Вы тут

Давер, і гонар, і адказнасць. Сярод 1200 дэлегатаў УНС — 290 ад мясцовых Саветаў


Сярод 1200 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу 290 чалавек павінны быць выбраныя ад мясцовых Саветаў. Дэпутаты Мінскага гарсавета становяцца дэлегатамі ў поўным сваім складзе — 60 чалавек, дэлегаты ад рэгіёнаў выбіраюцца на сесіях абласных Саветаў дэпутатаў. Такія сесіі ўжо адбыліся ўсюды, акрамя Магілёва — там дэлегатаў ад вобласці выбіраюць акурат сёння. Нашы карэспандэнты папрысутнічалі пры працэсе выбараў і пагаварылі з некаторымі прадстаўнікамі мясцовых Саветаў, каму даверылі прадстаўляць рэгіён у найвышэйшым органе народнай улады.


«Мы ведаем, што трэба людзям у рэгіёнах» 

На пасяджэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання адбыліся выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці.

Кандыдатамі ў дэлегаты УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў былі вылучаны 60 чалавек: 12 чалавек ад Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і 48 чалавек ад Саветаў дэпутатаў базавага і першаснага ўзроўняў. Падчас адкрытага галасавання дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў падтрымалі ўсе 60 кандыдатур.

Дэлегаты УНС ад Мінскай вобласці прадстаўляюць усе сферы эканомікі. Сярод іх — дзеячы культуры і мастацтва, урачы, настаўнікі, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў і іншыя. Самаму маладому дэлегату ўсяго 24 гады. Гэта дэпутат Карына Лоўчая, якая працуе эканамістам у сельскай гаспадарцы. Яна прадставіць на народным вечы Лагойскі раён.

«Усебеларускі народны сход з'яўляецца канстытуцыйным органам, і вы на працягу пяці гадоў будзеце дэлегатамі УНС, прымаючы рашэнні па найважнейшых пытаннях, звязаных з развіццём нашай краіны. Таму хацеў бы вас прасіць, каб вы данеслі сваім калектывам тыя рашэнні, якія будуць прыняты, тую атмасферу, якая панавала на сходзе. Вы прадстаўляеце ўсе пласты, і, як кажа Прэзідэнт, УНС — гэта народнае веча, якое вызначае лёс нашай краіны. Гэта велізарны гонар і велізарная адказнасць. Калі мы ўсе разам будзем рухацца наперад, то любыя задачы і рашэнні нам будуць па плячы», — падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, які прысутнічаў на пасяджэнні аблсавета.

Пасля пасяджэння дэлегаты Усебеларускага народнага сходу падзяліліся тым, з якім настроем і з якімі задачамі яны адправяцца на народны форум.

«Місія адказная. На УНС я буду прадстаўляць сферу аховы здароўя, таму мяне хвалюе развіццё галіны, у прыватнасці якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву. Таксама лічу, што дэлегат павінен быць актыўным патрыётам і паказваць актыўную пазіцыю грамадзяніна. Я з'яўляюся прадстаўніком Маладзёжнага савета, таму будуць праяўляць ініцыятыву яшчэ і ў гэтым плане. У Бярэзінскім раёне шмат робіцца для моладзі, але хацелася б больш актыўнага будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў з мэтай замацавання на рабочых месцах. Усё для таго, каб моладзь прыязджала і заставалася актыўнымі жыхарамі нашага раёна», — расказала Крысціна Крук, дэпутат Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ.

«Для мяне выбранне дэлегатам УНС — гэта вялікі давер дэпутатаў. На дэлегатаў ускладаецца вялікая адказнасць, бо УНС набыў новы статус пасля рэферэндуму і задач перад ім стаіць шмат. Гэта і зацвярджэнне ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы, і ваеннай дактрыны, і канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Паспрабую дух сходу несці ў масы і рэалізоўваць у сваёй паўсядзённай рабоце. Улічваючы мой досвед, я ведаю, што трэба людзям у рэгіёнах. Гэта і стварэнне новых рабочых месцаў, і павышэнне дабрабыту жыхароў, і прыцягненне інвестыцый. Усё гэта дазволіць вырашаць і сацыяльныя пытанні, і праблемы ЖКГ», — падзяліўся Аляксандр Кончанка, дэпутат Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Пухавіцкага доследнага эксперыментальнага завода.

