Вы тут

Аўтары сакавіцкага «Полымя» разважаюць аб лёсах рэалізму ў гісторыі літаратуры


«Паэзiя i проза», «Навуковыя публiкацыi», «Памяць», «Спадчына», «Гутаркi», «Краязнаўства», «Далягляды», «Рэцэнзіі» — рубрыкі, якія традыцыйна прапаноўвае чытачу сакавіцкі часопіс «Полымя». Неаднойчы разважаюць аўтары і героі нумара і на тэму лёсаў рэалізму ў гісторыі літаратуры — пра яе і пісьменнікі, і выдаўцы выказваюцца падобна...


Віктар Гардзей у нізцы «Востраў таямнічы мой не абмінуць...» дзеліцца з чытачамі сваімі думкамі. Звяртаюць на сябе ўвагу два матывы: першы — прага спазнання свету, яго ўладкавання, другі — жывапіс, які ў розных варыяцыях (прысвячэнняў, згадак пра мастакоў, ды і проста апісанняў прыроды) прысутнічае ў шэрагу твораў.

Уладзімір Гаўрыловіч прапаноўвае чытачу аповесць «Пад покрывам нябёсаў», прысвечаную трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны на беларускім Палессі. Часавыя пласты ў творы перамяжоўваюцца: падзеі мінулага ў арганізаваным пад адкрытым небам лагеры смерці, дзе галоўны герой страчвае многіх людзей, у тым ліку самых родных — маленькую сястрычку і маці, змяняюцца апісаннямі жыцця ўжо сталага чалавека, які толькі перад смерцю наважваецца пераказаць блізкім перажыты некалі жах.

Яны з памерлай жонкай хавалі гэтыя ўспаміны нават ад саміх сябе — настолькі балючай была памяць, але настаў час расказаць пра мінулае, каб захаваць у нацыянальнай гісторыі. Кожны год у той жа сакавіцкі час (сімвалічна і аповесць друкуецца ў вясеннім нумары часопіса) у героя баліць нага, прабітая ахоўнікам лагера дзідай. Такі боль цяпер завуць псіхасаматычным, бо ён не мае пад сабой нейкіх іншых прычын. 

Хведар Гурыновіч выступае з нізкай вершаў «У сэрцы нясу», дзе ёсць месца і мастацкай даніне шахцёрам з радзімы Салігоршчыны, і ўспамінам дзяцінства з вобразам ласкавых матчыных рук ды цёплага малака. Арыгінальным, глыбокім зместам адметны верш «Папараць-кветка», у якім тлумачыцца беларуская легенда.

Лірычны герой столькі начэй шукаў міфічную расліну і думаў, што не ўдалося знайсці, але ў саміх пошуках авалодаў усім, што яна, паводле падання, здольна даць чалавеку:

Усё ж прамень відушчасці працяў 

І чуйнасцю маё акрэсліў сэрца, 

Бо нават шум звычайнага лісця 

Напоўнены ўва мне глыбокім сэнсам.

З апавядання Віктара Праўдзіна «У Бабчыне», прысвечанага памяці сябра Міколы Мятліцкага, паўстае родная вёска паэта — ахвяра чарнобыльскай трагедыі і сам паэт, які блукае па роднай хаце, назіраючы згасанне і запусценне, складаючы тужлівыя вершы.

Тамара Бярэзіна прапаноўвае нізку «Зоры ў далонях» з вершамі, напоўненымі светлымі пачуццямі лірычнай гераіні, яе любоўю да радзімы-Беларусі і, канешне, да малой радзімы. Найлепшым увасабленнем гэтай любові, падаецца, выступае безназоўны верш «Чую, як яблыкі падаюць долу...», у якім цёплыя ўспаміны пра дзяцінства пераплятаюцца з думкамі пра багацце і шчодрасць прыроды ды хуткаплыннасць усяго ў свеце. Кранае аўтарскае параўнанне, што не толькі восень збірае ўраджай — у выглядзе яблыкаў, але і час, які ў якасці даніны бярэ нашых родных людзей.

Чую, як яблыкі падаюць долу — 

Восень багата збірае даніну... 

...Мама калісьці давала мне ў школу 

Яблыкі з яблыні, з гэтых галінак. 

Так і ў жыцці — час збірае даніну: 

Тата і мама даўно пад крыжамі... 

Толькі, як сімвал былых успамінаў, 

Дрэва расце і частуе пладамі.

Аляксандр Быкаў выступае з кароткімі апавяданнямі, з якіх далёка не ўсе адпавядаюць гэтаму жанру, таму што ёсць сярод іх і ўспаміны, ёсць і замалёўкі, ёсць і сны-трызненні на ўпадабаныя аўтарам «касмічныя» тэмы — імі ён з задавальненнем дзеліцца з чытачом. Героямі ў гэтых творах выступаюць не толькі людзі, але і хатнія жывёлы, якія, як і чалавек, даследуюць жыццё, вылузваючы з досведу «правілы».

