Вы тут

Лукашэнку папрасілі пашырыць магчымасці для пакупкі сельгастэхнікі ў лізінг


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці даручыў пашырыць магчымасці для набыцця сельгастэхнікі ў лізінг, перадае БелТА.


З такой просьбай да кіраўніка дзяржавы звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Ён далажыў, што цяпер на сельгаспрадпрыемствах сталічнага рэгіёну эксплуатуецца больш як 25 тыс. адзінак самаходнай і прычапной тэхнікі. На гарантыйным абслугоўванні знаходзіцца 1302 адзінкі, ці 5%. У 2022 годзе набыта 1330 адзінак айчыннай тэхнікі, у 2023 — 1256.

Найбольш запатрабаванымі ў гаспадарках з’яўляюцца энерганасычаныя трактары. Іх у Мінскай вобласці ўсяго 1673, у тым ліку 146 — на гарантыйным абслугоўванні, а 729 — эксплуатуюцца звыш 10 гадоў. «На жаль, у гэтай катэгорыі тэхнікі ў нас найбольшая колькасць адмоў на адну адзінку — 2,55 выпадкі на кожную адзінку, — сказаў старшыня Мінаблвыканкама. — Асноўныя прычыны паломак у гарантыйны перыяд — выхад са строю гідраўлічнай сістэмы (19 працэнтаў) і няспраўнасць электраабсталявання. (17%)». Паводле яго слоў, ёсць таксама нараканні наконт якасці кормаўборачных камбайнаў.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што сельскагаспадарчыя арганізацыі рэгіёну вельмі зацікаўлены ў набыцці энерганасычаных трактароў МТЗ 3522, патрэбнасць — каля 150 адзінак. Аднак ёсць праблема з разлікамі за такую тэхніку: «Указ нумар 146 дае магчымасць браць у лізінг тэхніку на камфортных умовах — на сем з паловай гадоў пад 2 працэнты гадавых. Але пасля ўзмацнення жорсткасці падыходаў да рэйтынгавання сельгасарганізацый кампаніяй «Прамагралізінг» па Мінскай вобласці каля 70 працэнтаў сельгаспрадпрыемстваў па іх крытэрыях з’яўляюцца неплацежаздольнымі, і яны лізінгавую тэхніку браць не могуць».

У сувязі з гэтым старшыня Мінаблвыканкама звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай вярнуцца да таго механізма фінансавання пры куплі тэхнікі, які існаваў раней, гэта значыць каб рашэнне прымалася аблвыканкамам пад яго гарантыі ў выпадку невяртання лізінгавых плацяжоў прадпрыемствамі кампенсаваць іх за кошт бюджэту.

«Мы сёння з задавальненнем штогод гатовы купляць МТЗ — менавіта энерганасычаны трактар, які ў нас працуе круглы год — вясновая сяўба, нарыхтоўка кармоў, азімая сяўба, далей арганіка, гэта значыць яна ў нас круглы год у рабоце», — растлумачыў Аляксандр Турчын.

Прэзідэнт, выслухаўшы губернатара, звярнуўся з пытаннем да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі: «Чаго вы ва ўрадзе не сабраліся і не абмеркавалі гэтыя падыходы і не ўнеслі прапановы?»

«Ёсць ваша патрабаванне: ніякай масавай раздачы тэхнікі па краіне быць не павінна. У нас былі выпадкі, асабліва з Віцебскай і Магілёўскай абласцямі, па назапашванні даўгоў, — растлумачыў кіраўнік урада. — Цяпер сітуацыя з плацежнай дысцыплінай палепшылася, але такія факты былі, і яны віселі цяжкім цяжарам».

«Тое, аб чым Аляксандр Генрыхавіч гаворыць, цяпер гэта пытанне знаходзіцца на пляцоўцы ўрада ў стадыі рашэння, — прадоўжыў Раман Галоўчанка. — Але рабіць гэта на ўсю краіну я лічу немэтазгодным. Гэта зніжае патрабавальнасць і расхалоджвае кадры. Па Мінскай вобласці пытанне вырашальнае».

«Вы агулам не раздавайце, — сказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. — Калі губернатар просіць, у яго для гэтага ёсць сродкі (у лізінг узяць), няхай бярэ. Але кожны год вы будзеце з бюджэту забіраць грошы. Таму няхай яны думаюць, каму трактар аддаць і за каго яны будуць плаціць, калі гаспадаркі не разлічацца».

«Гэтага, уласна, і дабіваліся такімі больш жорсткімі метадамі», — адзначыў у сваю чаргу Раман Галоўчанка.

Асобны момант, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — гэта адносіны да тэхнікі, яе абслугоўванне і выкананне працоўнай дысцыпліны. Такія складаныя, дарагія машыны трэба аддаваць у тыя гаспадаркі, дзе будуць забяспечаны адпаведныя ўмовы захоўвання, планавага рамонту, абслугоўвання і эксплуатацыі. Прыклады такіх, можна сказаць, узорных мехдвароў па краіне ёсць, і Прэзідэнт не раз арыентаваў кіраўнікоў у рэгіёнах, каб яны пераймалі гэты вопыт. «Калі гэтага няма, будуць адмовы і будзе дрэнна працаваць, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Абы каму гэту тэхніку не аддасі. Гэты трактарок трэба абслужыць, пасадзіць два чалавекі на яго, і, як самалёт лятае, так і ён будзе працаваць круглыя суткі. Вось як трэба яго эксплуатаваць».

Прэзідэнт яшчэ раз зрабіў акцэнт на неабходнасці строга захавання дысцыпліны на ўсіх узроўнях — як з боку работнікаў, якія эксплуатуюць тэхніку, так і на больш высокім узроўні — кіраўнікоў гаспадарак і рэгіёнаў, якія павінны і з падначаленых патрабаваць, і самі праяўляць адказнасць у выкананні пастаўленых перад імі задач.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.