Паводле БелТА


З жыццёвым і прафесійным досведам

Ад дэпутацкага корпуса Брэстчыны выбраны 52 дэлегаты УНС

Фота ZARYA.BY

На сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў у якасці дэлегатаў УНС выбралі 52 прад-
стаўнікі дэпутацкага корпуса. 

У адпаведнасці з квотай дзесяць кандыдатур вылучалася ад абласнога Савета, 21 —  ад раённых і гарадскіх Саветаў і 21 — ад сельскіх. Удзельнікі сесіі падтрымалі вылучаных кандыдатаў і прагаласавалі за іх выбранне дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу.

У размове з журналістамі старшыня Брэсцкага аблсавета Ігар Брылевіч адзначыў, што гэтыя людзі маюць падтрымку сваіх выбаршчыкаў, за іх грамадзяне аддалі свае галасы падчас адзінага дня галасавання: «Важна, што дэлегаты прадстаўляюць абсалютна ўсе галіны народнай гаспадаркі, валодаюць кампетэнцыямі і кваліфікацыямі, каб аб'ектыўна прымаць рашэнні найвышэйшага ўзроўню».

Абсалютная большасць дэлегатаў — людзі з вялікім жыццёвым досведам, прафесіяналы сваёй справы. Такія, напрыклад, як Мікалай Шыкалай, старшыня вытворчага кааператыва «Моталь» з Іванаўскага раёна, якога вылучылі ад сельскага Савета. Мікалай Сцяпанавіч — чалавек вядомы не толькі на сваёй малой радзіме, але і ў раёне, вобласці. Падчас прадстаўлення кандыдата па відэасувязі старшыня Мотальскага сельвыканкама Этэры Пташыц сказала: «Мікалай Шыкалай прысвяціў жыццё роднаму Моталю, некалькі разоў выбіраўся дэпутатам раённага Савета, тры разы — абласнога, нязменны дэпутат сельскага Савета. Мікалай Сцяпанавіч удастоены звання «Найлепшы прадпрымальнік года» у вобласці, адзначаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу краіны. Ён развівае прыватны бізнес і не застаецца ў баку ад жыцця вёскі, пастаянна выступае спонсарам сацыяльнай сферы раёна, падтрымлівае ініцыятывы па развіцці тэрыторыі. З яго ўдзелам і ўсебаковай падтрымкай праходзіць вядомы ва ўсёй краіне фестываль «Мотальскія прысмакі». І галоўнае, што ён хварэе душой за родныя мясціны».

«Для мяне самая высокая ўзнагарода — падтрымка маіх землякоў — адзначае Мікалай Шыкалай. — Спадзяюся, што мой жыццёвы і вытворчы досвед будуць карысныя ў справе прыняцця важных рашэнняў. Гатовы адстойваць інтарэсы сельскіх тэрыторый і малых населеных пунктаў».

Людміла Мароз, дырэктар Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ў сваёй асноўнай, і ў грамадскай — на пасадзе старшыні раённай арганізацыі БСЖ — і ў дэпутацкай дзейнасці адстойвае інтарэсы шматдзетных сем'яў, тым самым дбае пра дэмаграфічную бяспеку краіны. Людміла Васільеўна праблему ведае знутры, яна маці пяці сыноў. Дэлегат УНС лічыць, што пытанне дэмаграфічнай бяспекі павінна быць заўсёды на парадку дня вышэйшага органа народаўладдзя. «Буду прыкладваць усе намаганні для таго, каб шматдзетнасць у нашай краіне станавілася традыцыйнай, моднай».

Начальнік Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф. Э. Дзяржынскага Максім Бутранец, які быў вылучаны кандыдатам у дэлегаты ад Брэсцкага гарадскога Савета, перакананы, што тэма бяспекі, захавання суверэнітэту, стабільнага развіцця краіны стане адной з прыярытэтных для народнага веча. «Сёння важна фарміраваць пояс добрасуседства, але пры гэтым забяспечваць нацыянальныя інтарэсы на дзяржаўнай мяжы і ў памежжы», — падкрэсліў Максім Бутранец.

