Вы тут

Якасць беларускай гасціннасці


Пра нашу беларускую гасціннасць мне ўжо даводзілася выказваць сваё меркаванне ў прэсе. Цяпер, калі 2024 год аб'яўлены Годам якасці, лічу неабходным вярнуцца да гэтай няпростай тэмы, якая закранае інтарэсы ўсяго грамадства.


Фота БелТА

Год якасці аб'яўлены з вялікімі мэтамі: гэта і павышэнне якасці жыцця насельніцтва краіны, і забеспячэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі ў свеце, і стымуляванне ініцыятывы. Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена важная, змястоўная задача — сфарміраваць у грамадстве адказнасць за вынікі працы, за перадачу годнай спадчыны будучым пакаленням нашай краіны, зрабіць так, каб «якасць пранізвала кожнага чалавека».

Значыць, гэта датычыцца і якасці беларускай гасціннасці як абагульняльнага індыкатару якаснага жыцця беларускага народа.

«Гасціннасць — адзін з галоўных беларускіх брэндаў, якім мы вельмі ганарымся і перадаём з пакалення ў пакаленне», — так выказаўся кіраўнік дзяржавы на пачатку Года якасці, падкрэсліўшы, што гэты брэнд трэба развіваць і ўдасканальваць.

Магу пацвердзіць на ўласным вопыце: мне неаднойчы даводзілася чуць станоўчыя водгукі пра беларускую гасціннасць, пра высокую якасць беларускай прадукцыі як у блізкім, так і ў далёкім замежжы. Што і казаць: прыемна, калі за мяжой так гавораць пра наш народ.

Дык што ж гэта такое — беларуская гасціннасць? Што ў ёй, сённяшняй, ад традыцый мінулага, а якія новыя рысы яна набыла ў нашы дні?

Беларускае грамадства з даўніх часоў характарызуюць як талерантнае. Яшчэ з эпохі Вялікага Княства Літоўскага на гэтай тэрыторыі мірна суіснавалі розныя рэлігіі, розныя нацыянальнасці і розныя культуры. Традыцыі талерантнасці і міралюбівая знешняя палітыка беларускай дзяржавы з'яўляюцца трывалым падмуркам нашай гасціннасці, бо ўся гісторыя Беларусі грунтуецца менавіта на міры і згодзе прадстаўнікоў усіх народаў, якія жылі і жывуць цяпер на нашай зямлі.

Прыкладам міжканфесійнага і міжнацыянальнага суладдзя з'яўляецца мой родны Іўеўскі раён Гродзеншчыны, дзе больш як шэсць стагоддзяў пануюць добрасуседскія адносіны паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і розных веравызнанняў, дзе на цэнтральнай плошчы горада Іўе ўзвышаецца памятны знак-абеліск «У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны» як сімвал мірнага і шчырага пажыццёвага ўзаемадзеяння праваслаўных, католікаў, мусульман і іудзеяў, дзе створаны і дзейнічае адзіны ў Беларусі музей нацыянальных культур.

Сёння беларуская гасціннасць — гэта адкрытасць нашай краіны свету. За 2023 год Беларусь наведалі грамадзяне 174 дзяржаў. Толькі ў першым квартале гэтага года па бязвізавым рэжыме ў нас пабывала амаль 60 тысяч жыхароў Еўрапейскага саюза. Хачу падкрэсліць: бязвізавы рэжым — вельмі важны паказчык беларускай гасціннасці. У той час, калі для беларусаў раз за разам узнікаюць штучныя бар'еры для наведвання некаторых краін, мы не ідзём на надуманыя абмежаванні ў перамяшчэнні людзей.

Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць гасцям, ёсць чым пачаставаць. Гэта і помнікі гісторыка-культурнай спадчыны, і мемарыялы памяці гераічнага мінулага, і адбудаваныя пасля Вялікай Айчыннай вайны нашы гарады і пасёлкі, і шырокая сетка пунктаў грамадскага харчавання з беларускай нацыянальнай кухняй. Папулярнасцю сярод замежных гасцей, асабліва ў расіян, карыстаюцца беларускія медыцынскія ўстановы і санаторыі — а гэта азначае, што якасць лячэбных і аздараўленчых паслуг у названых установах адпавядае высокім сучасным патрабаванням.

