Вы тут

Вясновая раніца


На гэтыя радкі натхнілі здымкі з двух мерапрыемстваў, што паявіліся ў панядзелак на сайце нашай газеты. Адзін рэпартаж быў з Купалавай Вязынкі, дзе традыцыйна гукалі вясну, другі — з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, дзе адзначалі абрадавыя Саракі. Ведаеце, што здзівіла і ўразіла? Голыя чорныя дрэвы. Здымкі ж рабіліся ў мінулыя выхадныя. Падумалася, няўжо гэта ў нашай краіне? У мяне за акном зусім іншая карціна.


У нас пейзажы спрэс зялёна-белыя. Дрэвы дружна выпусцілі зялёную лістоту, на выездзе з Брэста з кіламетр ехалі ў бок Камянецкага кольца, абапал дарогі — квітнеючая чаромха і белыя садовыя дрэвы, што засталіся ад былых сядзіб вёскі, якую даўно праглынуў горад. У Матыкалах, вёсцы за дзевяць кіламетраў ад горада, на прывязі пасуцца каровы. Наш вясковы дом знаходзіцца ў пяцідзесяці кіламетрах на поўнач ад абласнога цэнтра. Тут яшчэ не так усё расквітнела, як у горадзе і яго ваколіцах. Чаромха толькі-толькі зацвітае, але двор ужо пакрыты жоўтымі дзьмухаўцамі, а ў суседзяў вялікая разгалістая алыча, якую мы завём сакурай, стаіць, нібы малаком аблітая. І ў нас зацвітаюць слівы, маленькі абрыкос, які я пасадзіла два гады таму, упершыню выкінуў першыя нясмелыя кветачкі. Яблыні толькі выпусцілі кволыя лісткі, за якімі ўжо ўгадваюцца будучыя суквецці. Людзі шчыруюць на агародах, некаторыя садзяць бульбу.

Такога на маёй памяці дакладна не было, каб на Дабравешчанне пейзаж нагадваў карціну канца красавіка, а менавіта тыя дні, якія нястомны збіральнік роднага слова, дыялектаў, гісторыі свайго краю Алесь Зайка называў раем на зямлі. Алесь Фаміч сабраў бясцэнныя скарбы народнай мудрасці, напісаў некалькі кніг пра сваю Косаўшчыну і іншыя паселішчы Івацэвіцкага раёна. Яго ўжо няма з намі больш як шэсць гадоў. Я сустракалася з ім усяго адзін раз, а ўспамінаю кожную вясну. Ездзіла да яго, дарэчы, ранняй вясной. Праводзячы мяне, ён стаяў каля веснічак, паказаў рукой у бок лесу, прамовіў: «Адзін знаёмы ляснік казаў: «Калі хочаш даведаццца, як выглядае рай, ідзі ў лес у канцы красавіка — пачатку мая». І з той пары стараюся не прапусціць гэты «рай», хоць бы праязджаючы па дарозе пасярод лесу.

Так было і на гэты раз. Мы ехалі, любаваліся прыгажосцю першай нясмелай зеляніны, якая літаральна некалькі дзён мае асаблівую цнатлівую далікатнасць. Праз тыдзень-другі яна стане больш яркай, упэўненай і не такой прыгожа-безабароннай. А гэтая во, першая, мабыць, і натхніла таго самага лесніка на параўнанне з раем... Дык вось на адным з участкаў лесу, які быў, нібы дываном, пакрыты белымі кветкамі кураслепу, што адцвітае (названыя кветкі паяўляюцца раней за лістоту), пры дарозе стаялі дзве машыны. Саграшыла — падумала, што людзі спыніліся, каб нарваць першацветаў. Але памылілася. Спачатку заўважыла жанчыну і дзяўчынку, наводдаль яшчэ адну сям’ю. Яны фатаграфавалі прыгажосць, ніхто не спакушаўся на расліны, збіраць якія забаронена. Вось вам і райская карцінка. Здрадніцкі камяк падступіў да горла, як жа моцна захацелася, каб так было заўсёды.

Згадала, як у суботу ў адным з рэпартажаў з пасадкі нашага касмічнага экіпажа, акрамя іншага, сказала Марына Васілеўская: «Жадаю ўсім людзям на Зямлі, каб яны шанавалі і бераглі ўсё тое, што мы маем». Думаю, што яна загадзя прадумала сваё першае інтэрв’ю пасля вяртання, рыхтавалася да яго. Выказанае на зямлі прыйшло на душу яшчэ там, калі бачыла Зямлю з космасу. Відаць, адтуль і Зямля наша выглядае крышачку безабароннай і загадкавай. Яна, планета наша, з дапамогай прыроды і дае магчымасць чалавеку глянуць на першую прыгажосць вясны, нібы на стварэнне свету, якое мы маем шчасце назіраць кожны год. Але яна сама не можа навучыць людзей цаніць гэта, апошнія павінны неяк самі навучыцца. Няўжо для гэтага патрэбны войны, стыхійныя бедствы, іншыя навалы? Пытанне рытарычнае. Адзін навуковец у нашай газеце растлумачыў пастаянства войнаў тым, што гены чалавека не мяняюцца на працягу тысячагоддзяў. І вось гэтыя людзі з генамі ваяроў будуць заўсёды ўцягваць іншых у канфлікты, правакаваць войны, біцца за ўладу і перадзел свету. Цікавая тэорыя, можа, яно і так. Тады цалкам верагодна, што ў гэтых людзей адсутнічаюць гены, якія адказваюць за чалавецкасць і спагаду, за ўспрыняцце прыгажосці прыроды, за магчымасць любавання вясновай раніцай.

А што можа быць лепшым за тое, як расцвітае пасаджаная табой кветка альбо дрэва, як паветра гаворыць птушынымі галасамі, як бусел упарта і настойліва адбудоўвае сваё гняздо, нават калі яго скінулі супрацоўнікі электрасетак і вывезлі на звалку. Тады ўсе здзівіліся, што гэтая пабудова важыць не менш за паўтары тоны. Але белы птах не засмуціўся, не здаўся, адбудаваў новае, справіў птушынае наваселле і цешыцца са сваёй сяброўкай, прыгожа стаіць кожную раніцу на адной назе ў чаканні новага патомства. А ўнізе ходзяць тлустыя шпакі, збіраюць кузурак. Можа, таму мы гэтай вясной назіраем нашэсце божых каровак на столі аднаго з пакояў. Іх тут сотні, і яны не спяшаюцца выбірацца з хаты, нават калі адкрыеш акно і шугаеш ручніком. Відаць, не хочуць трапіць у дзюбы шпакам, перачакаюць, пакуль усё распусціцца, трава стане большай, тады і перамесцяцца ў прыроду.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.