Вы тут

Якія цікавосткі захоўвае музей МУС і што трэба ведаць аб гісторыі беларускай міліцыі?


Каб трапіць на экскурсію ў музей Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ахвотныя запісваюцца за некалькі месяцаў наперад. Даведацца пра гісторыю беларускай міліцыі цікава як дарослым, так і дзецям. Штогод музей прымае ў сярэднім каля 10 тысяч наведвальнікаў з розных рэгіёнаў краіны. Найлепшая рэклама — уражанні людзей, якім ужо пашчасціла азнаёміцца з экспазіцыяй. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да навучэнцаў сярэдняй школы № 16 г. Ліды імя  П. М. Машэрава, якія прыехалі на экскурсію падчас вясенніх канікул, і даведаліся, чаму ў музей МУС хочацца вярнуцца.


Гісторыя музея пачалася 24 кастрычніка 1986 года, калі Савет Міністраў БССР сваім распараджэннем падтрымаў прапанову МУС краіны стварыць музей гісторыі беларускай міліцыі. Для наведвальнікаў ён адкрыўся ў 1987 годзе. У будынку на сучаснай вуліцы Гарадскі Вал, які, дарэчы, з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя, экспазіцыя размяшчаецца дагэтуль.

Гісторыя органаў унутраных спраў на беларускіх землях прадстаўлена ў пяці залах. У іх расказваецца пра функцыянаванне падраздзяленняў па ахове правапарадку на тэрыторыі Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у перыяд Расійскай імперыі. Экспанаты, быццам сведкі мінулых падзей, адлюстроўваюць станаўленне беларускай міліцыі ў 1917–1939 гадах, нагадваюць аб гераізме міліцыянераў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Паказаны ўнёсак супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у аднаўленне разбуранай краіны, ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасля знаёмства з дзейнасцю падраздзяленняў МУС на сучасным этапе не пакідае пачуццё гонару за нашых міліцыянераў, якія і днём, і ноччу берагуць спакой грамадзян.

Публічнае пакаранне, кляймо на целе і медаль за п’янства

Афіцыйная гісторыя органаў правапарадку на беларускіх землях бярэ свой пачатак у ХVІ стагоддзі. У другой рэдакцыі Статута ВКЛ 1566 года ўводзіцца спецыяльная пасада — увозны. Яго скульптура сустракае наведвальнікаў першай экспазіцыйнай залы.

«Увозным прызначалі сумленнага шляхціча, які сябе ніякім чынам не скампраметаваў, — расказвае інспектар музея цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС лейтэнант міліцыі Раман НОВІК. — На яго рахунку не павінна было быць ніякіх правапарушэнняў і злачынстваў. І калі на сучасным этапе органы правапарадку падзелены на падраздзяленні, то на ўвозным ляжаў увесь спектар задач. Калі здзяйснялася злачынства, ён быў і супрацоўнікам вышуку, і канвойным, і следчым. Калі станавілася вядомым, што на лаве падсудных знаходзіўся невінаваты, то ўвознага чакала смяротнае пакаранне. Нягледзячы на тое, што ўвозны прысягаў на вернасць дзяржаве, заробак ён атрымліваў ад цывільных асоб, якія былі зацікаўлены ў расследаванні злачынства».

Займаўся ён і расследаваннем злачынстваў супраць дзяржавы. Да такіх, у прыватнасці, адносілася фальшываманецтва. Пакаранне было суровым: злачынцу чакала смерць шляхам спалення на вогнішчы. Публічны прысуд з’яўляўся забавай для мясцовага насельніцтва і ў той жа час прафілактычным мерапрыемствам: людзі бачылі, што чакае чалавека, які здзяйсняе злачынства супраць дзяржавы, а таму не імкнуліся парушаць закон.

У музеі прадстаўлена калекцыя фальшывых манет, якія ў 2016 годзе былі канфіскаваны брэсцкімі міліцыянерамі. Два грамадзяніны суседняй краіны спрабавалі здаць іх у ламбард — не атрымалася.