Аднак не будзем, як кажуць, спачываць на лаўрах. Усім нам зразумела: якасць і гасціннасць — гэта найперш пра чалавека, пра кожнага з нас. Якія мы, як адносімся да працы, як ставімся адно да аднаго, як выхоўваем сваіх дзяцей і ўнукаў.
«Якасць пачынаецца з душы, гэтую якасць трэба перш за ўсё выхаваць у сабе», — так выказаўся ў адной з тэлепраграм протаіерэй Фёдар Поўны. Нельга не пагадзіцца з вядомым святаром.

І тут, на мой погляд, праблем значна болей, чым у вытворчай сферы, дзе якасць прадукцыі часцей за ўсё залежыць ад тэхналагічнага ўзроўню прадпрыемства.

У мяне няма намеру, і гэта немагчыма, акрэсліць у дадзеных нататках усё кола пытанняў якасці чалавека. Закрану толькі тыя, якія непасрэдна ўплываюць на якасць беларускай гасціннасці.

Сустракаць гасцей хлебам-соллю, адводзіць ім месца на покуці — спаконвечная традыцыя на беларускай зямлі. Хлеб — сімвал дабрабыту, дастатку, а соль — найлепшы абярэг. Прымаючы такім пачэсным чынам гасцей, гаспадары жадаюць ім шчасця, дабра і міру.
Нашы папярэднікі рабілі гэта шчыра, нязмушана і самі пра сваю гасціннасць не гаварылі. А сёння?

Бываючы ў гарадах і раёнах нашай краіны на розных мерапрыемствах, мне даводзілася чуць у прамовах, асабліва з вуснаў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі: «Мы рады вітаць вас на гасціннай (глускай, клічаўскай, калінкавіцкай і г. д.) зямлі...» Калі маецца на ўвазе хараство нашай зямлі, то так казаць магчыма: зямля ў нас, куды ні паедзеш, сапраўды прыгожая, і ўжо сваёй прыгажосцю з'яўляецца падмуркам нашай гасціннасці, бо гасціннасць — першым чынам утульнасць, прывабнасць для душы вандроўніка, які апынецца тут. А калі мы хочам падкрэсліць, што зрабілі ўсё магчымае, каб кожны госць адчуваў тут асаблівую сардэчную цеплыню гаспадароў, то ў такім выпадку гаспадарам не варта гаварыць пра сваю гасціннасць, няхай лепш пра гэта скажуць госці.

Гаварыць самім пра сваю гасціннасць стала ўжо недарэчным шаблонам. «Наша земля белорусская гостеприимная...» — прамаўляе ў расійскай тэлепраграме Андрэя Малахава «От всей души» (03.03.2024) удзельніца перадачы з аграгарадка «Прылукі». Ці не лепш было б сказаць: «Мы, беларусы, любім сустракаць і прымаць гасцей, частаваць іх...»?

Зрэшты, і мы, айчынныя літаратары, і браты-журналісты грэшныя ў гэтым. Неаднойчы я сустракаў радкі пра беларускую гасціннасць і ў паэтычных творах, і ў публікацыях на старонках перыядычных выданняў.

Трэба яшчэ памятаць вось што: госці на тое і госці, каб не быць ашчаднымі ў словах падзякі, гаворачы, які цёплы прыём аказалі ім гаспадары. Выходзіць, што гасціннасць — рэч больш аб'ектыўная, чым суб'ектыўная. І ад слоў гаспадароў, і ад слоў гасцей яна мала залежыць. Паўстае пытанне: ад чаго?

Вядома ж, ад якасці паслуг — найперш. Чарка на пасашок — гэта добра, гэта ў нашым менталітэце. Але гэта такая дробязь у агульнай практыцы гасціннасці. А вось іншыя «дробязі» часам знішчаюць усе нашы найлепшыя намеры паказаць сваю гасціннасць. У інтэрнэтнай інфармацыйнай прасторы шмат водгукаў турыстаў, якія наведалі Беларусь. Большасць з іх — станоўчыя, прыемныя. Але шмат і такіх, ад якіх крыўдна і сорамна.

Прывяду толькі адзін факт, які не ўкладваецца ў паняцце гасціннасці, пра што мне расказалі знаёмыя масквічы. Яны прыязджалі ў Брэст да сваіх сяброў, з якімі калісьці пазнаёміліся падчас курортнага адпачынку на моры. І, зразумела, не маглі не наведаць мемарыяльную святыню.

