Вы тут

Распачаўся сезон актыўнасці кляшчоў


У сувязі з пацяпленнем клімату перыяд актыўнасці кляшчоў у нашай краіне падоўжыўся. Ужо сёлета каля 200 беларусаў звярнулася па медыцынскую дапамогу пасля прысмоктвання гэтых павукападобных. За мінулы год такіх зваротаў было каля 31 тысячы. Дзе найчасцей нападаюць на чалавека гэтыя крывасмокі? Як паводзіць сябе, каб клешч не праявіў да вас цікавасці, і што рабіць, калі ён усё ж такі прысмактаўся? Які прэпарат рэкамендуецца прымаць у такім выпадку? Чаму няма сэнсу даследаваць на інфекцыі самога кляшча? Пра гэта расказалі медыкі.


Больш рызыкуюць жыхары Брэстчыны і Гродзеншчыны

Кляшчовыя інфекцыі ў Беларусі рэгіструюцца штогод. У сувязі з пацяпленнем арэал эксодавых кляшчоў імкліва прасоўваецца на поўнач, расце іх колькасць, павялічваецца працягласць перыяду актыўнасці. У цяперашні час кляшчы актыўныя 10 месяцаў — з лютага па лістапад. Таму з канца зімы да позняй восені не выключана магчымасць заражэння кляшчовымі інфекцыямі.

— Па даных беларускіх вучоных, кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі ўзбуджальнікаў дзевяці інфекцый. Але штогод у нас рэгіструецца толькі два захворванні — Лайм-барэліёз і кляшчовы вірусны энцэфаліт. Штогод у краіне ў сярэднім рэгіструецца больш чым дзве тысячы выпадкаў хваробы Лайма і больш двухсот выпадкаў кляшчовага энцэфаліту, — паведаміла энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова.

Захваральнасць на Лайм-барэліёз рэгіструецца амаль па ўсёй краіне і размяркоўваецца з большай доляй па Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. А вось на кляшчовы энцэфаліт найчасцей хварэюць у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях — на іх долю прыпадае каля 62 % усіх выпадкаў гэтай інфекцыі.

У лесе, на дачы, у зонах адпачынку

Узбуджальнікі кляшчовых інфекцый перадаюцца чалавеку праз прысмоктванне кляшчоў. Заразіцца кляшчовым энцэфалітам можна таксама і пры ўжыванні сырога малака коз, у якіх у перыяд масавага нападзення кляшчоў вірус можа знаходзіцца ў малацэ.

Успрымальнасць да кляшчовых інфекцый дастаткова высокая і не залежыць ад полу і ўзросту, хварэюць і дарослыя, і дзеці.
У 2023 годзе было зарэгістравана больш як 31 тысяча зваротаў да медыкаў з нагоды прысмоктвання кляшчоў (на 11 % больш у параўнанні з 2022 годам). Перавышэнне краінавага паказчыка пацярпелых ад кляшчоў на 100 тысяч насельніцтва адзначалася ў Магілёўскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях.

— Па меркаваных месцах нападзення кляшчоў устаноўлена, што прысмоктванне адбываецца звычайна ў лясных масівах (44 % ад усіх выпадках), на другім месцы — сельская мясцовасць і дачныя ўчасткі (35 %), на долю тэрыторый населеных пунктаў і зон адпачынку прыпадае 12 %, — прывяла лічбы Святлана Яшкова.

Як абараніцца?

Як адзначыла энтамолаг, адным з самых эфектыўных метадаў барацьбы з эксодавымі кляшчамі з’яўляецца прымяненне акарыцыдных прэпаратаў для апрацоўкі тэрыторый. У 2023 годзе яны праведзены на плошчы больш чым дзве тысячы гектараў (на 5 % больш, чым годам раней).

Абарона ад заражэння кляшчовымі інфекцыямі ў многім залежыць і ад самога чалавека. Падчас наведвання лясных і паркавых зон рэкамендуецца выконваць наступныя правілы. Пры працяглым знаходжанні ў лесе варта насіць спецыяльнае адзенне, якое максімальна закрывае цела. Абавязковы галаўны ўбор. Важна выкарыстоўваць адпужвальныя сродкі — рэпеленты — ці рэпелентна-акарыцыдныя сродкі. Апошнія не толькі адпужваюць кляшчоў, пры кантакце з імі крывасмокі гінуць. Праз кожную гадзіну ў лесе ці парку трэба аглядаць адзенне і цела, каб выявіць кляшчоў. У ежу варта ўжываць толькі кіпячонае казінае малако — вірус гіне ўжо праз 2-3 хвіліны кіпячэння.
На прысядзібных участках, на дачах рэкамендуецца праводзіць добраўпарадкаванне тэрыторый: прыбіраць буралом, вырубаць непатрэбнае кустоўе, скошваць траву. 

Выдаляем крывасмока правільна

Калі клешч прысмактаўся, варта яго правільна выдаліць. Для гэтага лепей па магчымасці звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя. У адваротным выпадку паспрабаваць зрабіць гэта самастойна.

— Рэкамендуецца тры спосабы самастойнага выдалення: з дапамогай пінцэта, баваўнянай ніткі ці спецыялізаваных сродкаў, якія прадаюцца ў аптэках. Пасля выдалення варта апрацаваць месца любым спіртаўтрымальным растворам. Па вяртанні дадому трэба абавязкова звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя да тэрапеўта ці педыятра, дзе прызначаць лячэнне і ўстановяць назіранне, — параіла Святлана Яшкова.

Па жаданні можна даследаваць эксодавых кляшчоў, але гэта неабавязковая працэдура і выконваецца яна на платнай аснове. Бясплатна праводзяцца даследаванні кляшчоў толькі ў тых асоб, у якіх маюцца супрацьпаказанні да прымянення антыбіётыку, што выкарыстоўваецца для прафілактычнага лячэння.