Злачынцаў пасля адбывання турэмнага зняволення кляймілі. У сярэднявеччы гэты метад называўся вогненнае таўро. У залежнасці ад злачынства на чалавека наносілася спецыяльная выява: у забойцы было сваё кляймо, у рабаўніка — адпаведна сваё. Увозны, калі бачыў чалавека з кляймом, разумеў, за што чалавек быў пакараны. Паколькі кляймо набівалі чалавеку распаленым металам, ні змыць, ні выдаліць яго было нельга. З таго часу існуе выказванне, якое выкарыстоўваецца і цяпер, — кляйма няма дзе ставіць. У тыя часы гэта значыла, што чалавек здзейсніў вялікую колькасць злачынстваў. Калі на твары месца не хапала, кляймо ставілі на грудзях і спіне. Невыпадкова ў народзе кажуць: у яго на твары ўсё напісана.

З гадамі спосабы пакарання мяняліся. Напрыклад, тым, хто злоўжываў алкаголем, уручалі чыгунны медаль за п’янства. З медалём вагой у сем кілаграмаў аматар выпіўкі і дэбашыр павінен быў хадзіць на працягу тыдня. З такім цяжарам на шыі даводзілася рабіць штодзённыя справы. Пакаранне мела хутчэй прафілактычны характар, але было эфектыўным. На сёмы дзень асуджаны літаральна бег у паліцыю, каб гэты медаль з яго хутчэй знялі. Калі пасля гэтага чалавек не кідаў піць, «узнагароду» ён павінен быў насіць ужо на працягу месяца. Аднак ні ў адным гістарычным дакуменце такіх выпадкаў не значыцца, што сведчыць толькі адно — чалавек развітваўся са шкоднай звычкай назаўсёды.

Паўнамоцтвы будачнікаў і Шэрлак Холмс беларускага паходжання

Увагу наведвальнікаў прыцягвае будачнік. Гэта чалавек ніжэйшага паліцэйскага чыну Расійскай імперыі, які сачыў за аховай правапарадку ў гарадах.

«Ён адказваў за «выкананне благачыння» на даверанай яму тэрыторыі, сачыў, каб на вуліцах не было жабракоў, бяздомных, людзей у стане моцнага алкагольнага ап’янення, — расказвае Раман Новік. — Звяртаў будачнік увагу і на тых, хто курыў. 

У гады праўлення Мікалая І курыць на вуліцы было забаронена: для гэтага існавалі спецыяльныя ўстановы. Калі будачнікі бачылі парушальніка закона, яны яго затрымлівалі, звязвалі рукі вяроўкай і вялі ў паліцыю. Спосаб пакарання парушальніку вызначаў гарадавы. Напрыклад, у якасці штрафу ён мог прызначыць падмятаць вуліцу на працягу 12 гадзін. Натуральна, парушаць пасля гэтага закон адпадала жаданне».

Злачынствамі ў Расійскай імперыі займалася крымінальна-вышуковая паліцыя. Перад наведвальнікамі музея — імправізаваны кабінет начальніка вышуку Масквы Аркадзя Кашко. Ураджэнец Магілёўшчыны за некалькі гадоў з пасады сышчыка даслужыўся да кіраўніка. Аркадзь Францавіч упершыню выкарыстаў у практыцы найноўшыя метады крыміналістычнай навукі — дактыласкапію і антрапаметрыю. Вялікі плён прыносіла распрацаваная Кашко сістэма ідэнтыфікацыі асобы, заснаваная на асаблівай класіфікацыі антрапаметрычных і дактыласкапічных даных. Дзякуючы сваім фатаграфічным, антрапаметрычным, дактыласкапічным кабінетам, Маскоўскі вышук стварыў выключна дакладную картатэку злачынцаў, з дапамогай якой у 1913 годзе на Міжнародным з’ездзе крыміналістаў расійскую вышуковую паліцыю прызналі самай эфектыўнай у свеце. Сучаснікі называлі Аркадзя Кашко рускім Шэрлакам Холмсам.

