Вы тут

На ВДНГ у Маскве 11 красавіка адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дням Магілёўскай вобласці


Тое, што патэнцыял Прыдняпроўскага краю вялікі, наведвальнікі павільёна Рэспублікі Беларусь на ВДНГ у Маскве ўжо змаглі пераканацца. Магілёўская вобласць гаспадарыць на выстаўцы з 29 сакавіка. Тут ёсць чым уразіцца і захапіцца. Прыдняпроўскі край вядомы сваімі буйнымі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, багатай культурна-гістарычнай спадчынай, унікальнай прыродай.


Фота Беларуская гандлёва-прамысловая палата

Адной з яркіх візітовак вобласці з’яўляецца купальскае свята «Александрыя збірае сяброў», на якім вельмі ярка прадстаўлена ўся палітра сацыяльна-эканамічнага, культурнага развіцця не толькі рэгіёна, але і краіны. Найлепшыя ўзоры машынабудавання, лёгкай прамысловасці, грамадскага харчавання, скарбы народнай спадчыны, дасягненні ў мастацтве — усё гэта складнікі вялікага рэспубліканскага купальскага свята. Не дзіўна, што адны з яго персанажаў — кум і кума ў народных строях — стануць падчас урачыстых мерапрыемстваў праваднікамі высокіх гасцей па выстаўцы вобласці.

У наведвальнікаў будзе магчымасць паспрабаваць лепшыя ўзоры прадукцыі Магілёўскага мясакамбіната, малочнага холдынга «Бабушкіна крынка», хлебабулачныя вырабы прадпрыемства «Дамачай». У стацыянарных крамах выставачнага павільёна шырока прадстаўлены асартымент вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці: «Магатэкс», «Стужка», «Славянка», «Бабруйсктрыкатаж».

Узоры сваёй прадукцыі прадэманструюць буйны вытворца ліфтавага абсталявання ААТ «Магілёўліфтмаш», прадпрыемствы машынабудаўнічай галіны ААТ «Белшына», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» і іншыя.

Магілёўшчына гэта яшчэ і «Край жыватворных крыніц». Пад такім брэндам прадстаўлены багаты прыродны і турыстычны патэнцыял вобласці. Сапраўдная жамчужына рэгіёна — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, які быў адноўлены, дзякуючы рэспубліканскай праграме. На ролах можна ўбачыць, якія багатыя яго інтэр’еры і ўбранне залаў. Пра сялянскі быт Магілёўшчыны расказваюць упрыгожаная ўзорамі ткацтва, вышыўкі і іншых вырабаў народнага ўжытку «беларуская хатка». Нельга не захапіцца саматканымі дыванамі і ручнікамі таленавітых майстрых Прыдняпроўя.

З Магілёвам звязана шмат вялікіх гістарычных падзей. Адна з іх датычыцца Першай сусветнай вайны, калі на два гады вышэйшае ваеннае кіраўніцтва Расійскай арміі пераехала ў прыфрантавы губернскі горад. Перанесціся ў перыяд пачатку ХХ стагоддзя дапаможа выстаўка «Царская стаўка ў Магілёве».

Магілёўшчына беражліва адносіцца да захавання памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. І адно з галоўных воінскіх месцаў славы — гэта Буйніцкае поле пад Магілёвам, дзе на 23 дні быў затрыманы наступ ворага. Летась на міжнароднай канферэнцыі «Гэта трэба — не мёртвым! Гэта трэба — жывым», якая праходзіла ў Магілёве, саюзы пісьменнікаў Беларусі і Расіі выступілі з ініцыятывай заснавання літаратурнай прэміі «Буйніцкае поле». Старшыні пісьменніцкіх арганізацый дзвюх краін выказалі меркаванне, што прэмія стане добрым стымулам для падтрымкі сучаснага літаратурнага працэсу ў Саюзнай дзяржаве і заахвочвання таленавітых аўтараў. Сузаснавальнікам прэміі выступіў таксама Магілёўскі аблвыканкам.

У рамках урачыстых мерапрыемстваў Дзён Магілёўскай вобласці адбудзецца прэзентацыя Міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы». Яго арганізатарам выступае Магілёўскі абкам БРСМ пры асабістай падтрымцы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Асноўная задача праекта — захаванне гістарычнай памяці, яднанне моладзі дзеля будучыні, міру і стварэння. У яго рамках адбываюцца адкрытыя дыялогі, закладванні паркаў і сквераў Памяці і Славы, ускладаюцца кветкі да воінскіх мемарыялаў, ладзяцца сустрэчы і канцэрты. Летась праект праводзіўся ў другі раз, яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі маладзёжных арганізацый з Ленінградскай, Смаленскай, Бранскай, Астраханскай абласцей і Хабараўскага краю Расіі.

Плённа развіваецца супрацоўніцтва Магілёўшчыны з расійскімі рэгіёнамі. Толькі за 2020–2023 гады суб’ектамі Магілёўскай вобласці ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі накіравана інвестыцый на агульную суму 47 мільярдаў расійскіх рублёў — каля 90 % усіх інвестыцый вобласці за мяжу за гэты перыяд. З 2020 года з удзелам расійскага капіталу на тэрыторыі Магілёўскай вобласці рэалізавана восем праектаў у сферах машынабудавання, хімічнай прамысловасці, адукацыі, сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. На іх рэалізацыю накіравана больш за 11 мільярдаў расійскіх рублёў, створана каля 730 працоўных месцаў. Патэнцыял вялікі, і абодва бакі шукаюць новыя шляхі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. 11 красавіка запланавана падпісанне двухбаковых дакументаў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і прымежным супрацоўніцтве на 2024–2026 гады паміж Магілёўскім аблвыканкамам і адміністрацыяй Бранскай вобласці, а таксама аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Магілёўскай і Курскай абласцямі. Магілёўскі абкам БРСМ намераны падпісаць Пагадненні аб супрацоўніцтве с раённымі арганізацыямі Расійскага саюза моладзі Калужскай, Курскай, Тульскай, Мардоўскай абласцей, а таксама Масквы.

Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дням Магілёўскай вобласці ў беларускім павільёне на ВДНГ, возьмуць Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Крутой, іншыя высокія госці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.