Прадстаўнік працуючай моладзі Пінскага раёна Уладзімір Рапінчук мае намер ўзняць пытанне далейшай актывізацыі маладзёжнага руху. Уладзімір працуе намеснікам дырэктара Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі. «Для мяне вялікі гонар прымаць удзел у распрацоўцы стратэгічных кірункаў развіцця грамадства, — сказаў дэлегат УНС. — З'яўляюся членам Маладзёжнага савета пры Цэнтральнай выбарчай камісіі. Маю намер выкарыстоўваць свой досвед у рабоце з моладдзю для выхавання актыўнай грамадзянскасці ў падрастаючага пакалення. Падзялюся напрацоўкамі нашай установы адукацыі».

Святлана ЯСКЕВІЧ


Патрыятызм — рухавік будучыні

На трэцяй пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў выбралі 44 дэлегатs Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў паўночнага рэгіёна.

У лік дэлегатаў увайшлі прадстаўнікі розных сфер — адукацыі, прамысловасці, аховы здароўя, прыватнага бізнесу, сацыяльнай сферы. «Гэтыя людзі досыць шырока вядомыя ў сваім прафесійным асяроддзі і рэгіёнах, валодаюць заслужаным аўтарытэтам, бо дасягнулі пэўных вынікаў у прафесійнай дзейнасці і пры гэтым валодаюць актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яны максімальна ўцягнутыя ў грамадскія працэсы ў сваіх населеных пунктах. Такі сплаў патрыятызму і прафесіяналізму, неабыякавасці да палітычных працэсаў у краіне, актыўнай грамадзянскай пазіцыі стаў ключавым фактарам, які паўплываў на рашэнне даверыць прадстаўляць менавіта гэтым дэлегатам інтарэсы шырокай грамадскасці Віцебскай вобласці», — адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны падкрэсліў, што дэлегаты на УНС будуць сканцэнтраваныя не на мясцовых пытаннях, што датычацца дарог і ЖКГ, якія павінны вырашацца мясцовай уладай, а зоймуцца прапрацоўкай больш глабальных тэм. «УНС будзе з'яўляцца органам, вызначальным ключавыя кірункі як сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, так і пытанні міратворчасці, займацца ўмацаваннем нацыянальнай бяспекі».

На Усебеларускі народны сход ад паўночнага рэгіёна выбралі дзевяць дэлегатаў ад абласнога Савета дэпутатаў, 18 — ад базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, 17 — ад першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню.

У ліку тых, хто будзе прадстаўляць Віцебшчыну, — настаўнік Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Міхно. 

Ён адзначыў, што разам з забеспячэннем пытанняў бяспекі важна звяртаць пільную ўвагу на патрыятычнае выхаванне моладзі. «Падзеі 2020 года паказалі, як важна не прамінаць гэтае пытанне, фарміраваць выразныя маральныя і грамадзянскія арыенціры ў душах дзяцей, каб ніхто не змог паўплываць на іх розумы і такім чынам знішчыць нашу краіну. У цяперашні час гэтаму пытанню аддаецца вялікая ўвага на самым высокім дзяржаўным узроўні. І зніжаць гэтую планку нельга. Мір — гэта падмурак будучыні нашых дзяцей, іх магчымасці ўпэўнена будаваць нашу краіну далей. Але і яны павінны расці патрыётамі, якія ўсведамляюць значнасць гэтага асноватворнага моманту для кожнага народа».

Старшыня Асвейскага сельскага Савета Верхнядзвінскага раёна Сяргей Навіцкі таксама адзначыў, што жыхары Верхнядзвіншчыны, якая мяжуе з Латвіяй, як ніхто ў свеце сусветных падзей, усведамляюць каштоўнасць незалежнасці і спакою нашай краіны. Сяргей Уладзіміравіч нагадаў моманты жорсткіх гістарычных урокаў, якія не змаглі зламаць адзінства беларусаў. «Сёлета рашэннем Прэзідэнта Беларусі наш гарадскі пасёлак Асвея ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Тады, падчас нямецкай карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва», якая закранула тэрыторыю некалькіх раёнаў, загінулі тысячы мірных жыхароў. Сотні населеных пунктаў фашысты спалілі, каб утварыць 40-кіламетровую паласу мёртвай зямлі. Нашы людзі памятаюць горкія старонкі гісторыі сваёй краіны і ўсімі сіламі заўсёды будуць імкнуцца захаваць за Беларуссю статус мірнай і стваральнай дзяржавы. Што б ні адбывалася навокал, мы спакойна жывем, будуем жыллё, гадуем дзяцей, добраўпарадкоўваем свае тэрыторыі, ходзім на работу. Усё гэта — каштоўнасць, якую ўсім нам трэба захаваць. Таму гэтаму пытанню я маю намер аддаць самую пільную ўвагу ў сваёй рабоце», — падкрэсліў дэлегат.