Барацьба з бандытызмам і жарабец у якасці прэміі

2 сакавіка 1917 года Мікалай ІІ адрокся ад прастолу, і Расійская імперыя спыніла сваё існаванне. Улада перайшла ў рукі Часовага ўрада. Яго першымі крокамі сталі арганізацыя мясцовага самакіравання і стварэнне народнай міліцыі. 3 сакавіка 1917 года абвешчана «замена паліцыі народнай міліцыяй з выбарным кіраўніцтвам, падпарадкаваным органам мясцовага самакіравання».

У 1916 годзе для ўдзелу ў барацьбе супраць царызму пад іменем Міхаіла Аляксандравіча Міхайлава ў Беларусь прыбыў Міхаіл Васільевіч Фрунзэ. 3 сакавіка 1917 года ён быў выбраны ў склад Мінскага Савета народных дэпутатаў і рэкамендаваны на пост начальніка гарадской міліцыі. 4 сакавіка 1917 года загадам грамадскага каменданта горада Мінска Міхаіл Міхайлаў быў назначаны часовым начальнікам міліцыі. Атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі паліцыю і жандармерыю, занялі гарадское паліцэйскае ўпраўленне, ахоўнае і вышуковае аддзяленні, узялі пад сваю ахову найважнейшыя дзяржаўныя ўстановы, пошту і тэлеграф.

Дарэчы, форму міліцыянеры не насілі (яна з’яўляецца толькі ў 1918 годзе). Праваахоўнікі хадзілі, у чым даводзілася. Адзінае, што адрознівала іх ад цывільнага насельніцтва, — павязка чырвонага колеру на левым перадплеччы.

За добрую службу міліцыянераў заахвочвалі. Але не грашыма, а рэчамі, неабходнымі ў паўсядзённым жыцці. Так, некаторыя праваахоўнікі змаглі памяняць лапці на добры абутак або пашыць з падоранай тканіны касцюм. У 1923 годзе начальніку Рэчыцкай павятова-гарадской міліцыі Эрдману «ў дзень урачыстага святкавання 6-ай гадавіны існавання Чырвонай савецкай рабоча-сялянскай міліцыі, адзначаючы яго стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў цяжкай працы па ачышчэнні павета ад рознага роду банд і злачыннага элемента» была абвешчана Пралетарская падзяка і ўручаны ў пажыццёвае карыстанне конь з мянушкай «Батый».

— У першыя гады станаўлення беларускай міліцыі супрацоўнікі працавалі на энтузіязме, — падкрэслівае экскурсавод. — Яны не былі навучаны прафесіі, але рабілі ўсё магчымае, каб на вуліцах гарадоў быў правапарадак.

Першая спецыялізаваная навучальная ўстанова — школа міліцыі — была адкрыта ў Мінску ў 1921 годзе. Ставілася задача — за восем месяцаў навучання падрыхтаваць кваліфікаваны малодшы камандны састаў міліцыі і агентаў крымінальнага вышуку. Школа з інтэрнатам, вучэбнай часцю, бібліятэкай і сталовай займала ніжні паверх двухпавярховага дома. Інтэрнат служыў таксама залай для сходаў, правядзення канцэртаў і пастановак мастацкай самадзейнасці.

Трапіць у школу мог не кожны. Кандыдат на службу павінен быў быць не маладзейшым за 21 год і не старэйшым за 30 гадоў. Ён здаваў іспыты па граматыцы, арыфметыцы, дэманстраваў свае ўменні чытаць і пісаць па-беларуску, па-руску. Цяпер здаецца, што гэта лёгкія патрабаванні. Аднак у 20-я гады мінулага стагоддзя для многіх гэта было непасільнай задачай.