Таксама абараніцца ад кляшчовага энцэфаліту можна з дапамогай прышчэпкі. Вакцына супраць Лайм-барэліёзу ў свеце не распрацавана. Па кансультацыю па атрыманні прышчэпак варта звяртацца ў паліклініку па месцы жыхарства. У Беларусі зарэгістравана тры вакцыны: расійскія «Энцэвір» і «Клешч-э-вак» і амерыканская «ЦікаВак Джуніор».

Чым небяспечныя кляшчовыя інфекцыі?

Традыцыйна пікі захваральнасці на кляшчовыя інфекцыі прыпадае на май і верасень, паведаміў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы, галоўны пазаштатны інфекцыяніст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святаслаў Вельгін. Інкубацыйны перыяд працягваецца ад некалькіх дзён да трох-чатырох тыдняў, пасля чаго ўзнікае характэрная сімптаматыка.

— Хвароба Лайма сустракаецца прыкладна ў дзесяць разоў часцей, чым кляшчовы энцэфаліт, і яе асноўная прыкмета — мігрыруючая эрытэма. У месцы прысмоктвання кляшча ўзнікае плямка як пры ўкусе камара. Праз некалькі дзён вакол яе з’яўляецца пачырваненне. З цягам часу, звычайна праз некалькі дзён, яно павялічваецца ў памерах, набываючы форму кальца. Гэта тыповая кольцападобная эрытэма, якая распаўзаецца, — апісвае праявы інфекцыяніст.

Пры гэтым Лайм-барэліёз — захворванне не надта небяспечнае і праходзіць, як правіла, нават без лячэння. Але медыкі ўсё ж рэкамендуюць праводзіць тэрапію, бо ў некаторых людзей могуць узнікаць адтэрмінаваныя праявы захворвання, прагрэсіраванне да другой і трэцяй стадый.

— На першай стадыі бываюць рэдкія выпадкі, калі эрытэма не ўзнікае, але з’яўляецца вострая ліхаманка. І, як правіла, недалёка ад месца прысмоктвання кляшча запаляецца лімфатычны вузел. Стан суправаджаецца павышанай тэмпературай і агульным інфекцыйным сіндромам як пры грыпе — баляць мышцы, суставы, з’яўляюцца галаўны боль і недамаганне. Гэта сведчыць, што ў вас безэрытэмная форма хваробы Лайма ці энцэфаліт, які, як вядома, развіваецца без эрытэмы, — тлумачыць урач.

З’яўленне гэтых сімптомаў — нагода звярнуцца да ўрача, які прызначыць аналізы. Яны неабходны для выключэння кляшчовага энцэфаліту.

— У адным кляшчы можа быць некалькі ўзбуджальнікаў. Тактыка папярэджання гэтых інфекцый аднолькавая. Калі ўзнікла прысмоктванне, то ў першыя двое-трое сутак важна правесці антыбіётыкапрафілактыку. Дзецям пасля васьмі гадоў і дарослым прызначаецца даксіцыклін — безрэцэптурны антыбіётык у дазіроўцы 200 мг. Трэба прыняць дзве капсулы ці дзве таблеткі аднаразова пасля ежы. Гэта дазваляе знізіць рызыкі заражэння Лайм-барэліёзам больш чым у дзесяць разоў, — кажа Святаслаў Вельгін.

Пры гэтым нават прысмоктванне інфікаванага кляшча не гарантуе, што вы захварэеце, бо можа спрацаваць імунітэт ці не хапіць часу для перадачы інфекцыі. Калі цягам месяца пасля прысмоктвання ніякіх сімптомаў вы не заўважылі, значыць, вы не захварэлі і ніякіх аналізаў здаваць не трэба. Мае сэнс рабіць гэта толькі тады, калі ёсць клінічная сімптаматыка і іх прызначыў урач для ўдакладнення дыягназу.

Другая стадыя Лайм-барэліёзу можа развівацца прыкладна ў 10 % людзей. Пры гэтым пакутуе адна з трох сістэм: скура (з’яўляюцца другасныя эрытэмы на аддаленых ад месца ўкусу частках цела, якія праз некалькі дзён праходзяць), апорна-рухальны апарат (узнікаюць артрыты буйных суставаў з болевым сіндромам), нервовая сістэма — як перыферычная (неўрыты, радзікуліты), так і цэнтральная (менінгіты і менінгаэнцэфаліты).

Трэцюю стадыю часам называюць хранічным барэліёзам, але больш правільна лічыць яго познім. Калі пацыент на працягу двух першых стадый не звяртаўся да ўрача, то могуць узнікаць аддаленыя наступствы ў выглядзе артрытаў, менінгаэнцэфалітаў, полінеўрытаў.

— Мінулы год быў дастаткова актыўны па клешчавым энцэфаліце, мы мелі справу з цяжкімі формамі. Аднак прагноз па гэтай інфекцыі ў нашай краіне спрыяльны ў адрозненні ад сітуацыі на Дальнім Усходзе і Сібіры. Праўда, і да нас даходзяць паралітычныя формы, калі развіваецца слабасць у канечнасцях аж да страты прытомнасці, пацыенты часам бяруцца на штучную вентыляцыю лёгкіх аж да лятальных зыходаў, якія, на шчасце, у нас вельмі рэдкія, — адзначыў Святаслаў Вельгін.

Таму, па меркаванні медыкаў, татальная вакцынацыя ў нашай краіне не патрэбна. Яна праводзіцца толькі ў эндэмічных рэгіёнах у паўднёвых абласцях.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.