Вы тут

Пісьменніца Алёна Беланожка прэзентавала сваю новую кнігу магілёўскім чытачам


Алёну Беланожка ведаюць нават тыя, хто яе кніжак не чытаў. Яна аўтар сцэнарыяў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, тэатралізаваных канцэртаў. Песні на яе тэксты спяваюць вядомыя беларускія артысты, а дзеці глядзяць забаўляльныя прадстаўленні, пастаўленыя па Алёніных творах. Гэта яе работа як вядучага рэдактара Магілёўскай абласной філармоніі. А вось літаратура — захапленне. Алёна — адна з найцікавейшых маладых пісьменніц нашага часу. Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Звязда» выйшаў зборнік яе фантастычных апавяданняў пад назвай «Дзіця Зямлі». Падчас нядаўняй прэзентацыі кнігі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна аўтар падзялілася разважаннямі, як нараджаюцца сюжэты і дзе яна чэрпае натхненне для сваёй творчасці.


У стылі Рэя Брэдберы

Яе канёк — сацыяльная фантастыка. Як, напрыклад, у Рэя Брэдберы, які ёй вельмі падабаецца. Прызнаецца, што любіць гэты жанр і вельмі камфортна сябе ў ім адчувае. А новая кніга, па яе словах, — гэта тое, ва што ўкладзена ўсё яе сэрца.

— Тут 15 апавяданняў, якія выходзілі ў розных выданнях, у тым ліку часопісах «Бярозка», «Маладосць», зборніках «Мастацкай літаратуры» на працягу апошніх 10 гадоў, — расказвае яна. — Я паслухалася парады рэдактара часопіса «Маладосць», якая на пачатку маёй актыўнай літаратурнай дзейнасці параіла: «Не спяшайцеся напісаць адразу вялікі зборнік і яго выдаць. Лепш, калі будзеце друкавацца ў розных выданнях, і потым, калі набярэцца нейкая крытычная маса, зробіце зборнік. У вас ужо будзе імя, вы папрацуеце з рознымі рэдактарамі». І я ёй вельмі ўдзячная за параду. За 10 гадоў у мяне назбіралася нават болей, чым на адну кнігу. Некаторыя апавяданні ўвайшлі сюды, яшчэ частка засталася — берагу на наступны зборнік.

— У кнігі цікавая вокладка — гэтакая маленькая, але вельмі ўпэўненая ў сабе жанчына на фоне ракеты, што ўзлятае ў космас...

— Ілюстратар Дар’я Камейша трапіла ў самае яблычка (усміхаецца). Мне падабаецца працаваць з выдавецтвам «Звязда», таму што тут заўсёды прапануюць варыянты афармлення кнігі. Мне прыслалі на ўзгадненне адразу тры варыянты вокладкі. І малюнак, які я выбрала, — абсалютна тое, што трэба. Два іншыя таксама былі выдатныя, але гэты — бляск. Тут і колер, і атмасфера...

— Алёна, а што часцей за ўсё становіцца прадметам вашых літаратурных даследаванняў?

— Я не пішу пра жыццё на іншых планетах — я звяртаюся да магчымых варыянтаў развіцця цывілізацыі тут, на нашай планеце. Што можа адбыцца, да чаго прыводзяць сацыяльныя і навуковыя эксперыменты? Напрыклад, генетычныя. Генетыка мяне наогул вельмі цікавіць. «Дзіця Зямлі» — апавяданне якраз пра гэта. Яно і дало назву ўсяму зборніку. Усе апавяданні — мая рэфлексія наконт нашага прызначэння, таго, што можа адбыцца, калі мы яго не выканаем.

— І што можа адбыцца?

— Я той аўтар, у якога не абыходзіцца без ахвяр. Нават калі фінал светлы, ахвяры там усё роўна будуць. Гэта як свяшчэнная ахвяра. Не бывае цывілізацыйных або ваенных дасягненняў без ахвяр, а іх памеры залежаць ад таго, чаго мы хочам дасягнуць. Ёсць у мяне апавяданне «Словы пра жыццё», дзе два цяжка параненыя на вайне салдаты ляжаць у коме, а анёлы-ахоўнікі ўспамінаюць іх жыццё, якія яны добрыя справы здзейснілі, чым жылі. І — чакаюць сігналу, каму з гэтых маладых людзей будзе дазволена застацца на зямлі, а каму прыйдзецца сысці ў небыццё.

Або ўзяць, напрыклад, апавяданне «Белы дом». Яно пра тое, як творчыя людзі стварылі ідэальнае грамадства. Але ўсё разбурылася з-за аднаго вельмі дапытлівага журналіста, які тайна трапіў туды і зрабіў рэпартаж. Асабіста мне падабаецца аповед «Місія "Сонца"» — класічная фантастыка пра тое, як навукоўцы ляцяць да іншых планет для таго, каб праводзіць навуковыя эксперыменты і запальваць штучныя сонцы, зоркі, планеты. Місія аказваецца пад пагрозай, але яе ўсё ж такі атрымліваецца выратаваць.

Песні, замовы і шмат беларускай мовы

Алёна Беланожка па адукацыі рэжысёр абрадаў і свят, у сферы культуры працуе больш чым 18 гадоў. Большасць літаратурных тэкстаў, сцэнарыяў, вершаў выходзіць з-пад яе пяра менавіта на беларускай мове. А літаратурныя творы наогул спрэс беларускамоўныя.

— Гэта натуральна, калі беларускі пісьменнік піша на роднай мове, — разважае яна. — Я сябе вельмі камфортна ў ёй адчуваю. Мне падабаецца беларускі гукапіс. Кожная мова сваім гукапісам на людзей па-свойму ўплывае. Для мяне беларуская мова — мова замоў. Вось як на мяне бабуля шаптала ў дзяцінстве. Усе пісьменнікі — крыху магі, чараўнікі — усё, што намі напісана на такой чароўнай мове, спраўджваецца.