У 1936 годзе пачала існаваць дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя. Перад наведвальнікамі музея — скульптура рэгуліроўшчыка дарожнага руху ў форме ўзору 1931 года. «Рэгуліроўшчыкі сачылі за выкананнем Правілаў дарожнага руху, рэгулявалі яго, — звяртае ўвагу інспектар музея. — На той момант, калі стваралася гэтая служба, у Мінску было ўсяго пяць святлафораў і 800 аўтамабіляў.

Прафесія кіроўцы лічылася вельмі прэстыжнай, ганаровай, па тым часе гэта былі забяспечаныя людзі. Бесклапотнага жыцця кіроўцу мог пазбавіць рэгуліроўшчык. Тры адзнакі кампостарам у вадзіцельскім талоне — і кіроўца пераўтвараўся або ў пешахода, або ў пасажыра. У першай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху правы канфіскоўваліся пажыццёва».

Знішчальныя батальёны і подзвіг байцоў Уладзімірава

У гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі органаў унутраных спраў набліжалі Перамогу і на фронце, і ў партызанскіх атрадах, праявілі выключную мужнасць і самаахвярнасць у тыле ворага. На другі дзень вайны пастановай Савета Народных Камісараў СССР былі створаны знішчальныя батальёны, у якія разам з супрацоўнікамі дзяржаўнай бяспекі і ваеннаслужачымі войск НКУС уваходзілі і міліцыянеры. Іх асноўная задача заключалася ў знішчэнні дыверсійных груп. Байцы знішчальных батальёнаў былі добрымі разведчыкамі: трапляючы ў тыл нямецкай арміі, яны здабывалі каштоўную інфармацыю. На базе гэтых падраздзяленняў восенню 1941 года былі створаны партызанскія атрады. У экспазіцыі дэманструецца зброя, якой карысталіся байцы знішчальных батальёнаў, паказаны іх побыт.
«Пры абароне Брэсцкага чыгуначнага вакзала практычна поўнасцю быў знішчаны асабовы склад брэсцкага лінейнага аддзялення міліцыі пад камандаваннем лейтэнанта Вараб’ёва, — згадвае яшчэ адзін яскравы прыклад подзвігу Раман Новік. — На працягу дзесяці дзён байцы вялі абарону ў падвальных памяшканнях вакзала. Іх закідвалі гранатамі, душылі газам, спрабавалі ўтапіць, але міліцыянеры працягвалі абараняцца».

Азлобленыя ўпартасцю абаронцаў вакзала ворагі звярнуліся да апошняга, ужо здзеклівага сродку. Да вакзала пад’язджалі машыны, нагружаныя нечыстотамі, якія злівалі ў акно склепа. Цяжка ўявіць сабе страшную карціну апошніх дзён абароны вакзала. Абаронцаў да таго часу ацалела каля дваццаці чалавек, але яны вырашылі паспрабаваць прабіцца з аблогі з боем. Ноччу з 1 на 2 ліпеня ўдзельнікі абароны вырваліся за межы горада, але не ўсім удалося выйсці з акружэння...

Асобная ўвага ў экспазіцыі — подзвігу байцоў зводнага батальёна міліцыі пад кіраўніцтвам Канстанціна Уладзімірава. Непадалёк ад Магілёва, у раёне вёсак Старое Пашкава і Гаі, з 12 да 18 ліпеня 1941 года батальён міліцыі вёў няроўны бой з акупантамі. Шэсць сутак амаль без ежы, сну і адпачынку — міліцыянеры стаялі на смерць. З 250 байцоў падраздзялення ў жывых засталося ўсяго 19 чалавек — кантужаных і параненых. Загінуў камандзір батальёна міліцыі. На месцы подзвігу міліцыянераў устаноўлены помнік, летась на ім праводзіліся аднаўленчыя работы. На дадзены момант з 250 міліцыянераў батальёна вядомы прозвішчы 26 байцоў. Для таго каб устанавіць імёны ўсіх герояў, якія ў 1941 годзе абаранялі Магілёў, вядзецца пошукавая і даследчая работа.