Святлана Літвінчык у паэтычнай нізцы «Мой дом» дзеліцца сваім успрыманнем жыцця: у плыні часу ўсё знаёма і заканамерна, адпавядае закладзеным у падмурак быцця прычынна-выніковым законам. Твор «Вечныя словы» пункцірна, кароткімі напружанымі радкамі паказвае, што старое заўсёды гучыць як новае, а ў праходжанні пазначаных лірычнай гераіняй этапаў заключана адвечная сутнасць жыцця. У вершы «Маці і дзіця» ў тым, як жанчына трымае немаўля, аўтару бачацца асацыяцыі з Дзевай Марыяй.

Гэтым разам у «Полымі», насуперак традыцыі, выступае зусім малады аўтар Аляксандра Жалязнова з нізкай «Тое, што нам блізка». Тэматыка вершаў — парканы, каханне, жаданне і змены, якія адбываюцца ўвесь час з чалавечай асобай — патрэба ў іх убудавана ў нас. Лірычнай гераіні можна пазайздросціць: яна зусім не баіцца свайго мінулага.

Па меры разгортвання жыцця глядзець назад бывае страшнавата, а вывучаць старыя фотаальбомы ці дзённікі не ў кожнага знойдзецца смеласць. Што ж гаварыць пра героя аповесці «Пад покрывам нябёсаў», які ўсё свядомае дарослае жыццё пазбягае згадваць падзеі ў палескім лагеры смерці, што здарыліся з ім у дзяцінстве падчас вайны.

Зрэшты, чаму б старэйшым не павучыцца адвазе ў маладых аптымістычных паэтаў?

Таццяна Лаўрык у артыкуле «Гісторыка-рэвалюцыйны раман у творчасці Леаніда Дайнекі: дылогія „Людзі і маланкі“, „Запомнім сябе маладымі“» напачатку звяртае ўвагу на цікавую праблему, звязаную з кваліфікаваннем рэвалюцыйных твораў як гістарычных. Публікацыя раскрывае тэму працягу гуманістычнай традыцыі ў вытлумачэнні падзей вайны і рэвалюцыі, што была закладзена яшчэ пісьменнікамі першай паловы XX ст. Змітраком Бядулем, Максімам Гарэцкім, Платонам Галавачом і інш.

Зіновій Прыгодзіч ва ўспамінах «Сяброўства шчырага імгненні. Да 70-годдзя з дня нараджэння Міколы Мятліцкага» расказвае пра сваё плённае ўзаемадзеянне з паэтам падчас падрыхтоўкі для часопіса «Полымя» размоў з вядомымі ў сферы нацыянальнай культуры людзьмі. Згадваецца, як у «Зубраняці» на рэспубліканскім конкурсе паэтычнага майстэрства М. Мятліцкі радаваўся, што маладыя паэты не збіліся на шлях мадэрнізму, што іх творы напісаны па-беларуску і рэалістычна.

Успаміны нагадваюць, як важна было ў савецкія часы прадаўжаць закладзеныя традыцыі, трымаць курс на мастацкі кірунак, які ў сваёй працяглай гісторыі праяўляўся ў самых розных мадыфікацыях — класічнай, сацыялістычнай, магічнай.

Кранаюць асабістыя прызнанні ў тым, як М. Мятліцкі правіў і рыхтаваў да друку вершы З. Прыгодзіча, а таксама крытыкаваў апавяданне. У душы аўтара публікацыі змагаліся крыўда і ўдзячнасць за сказанае, але ў перспектыве, як часта бывае, крытыка пайшла толькі на карысць. Напрыканцы чытач можа пазнаёміцца з аўтографамі, пакінутымі на кнігах, падараваных Міколам Мятліцкім: да стварэння дарчых надпісаў аўтар падыходзіў старанна, і яны маюць арыгінальную вершаваную форму і персаналізаваны змест.

Ірэна Мятліцкая падрыхтавала нізку М. Мятліцкага «У тлуме дзён зямных», у якой чытач знаёміцца са свежымі, напісанымі ў 2021 г., перад самым адыходам, вершамі, у якіх узнімаюцца вечныя тэмы непатрэбнасці вайны, прыгажосці свету, а паколькі паэт застаў пандэмію, то пакінуў асэнсаванне хваробы, якая абрынулася на людзей.

Пятро Жаўняровіч працягвае публікаваць запісы Уладзіміра Караткевіча пад назвай «„Які ж мы багаты народ...“. З запісных кніжак. 1971 г.». Знаходзім тут красамоўныя радкі, якія дазваляюць наблізіцца да разгадкі асобы класіка — творчай індывідуальнасці. Пісьменнік выступае супраць навешвання ярлыкоў: «„Рамантызм!“ І ўсё менш пачынаю я з гадамі паважаць такія выказванні нават дужа годных людзей. Час, калі літаратуру дзялілі, як пірог, на вялікія „ізмы“, мінуў. Я не рамантык і не сентыменталіст, і не які-небудзь яшчэ „іст“. Я проста „ёсць“ я, Караткевіч, з дзвюма нагамі (пакуль), двума вачыма і вушамі, адным носам і адным сэрцам...» Выразны выпадак таго, як асоба супраціўляецца націску: індывідуальны стыль, асабісты змест узвышаюцца над спробамі размеркаваць па катэгорыях.

