Вы тут

Да Дня Перамогі ветэраны атрымаюць значную матэрыяльную дапамогу


У Беларусі жыве каля 1100 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх узрост набліжаецца да 100 гадоў, а некаторыя яго перасягнулі.


— Адна з галоўных і чаканых мер падтрымкі — выплата штогадовай матэрыяльнай дапамогі, якая рэалізуецца з 2021 года паводле ўказа Прэзідэнта. Сёлета выплата матэрыяльнай дапамогі будзе праходзіць з 25 красавіка да 4 мая. Яе памеры ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся. Для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны матэрыяльная дапамога складзе чатыры тысячы рублёў, для іншых катэгорый ветэранаў — дзве тысячы рублёў; грамадзяне, якія аднесены да асоб, што пацярпелі ад наступстваў вайны, — адна тысяча рублёў. У цэлым на аказанне дапамогі сёлета ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана больш за 10,5 мільёнаў рублёў, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Каляда

Адна з істотных мер падтрымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны рэалізуецца праз пенсіённае забеспячэнне. Сёння сумарны памер штомесячнай выплаты да пенсіі ўдзельнікам і інвалідам вайны ў выглядзе павышэння ўзроставых даплат, надбавак на догляд складае ў сярэднім амаль 600 рублёў, іншым катэгорыям ветэранаў — каля 250 рублёў. У красавіку сярэдняя пенсія па ўзросце ўдзельнікаў і ветэранаў вайны складае больш як 1,2 тысячы рублёў, адносна інвалідаў вайны — больш як 1,35 тысячы рублёў.

Усім ветэранам, якія маюць патрэбу ў дадатковых мерах падтрымкі, у старонняй дапамозе з улікам узросту, аказваюцца розныя формы сацыяльнага абслугоўвання. Тыя ветэраны, якія маюць патрэбу ў пастаянным кругласутачным доглядзе, у тым ліку медыцынскай дапамозе, пражываюць у сацыяльных пансіянатах. Сёння гэта каля 40 чалавек. Сацыяльныя паслугі дома атрымліваюць больш як 330 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 85 ветэранаў атрымліваюць догляд родных у сувязі з патрэбай у пастаяннай старонняй дапамозе. Пры гэтым іх блізкім выплачваецца дапамога.

Штогод у рамках дзяржаўнай праграмы і ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта праводзіцца абследаванне ўмоў пражывання ветэранаў для выяўлення патрэбнасці ў аказанні дадатковых мер падтрымкі. Сёлета першаснае абследаванне завяршылася 20 сакавіка.

— Усіх ветэранаў мы наведалі дома, вывучылі ўмовы іх пражывання і патрэбнасць у аказанні мер падтрымкі. Гэтае пытанне з парадку дня ў нас не здымаецца ніколі. Як паказалі вынікі абследавання, нашы ветэраны жывуць у асноўным у дастаткова камфортных умовах, і сёння нейкія істотныя меры падтрымкі для паляпшэння якасці жыцця не патрабуюцца. Непасрэдна мясцовыя органы ўлады пастаянна адсочваюць сітуацыю, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вядома, знаходзяцца на асаблівым кантролі. У рамках гэтай работы, каб не прапусціць праблемныя моманты, якія ўзнікаюць, мы прадугледзелі штомесячны маніторынг умоў пражывання, — расказала Кацярына Каляда.

Яшчэ адна катэгорыя мер падтрымкі ветэранаў — дзяржаўныя сацыяльныя льготы. Яны прадугледжаны па розных кірунках: у сферы аховы здароўя, жыллёвай сферы, бясплатны праезд. Адной з важкіх мер падтрымкі з’яўляецца штогадовае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне. Летась гэтай паслугай скарысталася каля трох дзясяткаў ветэранаў.

— Улічваючы, што нашым ветэранам ужо амаль сто гадоў і па стане здароўя далёка не кожны можа скарыстацца такой мерай падтрымкі, для інвалідаў і ўдзельнікаў вайны прадугледжана грашовая дапамога на аздараўленне, гэта значыць, тым, хто не скарыстаўся санаторна-курортным лячэннем, аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 10 базавых велічынь. У мінулым годзе такую грашовую дапамогу атрымалі амаль 550 чалавек на суму больш як 200 тысяч рублёў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.