Вы тут

Свята пісанкі адбудзецца ў гарадскім пасёлку Сапоцкін 7 красавіка


Традыцыя роспісу велікодных яек захавалася тут з даўніх часоў і зараз уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Зараз у Сапоцкіне адкрыты Музей пісанкі, дзе захоўваецца каля 2 тысяч экспанатаў, экспазіцыя пастаянна пашыраецца. 


Падчас свята госці мерапрыемства змогуць прыняць удзел у майстар-класе па роспісу яек, традыцыю якіх захоўваюць і працягваюць беларускія майстры і мясцовыя жыхары. 

Многім будзе цікава даведацца аб унікальнай тэхналогіі роспісу велікодных яек, якая характэрна менавіта для гэтай мясцовасці. Не адзін год у Гродзенскім раёне вялася работа па захаванні і папулярызацыі традыцыі пісанкі. Дзякуючы агульным намаганням, быў створаны музей у мясцовым культурна-турыстычным цэнтры. Тут таксама знаёмяць і з тэхналогіяй роспісу. А яна сапраўды незвычайная.
Яйкі трэба фарбаваць у спецыяльнай прыроднай фарбе і распісваць якасным гарачым воскам. Майстры з Сапоцкіна з’яўляюцца носьбітамі элемента гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі «Традыцыя роспісу велікодных яек». Падчас свята будзе дэманстравацца ўвесь працэс самабытнай тэхнікі. 

Ёсць у ім свае асаблівасці. Для прыгатавання фарбы, напрыклад, трэба два месяцы настойваць шышкі, кару дуба, альхі, іржавае жалеза. Але трэба кару браць падчас руху сока, бо інакш нічога не атрымаецца, яйкі будуць не чорныя, а шэрыя. Менавіта чорны колер робіць гэту тэхніку такой унікальнай. 

На варанае яйка наносіцца вострай палачкай узор з натуральнага пчалінага воска, потым яйка апускаецца на суткі ў фарбу- атрымаецца той самы чорны колер. Каб зняць воск, апускалі яйкі ў кіпень з шалупеннем цыбулі. Воск спаўзаў, а яйка набывала больш насычаны колер. Сёлета сваё майстэрства по роспісу яек прадэманструе на свяце ў Сапоцкіне майстар з Мінска Ганна Клімовіч.

Таксама падчас свята адбудзецца цырымония перадачы ў музей вялікага сувеніра — максі-яйка, які стане яшчэ адным цікавым і унікальным арт-аб’ектам у музейнай экспазіцыі. 

Усе прысутныя змогуць прыняць удзел у яскравым старадаўнім абрадзе «Валакайнікі», рэканструкцыю якога праводзяць работнікі культуры раёна. 

Спецыяльна да свята з’явяцца новыя фотазоны для аматараў сэлфі. Госці змогуць зрабіць прыгожыя фотаздымкі на фоне незвычайных пісанак, нават памерам у чалавечы рост. Парадуюць сваімі выступленнямі калектывы аматарскай творчасці Гродзенскага раёна — фальклорныя ансамблі «Жывіца» з Квасоўкі«, «Рукавічкі» з Абухава, «Ніва» з Верцялішак і іншыя. 

Праграма абяцае быць вельмі насычанай. 

Як расказала дырэктар Гродзенскага раённага культурна-инфармацыйнага цэнтра Аксана Грынцэвич, свята стане яшчэ і адкрыццём новага турыстычнага сезона ў Гродзенскім раёне. Адбудзецца прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу раёна. Самым актыўным турыстам будуць выдадзены нават спецыяльныя пашпарты, якія дазволяць ім наведаць музеі устаноў культуры Гродзенскага раёна. На кожным пункце маршрута будуць зроблены адзнакі і нават выдадуць падарункі. 

Гэта сімвалічна яшчэ і таму, што Сапоцкін знаходзіцца якраз побач з Аўгустоўскім каналам. Гарадскі пасёлак можна назваць брамай канала. Адсюль да папулярнага шлюза Дамброўка наўпрасткі ўсяго 3 кіламетры, па трасе каля дзесяці. І гэта акалічнасць спрыяе прытоку сюды турыстаў. Многія ведаюць пра незвычайны музей і ахвотна яго наведваюць. Сюды прыходзяць, як правіла, цэлымі групамі. Вось і падчас свята музей стане адной з самых папулярных лакацый. Яшчэ тут будуць працаваць тэматычныя фотазоны, арт-прастора «Яркі Сапоцкін», дзіцячыя пляцоўкі.

Брэндавыя святы, зазначае Аксана Грынцэвіч, гэта яшчэ і магчымасць заявіць аб самабытнай культуры нашых населеных пунктаў, паказаць іх багатую спадчыну. А яшчэ ў дадатак адчуць па-сапраўднаму вясновы настрой.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?