Інтэрв’ю «Знайсці сваю сцяжыну і быць запатрабаваным» з дырэктарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліянай Анцух правяла Алена Стэльмах. Нагодай становіцца юбілей прадпрыемства, узрост якога налічвае 30 гадоў. 

Важнасць візуальнага афармлення кнігі, масавае і элітарнае, пашырэнне жанраў і павелічэнне цікавасці да беларускамоўнай літаратуры — у гэтым інтэрв’ю чытач сустрэнецца з яшчэ адным поглядам на лёс рэалізму: «На дадзеным этапе рэалізм у прыярытэце сучаснага кірунку літаратурнага працэсу». 

Хоць паболей мадэрнісцкіх, постмадэрніцкіх тэкстаў, падаецца, часопісу «Полымя» не пашкодзіла б. У 2022 г. Нобелеўская прэмія па фізіцы была ўручана фактычна за абвяржэнне асноў рэалізму — доказ існавання як сімуляцыі. А культура і мастацтва не адасоблены ад навукі…

Алесь Карлюкевіч у публікацыі «Люстэрка ў мастацкую мінуўшчыну. Пісьменнікі Гродзеншчыны — у зборніку „Бацькаўшчына“» разважае на тэму патрыятызму. Усё пачынаецца з самага малога: любоў да Радзімы — рэч экзістэнцыяльная, таму ў многім будуецца на ведах пра свой рэгіён, сваю краіну з яе багатай матэрыяльнай і духоўнай культурай. У выданні, якое рэцэнзуецца, ёсць месца і дакументалістыцы, і мастацкім творам, што робіць яго разнастайным і цікавым для шырокага кола.

Падсумоўваючы, аўтар робіць выснову пра неабходнасць выдання літаратурна-краязнаўчага альманаха, а таксама прапануе ідэі для стварэння навукова-папулярных кніг, напрыклад, пра «адрасы» класікаў айчыннай літаратуры, што, дарэчы, будзе апорай работнікам сферы турыстычнага бізнесу Беларусі. 

Вераніка Карлюкевіч у артыкуле «Іван Шамякін вачыма кітайскага літаратуразнаўца Ін Цяньшы» аўтарытэтна заяўляе: важ­ным сведчаннем таго, ці прынялі замежнага аўтара ў літаратурную прастору іншай краіны, з’яўляецца наяўнасць / адсутнасць цікавасці да яго асобы і творчасці з боку прафесійных літаратурных крытыкаў і даследчыкаў. Ін Цяньшы якраз не толькі «дае грамадска-палітычны кантэкст адлюстраваных у творы падзей, але і, галоўнае, — для лепшага разумення замежнага пісьменніка тонка ўплятае знаёмыя кітайскаму чытачу кітайскія культуралагічныя канцэпты». Далей у перакладзе В. Карлюкевіч з кітайскай мовы прыводзіцца сам артыкул Ін Цяньшы «Вобраз маладых людзей у творчасці Шамякіна».

Таццяна Сідарава выступае з грунтоўнай рэцэнзіяй «„Дзіўныя сусветы“ Наталлі Канстанцінавай» на кнігу «Змена пароляў», выдадзеную на рускай мове ў мінулым годзе. Даследчыца пераконвае, што творы спадабаюцца моладзі хаця б таму, што аўтар ведае яе свет, псіхалогію, ужывае ўласцівы ёй слэнг. Але, бадай, галоўнае ў тым, што ў выданні ўздымаецца тэма агульначалавечых аксіялагічных ісцін. На думку рэцэнзента, прывабна для чытача тое, што кнігу складаюць апавяданні і аповесці, таму што чытанне рамана — выпрабаванне, на якое ў сучаснага чалавека не хапае ні часу, ні засяроджанасці.

Міхась Сліва выступае з кароценькай, але надзвычай пераканаўчай рэцэнзіяй «Непаўторны свет дзяцінства» на кнігу «Дзе ўзяць красоўкі для Слана?» Міколы Чарняўскага. Азнаёміўшыся з публікацыяй, многія бацькі пабягуць у кнігарню, упэўненыя, што гэтым разам здолеюць зацікавіць сваіх малых якасным тэкстам.

Такім было сакавіцкае «Полымя». 

Такія рэкамендацыі яно дало. Такія прагнозы рэалізму прапанавала. А што думае сам чытач на тэму перспектыў развіцця гэтага сталага, безумоўна, запатрабаванага ў сучасным свеце, і ў Беларусі, мастацкага метаду?

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.