У першыя пасляваенныя гады на тэрыторыі краіны назіраўся значны ўсплёск бандытызму. Толькі ў першым квартале 1946 года крымінальныя элементы здзейснілі больш чым 120 забойстваў і каля 100 рабаванняў. Большасць злачынстваў здзяйснялася з ужываннем агнястрэльнай зброі, якой у той жа час было канфіскавана 1,5 тысячы адзінак. Дзякуючы напружанай і часам кровапралітнай барацьбе супрацоўнікаў беларускай міліцыі да 1947 года буйныя бандфарміраванні былі ліквідаваны. За першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў баях з бандытамі загінула звыш 300 міліцыянераў. За Перамогу была заплачана вельмі высокая цана.

Экспанат «марсіяніна» і подзвіг Скачкова

Увагу юных наведвальнікаў прыцягвае кабінет супрацоўніка міліцыі 1960-х гадоў. Вядома, тэхнічнымі сродкамі — стацыянарным тэлефонам і друкарскай машынкай — сучасных школьнікаў не здзівіш. Калі толькі рарытэтнасцю: многія дзеці ўвогуле не ведаюць, як імі карыстацца.

Пазнаёміліся школьнікі і з цікавым экспанатам. Гэта кароткатэрміновы пашпарт, які ў 1971 годзе быў канфіскаваны супрацоўнікамі брэсцкай міліцыі. Кароткатэрміновыя пашпарты ў асноўным выдаваліся сельскім жыхарам для таго, каб яны маглі выехаць на сезонныя работы ў іншую мясцовасць. Такія пашпарты мелі і грамадзяне, якія не паспелі сабраць дакументы для асноўнага пашпарта. Музейны экзэмпляр належаў Артуру Аганэсавічу, які ў сябе на радзіме, у Хабараўску, знаходзіўся ў вышуку за здзяйсненне шматлікіх злачынстваў. У падробным пашпарце ён памяняў сваё прозвішча на «Луна», а ў графе «нацыянальнасць» указаў, што ён — марсіянін. На гэтую дэталь звярнулі ўвагу толькі брэсцкія міліцыянеры. А, між іншым, з такім пашпартам злачынец праехаў увесь Савецкі Саюз.

Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў і форменная кашуля ўчастковага інспектара міліцыі Гомельскага райвыканкама Барыса Скачкова. Дагэтуль на ёй захоўваюцца сляды ад раненняў. Сем удараў нажом міліцыянер атрымаў падчас гутаркі з незнаёмцамі, якіх западозрыў у парушэнні заканадаўства. Нягледзячы на такую колькасць раненняў, з дапамогай баявога прыёму барацьбы ўчастковы абяззброіў дваіх злачынцаў, па радыёсувязі выклікаў дапамогу, пры гэтым абазначыў дакладныя каардынаты свайго месцазнаходжання. Усё гэта — за адну хвіліну, сцякаючы крывёй. У выніку міліцыянеру была праведзена паспяховая аперацыя, злачынцаў затрымалі. Інтуіцыя Скачкова не падвяла: па дарозе з Віцебска ў Гомельскі раён яны здзейснілі серыю магазінных крадзяжоў, разбойных нападзенняў. Міліцыянер быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Аб такіх жа адважных супрацоўніках органаў унутраных спраў расказваецца і ў экспазіцыйнай частцы, якая інфармуе аб удзеле беларускіх міліцыянераў у выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ёсць свае героі ў міліцыі і за гады суверэннай Беларусі. Не хопіць нават выпуску газеты, каб расказаць аб кожным. Таму наведвайце музей МУС, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, што на варце правапарадку краіны стаяць адважныя патрыёты, якія працягваюць традыцыі сваіх гераічных папярэднікаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.