Дэлегаты паабяцалі, што, акрамя пытанняў патрыятычнага выхавання моладзі, на Усебеларускім народным сходзе будуць працаваць над паляпшэннем сістэмы адукацыі, аховы здароўя, прывіццём агульначалавечых і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, развіццём прамысловага, культурнага і турыстычнага патэнцыялу краіны.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


Гатовы вырашаць найважнейшыя пытанні

Фота БелТА

Ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны абрана 55 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Іх выбіралі шляхам адкрытага галасавання персанальна па кожнай кандыдатуры на пасяджэнні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Удзел у сесіі аблсавета ўзяў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.

Як нагадала старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, раней, на першай сесіі, было прынята рашэнне аб вызначэнні колькасці дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, вылучаных ад мясцовых Саветаў дэпутатаў рэгіёна.

Так, ад Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў была ўстаноўлена норма прадстаўніцтва ў колькасці 11 дэлегатаў, ад раённых, Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў — 22 дэлегаты і столькі ж чалавек — ад Саветаў пярвічнага ўзроўню.

— Выбранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці — адказная задача. Усебеларускі народны сход заўсёды адыгрываў важную ролю ў гісторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Згодна з яго новым канстытуцыйным статусам, гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя краіны, які забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч. — Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначаў, што дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу павінны быць людзі, якія перажываюць за родную зямлю сэрцам і душой. Ад сябе дадам, што гэтыя людзі павінны быць гатовы вырашаць найважнейшыя пытанні далейшага развіцця нашай дзяржавы і, адпаведна, будуць несці адказнасць за лёс беларускага народа, — дадала кіраўнік дэпутацкага корпуса Гомельшчыны.

Па словах Кацярыны Зенкевіч, усе вылучаныя кандыдаты — людзі з вялікім вопытам работы, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, гатовы працаваць на карысць сваёй краіны і жыхароў свайго рэгіёна. Кандыдатура кожнага кандыдата шырока абмяркоўвалася на пасяджэннях прэзідыумаў абласнога, гарадскога і раённых Саветаў дэпутатаў і на сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў. Вылучаныя дэлегаты — прадстаўнікі ўсіх сфер грамадства: кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Сярод дэлегатаў ад Гомельшчыны — дэпутат Хальчанскага сельскага Савета дэпутатаў Веткаўскага раёна Віталь Жаўтаногін.

— Вельмі ўдзячны свайму дэпутацкаму корпусу за тое, што аказалі мне такі высокі давер. Для мяне гэта ўпершыню. Разумею, што нам прыйдзецца вырашаць праблемы радавых грамадзян, якія мы не змаглі вырашыць на раённым, абласным узроўні, але будзем вырашаць на рэспубліканскім. Таксама падтрымліваць пазітыўныя рэгіянальныя ідэі, узнімаць і шэраг праблем, якія, спадзяюся, будуць вырашаны, — расказаў дэлегат Усебеларускага народнага сходу.

Дэпутат абласнога Савета, дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод» Дзмітрый Чарнякоў у размове з журналістамі адзначыў, што дэлегатам Усебеларускага народнага сходу яму выпаў гонар стаць у трэці раз.

— Усе папярэднія гады мы працавалі над тым, каб у нас сапраўды быў створаны вось такі самы галоўны орган народаўладдзя. Тыя 1200 чалавек, якія будуць непасрэдна ўваходзіць у склад УНС, — гэта людзі, якія будуць прымаць сапраўды найважнейшыя рашэнні для нашай краіны. Ад гэтых рашэнняў залежыць, што з намі будзе заўтра, што чакае нашых дзяцей, што будзе з нашай дзяржавай, гэта і бяспека, і эканоміка, і многія іншыя пытанні. Вядома ж, для мяне выбранне — гэта вельмі адказна. Спадзяюся, што і той досвед, назапашаны мною на пасадзе дырэктара прадпрыемства, і той багаж ведаў дазволяць мне зрабіць важкі ўклад у дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, — расказаў Дзмітрый Чарнякоў.

