Вы тут

Чорная крапіва з няпэўным націскам на чорнай вуліцы


Тэкерэй калісьці завершыў свой «Кірмаш пыхлівасці» словамі «Хто з нас шчаслівы ў гэтым свеце? Хто з нас валодае тым, што жадае? Ці, валодаючы, задаволены?.. Давайце, дзеці, складзем лялькі і зачынім скрыню, бо наша прадстаўленне завершанае».


Так, магчыма, свет — не проста тэатр, а лялечны тэатр... Найбліжэйшы да архетыпаў, да сакральных рытуалаў, да таямніцаў быцця — як беларуская батлейка... У сучасным тэатры мяжа паміж лялькай, чалавекам і прадметам знікае. Уласна кажучы, філосафы сцвярджаюць, што ўсё мастацтва — гэта і ёсць гэткая «лялька», перайманне рэчаіснасці, якая дазваляе ўспрыняць жыццё апасродкавана, праз стадыю «кукалкі», што паміж вусенем жорсткай рэальнасці і матыльком прыўкраснае мроі... На падобныя філасофскія развагі заўсёды прабівае пасля спектакляў рэжысёра Яўгена Карняга. І першы спектакль, пастаўлены ім у якасці галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, таксама стаўся падзеяй для тэатральнай публікі: білеты на прэм’еру чорнай-чорнай камедыі «На чорнай-чорнай вуліцы», які адбыўся ў Міжнародны дзень лялечніка, былі раскупленыя за пару гадзін, аж сайт тэатра паклалі... Шчасліўчыкі прыйшлі на першыя паказы ў прадчуванні відовішча захапляльнага, крыху страшнаватага і загадкавага — памятаеце, як у дзяцінстве мы слухалі жахалкі ў летнім лагеры... Ды нават перад спектаклем стварылася адпаведная атмасфера: злавесны дзіцячы шэпт паведаміў, як адна маленькая дзяўчынка купіла білет на спектакль, надзела сваю самую прыгожую сукенку, прыйшла ў тэатр, забылася выключыць тэлефон і... памерла. То-бок не забудзьце выключыць мабільнікі, шаноўныя гледачы! Вось мы ўжо і ў гульні... 

Уласна кажучы, дзіцячыя жахалкі і сталіся адным са складнікаў сюжэта: іх будуць час ад часу нам распавядаць і напяваць. Другі складнік— казкі Андэрсэна, і гэта матэрыял для жахліўчыкаў і чорнагумарыстычных перформенсаў самы ўдзячны, калі яны не адаптаваныя... 

Почырк майстра пазнавальны. Бліскучая сцэнаграфія Таццяны Нерсісян — тут і чорная крапіва, якая расце проста пасярод глядзельнай залы, і дзверцы жалезнай шафы-халадзільніка, за кожнай з якіх нейкі атракцыён: то яйкі да Маці-гусі сыплюцца, як у савецкай электроннай забаўцы «Ну, пачакай», то высвечваецца ўваход у пазасвет... Тазік ператвараецца то ў калыску, то ў бездань марскую, з якой вылазіць Русалачка, то ў маленькую труну... Музыка Кацярыны Аверкавай дадае чорнагумарыстычнага настрою, адсылаючы да сучаснага балагану... І ўвогуле атмасфера нагадала мне раманы Тэры Пратчэта. Памятаеце, там быў такі забаўны персанаж — Смерць мужчынскага полу, які вельмі любіць котак і клапатліва гадуе ўнучку? Два магістральныя персанажы спектакля ў касцяных масках — высозны, на хадулях, і маленькая, з дзіцячым галаском — гэткія Жняцы з Пляскатага свету... Часта куды болей чалавечныя, чым людскія (ці птушыныя) персанажы. Першая казка (маленькая Смерць дужа хоча каго-небудзь забраць, хаця б птушачку) — распавядае пра Брыдкае Качаня, якому ўчынілі булінг і свойскія птушкі, і дзікія лясныя. І пачынаючая злавесна-смешная Жнейка адганяе бессардэчных пярнатых відовішчам працы грыля за адной з дзверцаў шафы. Падобных забаўных трансфармацый у спектаклі шмат. І сюжэты парадыйна перакручваюцца... Падрослае Брыдкае Качаня ператвараецца не ў прыўкраснага лебедзя, а ў злавесную чорную стымпанкаўскую пачварыну на ўсю сцэну, і ніякай яму зграі не трэба! А што ж хацець, жыццё ў яго такое…

