Вы тут

Сучасная беларуская літаратура


Працягваецца выданне найноўшай у айчынным кнігавыданні серыі — «Сучасная беларуская літаратура». Выдавец — вядомае адукацыйнае выдавецтва «Аверсэв». Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Новая кніга — дзявятая па ліку — «Игла в квадрате»: зборнік прозы сучасных беларускіх літаратараў, якія пішуць на рускай мове: Алег Ждан-Пушкін, Сяргей Трахімёнак, Алесь Кажадуб (праўда, якраз ён піша і выдае кнігі і па-беларуску), Вера Зелянко, Анатоль Матвіенка, Валянціна Драбышэўская. 

Па храналогіі падзей, у якіх удзельнічаюць героі апавяданняў, творы прывязаны да розных часін. Найбольш — да нашых дзён. Але тэматычна мастацкія вышукі згаданых аўтараў вельмі блізкія — пісьменнікі праяўляюць жаданне адказаць на пытанне, што адбываецца з чалавекам сёння, як ён рэагіруе на рэчаіснасць, на зносіны з роднымі і блізкімі людзьмі, пра што ён думае, што яго ўзвышае, а што наадварот — прызямляе. 

Алег Аляксеевіч Ждан-Пушкін, які нарадзіўся ў 1938 годзе ў Смаленску, а дзяцінства і юнацтва правёў у Мсціслаўлі, на Магілёўшчыне, знаёміць чытача з апавяданнем «Вызваленне». Вось канцоўка твора, які вядзе чытача ў далёкі 1943 год (якраз у верасні 1943-га вызвалілі ад фашысцкай акупацыі Мсціслаў): «Сёння на тым месцы, дзе былі пажарышчы Максімкі і Евеля, стаіць шматкватэрны дом. У парку выраслі іншыя дрэвы. Брацкай магілы тут даўно няма: байцоў перапахавалі на старых гарадскіх могілках. Не плачце, маці, не плачце, сёстры, цяпер у вашых сыноў і братоў у гэтым горадзе свой вечны, аплаканы вамі, прытулак. Тое месца на зямлі, дзе ляжаў хлопец у белай кашулі з ярка-чырвонай плямай пад левай рукою і дзе Максімка ўпершыню пабачыў смерць, тысячу разоў абмытае дажджамі, і цяпер ужо ніхто не ведае, дзе і як гэта адбылося. На другім баку парка доўгі час дзейнічала танцавальная пляцоўка з духавым аркестрам, але і яна сыйшла ў мінулае. Сыйшлі людзі, якія тут, на плошчы, славілі перамогу і гаравалі. Але непакоіць жыхароў генетычная памяць: уяўляецца часам далёкі 43-ці год, сонечны верасень, малады афіцэр з залатымі пагонамі: «Не плачце!..» А што ж было на пачатку? З якімі пачуццямі, у якіх трывогах перажылі жыхары невялікага гарадка час вызвалення... Пра гэта — у творы Алега Ждана-Пушкіна «Вызваленне». Знаёмства з ваенным апавяданнем старэйшага беларускага празаіка падштурхоўвае да рэалізацыі і такой кніжнай ідэі: наспела патрэба выдаць класічныя і сучасныя беларускія апавяданні на тэму Вялікай Айчыннай вайны ў адной кнізе. Падаецца, што такога характару паяднанне будзе добрым мастацкім урокам выхавання для чытача розных пакаленняў, найперш — для нашай моладзі. 

Сярод іншых твораў кнігі вылучаецца апавяданне «Игла в квадрате», якое і дало назву зборніку. Аўтар — Сяргей Трахімёнак. Пісьменнік расказвае гісторыю пра звычайную, але толькі на першы погляд, медыцынскую сястру, якая па-майстэрску робіць уколы, змену якой з надзвычайнымі спадзяваннямі чакаюць хворыя. Але, што ўласціва ўвогуле ўсёй прозе вядомага літаратара, аўтара многіх кніг, у жыццё вопытнай медсястры ўмешваюцца падзеі дэтэктыўнага характару. Напружанне, з якім ўтрымлівае Сяргей Трахімёнак увагу чытача, робіць і галоўнага героя, і сам твор рэльефнымі, дынамічнымі. Перад намі — гатовы сцэнарый кінафільма. 

Інтрыга, псіхалагічнасць, шматаблічная вобразнасць — усё гэта прысутнічае і ў творах Алеся Кажадуба, Веры Зелянко, Анатоля Матвіенкі, Валянціны Драбышэўскай. 

Нагадаем, што раней у серыі «Сучасная беларуская літаратура» выйшлі кнігі прозы «Дараванне», «Душа твая светлая», «Чароўная скарбніца», «Цені дзікага палявання» і іншыя. Набыць кнігі можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.