Чачэрскі раён на Усебеларускім народным сходзе будзе прадстаўляць вядомы на Гомельшчыне і ў краіне ў цэлым кіраўнік сельгаспрадпрыемства — дырэктар ААТ «Зорка» Чачэрскага раёна Галіна Трыбунах.

— Сапраўды шчаслівая, што стала дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Для мяне гэта не ўпершыню, але ўсё ж такі тое, што зноў аказаны такі давер, — было неспадзявана. Гэта вельмі вялікая адказнасць. Прыкладу ўсе свае намаганні для агульнай справы, каб наша Радзіма квітнела, каб людзі жылі ў міры, каб дзеці нашы былі шчаслівыя, — падзялілася Галіна Трыбунах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Людзі зямлі і працы

Прадстаўнікі АПК складаюць большую частку дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай вобласці 

Трэцяя сесія абласнога Савета вызначыла сваіх прадстаўнікоў на Усебеларускі народны сход. Шляхам тайнага галасавання выбраны 38 дэлегатаў. Палову галасоў атрымалі жанчыны. А вось па сферах дзейнасці ў самай масавай групе апынуліся работнікі аграпрамысловага комплекса рэгіёна.

Як зазначыла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, у вобласці актыўна прайшло абмеркаванне кандыдатур, вылучаных для ўдзелу ў народным форуме. Найлепшыя прадстаўнікі заходняга рэгіёна ўдастоены гонару стаць дэлегатамі сходу. Кожны з іх не толькі прафесіянал сваёй справы, але і валодае неабходнымі ведамі ў сацыяльным, палітычным жыцці і, што вельмі важна, мае жыццёвы вопыт і адданы сваёй Радзіме.

На Усебеларускім народным сходзе Гродзенскі рэгіён прадставяць 38 дэлегатаў — сем ад абласнога Савета дэпутатаў, 16 — ад раённых і гарадскіх Саветаў базавага ўзроўню і 15 — дэпутаты мясцовых Саветаў. Найбольшая колькасць — 9 чалавек — з’яўляюцца прадстаўнікамі АПК. Таксама ў ліку дэлегатаў — работнікі дзяржкіравання, прамысловасці, будаўніцтва, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, іншых сфер дзейнасці. Прыкметна, што кандыдатуры мужчын і жанчын размеркаваны пароўну. Што датычыцца ўзроставай катэгорыі, яна даволі разнастайная. У складзе дэлегатаў рэгіёна ёсць і прадстаўнікі моладзі, і людзі са значным працоўным стажам і жыццёвым вопытам. Многія маюць высокія прафесійныя дасягненні.

Па словах Алены Пасюты, усе дэлегаты вядомыя і аўтарытэтныя людзі ў гарадах і раёнах. Сярод іх нямала і тых, хто мае вопыт работы ў дэпутацкім корпусе рознага ўзроўню. Старшыня абласнога Савета ўпэўнена, што гродзенцы разумеюць усю адказнасць, якая кладзецца на дэлегатаў УНС, і будуць дастойна прадстаўляць рэгіён на ўсебеларускім форуме.

Сярод тых, хто прадставіць дэлегацыю вобласці, — дэлегат ад мясцовых Саветаў, дэпутат Сольскага сельскага Савета, кіраўнік вядомага на Гродзеншчыне сельгаспрадпрыемства «АграСолы» Вольга Лук’яненка.

Сябе яна называе чалавекам зямлі і працы. І не ўтойвае тагой факта, што калісьці пачынала свой працоўную дзейнасць у родным калгасе простым кладаўшчыком. Але імкнулася наперад. І вось яна — ужо вучоны-аграном — бярэ ў свае рукі няпростую на той час гаспадарку.
— Дзякуючы дальнабачнай палітыцы дзяржавы, сельская гаспадарка краіны зрабіла значны рывок. Я маю на ўвазе Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі ў 2005–2010 гадах. Гэта быў пачатак маёй працоўнай дзейнасці. Тады я зразумела, што ў сельскай гаспадаркі ёсць будучыня, — прыгадвае яна свае першыя крокі на пасадзе кіраўніка.