Русалачка з аднайменнай казкі натхнёная вобразам жабрачалавека 1950-х, якім натхняўся і Гільерма дэль Тора ў «Форме вады»... А вось з Прынцам праблема. Справа ў тым, што галоўныя мужчынскія персанажы — неадухоўленыя прадметы. Гэта жанчыны іх адухоўліваюць, кахаюць, пакутуюць дзеля іх, прыносяць дарункі ўключна з уласным жыццём... Прынц Русалачкін — безгаловы мармуровы Давід, Кароль, які знаходзіць у лесе бязмоўную прынцэсу Элізу — увогуле магільная рыдлёўка з зазубрынамі. Жанчына ўсё сама даіграе, дапоўніць... Мужчына толькі абыякава прыме ахвяру: злоўленую рыбу, страчаны голас, апечаную крапівай скуру... Нават зала гераіне не дапамога — гледачы весела перададуць падсунутыя Магільшчыкамі скруткі галля дзеля вогнішча, на якім належыць спаліць Ведзьму... У чым бачыцца адсылка да колішняга спектакля Карняга «Інтэрв’ю з Ведзьмамі», дзе пераасэнсоўваліся казкі братоў Грым. І Ведзьмаў, жанчын, якія выжываюць у патрыярхатным свеце, па-ранейшаму тры. (памятаеце словы булгакаўскай Маргарыты: «Я стала ведзьмай з-за гора і бедаў, якія напаткалі мяне»). У казцы пра Маці, якая спрабуе забраць у Смерці сваё дзіця, гэта тры персаніфікацыі гераіні: адна курчыцца ў цярновым кусце, другае выплаквае вочы ў возера-акварыўм, трэцяя выцягвае з адной з нішаў шафы сад Кветак Смерці, сярод якіх і яе памерлае Дзіця, інфернальна-кранальны дзьмухавец... 

Эмацыйны дыяпазон глядач перажывае шырокі — ад вясёлай іроніі да горкага сарказму. І нарагочацца, і наплачацца — гісторыя пра Маці і яе памерлае Дзіця і гісторыя пра Дзяўчынку з запалкамі падаюцца без сцёбу, ва ўсім экзістэнцыйным цяжары. І думка агучваецца нежартоўная пра тое, што над усім — вышэйшая воля. Мы — толькі лялькі, кветкі ў Ягоным садзе... У дзействе ўгадваюцца традыцыі народнага тэатру, і містэрыі, і фарсу, дзе таксама абавязкова — пра Смерць і Бога, дзе ачышчальныя смех і плач, дзе страхі высмейваюцца, каб пазбавіцца ад іх. Каб усвядоміць — баяцца трэба не таго, што страшна ці асабліва важна выглядае, а таго, што забруджвае душу грахом, якім бы гожым і прыстойным не падавалася звонку. 

Але наўрад кожны глядач сфармулюе для сябе гэткія філасофскія высновы... А проста з чорнай-чорнай вуліцы ён выйдзе з абноўленым адчуваннем хараства жыцця. 

Ну, гэта, вядома, па вялікім рахунку — не ўсе аднолькава валодаюць пачуццём гумару, тым болей любоўю да чорнага гумару. Занятыя ў спектаклі артысты ім валодаюць — Іна Ганчар, Ганна Гаспадарык, Наталля Кот-Кузьма, Цімур Муратаў, Аляксей Сянчыла, Уладзіслаў Соладаў, Кацярына Трафімук. Відно, што ўдзел у гэтай містэрыі прыносіць ім шчырае задавальненне, а гэта адчувае і глядач. Які цешыцца, пазнаючы адсылкі да сучаснасці. Чаму прынцэса Эліза павінна маўчаць, калі пляце з чорнай магільнай крапівы кашулі-саваны для братоў? Таму што Магільшчыку, які дае ёй такое заданне, абрыдла спрэчка, дзе ставіць націск у слове «крапіва». Эліза ж такая адукаваная кабета, лінгвістычны рыгарыст, не можа не паправіць памылкі суразмоўцы. Маленькая Смерць суцяшае Брыдкае Качаня пустазвонкімі фразамі коўчаў-псіхатэрапеўтаў, якімі поўняцца сацыяльныя сеткі: «Калі зачыняюцца адны дзверы, адчыняюцца іншыя», «Усё скончыцца добра. Калі не добра, гэта яшчэ не канец»... І самой няёмка ад фальшу. 

Неяк я прачытала пра аднаго дацкага лялечніка, які з дзяцінства калецыянаваў у скрыні з-пад цыгараў слязінкі. Лялечныя слязінкі. Шкляныя, крышталёвыя, фальговыя. Яны былі для яго сапраўднымі. І глядач на ягоных спектаклях плакаў сапраўднымі. 

Так што наведайце чорную-чорную вуліцу разам са сваім унутраным дзіцёнкам, каб пасмяяцца і паплакаць — калі, вядома, здабудзеце білеты.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.