назвалі прынятыя меры паспяховымі, амаль столькі ж апытаных (37 працэнтаў) — правальнымі. Меры адносна сродкаў масавай інфармацыі падтрымліваюць 43,7 працэнта рэспандэнтаў, 36,9 працэнта прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Тым, як новыя ўлады выканалі абяцанне прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў урада ПіС, задаволены 44,4 працэнта палякаў, незадаволены — 37,9 працэнта.

У рэспандэнтаў таксама спыталі, як яны ацэньваюць рэакцыю ўлад на пратэсты фермераў. Амаль палова (47 працэнтаў) лічаць, што ўрад Туска ў гэтым пытанні праваліўся. Акрамя гэтага, 41,7 працэнта палякаў незадаволены рэалізацыяй перадвыбарных абяцанняў, звязаных з правамі жанчын. Больш чым палова рэспандэнтаў адзначаюць некампетэнтнасць урада Туска. «Палякі разумеюць, што за тры месяцы немагчыма перабудаваць працу дзяржавы, якая фарміравалася папярэднім урадам на працягу васьмі гадоў. Аднак перыяд імунітэту для новага ўрада падыходзіць да канца, — заўважыла RMF FM. — У іншым даследаванні такога тыпу палякі могуць праявіць значна менш разумення».

Польская эканоміка памірае, піша Nіezalezny Dzіennіk Polіtyczny: «Згортваецца хімічная, шкляная, мінеральная прамысловасць. Галапуе інфляцыя. Польшча на еўрапейскім рынку больш не канкурэнтаздольная. Калі казаць пра пазіцыю краіны на сусветнай арэне, то палякі здзейснілі палітычнае самагубства. Польшчу ўсе ўспрымаюць як амерыканскага васала: краіну альбо высмейваюць, альбо ігнаруюць. У задачы Белага дома не ўваходзіць забеспячэнне працвітання Польшчы. Галоўная мэта амерыканскага гегемона — ператварыць краіну ў выпрабавальны палігон і тэрыторыю для чарговых біялагічных лабараторый і ваенных баз. Працягваючы рухацца ў фарватары імперскай палітыкі ЗША, палякі рызыкуюць стаць не толькі беднымі, але і мёртвымі». Пры такім раскладзе ў палітычных кампаніях цяперашняй афіцыйнай Варшавы і іх апанентаў з ПіС простыя жыхары разглядаюцца хутчэй як арыфметычны электарат, які неабходны для замацавання ўлады. Гульні гіен...

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Гульні гіен

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.