Больш як 20 гадоў стаіць яна каля руля гаспадаркі. За гэты час сітуацыя ў «АграСолы» істотна змяніліся. Рэалізацыя малака павялічылася з 1,5 тоны ў суткі да 90 тон. Ураджайнасць павысілася да 65 ц/га. У мінулым годзе заработная плата склала 2423 рублі. Вольга Лук’яненка лічыць, што многае стала магчымым, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы — ільготнаму крэдытаванню, бюджэтнай дапамозе ў будаўніцтве малочнатаварных фермаў, будаўніцтве жылля, аднаўленні тэхнічнага парка.

На сёння жывёлагадоўчы статак сельгаспрадпрыемства дасягае амаль 10,5 тысячы галоў, летась сярэдні надой на карову склаў 9796 кілаграмаў малака. У гаспадарцы працуюць 280 чалавек. Прадпрыемства і яго работнікі неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на абласных «Дажынках». Вольга Іванаўна з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Смаргонскага раёна, была ўдастоена прэміі аблвыканкама «Чалавек года Гродзеншчыны». Сакрэт поспеху кіраўнік прадпрыемства бачыць у згуртаванай камандзе, у адказнасці кожнага і накіраванасці на добры вынік. Сваю пазіцыю яна імкнецца даносіць і як дэпутат сельскага Савета. На гэтай пасадзе яна — амаль два дзесяцігоддзі.

— Цяпер я дакладна ведаю, калі будуць у нас, кажучы вобразна, хлеб і малако, тады будуць школы, клубы, бібліятэкі, будзе жыллё для маладых сем’яў. У сельскай мясцовасці, калі развіваецца сельская гаспадарка, развіваецца ўся тэрыторыя сельскага Савета: аб’екты паслуг, сферы харчавання, транспарт. Мяне вельмі радуе, што ў сельскую школу аграгарадка Солы апошнім часам прыходзяць не менш як дваццаць першакласнікаў. Усё гэта дзякуючы таму, што будуецца жыллё для маладых сем’яў, ствараюцца рабочыя месцы, людзі атрымліваюць дастойную зарплату, — зазначае кіраўнік-дэпутат.

Напрыклад, цяпер сельгаспрадпрыемствам выдзелены сродкі для будаўніцтва дома для сваіх супрацоўнікаў. Пасля рэканструкцыі малочнатаварнага комплексу для яго новых работнікаў патрабуецца жыллё. Вольгу Лук’яненка хвалюе тэма замацавання моладзі на вёсцы. У сваёй гаспадарцы яна многае робіць для гэтага і лічыць, што гэта пытанне заслугоўвае ўвагі на Усебеларускім народным сходзе.

— Сельскія працаўнікі ведаюць сапраўдную цану хлеба, ведаюць тыя каштоўнасці, што нам дадзены, — а гэта зямля, магчымасць працаваць на ёй і бачыць мірнае неба над галавой. Думаю, што сваёй працай і сваімі поспехамі мы захаваем усё тое, што нам дадзена, — выказала сваё меркаванне суразмоўца.

А яшчэ яна падзялілася сваёй мэтай. Вольга Іванаўна марыць аб тым, каб у найбліжэйшы час насельніцтва аграгарадка Солы дасягнула паўтары тысячы чалавек. Цяпер тут пражывае 1300 месцічаў. Яна лічыць, што гэта абавязкова спраўдзіцца. Пасля ўзвядзення новай фермы тут мяркуюць прыступіць да будаўніцтва новых дамоў. Каб аграгарадок рос і развіваўся.

— На Усебеларускім народным сходзе будзе прынята новая дзяржаўная праграма на будучую пяцігодку — гэта план нашых дзеянняў, новы штуршок у развіцці. Думаю, што нам па сілах ставіць амбіцыйныя задачы. Папярэдні перыяд паказаў, што мы гатовы да іх выканання, — за­пэў­ні­ла дэ­ле­гат УНС.

Мар­га­ры­та УШКЕВІЧ

Фо­та з ар­хі­ва ге­ра­і­ні

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.