— А казкі вы часам пішаце?

— Казкі не пішу. Гэта вельмі складаны жанр. Каб напісаць казку, трэба быць вельмі добрым майстрам, таму што казка працуе з архетыпамі. І вельмі добра трэба разумець псіхалогію адраснай аўдыторыі, гістарычны, культурны падмурак, які свой у кожнага народа. Беларуская фантастыка таксама мае асаблівасці, бо ў нас свае культурныя карані, сваё светаўспрыманне. На чым мы выраслі? На нашай беларускай міфалогіі, фальклоры, культуры... Мы бачым будучыню праз прызму свайго светапогляду. Гэта вельмі цікава перажываць і асэнсоўваць.

Большасць маіх песень, а іх у мяне зарэгістравана ў аўтарскім таварыстве каля 200, таксама на роднай мове. Іх спяваюць нашы артысты, напрыклад, Вольга Гарнічар, ансамблі «Медуніца», «Церніца», «Весялуха», шоу-група «Тып-Топ», Узорная дзіцячая студыя «Вясёлыя ноткі» — спіс можна працягваць.

Да сюжэта праз навуковыя эксперыменты

Суразмоўніца прызнаецца, што калі б яна не аддала перавагу культуры, то абавязкова стала б генетыкам. Гэта тая сфера, якая ёй падабаецца не менш, чым літаратура. Яна шмат увагі аддае навуковым перадачам, якія потым даюць ёй пажытак для літаратурных сюжэтаў.

— Я вельмі люблю слухаць лекцыі, напрыклад, Вячаслава Дубыніна. Вывучаю, як працуюць нейрамедыятары, каб ведаць, як наш мозг рэагуе на тое ці іншае, якія працэсы ў арганізме адказваюць за радасць, голад, пачуцці... Мне гэта трэба, каб з разуменнем напісаць пра той жа мозг і мяне потым не засмяялі. З вялікім задавальненнем гляджу лекцыі па астраноміі. Мне цікавыя зоркі, неба. Удзельнічаю ў валанцёрскіх праектах SETІ, якія датычацца пошуку іншаземных цывілізацый, і Eіnsteіn@Home па праверцы гіпотэзы Эйнштэйна аб існаванні гравітацыйных хваляў. Спадзяюся, што калісьці і я адкрыю сваю зорку. Кожны ахвотны можа далучыцца да гэтых праграм і дапамагаць развіваць нашу цывілізацыю. Вельмі добрая магчымасць з карысцю задзейнічаць нашы камп’ютары і смартфоны, а не абмяжоўвацца пошукам прыгожых малюнкаў і перапіскамі ў сацыяльных сетках.

— Незразумела толькі, як пры такой любові да генетыкі і розных цывілізацый культура перамагла.

— Напэўна, ёсць нейкае наканаванне. Спрабуеш звярнуць са сваёй каляіны, а цябе, як кацяня, нехта за шкірку — і назад.

— А хто гэты нехта?

— Здаецца, што мы ўсе прыйшлі ў гэты свет з нейкай задумай, якую не зможам зразумець, пакуль не дойдзем да канца зямнога шляху.

Потым абернемся і зразумеем, для чаго ўсё гэта было. Ёсць такі выраз: «Рабі тое, што табе даецца лепш за ўсё, але рабі гэта з усіх сіл». Напэўна, калі нешта атрымліваецца, трэба гэта і рабіць.

— А помніце, калі і з чаго пачаліся вашы першыя літаратурныя крокі?

— Як толькі навучылася чытаць, адразу ж пачала пісаць. Пра зайца-выхваляку пачытала, трэба ж і сваю версію напісаць. А мае сачыненні ў школе былі такія вялікія, што настаўнікі стамляліся іх чытаць. Больш прафесійная літаратурная дзейнасць пачалася ў 2008–2009 гадах, калі я прыйшла са сваімі вершамі ў «Маладосць». Трапіла ў рукі да прафесійных рэдактараў, якія мне паказалі, як усё павінна адбывацца. Гэта вельмі загартоўвае аўтара, развівае стыль, дапамагае працаваць над сабой.

— З тых часоў з Выдавецкім домам «Звязда» і сябруеце?

— Так. Друкавалася і ў «Алесі», і ў газеце «Звязда», і ў «Бярозцы», шмат чаго майго выходзіла ў часопісе «Маладосць». Аповесць «Зорка Ракхігархі» спачатку выйшла ў «Маладосці», а потым у фармаце кнігі — у выдавецтве «Звязда». Два гады таму Саюз пісьменнікаў прапанаваў паўдзельнічаць у «звяздоўскім» праекце і перакласці вершы сучасных рускіх паэтаў на беларускую мову. Мне дастаўся Аляксей Купракоў. Яго вершы ў маім перакладзе ўвайшлі ў зборнік «Сучасная руская паэзія».

— Алёна, вы і пісьменніца, і паэтэса, і сцэнарыст культурна-масавых мерапрыемстваў. У чым яшчэ хацелі б сябе паспрабаваць?

— У маёй скарбонцы ёсць два дыпломы конкурсаў «Беларусьфільма»: за сцэнарый мультфільма, прысвечаны нацыянальнай тэматыцы,

— другое месца, і за сцэнарый стужкі ў конкурсе «Маладосць. Сям’я. Грамадства» — прэмія «Шанц». Было б цікава паспрабаваць сябе ў якасці кінасцэнарыста. Такога вопыту ў маёй практыцы раней не было.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?