Вы тут

Алімпійскія ліцэнзіі, новыя рэкорды і перамогі


Беларускія спартсмены выступілі на еўрапейскім кваліфікацыйным турніры па барацьбе на Алімпійскія гульні — 2024. Ірына Курачкіна, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 57 кг, заваявала ліцэнзію на Гульні. Найбольшую колькасць пуцёвак у Парыж сабралі прадстаўнікі вольнай барацьбы. Удзельнікамі Алімпійскіх гульняў ужо сталі Арыян Цютрын (да 57 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (да 74 кг), Аляксандр Гуштын (да 97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (да 103 кг).


На Кубку свету па цяжкай атлетыцы ў Тайландзе таксама разыгрываюцца алімпійскія ліцэнзіі. У кожнай вагавой катэгорыі пуцёўкі ў Парыж атрымліваюць 10 найлепшых спартсменаў па выніках адборачных стартаў. Першую ліцэнзію для Беларусі заваявала Сюзанна Валадзько.

Рэкорд тыдня. Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч стаў аўтарам гістарычнага дасягнення сярод суайчыннікаў у Нацыянальнай хакейнай лізе. У матчы «Калгары», за які выступае беларус, супраць «Эдмантану» хакеіст адзначыўся ў дзвюх галявых атаках. І няхай «Калгары» прайграў з вынікам 2:4, Ягор Шаранговіч закінуў 30-ю шайбу ў бягучым рэгулярным чэмпіянаце. І гэта новы беларускі рэкорд. Раней найлепшым дасягненнем беларуса ў НХЛ было 29 закінутых шайбаў Міхаіла Грабоўскага ў сезоне 2010/2011.

Лічба тыдня. Сем медалёў заваявалі беларусы на Кубку свету па самба ў Ерэване. Дзіяна Хахлова (да 54 кг) заваявала сярэбраны медаль ў баявым самба. У катэгорыі да 80 кг баявога самба Карына Шут стала бронзавым прызёрам. Бронзавымі прызёрамі спаборніцтваў таксама сталі Уладзіслаў Саяпін (да 71 кг), Ігар Міраеўскі (да 64 кг), Аляксандр Кокша (да 79 кг), Сяргей Лесяк (да 98 кг), Ілья Жупікаў (звыш 98 кг). Усяго нашу каманду прадстаўлялі 14 спартсменаў.

Аб’ява тыдня. Расійскі спецыяліст Дзмітрый Квартальнаў захаваў пасаду галоўнага трэнера хакейнага мінскага «Дынама», паведамілі ў прэс-службе «зуброў». У першым сезоне Квартальнава на чале «зуброў» мінчане скончылі рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі на восьмым месцы Заходняй канферэнцыі, а ў стартавым раўндзе плей-оф Кубка Гагарына ў шасці матчах уступілі аднаклубнікам з Масквы.

Таксама Дзмітрый Квартальнаў узначальвае нацыянальную зборную Беларусі па хакею. У маі каманда выступіць на турніры ў Казахстане. У рамках спаборніцтваў Qazaqstan Hockey Open 2024 у Астане беларускія хакеісты сустрэнуцца з камандамі Казахстана (3 мая) і Расіі 25 (4 мая). Потым зборная Беларусі возьме ўдзел у «Лізе Ставак. Вялікім туры Зборнай», які арганізуе Федэрацыя хакея Расіі. У рамках гэтага турнэ каманды дзвюх краін згуляюць у Омску (6 мая), Туле (9 мая) і Мінску (11 мая).

Каманды тыдня. Сталі вядомыя ўдзельнікі фіналу чэмпіянату Беларусі па гандболе. У вырашальнай серыі 32-га нацыянальнага чэмпіянату сярод мужчынскіх камандаў сустрэнуцца каманды СКА і «Мяшкоў-Брэст». Іх першы паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 13 красавіка, а паўторная сустрэча пройдзе 20 красавіка. У гэтыя ж дні гандбалісты «Кронана» і БДУФК-СКА будуць аспрэчваць бронзавыя ўзнагароды. Медальныя серыі працягнуцца да трох перамог. Брастаўчане з’яўляюцца 15-разовымі чэмпіёнамі Беларусі, прычым апошнія 10 гадоў яны нязменна ўзнімаюцца на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. Мінскія армейцы 10 разоў бралі «золата», апошні раз гэта было ў 2002 годзе.

Турнір тыдня. У Брэсцкім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту завяршыўся адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па плаванні. Сапраўдны фурор здзейснілі Ілья Шымановіч, Канстанцін Курачкін і Аліна Змушко, якія заваявалі па чатыры залатыя медалі ў індывідуальных дысцыплінах. У агульным заліку наймацнейшай стала каманда Мінска. Асноўны ўнутраны старт па плаванні быў адборачным турнірам на чэмпіянат Расіі, які пройдзе з 14 па 19 красавіка ў Казані, а таксама на першынство Расіі, якое з 8 па 12 ліпеня прыме Обнінск.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.