Вы тут

Музычна-драматычныя сцэны па «Вясновай казцы» Астроўскага прадставілі ў філармоніі


Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прадставілі канцэрт з цыкла «Чайкоўскі +». У Вялікай зале гэтым разам выступілі не толькі музыканты, але і акцёры тэатра. Так, у праграму ўвайшлі музычна-драматычныя сцэны па вясновай казцы Аляксандра Астроўскага. 


Аляксандр Анісімаў. Фота з архіва БелТА

У першым аддзяленні ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава прагучаў Канцэрт № 2 для фартэпіяна з аркестрам Пятра Чайкоўскага ў аўтарскай рэдакцыі. Саліст — лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сяргей Мікулік. 

— Гэты канцэрт Чайкоўскага выконваецца ў Мінску нячаста, — расказаў Аляксандр Анісімаў. — Сяргей Мікулік з вялікім азартам узяўся за гэтую работу. Надзвычайная другая частка канцэрта, дзе саліруе не толькі піяніст, але і два вядучыя музыканты аркестра — салісты Юлія Сцефановіч (скрыпка) і Яўгеній Мікляеў (віяланчэль). Унікальнае трыа, непаўторны канцэрт класічнай музыкі! 

Другое аддзяленне захапіла музычна-драматычнай дзеяй па п’есе «Вясенняя казка» Аляксандра Астроўскага, якую драматург напісаў на сюжэт народнай «Снягурачкі». Была задума стварэння шматграннага спектакля, у якім бы ўдзельнічалі аркестр, хор, балет і драматычныя акцёры. Ствараў Астроўскі для артыстаў Малога тэатра ў Маскве, але прэм’ера адбылася на сцэне маскоўскага Вялікага ў 1873 годзе — Малы ў той час быў на рамонце. Так, ігралі акцёры двух імператарскіх тэатраў. Музыку да п’есы напісаў Пётр Чайкоўскі. Пазней Мікалай Рымскі-Корсакаў атрымаў дазвол драматурга на выкарыстанне п’есы для сварэння оперы «Снягурачка». Упершыню яна была пастаўлена ў 1882 годзе ў Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу. 

У музычна-драматычных сцэнах, якія Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркест паказаў у Белдзяржфілармоніі, гучала музыка Чайкоўскага да п’есы, а таксама сімфанічныя і харавыя эпізоды оперы Рымскага-Корсакава. Аўтарам музыкальна-драматычнай кампазіцыі выступае Аляксандр Анісімаў: 

— Пасля халоднай зімы хочацца паболей цяпла. Так прыйшла думка ўзяць у рукі «Вясновую казку» Аляксандра Астроўскага. Чаму менавіта гэтую кнігу? 

Па-першае, летась быў юбілей спектакля «Снягурачка». Па-другое, хацелася адзначыць святочную дату самога аўтара. Да таго ж мы не абмежаваліся музыкай Пятра Чайкоўскага, а сёлета юбілей якраз і ў Мікалая Рымскага-Корсакава. Казка геніяльная, і хацелася яе адчуць як чалавеку, чытачу XXI стагоддзя. Так, адкрываюцца глыбіні няпростай п’есы, напоўненай жанравымі сцэнамі, камічнымі эпізодамі, фальклорнымі сюжэтамі. Аднак галоўная лінія Снягурачкі і тых, хто яе акружае, значна глыбейшая. У нашым паказе мы імкнуліся захаваць менавіта яе гісторыю. 

Арыгінальная пастаноўка амаль чатырохгадзінная. Стваральнікам давялося шмат папрацаваць над кампазіцыяй — задача была не столькі скараціць, колькі захаваць самае галоўнае і каштоўнае ў п’есе, адзначае маэстра Аляксандр Анісімаў. А за эпізоды оперы адказвалі Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы і яе галоўны дырыжор Вольга Янум: 

— Харавая капэла шмат гадоў працавала з музыкай Мікалая Рымскага-Корсакава. Некалі мы прымалі ўдзел у зімнім фестывалі ў Ціролі ў Аўстрыі — упершыню ў гісторыі фестывалю ставілася руская опера. І гэта была «Снягурачка» Рымскага-Корсакава. 

Тры спектаклі ў Ціролі прайшлі з вялікім поспехам. Так, хор выдатна ведае музыку. Пэўна, маэстра Аляксандр Анісімаў задумаўся: а чаму б да супрацоўніцтва не прыцягнуць хор, які цудоўна валодае матэрыялам, і не выкарыстаць шанс уключыць у канцэрт некаторыя фрагменты з оперы? Мне здаецца, усё атрымалася. 

Да таго ж для артыстаў хору гэта цікавы вопыт, бо тэксты ў выкананні тэатральных акцёраў мы чулі толькі ў музычнай інтэрпрэтацыі. Гэтым разам хор амаль на авансцэне і паўстае непасрэдным удзельнікам падзей. Так, пранікненне ў глыбіню зместу і сэнсу адбываецца па-іншаму. Нягледзячы на вясновы сюжэт казкі, твор сур’ёзны, для дарослых. 

Рэжысёрам пастаноўкі выступіў Раман Крыкуноў. 

Ён разам з акцёрамі працаваў у няпростых умовах: усё ж гэта не драматычны тэатр — адсутнічаюць дэкарацыі, іншае святло, касцюмы былі выбраны канцэртныя... Усё трымаецца на музыцы і на выканальніцкім майстэрстве хору і артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Лізаветы Гаўрылавай (Снягурачка), Дар’і Чураковай (Купава), Вікторыі Кавальчык (Вясна), Кірыла Нікіціна (Мізгір) і Ягора Траццякова (Лель). Паўдзельнічалі ў праекце і акцёры іншых тэатраў. Ролю Берандзея выканаў Аляксандр Шароў, артыст Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, заслужаны артыст Беларусі. Бярмяту ўвасобіў Сцяпан Краўчук з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а Марозам у пастаноўцы стаў Сяргей Лагуценка, артыст Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. 

— Вопыт супрацоўніцтва вельмі каштоўны і карысны, — лічыць Раман Крыкуноў. — Было цікава і аркестру, і хору, і артыстам, якія прынялі правілы гульні і справіліся са сваімі задачамі. Галоўнае для нас было перадаць гісторыю. Спадзяюся, глядач паверыў у яе і атрымаў задавальненне. Мне, дарэчы, хацелася б прадоўжыць работу ў гэтым кірунку і стварыць праект яшчэ болей маштабны, з большым ухілам у тэатр. 

Тым часам пра неабходнасць падобнага супрацоўніцтва разважае мастацкі кіраўнікі Горкаўскага тэатра Сяргей Кавальчык: 

— Любы творчы калектыў павінен быць адкрыты да эксперыментаў і новаўвядзенняў, сумесных праектаў, іначай ён не жыве. Супрацоўніцтва паміж музыкантамі і акцёрамі вельмі цікавае, хоць такая форма і не новая. Тым не менш падобныя паказы заўсёды арыгінальныя, што тлумачыцца міксам жанраў. Тут прыгадваецца, напрыклад, антычны тэатр. Музыка хвалюе па-свойму, хор — іначай, а драматычны складнік прыўносіць пэўны элемент эпасу. Ствараецца адчуванне сюжэта ў аб’ёме. Цікавасць гледача да такіх праектаў відавочная. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.