У музейным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» ёсць кавярня «Цытадэль». Вандроўнікі-госці папрасілі афіцыянта прынесці для аднагадовай дачушкі бутэрброд з маслам: любіць такую ежу дзіця. Праз некалькі хвілін афіцыянт вяртаецца і разводзіць рукамі:

— Не магу выканаць гэтую просьбу...

— У вас няма на кухні батона і масла? — перапытвае маці.

— Масла ёсць, але няма бухгалтара, каб падлічыць, колькі яго пойдзе на бутэрброд. Сёння выхадны ў бухгалтэрыі...

Працягваць размову не мела сэнсу... Бацька дзяўчынкі схадзіў у найбліжэйшы прадуктовы магазін і вырашыў гэтую праблему...

Дробязь? Так. Але падобныя дробязі, на жаль, чакаюць гасцей шмат дзе. А іх не павінна быць, калі мы лічым сябе гасціннымі.

Гэта, безумоўна, залежыць ад гасціннасці канкрэтнага чалавека, ад агульнага ўзроўню паслуг, ад нашай агульнай культуры. Калі гэтыя паняцці супадаюць, то і такіх дробязяў не ўзнікае.

Мне даводзілася бачыць і чуць расчараванне турыстаў, калі ім гаварылі, што ў горадзе няма кніжнай крамы. Ці адпавядае такі горад статусу горада? А такіх гарадоў у сённяшняй Беларусі не адзін і не два, а дзясяткі. І нельга апраўдаць гэтую сітуацыю тым, што шырокае распаўсюджванне ў апошні час атрымаў інтэрнэтны кніжны гандаль: для большасці насельніцтва такая паслуга наўрад ці даступная.

Ды што гаварыць пра высокія духоўныя запатрабаванні, калі ў многіх нашых гарадах і раённых цэнтрах да гэтага часу належным чынам не вырашана праблема грамадскіх прыбіральняў. Падчас масавых святочных мерапрыемстваў устанаўліваюцца біятуалеты, а пасля свят яны знікаюць. Лічу, што ў Беларусі на сёння ёсць рэальныя магчымасці паўсюдна зрабіць грамадскія прыбіральні бясплатнымі. Не такія ўжо вялікія грошы патрэбныя на іх утрыманне ў параўнанні з іншымі затратамі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы краіны. Гэта стала б яшчэ адным добрым знакам нашай гасціннасці.

Самае небяспечнае, што можа прывесці да зніжэння ўзроўню беларускай гасціннасці, — гэта наша абыякавасць да ўсяго, што робіцца вакол нас. Калі, не дай бог, забудзем, што мы — беларусы, што наша гасціннасць — гэта наша людскасць.
Адна знаёмая мінчанка з горыччу расказала мне аб тым, што яна вельмі хацела запрасіць гасцей з замежжа да сябе ў кватэру, але не рашылася: «Пад'езд і ліфт шматкватэрнага дома так «скалечаны», што самой сорамна заходзіць у яго...» І ёй давялося прызначыць сустрэчу з гасцямі ў рэстаране.

У рэшце рэшт, гасціннасць — гэта наш лад жыцця, наш стыль жыцця. Якасць гасціннасці — яна ва ўсім: у абслугоўванні ў гасцініцах, аграсядзібах і музеях, у адносінах да старэйшага пакалення і грамадскай маёмасці, у паводзінах у грамадскіх месцах. І, што вельмі важна, у культуры нашай гаворкі. Яна можа быць на роднай мове, можа быць рускамоўнай, але з павагай да субяседніка і да тых, хто побач з намі. Грубасць не ведае, ці госць побач з вамі, ці суайчыннік. Ды і ніякага падзелу на сваіх і чужых тут быць не можа. Выкараняць яе трэба агульнымі высілкамі паўсюдна: і ў працоўных калектывах, і ў месцах адпачынку, і ў грамадскім транспарце.

Толькі ў рашучым ачышчэнні грамадства ад гэтых негатыўных з'яў, пастаянным імкненні да ўсталявання высокіх духоўна-маральных каштоўнасцяў можна будзе гаварыць пра нашу сапраўдную гасціннасць.

Вось чаму нашы клопаты пра якасць беларускай гасціннасці Годам якасці не павінны скончыцца. Нам трэба з году ў год настойліва працягваць традыцыі хлебасольнасці, якія мы атрымалі ў спадчыну, і развіваць усё найлепшае, да чаго мы дадумаліся ў наш час, што практыкуем сёння.

Іван КАРЭНДА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?